вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на левым беразе р. Нёман, на аўтадарозе Стоўбцы—Нясвіж. Цэнтр сельсавета. За 4 км на Пд ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 82 км ад Мінска. 2277 ж., 789 двароў (2000). Стаўбцоўская райаграпрамтэхніка, лесазавод, тарарамонтнае прадпрыемства. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Навасвержанская Успенская царква, Навасвержанскі Петрапаўлаўскі касцёл.
Вядома з 1568 як мястэчка Свержань Навагрудскага пав. з замкам, царквой і млынам. З 1578 уласнасць Радзівілаў, пры якіх у 1588 заснаваны касцёл, у 1592 — уніяцкая царква, у 1-й пал. 18 ст. — базыльянскі кляштар з семінарыяй, пабудавана Свержанская фаянсавая мануфактура. У 17—18 ст. у складзе Мірскага графства. У 1706 у час Паўн. вайны 1700—21 спалена шведамі. У 18 ст. атрымала назву Н.С. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр Свержанскай вол. Мінскага пав. У 1860-я г. 178 двароў, нар. вучылішча, школа. царква, касцёл, капліца, сінагога, 2 млыны, каля 20 крам, карчма, паштовая станцыя, штогод 2 кірмашы, у 1897—1749 ж., 297 двароў. З 1921 у Польшчы ў Стаўбцоўскім пав. Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР. З 1940 вёска, цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАТЫ́П (ад грэч. prototypon правобраз),
рэальная асоба, якая паслужыла асновай для стварэння літ. вобраза, персанажа. Арыентаванасць на П., характар яго выкарыстання залежаць ад кірунку, жанру і творчай індывідуальнасці пісьменніка. Наяўнасць П. з’яўляецца істотнай рысай рэалістычнай творчасці з яе жыццепадабенствам, псіхалагізмам, быт. каларытам, у адрозненне ад л-р і стыляў з высокай ступенню нарматыўнасці і дэманстратыўнай умоўнасцю (класіцызм, барока, сентыменталізм). Паказваючы рэальную асобу, пісьменнік не капіруе характар і жыццё П., а адбірае патрэбнае яму. Зварот да П. найб. характэрны ў аўтабіягр. творах (трылогія Л.Талстога «Дзяцінства», «Гады падлетка», «Юнацтва», паэма Я.Коласа «Новая зямля») і ў лірыцы, дзе ў якасці П. лірычнага героя выступае сам аўтар. У літ. персанажа можа быць некалькі П. (вобраз Грушніцкага ў рамане М.Лермантава «Герой нашага часу»), у некалькіх літ. персанажаў можа быць адзін П. (П. для вобразаў Садовіча ў рамане Я.Коласа «На ростанях», Баса-Грэнкі ў п’есе Я.Коласа «Забастоўшчыкі», Сташынскага ў рамане А.Фадзеева «Разгром» паслужыў А.Сянкевіч). Але часцей аўтар, ствараючы вобраз, асноўваецца на адной рэальнай асобе. якую ўспрымае як блізкі да маст. завершанасці тып (П. для вобраза дзеда Талаша ў аповесці Я.Коласа «Дрыгва» паслужыў В.І.Талаш, для вобраза Чубара ў рамане І.Чыгрынава «Плач перапёлкі» М.Сяднёў).
Літ.:
Атрашкевіч В.І. Ад прататыпа да вобраза. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАССЯЛЕ́ННЕ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
працэс размеркавання і пераразмеркавання насельніцтва па тэрыторыі і яго вынік — сетка паселішчаў. Уключае размяшчэнне насельніцтва, функцыянальныя тэр. ўзаемасувязі населеных месцаў і міграцыю насельніцтва. Гал. фактары працэсу Р.н.: прыродны (рэльеф, глебы, клімат, блізкасць да водных рэсурсаў, наяўнасць карысных выкапняў), дэмаграфічны (натуральны прырост насельніцтва, міграцыйныя працэсы), сац.эканам. (узровень развіцця і размеркавання вытв. сіл, рэгіянальныя адрозненні паводле ўзроўню даходаў, развітасць інфраструктуры). З развіццём вытв. сіл гал. ролю ў Р.н. адыгрывае сац.-эканам. фактар. Асн. формай Р.н. з’яўляюцца пастаянныя населеныя пункты (гарадскія і сельскія), якія ўтвараюць у адных раёнах густую, у іншых — рэдкую сетку. Пры цесным збліжэнні паселішчаў і інтэнсіўным развіцці маятнікавай міграцыі ўзнікаюць агламерацыі паселішчаў (гл.Гарадская агламерацыя). Суседнія групы агламерацый у прамысл. густа заселеных раёнах, з развітай сеткай камунікацый, могуць утвараць яшчэ больш складаную форму — мегалопаліс. На Беларусі (2000) 212 гарадскіх паселішчаў (каля 7 млн.чал.) і 23 459 сельскіх паселішчаў (каля 3 млн.чал.). Сярэдняя адлегласць паміж гарадамі менш за 50 км, паміж сельскімі паселішчамі — каля 3 км. У сярэднім на кожную 1000 км² прыпадае 1 гарадское і 113 сельскіх паселішчаў, што спрыяе развіццю эканам., працоўных, культурна-быт. і інш. міжпаселішчавых сувязей. Пра рассяленне бел. этнасу гл. ў арт.Беларусы, Этнічная тэрыторыя.
Літ.:
Манак Б.А. Насельніцтва Беларусі: Рэгіян. асаблівасці развіцця і рассялення. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́ННАЕ МАСТА́ЦТВА, салонна-акадэмічнае мастацтва,
кансерватыўны кірунак у маст. культуры 19 — пач. 20 ст. Зарадзілася ў Францыі (дасягнула росквіту ў 1850—70-я г.), пазней пашырылася ў інш. краінах. Назву атрымала з-за яго падтрымкі з боку журы парыжскіх маст.салонаў. Агульныя прыкметы С.м.: эклектызм творчага метаду, які грунтаваўся пераважна на нормах акадэмізму 19 ст. і позняга (акад.) класіцызму, адначасова выкарыстоўваючы павярхоўна ўспрынятыя метады і прыёмы рамантызму, пазней — рэалізму і натуралізму; знешняя эфектная прыгажосць кампазіцыі і адназначнасць зместу пры развітой сюжэтнасці; прамалінейнасць трактоўкі значных тэм; фармальная завершанасць, рамесна-тэхн. віртуознасць фактуры, якая імітуе маст. майстэрства; патэтыка, экзальтацыя і ідэалізацыя вобразаў; зарыентаванасць на маст. кан’юнктуру і густ масавага гледача. У С.м. пераважалі міфалагічны і алегарычны (пераважна як падстава для адлюстравання аголенай натуры), быт. (прымітыўна-анекдатычны), гіст. (найчасцей у духу псеўдагіст. касцюмнай меладрамы) жанры, партрэт (ідэалізаваны). Агрэсіўнае непрыняцце ўсяго наватарскага ў мастацтве, імкненне навязаць сваё разуменне «добрага густу», камерцыялізацыя маст. творчасці выклікалі і адваротную рэакцыю ў буйных мастакоў 2-й пал. 19 ст. і іх. супрацьпастаўленне сваёй творчасці С.м. («Маніфест рэалізму» Г.Курбэ ў Францыі, заснаванне Т-ва перасоўных маст. выставак у Расіі і інш.). У 20 — пач. 21 ст. тэрмін «С.м.» ўжываецца таксама як агульнае вызначэнне знешняй прыгажосці і банальнасці, беззмястоўнасці твораў выяўл. мастацтва, спекулятыўнай імітацыі маст. каштоўнасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯНКО́ЎСКІ Восіп (Юльян) Іванавіч (літ.псеўд.Барон Брамбеус; 31.3.1800, маёнтак Антокаль, каля Вільні — 16.3.1858),
расійскі вучоны-ўсходазнавец, дыпламат, журналіст і пісьменнік, адзін з заснавальнікаў жанру навук.-фантаст. аповесці ў рас. л-ры. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1828). Скончыў Мінскую гімназію, Віленскі ун-т (1819) і ў складзе рас. місіі накіраваны ў Канстанцінопаль (Стамбул). Да 1821 падарожнічаў па Пярэдняй Азіі і Паўн.-Усх. Афрыцы. Авалодаў усімі мовамі араб. Усходу, асн. еўрапейскімі, кіт., тыбецкай, маньчжурскай і мангольскай. У 1822—47 праф. заснаванай ім кафедры ўсх. моў і арабістыкі Пецярбургскага ун-та (першы рас. прафесар-арабіст); адзін з заснавальнікаў рас.ўсходазнаўства. Заснавальнік і рэд. (1834—47, намінальна да 1856) час. «Библиотека для чтения», з 1840 рэд.час. «Сын Отечества». Супрацоўнічаў з час. «Северный архив», «Северная пчела» і інш. Падтрымліваў дзелавыя сувязі з М.І.Грэчам, Ф.В.Булгарыным, сяброўскія — з А.С.Пушкіным і А.Міцкевічам. Даследаваў гісторыю стараж. Усходу, у т. л. даісламскай Аравіі, вывучаў араб., перс., тур. філалогію; перакладаў на рус. мову і выдаваў творы класічнай араб. л-ры. Аўтар апісанняў сучасных яму краін Усходу, «усходніх», быт.навук.-філас. аповесцей.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. СПб., 1858—59;
Сочинения Барона Брамбеуса. М., 1989.
Літ.:
Каверин В.А. Барон Брамбеус: История О.Сенковского... М., 1966;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУ́ТНЕЎ Іван Пятровіч (1827, г. Чакалін Тульскай вобл., Расія — 18.2.1912),
рускі і бел. жывапісец, графік, педагог. Вучыўся ў Строганаўскім вучылішчы ў Маскве, Пецярбургскай АМ (1850—58; з 1868 акадэмік). У 1866—1912 арганізатар і загадчык Віленскай школы малявання. Шмат зрабіў для развіцця маст. адукацыі на Беларусі. Працаваў у жанрах гіст. і быт., партрэта, пейзажа. Многія яго работы прысвечаны побыту бел. і літ. сялян. Творы вызначаюцца рэалістычнасцю, крытычным падыходам да адлюстравання рэчаіснасці. Выканаў замалёўкі шэрагу будынкаў Полацка, Віцебска, Мсціслава і інш., Ільінскай царквы ў Віцебску (змешчана ў кн. П.Бацюшкава «Беларусь і Літва», 1890). Сярод жывапісных твораў: «Блаславенне сына ў апалчэнне» (1855), «Хрэсны ход на вадохрышча ў вёсцы» (1857, вял. залаты медаль), «Народная школа», «Партрэтная ў Антверпене» (1868), «Літоўская пагранічная карчма» (1889), «Віленскія пакутнікі Антоній і Іаан» (1880-я г.), «Сляпы кабзар», «На раку з бялізнай», «Рэвалюцыя 1905 года ў Вільні» і інш. Аўтар шэрагу партрэтаў (аўтапартрэт, партрэт М.Марцюшавай, 1901), абразоў, пейзажаў («Ручай», пач. 20 ст.), а таксама акварэлей, у якіх увасобіў гіст. помнікі і памятныя мясціны на Беларусі.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Кацер М.С. Изобразительное искусство Белоруссии до октябрьского периода: Очерки. Мн., 1969.
(Toulouse-Lautrec-Monfa)] Анры Раймон Мары дэ (24.11.1864, г. Альбі, Францыя — 9.9.1901),
французскі жывапісец і графік, буйнейшы прадстаўнік постімпрэсіянізму. Вучыўся ў Парыжы ў Л.Бона (1882) і Ф.Кармона (з 1883). Зазнаў уплыў Э.Дэга і яп. гравюры. Асн. тэма творчасці — забавы і быт начных парыжскіх кабарэ, кавярняў і інш., якія ён увасабляў без маральнасці, але з уласцівай яму хваравітай вастрынёй назіранняў, часта з едкай іроніяй, па-майстэрску перадаючы гратэскную дынаміку нібыта выпадкова выхапленых з жыцця мізансцэн, характарнасць поз і жэстаў: «Цырк Фернандо. Наезніца» (1888), «Танец у «Мулен Руж» (1890), «У «Мулен Руж» (1892), «Спявачка Івет Гільбер» (1894). Яго манеры ўласцівы абагульнены, гнуткі і ломкі малюнак, доўгія вібрыруючыя мазкі, халодная гама, адцененая буйнымі, яркімі, маляўнічымі плямамі. У 1890-я г. выканаў плакаты «У «Мулен Руж». Ла Гулю» (1891), «Арыстыд Бруан у «Амбасадэр» (1892), «Японская канапа», «Жан Аўрыль у «Жардэн дэ Пары» (абодва 1893) і інш., якія сталі рэв. крокам у развіцці рэкламнага плаката, у 1892—99 зрабіў больш як 300 літаграфій. Аўтар дэкарацый да спектакляў, ілюстрацый да твораў. Іл.гл. таксама да арт.Літаграфія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УТЫЛІЗА́ЦЫЯ АДХО́ДАЎ,
выкарыстанне ў нар. гаспадарцы прамысл. і камунальных адходаў і выкідаў. Уключае утылізацыю забруджвальнікаў і нейтральных рэчываў. Мае вял.эканам. і прыродаахоўнае значэнне.
Выкарыстанне другаснай сыравіны (макулатуры, лому металаў, бітага шкла, тэкстыльных адходаў) зніжае патрэбу ў імпарце шматлікіх відаў сыравіны і энергіі. Напр., утылізацыя 1 т макулатуры зберагае ў вытв-сці паперы 4 м³ драўніны; выкарыстанне ў шыхце шклаварачных печаў 10% бітага шкла зніжае расход энергіі на 2%, выкарыстанне 80% бітага шкла памяншае шкодныя выкіды ў атмасферу на 20%, расход вады — на 50%.
На Беларусі штогод утвараецца каля 2 млн.т цвёрдых быт. адходаў, большасць з якіх выдаляецца на палігоны, каля 4% утылізуецца на мінскім смеццеперапрацоўчым заводзе. З 25 млн.т цвёрдых адходаў прам-сці (асн. крыніца адходаў) утылізуецца каля 15%. Драўляныя адходы лесапілавання і дрэваапрацоўкі выкарыстоўваюцца на 94%, адходы вытв-сці пластмас — на 93%, гумазмяшчальныя — на 82%, вытв-сці харч. прадуктаў — на 97,5%, лігніну гідролізнага — на 59%, адходы з рэшткамі нафтапрадуктаў — на 60%, гальванашламаў — на 4%, фасфагіпсу — на 3,4%. Наспелі праблемы утылізацыі буйнатанажных адходаў і адходаў павышанай небяспекі (галітавых і глініста-салявых шламаў, металургічных шлакаў, гарэлай зямлі, лігніну, гальванаадходаў і інш.).
У свеце індэкс У.а. складае: у Германіі — 50%, Нідэрландах — 45%, Японіі — 39%, ЗША — 25%.
Літ.:
Состояние окружающей среды Республики Беларусь: Нац. доклад. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІ́МІЯ ТО́РФУ,
навука пра састаў і хім. ўласцівасці торфу, якія вызначаюць асн. кірункі перапрацоўкі тарфяной сыравіны з мэтай атрымання разнастайных прадуктаў і матэрыялаў для розных галін гаспадаркі.
Асн. кірункі навук. распрацовак: сувязь хім. саставу з відам і тыпам торфу; хімія гумінавых кіслот, піроліз торфу; вытв-сць біялагічна актыўных рэчываў гумінавага паходжання, тэхналогіі атрымання воску, прэпаратаў для медыцыны, быт. хіміі, сарбцыйных матэрыялаў для ачысткі сцёкавых вод ад нафтапрадуктаў і іонаў цяжкіх металаў, фарбавальнікаў і інш.Вял. клас арган. злучэнняў торфу — бітумаў, вугляводаў, гумінавых рэчываў — вызначае яго каштоўнасць як хім. сыравіны і арган. ўгнаення. Тэрмічная перапрацоўка торфу дазваляе атрымліваць тэхнал. газ, вадкае паліва, кокс, вугляродныя сарбенты і інш.
На Беларусі як самаст. галіна хіміі пачала фарміравацца з 1912 на Мінскай балотнай доследнай станцыі. З 1932 даследаванні па Х.т. вядуцца ў Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН. Уклад у фарміраванне і развіццё навук. даследаванняў па Х.т. зрабілі П.І.Бялькевіч, У.Я.Ракоўскі, І.І.Ліштван і інш.Гл. таксама Тарфяная прамысловасць, Торфаздабыча, Торфалячэнне.
Літ.:
Лиштван И.И., Король Н.Т. Основные свойства торфа и методы их определения. Мн., 1975;
Раковский В.Е., Пигулевская Л.В. Химия и генезис торфа. М., 1978;
Тишкович А.В. Использование торфа в сельском хозяйстве. Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРЖ (ад франц. charge перабольшванне) у выяўленчым мастацтве, сатырычная ці дабрадушна-гумарыстычная выява (звычайна партрэт), у якой пры захаванні знешняга падабенства зменены і вылучаны найб. характэрныя рысы мадэлі; від карыкатуры. Лёгкасць і нязмушанасць кампазіцыі, парадыйнае выкарыстанне маст. прыёмаў, у т. л. гіпербалы і гратэску, даюць магчымасць гумарыстычна ці сатырычна паказаць пэўную асобу, падзеі міжнар. жыцця, быт. з’явы. У жанры Ш. працавалі А.Дам’е (Францыя), Дз.Маор (Расія); на Беларусі Я.Дамель, К.Бахматовіч, С.Богуш-Сестранцэвіч, Я.Бусел, М.Лісоўскі, А.Чуркін, В.Швяцоў, В.Шматаў і інш. Ш. найчасцей змяшчаюць у час. «Вожык». У літаратуры Ш. — паказ пэўнай з’явы ў змененым, скажоным выглядзе; вобраз, сатырычны або гумарыстычны твор, у якім наўмысна перабольшваюцца, вылучаюцца найб. характэрныя асаблівасці знешняга аблічча ці адмоўныя рысы ў характары чалавека. Асн. сродак адлюстравання ў памфлеце, фельетоне, эпіграме, пародыі. Трапныя гумарыстычныя Ш.-подпісы (часцей вершаваныя) дапаўняюць графічную ці жывапісную выяву, дапамагаюць дасягнуць большага камічнага эфекту. Ш. карысталіся Я.Купала, К.Чорны, К.Крапіва і інш. Трапныя подпісы да сяброўскіх Ш. пішуць Р.Барадулін, Г.Юрчанка і інш.
Публ.:
Лісоўскі М., Барадулін Р. Няўрокам кажучы... Мн., 1971;
Юрчанка Г. Парнаскія ўхабы. Мн., 1979;
Абразы без абразы: Сяброўскія шаржы і эпіграмы. Мн., 1985.