КУРКО́Ў Аляксандр Валер’евіч (н. 21.4.1958, Баку),
бел. і расійскі артыст балета. Засл. арт. Расіі (1995). Скончыў Бакінскае харэаграфічнае вучылішча (1976). З 1976 саліст Азерб.т-ра оперы і балета імя М.Ф.Ахундава, у 1980—87 Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1989 — Марыінскага т-ра. Творчасці ўласцівы дасканалая тэхніка танца, выразнасць і чысціня пластычнага малюнка, лірычная пранікнёнасць. Сярод партый на бел. сцэне: Зігфрыд і Прынц («Лебядзінае возера» і «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Крас («Спартак» А.Хачатурана), Тарэра («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Юнак («Балеро» М.Равеля) і інш. Лаўрэат V Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета ў Маскве (1984). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986.
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 140—144.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГ (ад галанд. log адлегласць),
1) навігацыйная прылада для вымярэння скорасці руху карабля (судна) і пройдзенай ім адлегласці.
Найб. пашыраны Л., якія вымяраюць скорасць руху адносна вады. Яны бываюць механічныя (з крыльчаткай, якая верціцца ў вадзе пры руху судна), гідрадынамічныя (заснаваныя на залежнасці паміж скорасцю і ціскам патоку вады, што абцякае карабель), індукцыйныя і інш. Ёсць таксама Л., якія даюць паказанні адносна зямлі (дна) — доплераўскія гідраакустычныя і геамагнітныя.
2) Становішча карабля (судна) бортам да ветру, хвалі, прычала і да т.п. (напр., «стаць Л. да хвалі» азначае «стаць бортам да хвалі»).
Лагі: а — механічны (1 — крыльчатка, 2 — днішча судна); б — гідрадынамічны (1, 6 — адтуліны для прыёму статычнага і сумарнага ціскаў; 2, 5 — трубаправоды статычнага і сумарнага ціскаў; 3 — дыяфрагма; 4 — сільфонны апарат; pдын, pст — дынамічны і статычны ціскі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКШТА́НАВА Ільза Канстанцінаўна (н. 31.1.1923, г. Камышын Валгаградскай вобл., Расія),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыла Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва імя Луначарскага ў Маскве (1944). Працавала ў Таганрогскім т-ры. У 1952—90 у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі. З 1991 жыве ў Ізраілі. Выканаўца лірыка-драматычных і характарных роляў. Творчасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў псіхалогію характару, тонкі лірызм. Сярод лепшых роляў у рус.драм. т-ры Беларусі: Зорына («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Вера Малахава («Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага), Зубрыч («Трывога» А.Петрашкевіча), Кардэлія («Кароль Лір» У.Шэкспіра), каралева Лізавета («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Феніса («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Алена, Ліза, Ганна («Мяшчане», «Дзеці сонца», «Варвары» М.Горкага), Катрын («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛИТЕРАТУ́РНАЯ ГАЗЕ́ТА»,
штотыднёвае расійскае літ.-мастацкае і грамадска-паліт. выданне. Выходзіць з 1929 у Маскве на рус. мове. Засн. як орган Саюза пісьменнікаў СССР; у 1942—44 наз. «Литература и искусство». У 1950—66 выходзіла 3 разы на тыдзень. Гал. рэдактарамі ў розны час былі: А.Суркоў, К.Сіманаў, С.Смірноў, А.Чакоўскі і інш. Асвятляе пытанні развіцця л-ры, мастацтва, навукі, культуры, а таксама палітыкі, сацыялогіі, эканомікі, падзеі міжнар. жыцця. Змяшчае літ.-крытычныя, публіцыстычныя артыкулы, нарысы, маст. творы, дыскусійныя матэрыялы вучоных, пісьменнікаў, дзеячаў культуры і навукі. На яе старонках надрукаваны творы, артыкулы, нарысы бел. пісьменнікаў, у т. л. Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, П.Броўкі, Я.Брыля, К.Крапівы, А.Куляшова, І.Мележа, М.Танка, В.Быкава, І.Шамякіна, А.Адамовіча, Б.Сачанкі, А.Мальдзіса, І.Чыгрынава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХАЧО́Ў Мікалай Пятровіч (24.4.1862, г. Чыстапаль, Татарстан — 14.4.1936),
расійскі гісторык і мастацтвазнавец. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1902), акад.АНСССР (1925). Д-ргіст.н. (1892). Скончыў Казанскі ун-т (1884). З 1894 чл. Археаграфічнай камісіі, праф. Пецярбургскага археал. ін-та. З 1902 пам. дырэктара Публічнай б-кі ў Пецярбургу. Працы Л. па крыніцазнаўстве і дапаможных гіст. дысцыплінах (сфрагістыцы, палеаграфіі, генеалогіі і інш.), гісторыі кнігі, стараж.-рус. і візант. мастацтва вызначаюцца багаццем фактычнага матэрыялу. Даследаванні Л. ў галіне ўсх., візант. і асабліва стараж.-рус. сфрагістыкі («З лекцый па сфрагістыцы», 1899; «Найстаражытнейшая сфрагістыка», 1906; «Матэрыялы для гісторыі візантыйскай і рускай сфрагістыкі», вып. 1, 1928) дазваляюць лічыць яго заснавальнікам рас. сфрагістыкі. У 1925 перадаў АНСССР створаны ім унікальны Музей палеаграфіі, у т. л. больш як 600 стараж.-рус. пячатак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАВЕ́ЦКІ (Mazowiecki) Тадэвуш (н. 18.4.1927, г. Плоцк, Польшча),
польскі дзярж. і паліт. дзеяч. Юрыст. У 1946—55 чл. грамадска-паліт. арг-цыі свецкіх каталіцкіх дзеячаў «Рах» (з лац. «Мір»), У 1953—55 гал. рэдактар штотыднёвіка «WTK» («ВТК»). Адзін з заснавальнікаў (1957) варшаўскага Клуба каталіцкай інтэлігенцыі і штомесячніка «Więź» («Сувязь»; у 1958—81 яго гал.рэд.). У 1961—71 дэпутат Сейма ад каталіцкай групы «Знак». У 1981 і 1989 гал.рэд. «Tygodnika Solidamość» («Штотыднёвіка Салідарнасць»). У 1981 інтэрніраваны. З 1982 дарадчык Л.Валенсы, з 1987 — Краёвай выканаўчай камісіі прафсаюза «Салідарнасць». У 1989—90 прэм’ер-міністр Польшчы. У 1992—95 спец. пасланнік Камісіі па правах чалавека ААН у б. Югаславіі. Аўтар успамінаў «Інтэрніраванне» (1982), публіцыст. нарысаў «Раздарожжы і вартасці» (1970), «Другі твар Еўропы» (1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЧА́НАЎ Кірыл Уладзіміравіч (7.9. 1922, Масква — 14.3.1982),
расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1963). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1949, клас А.Аляксандрава). У 1951—56 сакратар праўлення Саюза кампазітараў СССР. У 1973—75 дырэктар Вял.т-ра ў Маскве. Працаваў пераважна ў муз.-сцэн. жанрах, выкарыстоўваў мелодыку, інтанацыйна звязаную з рус. песеннасцю. Сярод твораў: оперы «Каменная кветка» (паст. 1950), «Вуліца дэль Карно» (паст. 1960), «Рамэо, Джульета і цемра» (паст. 1963), «Невядомы салдат» («Брэсцкая крэпасць», паст. 1967), «Руская жанчына» (паст. 1969), «Досвіткі тут ціхія» паводле Б.Васільева (паст. 1973), балет «Макбет» (паст. 1980), тэлебалет «Тры карты» паводле А.Пушкіна (паст. 1983), мюзікл «Адысей, Пенелопа і іншыя» паводле Гамера (1970); фп. і вак. цыклы; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар папулярных песень, лібрэта 4 уласных опер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАРЭ́ЙКАВАЯ ДАРО́ГА,
транспартная сістэма, у якой пасажырскія вагоны або грузавыя ваганеткі перамяшчаюцца па рэйцы-бэльцы (манарэйцы), устаноўленай на эстакадзе ці асобных апорах. Бываюць навясныя, у якіх вагоны абапіраюцца на хадавыя цялежкі, і падвесныя — падвешаны на цялежках да манарэйкі.
Умяшчальнасць вагонаў 60—120 чал. Скорасць да 240 (часам да 500) км/гадз. Грузападымальнасць ваганетак 0,5—5 т, скорасць 2—4 (часам да 5) км/гадз, аптымальная працягласць да 1,5 км. Пасаж. М.д. выкарыстоўваюцца ў сістэмах высокаскараснога гарадскога (Манрэаль, Токіо і інш.) і міжгародняга транспарту, грузавыя — у сістэмах цэхавага або міжцэхавага транспарту прамысл. прадпрыемстваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАЛЁЎ Алег Міхайлавіч (22.12.1923, Масква — 4.2.1984),
бел. і расійскі рэжысёр оперы. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва імя Луначарскага (1952). З 1952 рэжысёр Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1960 гал. рэжысёр Горкаўскага т-ра оперы і балета, з 1965 рэжысёр Вял.т-ра ў Маскве. Яго пастаноўкі вызначаліся псіхал. выразнасцю ў трактоўцы вобразаў, дынамічнасцю масавых сцэн. Сярод пастановак на бел. сцэне: «Іаланта» (1952), «Яўген Анегін» (1954), «Чарадзейка» (1958) П.Чайкоўскага, «Лакмэ» Л.Дэліба і «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні (абедзве 1953), «Маладая гвардыя» Ю.Мейтуса (1954), «Марынка» Р.Пукста і «Фра-Д’ябала» Ф.Абера (абедзве 1955), «Садко» М.Рымскага-Корсакава (1957), «Дзіця радасці» К.Карчмарова (1959), «Андрэй Касценя» М.Аладава (1970, з Ю.Ужанцавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗІК Мікалай Фёдаравіч (каля 1852, в. Лаўрышава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — пасля 1913),
бел.нар. прапаведнік-мараліст, паэт-самавук. Аўтар дыдактычнага, бытапісальнага верша «Сцяпан і Тацяна» (1889). У паперах А.Ельскага (Варшава, Гал. архіў стараж. актаў) захаваўся сшытак 1890 з вял. творам М. (каля 400 радкоў) «Сачыненне пад рыфму на п’янства і гультайства». У Цэнтр.б-цы АН Літвы (Вільнюс) зберагаюцца рукапісы М. «Чыгунка», «П’янлівага развага...», «Заключэнне для павучання», «Вясковыя дзяды, або Памінальныя дні» і інш. Творы М. напісаны мяшанай бел.-рус. моваю, пераважна невысокага маст. ўзроўню, кансерватыўнага зместу. Пісаў часта пад псеўд. Аляксандр Шункевіч.
Тв.:
Сцяпан і Тацяна / Публ. У.Казберука // Шляхам гадоў. Мн., 1994. [Вып. 4].
Літ.:
Н.Я.Н. [Нікіфароўскі М.Я.]. Глашатаи добрых начал в сельской среде // Живая старина. 1902. Вып. 3—4.