КАСМІ́ЧНАЯ СКО́РАСЦЬ,

скорасць, якую трэба надаць касмічнаму апарату, каб выканаць палёт па зададзенай траекторыі адносна Зямлі (або інш. нябеснага цела).

Адрозніваюць 1-ю, 2-ю і 3-ю К.с. Першая К.с. — мінімальная скорасць, пры якой цела можа стаць штучным спадарожнікам Зямлі і пачаць рухацца вакол яе па кругавой арбіце. Другая К.с. — мінімальная скорасць, пры якой цела можа пераадолець прыцягненне Зямлі і стаць штучнай планетай Сонечнай сістэмы. Трэцяя К.с. — мінімальная скорасць, пры якой цела можа пераадолець прыцягненне Сонца і выйсці за межы Сонечнай сістэмы. Каля паверхні Зямлі 1-я, 2-я і 3-я К.с. роўныя адпаведна 7,9 км/с, 11,2 км/с і 16,7 км/с.

т. 8, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУКЕ́ВІЧ Канстанцін Фадзеевіч (1810, Вільня —1842),

бел. жывапісец і графік. Вучыўся ў Віленскім ун-це ў Я.​Рустэма і Пецярбургскай АМ (1835—39). Вывучаў жыццё і побыт насельніцтва Віленшчыны і Гродзеншчыны. Стварыў шэраг жанравых кампазіцый: «Рускія салдаты ў вёсцы», «Прывал уланаў каля пераправы цераз раку» (абедзве 1830), «Карчма», «Яўрэйскія кантрабандысты ў ваколіцах Вільні» (да 1839). Аўтар графічных замалёвак «Гандляр шапкамі», «Букініст», «Карчма ў прадмесці», «Старызнік». У 1840 выдаў серыю літаграфій — сцэн з нар. жыцця («Вільня, год 1840»). Яго малюнкі былі змешчаны ў альбоме Я.​Вільчынскага, выдадзенага ў Вільні.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

К.Кукевіч. Гандляр шапкамі. 1-я пал. 19 ст.

т. 8, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНІ́ЦКІ Сымон Фаміч (28.2.1902, в. Гарані Мінскага р-на — 14.10.1940),

бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў БДУ (1931). Працаваў у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1936 рэпрэсіраваны, загінуў, відаць, на Калыме. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1928. Аўтар рэцэнзій і артыкулаў пра творчасць З.​Астапенкі, А.​Александровіча, С.​Баранавых, Т.​Кляшторнага, Я.​Купалы, М.​Лынькова, Б.​Мікуліча, А.​Салагуба, Я.​Скрыгана і інш. Аддаваў шмат увагі творам пра дзяцей. Яго скоўвалі каноны вульгарнага сацыялагізму, захапляўся творчасцю рабочых-ударнікаў. «Нацдэмаўскія ўплывы» знаходзіў у творчасці У.​Хадыкі, В.​Маракова і інш.

Літ.:

Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. Мн., 1979. С. 94—97.

т. 9, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНІ́НСКІ ВЕРШ, леанін,

верш, у якім асобныя паўрадкоўі рыфмуюцца паміж сабой (у адрозненне ад нерыфмаванага ант. верша). У бел. вершатворчасці танізаваны Л.в. спарадычна сустракаўся ў 17 ст. З пісьмовай л-ры ён перайшоў у фальклор. Фальклорны Л.в. у сваю чаргу паўплываў на творчасць некаторых паэтаў: Я.​Баршчэўскага, В.​Дуніна-Марцінкевіча, М.​Багдановіча, Я.​Купалы і інш.

Біце ж чалом тром сакалом,
хлопцы, маладзіцы!
Гэта ж кветкі з свойскай веткі
славянскай зямліцы.
(В.​Дунін-Марцінкевіч, «Павіншаванне войта Наума»)

У новай бел. паэзіі Л.в. — верш з рэгулярнымі ўнутр. рыфмамі. Да такога верша асабліва часта звяртаўся Я.​Купала («Касцам», «З дарогі», «За праўду»).

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ЕПІНЬШ (Liepińš) Харый (н. 15.12. 1927, Тэрнейская воласць, Латвія),

латышскі акцёр. Нар. арт. Латвіі (1978). Нар. арт. СССР (1988). Скончыў драм. студыю пры Дзярж. маст. т-ры Латвіі імя Я.​Райніса (1949), з 1947 акцёр гэтага т-ра (з 1989 т-р Дайлес). Мастацтва акцёра вызначаецца высокім прафес. майстэрствам, дынамізмам, глыбокім псіхалагізмам у трактоўцы вобразаў. Сярод роляў: Рамэо, Гамлет («Рамэо і Джульета», «Гамлет» У.​Шэкспіра), Тот («Гуляў я, скакаў» Я.​Райніса), Эдгар («У агні» Р.​Блаўмана), Бранд («Бранд» Г.​Ібсена), Едыгей («І больш века доўжыцца дзень» паводле Ч.​Айтматава). Здымаецца ў кіно.

Літ.:

Dzene L. Dialogs ar Hariju Liepińšu. Riga, 1977.

т. 9, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й у Кракаве,

адзін з буйнейшых маст. збораў у Польшчы. Засн. ў 1879. Захоўвае калекцыі польскага выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва 14—20 ст. (творы С.​Выспянскага, А.​Гротгера, Я.​Мальчэўскага, Я.​Матэйкі, П.​Міхалоўскага і інш.), еўрап. і далёкаўсх. жывапісу, графікі, дэкар. мастацтва, рукапісаў і старадрукаў, манет і медалёў, а таксама урэцка-налібоцкае шкло, слуцкія паясы і інш. Будынак музея ўзведзены ў 1936—50, дабудоўваўся да 1991. Філіялы: музей Чартарыскіх (засн. ў 2-й пал. 18 ст.; калекцыя ўсх. і еўрап. мастацтва 13—18 ст., у т. л. «Партрэт дамы з гарнастаем» Леанарда да Вінчы, дом-музей Я.​Матэйкі (засн. ў 1894), музей маст. промыслаў.

т. 11, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТКЕ́ВІЧ Аляксей Міхайлавіч (н. 30.3.1931, в. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. літаратуразнавец, краязнавец. Канд. філал. н. (1963), праф. (1994). Скончыў БДУ (1954). З 1957 працуе ў Гродзенскім ун-це. Даследуе праблемы сучаснай прозы і паэзіі, творчасць бел. пісьменнікаў Я.​Купалы, Я.​Коласа, К.​Чорнага. асветніцкі рух у Беларусі 19—20 ст., асаблівасці культуры Гродзеншчыны і інш. Аўтар манаграфіі «Сюжэт. Кампазіцыя. Характар» (1981), сааўтар «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Гісторыі беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст.» (2-е выд. 1998), зб. «Наднёманскія былі» (1968). Культуры Гродзеншчыны прысвечаны кн. «Літаратурная Гродзеншчына: Мясціны. Людзі. Кнігі» (1996), «Людзі культуры з Гродзеншчыны» (2000).

Я.​Р.​Лецка.

т. 13, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУБО́Н»

(«Rubon»),

альманах памяркоўна-кансерватыўнага кірунку. Выдаваўся ў 1842—49 у Вільні на польскай мове. Распаўсюджваўся пераважна на Віцебшчыне (Рубон — стараж. назва р. Зах. Дзвіна). Рэдактар-выдавец К.​Буйніцкі. Асвятляў культ. жыццё Наддзвіння і паказваў мінулае краю. Змяшчаў матэрыялы па бел. этнаграфіі, фальклоры і гісторыі Беларусі. Надрукаваў творы Я.​Баршчэўскага, Т.​Лады-Заблоцкага, Г.​Марцінкевіча, В.​Рэута, братоў Ю., К. і В. Гжымалоўскіх, А.​Плятэра, Я.​Ходзькі, І.​Храпавіцкага, Я.​Чачота і інш. ураджэнцаў і жыхароў Беларусі, бел. нар. песні. Адыграў пэўную ролю ў ажыўленні культ. руху і згуртаванні літ. сіл рэгіёна. Арыентаваўся на маёмную шляхту і мясц. інтэлігенцыю. Выйшла 10 тамоў.

У.​І.​Мархель.

т. 13, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМІ́ЛЬГІС (Smilgis) Эдуардс (22.11.1886, Рыга — 19.4.1966),

латышскі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1948). З 1911 акцёр Новага Рыжскага, з 1915 Петраградскага лат. т-раў. У 1920—64 заснавальнік, маст. кіраўнік, акцёр Маст. т-ра імя Я.​Райніса (Рыга). Пастаноўкі С. вылучаліся манументальнасцю, героіка-рамантычнай накіраванасцю, яркай тэатральнасцю: «Фауст» І.​Гётэ (1940), «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага (1946), «Агонь і ноч» Я.​Райніса (1947, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера (1956), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1959), «Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага (1964) і інш. Сярод роляў: Тотс («Гуляў я, скакаў» Райніса), Пер Гюнт («Пер Гюнт» Г.​Ібсена), Гамлет («Гамлет» Шэкспіра), Дон Карлас («Дон Карлас» Шылера) і інш.

т. 15, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПІВАКО́Ў Уладзімір Тэадоравіч (н. 12.9.1944, г. Уфа, Башкортастан),

расійскі скрыпач, дырыжор. Нар. арт. СССР (1990). Нар. арт. Расіі (1999). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1967, кл. Ю.​Янкелевіча). З 1965 канцэртуе. З 1970 саліст Маскоўскай філармоніі. З 1979 маст. кіраўнік і дырыжор арганізаванага ім камернага аркестра «Віртуозы Масквы». З 1990 працаваў пераважна ў Іспаніі. З 1999 гал. дырыжор Рас. нац. сімф. аркестра. 3-я прэмія на Міжнар. конкурсе скрыпачоў імя М.​Лонг — Ж.​Цібо (1965, Парыж), 2-я прэмія на міжнар. конкурсах імя Паганіні (1967, Генуя) і імя П.​Чайкоўскага (1970, Масква), 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе скрыпачоў (1969, Манрэаль). Дзярж. прэмія СССР 1989.

У.Т.Співакоў.

т. 15, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)