ВЫ́ДАЧА ЗЛАЧЫ́НЦА,
экстрадыцыя, у міжнародным праве перадача злачынца дзяржавай, дзе ён знаходзіцца, дзяржаве, грамадзянінам якой ён з’яўляецца або на тэрыторыі якой ён учыніў злачынства, для аддачы пад суд ці для выканання адносна яго суд. прыгавору. Умовы і парадак выдачы злачынца рэгламентуюцца міжнар. дагаворамі і нац. заканадаўствам. Паміж дзяржавамі СНД 22.1.1993 заключана Канвенцыя аб прававой дапамозе і прававых адносінах па цывільных, сямейных і крымін. справах. Рэспубліка Беларусь мае таксама пагадненне аб выдачы злачынца з Кітаем, Латвіяй, Літвой і Польшчай. Асобы, якія праследуюцца па паліт. матывах, выдачы не падлягаюць.
С.У.Скаруліс.
т. 4, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШГАРАД,
горад на Украіне, на правым беразе Дняпра, цэнтр раёна Кіеўскай вобл. за 18 км на Пн ад Кіева. Каля 20 тыс. ж. (1996). Кіеўская ГЭС, гідраакумулюючая эл. станцыя, з-д жалезабетонных вырабаў.
Упершыню ўпамінаецца пад 946 як горад княгіні Вольгі. У 11—12 ст. рэзідэнцыя кіеўскіх князёў, паліт., эканам. і культ. цэнтр. У 1240 разрабаваны татарамі. Паводле археал. даследаванняў, меў умацаваны дзядзінец і пасад. У дзядзінцы выяўлены фундамент Барысаглебскай царквы 11—12 ст., у пасадзе рэшткі стараж. вуліц з жытламі-паўзямлянкамі, якія былі адначасова майстэрнямі рамеснікаў.
т. 4, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВА́НАЕ ВО́ЗЕРА,
у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна, за 48 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,35 км2, даўж. 1,1 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі каля 2,7 км. Пл. вадазбору 13,4 км2. Схілы катлавіны выш. да 8 м, пад лесам, на З і Пн разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, на Пд забалочаныя, тарфяністыя. Мелкаводдзе да глыб. 1—1,5 м пясчанае, ніжэй дно глеістае. Зарастае слаба. На Пд выцякае ручай у воз. Грыбна.
т. 7, с. 33
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’ЕЗД НАСТА́ЎНІКАЎ МІ́НСКАЙ ГУБЕ́РНІ 1906.
Адбыўся нелегальна 9—10(22—23).7.1906 у в. Мікалаеўшчына Мінскага пав. Прысутнічала 16 чал. Адзін з арганізатараў з’езда К.М.Міцкевіч (Я.Колас). З’езд абраў часовае бюро, прыняў рэзалюцыю аб стварэнні настаўніцкага саюза. Адозва з’езда заклікала працаўнікоў школы змагацца за свае сац., нац. і прафес. правы, за ліквідацыю царскага самаўладдзя. Паліцыя арыштавала ўсіх удзельнікаў з’езда, яны былі пазбаўлены пасад і больш за 2 гады знаходзіліся пад следствам. Часовае бюро працягвала дзейнасць нелегальна.
Літ.:
З жыццяпісу Якуба Коласа: Дак. і матэрыялы. Мн., 1982.
У.В.Ляхоўскі.
т. 7, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕЛЯНСКО́Е ВО́ЗЕРА, Бабінавіцкае возера,
у Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лучоса (выцякае з возера), за 25 км на ПдЗ ад г.п. Лёзна. Пл. 1,2 км2, даўж. 2,4 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 4 м, даўж. берагавой лініі каля 6,2 км. Пл. вадазбору 346 км2. Схілы катлавіны выш. 10—15 м, разараныя, участкамі пад лесам і хмызняком. Берагі высокія, часткова супадаюць са схіламі. Упадаюць р. Вярхіта і 2 ракі з аднолькавай назвай Узменка (на Пн і Пд).
т. 7, с. 53
т. 7, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕЯШЫ́ЙНЫЯ ЧАРАПА́ХІ
(Chelidae),
сямейства паўзуноў падатр. бакашыйных чарапах. 10 родаў, больш за 30 відаў. Пашыраны ў рэках і азёрах Паўд. Амерыкі, Аўстраліі, Новай Гвінеі. Найб. вядомыя З.ч.: аўстралійская (Chelodina longicollis), гідрамедузы (Hydromedusa), махрыстая, або матамата (Chelus fimbiriatus). Несапраўдная эмідура, якая жыве ў Паўд.-Зах. Аўстраліі, занесена ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. панцыра да 40 см. Характэрна доўгая шыя, якая разам з галавой закладваецца збоку пад панцыр, а не ўцягваецца ўнутр. Панцыр звычайна значна пляскаты. Адкладваюць 15—20 яец. Драпежныя. Некат. — аб’екты палявання (мяса, яйцы).
т. 7, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ ПРЫ АДЭ́СКІМ ГУБЕ́РНСКІМ АДДЗЕ́ЛЕ НАРО́ДНАЙ АСВЕ́ТЫ.
Існавала ў 1918—23(?). Займалася культ.-асв. дзейнасцю сярод беларусаў-бежанцаў 1-й сусв. вайны ў Адэсе (у 1922 іх было там каля 20 тыс. чал.). Пад кіраўніцтвам секцыі ў 1922 працавалі 6 бел. школ, у т. л. 2 школы-камуны (400 вучняў). Арганізавала і кіравала бел. дзіцячым прытулкам (1919—22), дзіцячым тэатрам і хорам. З 1921 супрацоўнічала з Беларускім цэнтральным бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР. У секцыі працаваў С.Некрашэвіч, ёй дапамагалі А.Баліцкі, А.Ільючонак, Л.Рытар і інш.
т. 2, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ МУЗЕ́Й у Ляймене. Засн. ў 1982 у г. Ляймен (каля г. Гайдэльберг, Германія) бел. эмігрантам Ю.Попкам у яго кватэры. У арганізацыі музея дапамагалі мэр горада Г.Эрбар і Б.Кіт. У аснове экспазіцыі — асабістыя калекцыі і зборы Попкі. Дэманструюцца бел. адзенне, старыя пячаткі, манеты, маркі, вырабы майстроў-умельцаў, сувеніры, памятныя рэчы з асяродкаў бел. эміграцыі ў Англіі, Аўстраліі, ЗША, кнігі, перыяд. эміграцыйныя выданні (сярод іх рукапісныя часопісы, якія выдаваліся беларусамі ў лагерах для перамешчаных асоб у Нямеччыне). Пасля смерці Попкі (1992) музей знаходзіцца пад апекай мэрыі Ляймена.
М.Іваноў.
т. 2, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ»,
незалежная, народна-радыкальная газета групы Беларускі фронт, створанай ксяндзом В.Гадлеўскім. Выходзіла штомесячна з чэрв. 1936 да жн. 1939 (у 1939 два разы на месяц) у Вільні на бел. мове. Выйшла 50 нумароў, некаторыя з іх былі канфіскаваны. Выступала за роўныя паліт., эканам. і сац. правы ўсяго бел. народа. Асвятляла жыццё беларусаў у Зах. Беларусі, БССР, краінах Зах. Еўропы і Амерыкі; імкнулася быць іх аб’яднаўчым органам пад заклікамі незалежнасці, нац. годнасці і роўнасці. Спыніла існаванне ў сувязі з пачаткам 2-й сусв. вайны.
С.В.Говін.
т. 2, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ ГАРА́ЧКА,
алкагольны дэлірый, найбольш частая форма вострых алкагольных псіхозаў. Узнікае пасля чарговага запою або калі раптоўна спыняюць прыём алкаголю. Пачынаецца з таго, што хворы дрэнна спіць, бачыць пакутлівыя сны, палахлівы. Пазней з’яўляюцца бяссонніца, зрокавыя і слыхавыя галюцынацыі. Хворым бачацца пачвары, чэрці, насякомыя, пацукі, мышы. Парушаецца свядомасць. Такія хворыя небяспечныя для сябе і тых, хто іх акружае. Іншы раз павышаюцца т-ра і крывяны ціск, дрыжаць рукі. Стан пагаршаецца пад вечар. Хвароба цягнецца 3—9 дзён, пасля чаго хворы звычайна ачуньвае. Лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.
т. 3, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)