ПАЛІКЛЕ́Т (Polykleitos) Малодшы, старажытнагрэчаскі архітэктар 4 ст. да н.э. Працаваў у Эпідаўры, дзе стварыў грабніцу-толас (з дарычнай каланадай звонку і карынфскай — унутры) і т-р на 14 тыс. месцаў (350—330 да н.э.). Т-р адметны велічнай гармоніяй кампазіцыі, арганічна ўпісанай у ландшафт, які служыць фонам для дзеяў, а таксама асобных арх. элементаў (урачыстыя парталы праходаў, якія аддзяляюць скене ад тэатрона). Выдатная акустыка т-ра забяспечваецца спец. профілем тэатрона і рэзанатарамі пад лавамі. Грабніца і т-р П. ўваходзяць у археал. запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Паліклет Малодшы. Тэатр у Эпідаўры. 350—330 да н.э.

т. 11, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭ́БЛЕВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна дрэваапрацоўчай прамысловасці, прадпрыемствы якой выпускаюць мэблю для жылых і грамадскіх памяшканняў.

У гарадах Беларусі 16—17 ст. мэблю выраблялі спец. цэхі. Многія багатыя людзі прывозілі яе з Францыі, Германіі, Польшчы, Фінляндыі і інш. краін. Паводле іх узораў бел. майстры-ўмельцы выраблялі мэблевыя гарнітуры для магнатаў, у т. л. для абсталявання Нясвіжскага замка, Гомельскага, Жыліцкага і інш. палацаў. У пач. 20 ст. ў вялікіх гарадах Беларусі працавалі спец. майстэрні, фабрыкі, у т. л. ў Бабруйску мэблевая, Мінская сталярная.

У 1998 у Рэспубліцы Беларусь дзейнічала 311 прадпрыемстваў і вытв-сцей М.п., на якіх вырабляецца мэбля самага рознага прызначэння: бытавая, дзіцячая, кухонная, для ўстаноў асветы, офісаў і інш. М.п. развіта ва ўсіх абласцях рэспублікі. Сярод найбуйнейшых прадпрыемстваў Мінская мэблевая ф-ка імя Дзімітрова, Калінкавіцкі мэблевы камбінат, Жлобінская мэблевая ф-ка, мэблевая ф-ка № 2 у Бабруйску, Сіняўская, Ружанская, Кобрынская мэблевая ф-кі. Мэблю вырабляюць таксама ў Вілейцы, Віцебску, Глуску, Крычаве, Паставах, Полацку, Слоніме, Слуцку, Шклове і ў інш. гарадах. У апошнія гады ствараюцца і сумесныя прадпрыемствы (напр., бел.-чэш. прадпрыемства «Мостэдэн»), мэблю выпускаюць таксама камерцыйныя прадпрыемствы. У 1997 бел. прадпрыемствы паставілі на экспарт мэблі на суму каля 240 тыс. долараў. М.п. найб. развіта у ЗША, ФРГ, Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі, Фінляндыі, Польшчы, Чэхіі, Расіі.

П.І.Рогач.

Да арт. Мэблевая прамысловасць. Цэх мяккай мэблі Мінскай мэблевай фабрыкі.
Да арт. Мэблевая прамысловасць. Гатовая прадукцыя Полацкай мэблевай фабрыкі.

т. 11, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

акіяні́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае дачыненне да ўнутранага жыцця акіяна (у 1 знач.). Акіянічныя воды. Акіянічныя цячэнні. Акіянічны клімат. Акіянічныя адклады. // Які жыве ў акіяне. Акіянічная фауна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

альбумі́навы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да альбуміну, звязаны з альбумінам. Альбумінавы завод. Альбумінавая фатаграфічная папера. // Які прыгатаваны з альбуміну, складаецца з альбуміну. Альбумінавая мука. Альбумінавы хлеб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

амо́рфны, ‑ая, ‑ае.

1. Спец. Які не мае крышталічнай будовы. Аморфнае рэчыва. Аморфны стан.

2. Які не мае форм змянення. Аморфныя мовы.

3. перан. Бясформенны; расплывісты. Аморфны твор.

[Ад грэч. amorphos — бясформеннасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апрыхо́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак.

Спец. Запісаць у прыход. Сёння камісія ад праўлення калгаса апрыходавала стагі сена, што сёй-той быў накасіў без дазволу на калгаснай сенажаці. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крой, ‑ю, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. кроіць (у 1–3 знач.); кройка.

2. Спец. Фасон, пакрой. Апрануты .. [Жан] быў у новенькі, адпрасаваны, моднага крою карычневы касцюм. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лаж, ‑у, м.

Спец. Павышэнне рыначнага курсу грашовых знакаў, каштоўных папер і вэксаляў у параўнанні з іх намінальнай вартасцю; розніца, якая бярэцца пры размене адной манеты на другую.

[Ад іт. laggio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лакта́цыя, ‑і, ж.

Спец.

1. Працэс утварэння, назапашвання і перыядычнага выдзялення малака ў чалавека і ў самак млекакормячых.

2. Перыяд часу, на працягу якога адбываецца такое выдзяленне малака.

[Ад лац. lactare — утрымліваць малако, карміць малаком.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мікары́за, ‑ы, ж.

Спец. Грыбныя ніці, якія ахутваюць карэнні вышэйшых раслін. Ужо даўно было заўважана, што карэнні многіх дрэў ахутаны тоўстым слоем грыбных ніцей, якія называюцца мікарызай. Гавеман.

[Ад грэч. mykēs — грыб і rhiza — корань.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)