ГРО́МАЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (24.2.1899, г. Цвер, Расія — 22.1.1985),
савецкі ваен. дзеяч. Герой Сав. Саюза (1934), ген.-палк. авіяцыі (1944), засл. лётчык СССР, праф. (1937). На ваен. службе з 1918. Скончыў школу лётчыкаў (1918). Удзельнік грамадз. вайны. У 1934 устанавіў сусв. рэкорд далёкасці палёту (больш за 12 тыс.км), у 1937 разам з А.Б.Юмашавым і С.А.Даніліным здзейсніў беспасадачны пералёт Масква—Паўн. полюс—ЗША. У Вял.Айч. вайну са снеж. 1941: камандзір авіядывізіі, потым каманд.ВПС Калінінскага фронту, 3-й і 1-й паветр. арміямі (удзельнічалі ў Беларускай аперацыі 1944). У пасляваен. час на камандных пасадах у ВПС, у Мін-ве авіяц. прам-сці (1949—55).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙСМАЙР ((Gaismair; Gaysmayr) Міхаэль) (каля 1490, Штэрцынг, зямля Ціроль, Аўстрыя — 15.4.1532),
кіраўнік паўстанцаў у Ціролі і Зальцбургу ў Сялянскую вайну 1524—26. Быў пісарам архіепіскапа акр. Брыксен. Вясной 1525 паўстанцы на чале з ім занялі Ціроль, архіепіскапства Зальцбург і інш., нанеслі шэраг паражэнняў войскам аўстр. эрцгерцага. У 1526 Гайсмайр склаў для Ціроля праграмнае «Земскае ўпарадкаванне», якое прадугледжвала ўстанаўленне нар. рэспублікі, знішчэнне дваран і царкоўнікаў, увядзенне дзярж. манаполіі на гандаль, нацыяналізацыю гарнаруднай прам-сці, апекаванне беднякоў і інш. Летам 1526, акружаны войскамі эрцгерцага, баварцаў і Швабскага саюза, Гайсмайр з часткай сваіх сіл прарваўся праз Альпы ў Венецыянскую вобласць. Забіты ў час перагавораў са швейцарцамі і венецыянцамі пра сумесную барацьбу супраць Габсбургаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ТАЎ (Аляксандр Ільіч) (17.8.1879, станіца Арэнбургская Арэнбургскай вобл., Расія — 7.3.1921),
адзін з кіраўнікоў белага руху (гл.Белая гвардыя) у грамадз. вайну 1918—20 у Расіі. Ген.-лейтэнант (1919). Скончыў Акадэмію Генштаба (1908). Удзельнік 1-й сусв. вайны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 выбраны старшынёй савета Саюза казацкіх войск, у чэрв. 1917 узначальваў Усерас. казацкі з’езд, падтрымліваў сувязь з ген. Л.Г.Карнілавым; з вер. 1917 атаман Арэнбургскага казацтва. У ліст. 1917 узняў антысав. мяцеж у Арэнбургу (ліквідаваны Чырв. Арміяй у 1918). У чэрв. 1918 у ходзе антысав. мяцяжу Чэхаславацкага корпуса арганізаваў белы рух на Урале. У ліст. 1918 — канцы 1919 камандаваў асобнай Арэнбургскай арміяй у складзе войск А.В.Калчака. У 1920 эмігрыраваў у Кітай, дзе забіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКЛАРА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ, Вашынгтонская дэкларацыя. Падпісана ў Вашынгтоне 1.1.1942 прадстаўнікамі 26 дзяржаў (СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Бельгіі, Гаіці, Гандураса, Гватэмалы, Грэцыі, Дамініканскай Рэспублікі, Індыі, Канады, Кітая, Коста-Рыкі, Кубы, Люксембурга, Нарвегіі, Нідэрландаў, Нікарагуа, Новай Зеландыі, Панамы, Паўднёва-Афрыканскага Саюза, Польшчы, Сальвадора, Чэхаславакіі і Югаславіі). Прынята ў развіццё Атлантычнай хартыі 1941. Прадугледжвала абавязацельствы бакоў (атрымалі назву Аб’яднаных Нацый) выкарыстаць усе свае ваен. і эканам. рэсурсы ў вайне супраць фаш. Германіі, яе саюзнікаў і сатэлітаў, узаемнае супрацоўніцтва краін антыгітлераўскай кааліцыі, незаключэнне імі сепаратнага перамір’я або міру з праціўнікам, далучэнне да Дэкларацыі інш. нацый, якія дапамагаюць або могуць дапамагчы ў барацьбе з фашызмам. З’явілася важным крокам у справе аб’яднання сіл антыгітлераўскай кааліцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАВЕ́Ц (Аляксандр Канстанцінавіч) (12.3.1915, в. Машканы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 6.7.1943),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Віцебскі аэраклуб, Ульянаўскую лётную школу (1935). У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1942 на Паўн.-Каўказскім, Варонежскім франтах. Зрабіў 74 баявыя вылеты, удзельнічаў у 11 паветр. баях. Нам. камандзіра эскадрыллі знішчальнага авіяпалка ст. лейтэнант Гаравец у час Курскай бітвы ўступіў у бой з 20 бамбардзіроўшчыкамі ворага, збіў 9 самалётаў — адзіны ў свеце лётчык, які ў адным баі збіў столькі самалётаў. Загінуў у гэтым баі. На 597-м км аўтамагістралі Масква—Сімферопаль, у Полацку, вёсках Ског і Машканы Сенненскага р-на яму пастаўлены помнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗДО́ВІЧ (Вікенцій Іосіфавіч) (15.8.1911, в. Навасёлкі Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 3.12.1942),
удзельнік партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1965). З жн. 1941 ствараў падп. арг-цыі на радзіме. З ліп. 1942 камандзір узвода ў атрадзе імя Катоўскага партыз. брыгады імя К.Я.Варашылава Мінскай вобл. У час карнай экспедыцыі гітлераўцаў супраць партызан у Капыльскім р-не Д. узначаліў партыз. засаду каля в. Клецішча. 18 партызан на працягу 4 гадзін адбілі 8 атак фаш. батальёна, сарвалі намер ворага нанесці раптоўны ўдар па партыз. брыгадзе, аднак былі акружаны і ўсе загінулі ў баі (гл.Лаўскі бой 1942). У в. Навасёлкі Д. пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ УТВАРЭ́ННІ СССР 1922,
дзяржаўны акт, які юрыдычна аформіў аб’яднанне 4 сав.сацыяліст. рэспублік (РСФСР, УССР, БССР, ЗСФСР) у дзяржаву — Саюз Сав.Сацыяліст. Рэспублік. Зацверджаны 30.12.1922 (разам з Дэкларацыяй аб утварэнні СССР) на I з’ездзе Саветаў СССР; пазней уключаны ў Канстытуцыю СССР 1924. Прадугледжваў адзінае саюзнае грамадзянства для ўсіх грамадзян сав. рэспублік, стварэнне саюзных органаў улады (ЦВК, 10 наркаматаў, Вярх. суда, Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення і інш.), права свабоднага выхаду з Саюза кожнай з рэспублік. Перастаў дзейнічаць у снежні 1991 у сувязі з абвяшчэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД; гл.Белавежскія пагадненні 1991). 10.12.1991 Вярх. Савет Беларусі прыняў пастанову аб дэнансацыі дагавора 1922 у адносінах да Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНІ́ДАШ, Гнедаш Кузьма Савельевіч (30.11.1914, в. Салагубаўка Сумскай вобл., Украіна — 19.6.1944), удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае ваен.танк. вучылішча (1940). У Чырв. Арміі з 1936. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну камандзір аператыўна-дыверсійнага цэнтра разведаддзела штаба 1-га Бел. фронту. Групы пад яго камандаваннем у тыле ворага ў 1943—44 вялі разведку і дыверсійную работу ў раёне Слуцка, Баранавіч, Кобрына, Мінска, Асіповіч, Пінска, Лунінца, Брэста, на тэр. Кіеўскай і Чарнігаўскай абл. Каля Слоніма частка групы была акружана карным атрадам, цяжка паранены маёр Гнідаш і радыстка К.Т.Давідзюк, каб не трапіць у палон, падарвалі сябе гранатай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЁЗЫ (галанд. geuzen ад франц. gueux жабракі),
1) мянушка ўсіх праціўнікаў ісп. панавання ў Нідэрландах у час Нідэрл. рэвалюцыі 1566—1609. Напачатку гёзы (ад беднай вопраткі сельскіх дваран) называлі членаў Саюза дваран (створаны апазіц.нідэрл. знаццю ў 1563 з мэтай абароны «законнымі сродкамі» паліт. і рэліг. вольнасцей краіны), якія 5.4.1566 уручылі ў Бруселі сваю петыцыю ісп. намесніцы, потым мянушка пашырана і на нідэрл. партызан, якія на сушы (лясныя гёзы) і на моры (марскія гёзы) вялі ўзбр. барацьбу супраць ісп. войск і іх памагатых. Пасля заняцця марскімі гёзамі порта Брыл (1.4.1572) паўсталі Флісінген, Феер, Арнемёйдэн, Энкхёйзен і інш. гарады.
2) Мянушка прадстаўнікоў ліберальнай апазіцыі ў Бельгіі ў 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХА́РАЎ (Іван Кузьміч) (13.8.1909, в. Ганявічы Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 8.5.1982),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Віцебскай вобл.Герой Сав. Саюза (1944). Засл. работнік культуры БССР (1980). Скончыў Вышэйшую камуніст.с.-г. школу (Мінск, 1934), Рэсп.парт. школу пры ЦККП(б)Б (1948). З 1941 адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў Асвейскага патрыятычнага падполля. У крас. 1942 арганізаваў і ўзначаліў партыз. атрад, у ліп. 1942 — студз. 1944 камандзір Асвейскай партыз. брыгады, адначасова ў чэрв. 1942 — снеж. 1943 1-ы сакратар падп. Асвейскага райкома КП(б)Б. Ў 1944—63 на парт. і прафс. рабоце. Аўтар кнігі «Вайна ў краі азёр» (2-е выд., 1973).