філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога сцвярджаюць першаснасць матэрыі, прыроды, грамадства, аб’ектыўнай рэчаіснасці і другаснасць чалавечай свядомасці (духу). Свядомасць чалавека незалежна ад сваёй канкрэтнай формы прызнаецца ўласцівасцю высокаарганізаванай матэрыі. Прынцыповая супрацьлегласць пунктаў гледжання на рэчаіснасць, законы і рухаючыя сілы яе развіцця абумовілі барацьбу М. і ідэалізму па найб. істотных праблемах філасофіі (пабудова свету, пазнавальнасць рэчаў і з’яў, сутнасць чалавека, грамадства і інш.). Гал. ідэі філас. М.: прызнанне нестваральнасці свету, яго існавання і развіцця незалежна ад чыёй-н. волі; асэнсаванне прасторы і часу, руху ў якасці аб’ектыўных форм быцця матэрыі; адмаўленне самастойнасці свядомасці адносна матэрыі; тлумачэнне адзінства свету яго матэрыяльнасцю. У падыходзе да разумення грамадства і грамадскага жыцця для М. характэрна цікавасць да эканомікі і яе выключнай ролі ў функцыянаванні ўсіх грамадскіх сістэм (дзяржавы, права і інш.), навукі і асветы. Стаўленне прыхільнікаў М. да прыроды і грамадства абумоўлена ўпэўненасцю ў пазнавальнасці прадметаў і з’яў, што стварае магчымасць атрымання дакладных ведаў пра аб’ектыўную рэчаіснасць і іх выкарыстанне ў грамадскім жыцці. Паняцце М. зыходзіць з філас. разумення матэрыі і не датычыць якіх-н. канкрэтна-гіст. уяўленняў аб яе структуры. Таму нельга атаясамліваць з навук.матэрыяліст. ведамі выпадковыя прымітыўныя высновы, дзе, напр., агульны змест чалавечага мыслення дэтэрмінуецца непасрэдна фізіял. працэсамі ў арганізме, духоўнае жыццё і формы культуры тлумачацца ўзроўнем эканомікі і матэрыяльнага дабрабыту людзей, арганізацыяй эканам. дзейнасці і г.д.
Матэрыяліст. погляды на свет і змены ў ім узніклі ў глыбокай старажытнасці і складаюць значную частку духоўнай і культ. спадчыны чалавецтва. Першай даволі стройнай сістэмай матэрыяліст. поглядаў на свет быў стыхійны, наіўны М. стараж. грэкаў і рымлян, у якім у зародкавай форме праявіліся ўсе пазнейшыя кірункі М.: механістычны, вульгарны, дыялектычны і інш. Для стараж. М. характэрна разуменне свету як адзінага, непадзельнага цэлага, якое знаходзіцца ў стане сталага руху згодна са сваімі законамі. У новыя часы значны ўплыў атрымаў механістычны (метафізічны) М. (Ф.Бэкан, Т.Гобс, М.Ламаносаў і інш.). Гал. ўвагу яны скіроўвалі на вывучэнне мех. (знешніх) уласцівасцей рэчаў і адносін паміж імі. Сцвярджаючы наяўнасць матэрыі, філосафы-механіцысты трактавалі дадзеную катэгорыю ў абстрактна-метафіз. сэнсе і адрывалі матэрыю ад атрыбуту яе існавання — руху, які зводзіўся да мех. перамяшчэння цел у прасторы і часе. У тлумачэнні ўнутр. структуры рэчаў значную ролю адыгрывалі атамістычныя ідэі. У 19 ст. развіццё філас. М. адбывалася шляхам перапрацоўкі дыялектычнага вучэння Г.Гегеля, што залажыла асновы сучаснага М. Абагульненне развіцця матэрыяліст. ідэй на працягу гісторыі даецца ў філас. вучэнні К.Маркса, Ф.Энгельса, У.І.Леніна і іх паслядоўнікаў. Гл.Дыялектычны матэрыялізм, Гістарычны матэрыялізм, Дыялектыка, Філасофія і л-ру да гэтых артыкулаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫНАБУДАВА́ННЕ ДЛЯ ЛЁГКАЙ І ХАРЧО́ВАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ І БЫТАВЫ́Х ПРЫЛА́Д,
галіна машынабудавання і металаапрацоўкі, якая вырабляе абсталяванне для лёгкай і харч. прам-сці, прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання, а таксама быт. прылады (халадзільнікі і пральныя машыны, электрапыласосы, швейныя машыны, электрапрасы, электраміксеры, электрасокавыціскалкі і інш.). Найб. развіццё вытв-сцьбыт. прылад атрымала ў ЗША, Японіі, Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі на спецыялізаваных буйных прадпрыемствах.
На Беларусі гэта галіна прам-сці пачала развівацца ў 19 — пач. 20 ст. на металургічных і машынабудаўнічых з-дах, пераважна ў Мінску, якія выраблялі абсталяванне для бровараў, вінакурняў, мукамольнай і крухмала-патачнай прам-сці. У час індустрыялізацыі мінскі з-д «Энергія» асвоіў вытв-сць некаторых станкоў для тэкст. і абутковай прам-сці. У пасляваенны перыяд на базе прадпрыемстваў мясц. прам-сці і рамонтных майстэрняў створаны спецыялізаваныя з-ды: у Оршы швейных машын (1952, з 1968 з-д лёгкага машынабудавання), у Мінску быт. халадзільнікаў (1959), у Баранавічах гандл. машынабудавання (машыны для перапрацоўкі мяса, цеста і агародніны; 1964), у Гродне па вырабе пасудамыйных машын (1963).
У 1997 вытв-сцю абсталявання і запасных частак для лёгкай прам-сці было занята 52 прадпрыемствы і толькі адно з іх спецыялізаванае — ВА «Прамшвеймаш» у Оршы. Большая ч. яго выраблялася на прадпрыемствах лёгкай прам-сці ў Мінску, Баранавічах, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Лідзе і некаторая ч. прадукцыі на ВА «Мінскі трактарны завод» і Мінскім мех. з-дзе імя Вавілава, а таксама ВА «Прамшвеймаш» у г. Орша. Па вырабе абсталявання для гандлю і грамадскага харчавання працуюць спецыялізаваныя прадпрыемствы: Беларускае вытворчае аб’яднанне гандлёвага машынабудавання «Беларусьгандальмаш» у Баранавічах, навук.вытв. прадпрыемства «Тэхнамаш» у Брэсце, з-ды: гандл. машынабудавання ў Гродне, «Прадмаш» у Мінску. Некаторая ч. абсталявання для гэтай галіны выпускаецца на інш. машынабуд. з-дах. У 1997 выпушчана абсталявання і запчастак на 230,5 млрд.руб. (машыны для перапрацоўкі мяса, агародніны, бульбы; халадзільныя камеры, шафы, гандл. прылаўкі, універсальныя пасудамыйныя машыны, машыны для прыгатавання паўфабрыкатаў).
У 1997 выпушчана (тыс.шт.): халадзільнікаў 722, маразільнікаў 73, пральных машын 88,2, электрапыласосаў 4,1, печаў ЗВЧ 0,3, электрапрасаў 274, швейных машын 14,2, электраміксераў 46,2, электрасокавыціскалак 112,7. Найб. прадпрыемствы па выпуску быт. прылад: акц.т-ва«Атлант» у Мінску (па выпуску халадзільнікаў і маразільнікаў), Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі «Белвар» у Мінску (электрабытавыя прылады), акц.т-ва«Брэстгазаапарат» (газавыя пліты, быт. паветраачышчальнікі), Брэсцкі электрамеханічны завод, Гомельскі завод «Электраапаратура», Мінскі завод «Тэрмапласт» (электраміксеры), Авіяц. рамонтнае прадпрыемства ў Баранавічах (пыласосы), пральныя машыны выпускаюцца ў Мінску і Магілёве.
П.І.Рогач.
Да арт.Машынабудаванне для лёгкай і харчовай прамысловасці і бытавых прылад. Галоўны канвеер на Брэсцкім заводзе газавай апаратуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАФІ́ЗІКА (ад грэч. «Meta ta phisica» пасля фізікі),
1) частка, галіна філасофіі, прысвечаная гал. абстрактным праблемам чалавечага быцця і пазнання. Тэрмін «М.» паходзіць ад назвы зборніка філас. прац Арыстоцеля, якія складалі «першую філасофію», г.зн. лічыліся ўласна філас. працамі і паводле свайго прадмета адрозніваліся ад «фізікі» як навукі аб свеце канкрэтных рэчаў і з’яў. У працэсе эвалюцыі М. паступова траціла сувязь з рэчаіснасцю і накіроўвала намаганні на абстрактны пошук нейкай агульнай першаснай асновы ўсяго існага незалежна ад акрэсленых форм яго існавання ў прасторы і часе. Панаванне метафіз. поглядаў характэрна для сярэдневяковай філас. думкі, калі М. прэтэндавала на месца асобай «навукі» аб звышпачуццёвай сутнасці свету і абгрунтоўвала думку пра яго боскае паходжанне. Адыход ад элементаў аб’ектыўных ведаў аб чалавеку і яго прыродным і сац. асяроддзі, а таксама канструяванне штучных уяўленняў аб свеце прывялі да ператварэння М; ў схаластыку. Зацікаўленасць грамадства ў навук.філас. асэнсаванні рэчаіснасці і дасягненнях прыродазнаўчых навук суправаджалася вызваленнем філасофіі ад метафіз. падыходаў. Аб’ект метафіз. разважанняў быў абмежаваны выключна з’явамі, якія былі недаступныя чалавечаму вопыту і атаясамліваліся з звышпрыродным пачаткам. Элементы М. ёсць у некат. кірунках сучаснай філасофіі, у сцвярджэннях пра існаванне «вышэйшай», г.зн. звышпачуццёвай рэчаіснасці, пра немэтазгоднасць і немагчымасць навук. пазнання сутнасці прыродных і грамадскіх працэсаў.
2) Метад мыслення, які супрацьстаіць дыялектыцы. У гэтым сэнсе паняцце М. ўпершыню выступае ў філасофіі Г.Гегеля, дземетафіз. падыход да рэчаў і з’яў у адрозненне ад дыялектычнага лічыцца абмежаваным і не дазваляе раскрыць іх супярэчнасці, а таксама паказаць працэс развіцця паняццяў, таму што абапіраецца на канчатковыя адназначныя высновы. Паводле Гегеля. М. з’яўляецца недастатковай, але ў той жа час неабходнай умовай працэсу пазнання. Выкарыстанне ў навуцы метафіз. метаду з гіст. пункту гледжання было апраўданым у 17—18 ст., калі навука займалася збіраннем фактаў і расшчапляла прыроду на асобныя часткі. У 2-й пал. 19—20 ст. назіраецца негатыўнае стаўленне вучоных да М., што тлумачыцца пераходам навукі да абагульнення набытых навук. звестак, пранікненнем у глыбіню аб’ектаў пазнання і даследаваннем заканамерных сувязей паміж імі. Метафіз. метад абсалютызуе знешняе ўзаемадзеянне паміж аб’ектамі і ў той жа час недаацэньвае ўнутр, вытокі развіцця, у першую чаргу супярэчлівасць саміх аб’ектаў. На працягу 20 ст. М. як метад пазнання выступае ў некаторых кірунках сучаснай філасофіі (фенаменалогія, экзістэнцыялізм, рэалізм), а таксама ў тэалогіі.
Літ.:
Аристотель. Метафизика // Соч.М., 1976. Т. 1;
Ленін У.І. Філасофскія сшыткі // Тв. Т. 38 (Полн. собр. соч. Т. 29);
Вартофский М. Эвристическая роль метафизики в науке: Пер. с англ. // Структура и развитие науки М., 1978;
Исторические типы философии. М., 1991;
Мир философии. Ч. 1—2. М., 1991;
Boeder H. Topologie der Metaphysik. Freiburg-München, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПАЛЕО́Н I,
Напалеон Банапарт (Napoléon Bonaparte; 15.8.1769, Аяча, в-аў Корсіка, Францыя — 5.5.1821), французскі дзярж. дзеяч і палкаводзец, першы консул Франц. Рэспублікі [1799—1804] імператар французаў [1804—14, 1815]. Скончыў Брыенскае ваен. вучылішча (1784), вучыўся ў Парыжскай ваен. школе (1784—85). З 1785 у арміі, афіцэр артылерыі. Падтрымаў Французскую рэвалюцыю 1789—99. За ўмела арганізаванае ўзяцце (снеж. 1793) захопленага мяцежнікамі і англічанамі г. Тулон атрымаў чын брыгаднага генерала. Па даручэнні Канвента 5.10.1795 задушыў раялісцкі мяцеж у Парыжы, за што прызначаны галоўнакамандуючым Унутр. арміяй. З сак. 1796 галоўнакамандуючы «Італьян. арміяй». Італьянскі паход Банапарта 1796—97 прынёс яму славу лепшага палкаводца Рэспублікі і таленавітага дыпламата. У 1798—99 узначальваў Егіпецкую экспедыцыю 1798—1801. 9—10.11.1799 здзейсніў дзярж. пераварот, які ўсталяваў у Францыі рэжым консульства. У 1802 абвешчаны пажыццёвым консулам, у 1804 — імператарам. З мэтай умацавання новай бурж. манархіі Н.I стварыў імперскае дваранства і пышны імператарскі двор. Ва ўнутр. палітыцы кіраваўся інтарэсамі буржуазіі і заможнага сялянства. У 1804, 1808 і 1810 пры ўдзеле Н.I распрацаваны і выдадзены Грамадз., Камерцыйны і Крымін. кодэксы — т.зв. «Кодэксы Напалеона», што рэгулявалі грамадскія адносіны, ахоўвалі непарушнасць прыватнай маёмасці, стваралі ўмовы для развіцця свабоднай канкурэнцыі і прам-сці. У ходзе напалеонаўскіх войнаў значна пашырыў сваю імперыю. Але не здолеў перамагчы свайго гал. праціўніка — Вялікабрытанію, з якой Францыя знаходзілася ў стане вайны з 1793 (за выключэннем 1802—03). Спробы Н.I ізаляваць Вялікабрытанію шляхам кантынентальнай блакады не мелі поспеху. 24.6.1812 Н.І пачаў вайну супраць Рас. імперыі (гл.Вайна 1812). У шэрагу аперацый на тэр. Беларусі (гл., напр., Бярэзінская аперацыя 1812) асабіста кіраваў войскамі і ўдзельнічаў у баявых дзеяннях. Каб заручыцца падтрымкай магнатаў і шляхты Літвы і Беларусі і для кіравання акупіраванымі тэрыторыямі, зацвердзіў Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага. Ухіліўся ад пацвярджэння акта Генеральнай канфедэрацыі 1812 аб аднаўленні Польскага каралеўства як унітарнай дзяржавы, хоць не пагадзіўся і на стварэнне асобнай Літ. канфедэрацыі. У выніку вайны 1812 яго «Вялікая армія» была разгромлена, што выклікала ўздым антыфранц. руху ў залежных ад Н.I краінах. Пасля паражэнняў у кампаніі 1813—14 і заняцця ў сак. 1814 войскамі антыфранц. кааліцыі Парыжа адрокся ад трона (6.4.1814). Саюзнікі-пераможцы захавалі за Н.I тытул імператара і аддалі яму ва ўладанне в-аў Эльбу. Выкарыстаўшы незадаволенасць французаў рэстаўрацыяй улады Бурбонаў, Н.І высадзіўся 1.3.1815 на Пд Францыі і да 20.3.1815 аднавіў сваю ўладу (гл.«Сто дзён»). Пасля паражэння пры Ватэрлоо 18.6.1815 зноў адрокся ал трона (22.6.1815). Арыштаваны англічанамі, сасланы на в-аўСв. Алены, дзе і памёр.
Літ.:
Манфред А.З. Наполеон Бонапарт. 5 изд. М., 1989;
Тарле Е.В. Наполеон. Мн., 1992;
Яго ж. Нашествие Наполеона на Россию, 1812 г.М., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НДСКАЯ ДЭСА́НТНАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944 (кодавая назва «Нептун»),
высадка экспедыцыйных сіл ЗША і Вялікабрытаніі пры ўдзеле кан., франц., чэхаславацкіх і польскіх войск з Брытанскіх а-воў цераз Ла-Манш на ўзбярэжжа Нармандыі (Паўн.-Зах. Францыя) і захоп імі стратэг. плацдарма на тэр.ням.-фаш. войск 6.6—24.7.1944; састаўная частка аперацыі «Оверлорд» у 2-ю сусв. вайну. Саюзнікі (галоўнакаманд. ген. Д.Д.Эйзенхаўэр) сканцэнтравалі 39 дыв., 12 асобных брыгад, 10 атрадаў камандас і рэйнджэраў (англ. і амер. дэсантна-дыверсійныя часці), буйныя сілы авіяцыі і флоту (усяго 2 млн. 876 тыс.чал., 6 тыс. танкаў і самаходна-артыл. установак, 15 тыс. гармат і мінамётаў, каля 11 тыс. баявых самалётаў, каля 7 тыс. баявых, трансп. і дэсантных караблёў). Сухапутныя войскі былі аб’яднаны ў 21-ю групу армій (каманд.ген. Б.Л.Мантгомеры) у складзе 1-й амер., 2-й англ., 1-й кан. армій (32 дыв. і 12 асобных брыгад). Узбярэжжа Паўн.-Зах. Францыі, Бельгіі і Галандыі абараняла група герм. армій «Б» (ген.-фельдмаршал Э.Ромель) — 38 дыв. (на ўчастку высадкі дзейнічалі 3 дыв.) пры падтрымцы 470 баявых караблёў розных класаў, 42 артыл. баржаў і 49 падводных лодак. Саюзнікам удалося забяспечыць нечаканасць, захаваць тайну месца і тэрміну высадкі войск. З канца крас. 1944 яны наносілі масіраваныя паветр. ўдары па аэрадромах, чыг. вузлах і пунктах кіравання немцаў. У ноч на 6.6.1944 пры падтрымцы авіяцыі ў штармавое надвор’е былі захоплены 2 плацдармы: на Пн ад Карантана — 2 амер. і на ПнЗ ад Кана — 1 англ.паветр.-дэсантнымі дывізіямі. Пры падтрымцы карабельнай артылерыі і авіяцыі саюзнікі ў першы дзень занялі некалькі плацдармаў. Да 5 ліп. ў Нармандыі ўжо было 1 млн. саюзных вайскоўцаў. Сярод амер. дэсантнікаў, што першымі высадзіліся на ўзбярэжжы Нармандыі, былі бел. эмігранты, у т. л. І.Радзюковіч (бацькі паходзілі з Міншчыны). Вял. перавага саюзнікаў над праціўнікам у сілах і сродках, інш. фактары не дазволілі ням. камандаванню паспяхова абараняцца (войскі ўступалі ў бой разрознена, неслі значныя страты). Адной з прычын слабасці вермахта на З з’явілася наступленне Сав. войск на Беларусі (гл.Беларуская аперацыя 1944). Да 25 ліп. саюзнікі стварылі стратэг. плацдарм на рубяжы на Пд ад Кана, Камона, Сен-Ло, дзе сканцэнтраваліся 3 арміі (23 пяхотныя, 8 бранятанк., 1 паветр.-дэсантная дыв.). Ім процістаялі 7-я герм. армія і танк. група «Захад» (24 дыв., з іх 9 танк.). Н.д.а. — буйнейшая марская дэсантная аперацыя ў 2-ю сусв. вайну, якая паклала пач. адкрыццю другога фронту. Саюзнікі страцілі 122 тыс.чал., ням. бок — 117 тыс. чал.
Літ.:
Гл. пры арт.Другі фронт.
Да арт.Нармандская дэсантная аперацыя 1944. Штурмавыя часці саюзнікаў на ўзбярэжжы Нармандыі. Ліпень 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́МНЫЯ ВО́ДЫ,
воды ў тоўшчы горных парод верхняй часткі зямной кары ў вадкім, цвёрдым і парападобным стане; частка водных рэсурсаў, карысныя выкапні. Фарміруюцца пры інфільтрацыі з зямной паверхні дажджавых, расталых, рачных, азёрных і марскіх вод, кандэнсацыі вадзяной пары ў порах або шчылінах парод, пры асадкаўтварэнні або крышталізацыі магмы. П.в., якія перамяшчаюцца пад уплывам сілы цяжару, наз. гравітацыйнымі або свабоднымі, у адрозненне ад звязаных вод, што ўтрымліваюцца малекулярнымі і інш. сіламі на часцінках горных парод. Слаі горных парод, насычаныя гравітацыйнымі водамі, утвараюць ваданосныя гарызонты. У першым ад паверхні зямлі безнапорным ваданосным гарызонце залягаюць грунтавыя воды. Непасрэдна над іх свабоднай паверхняй знаходзяцца капілярныя воды. Зона ад паверхні зямлі да люстэрка грунтавых вод, дзе адбываецца прасочванне вады з паверхні, наз. зонай аэрацыі. У зоне аэрацыі над нявытрыманымі слабапранікальнымі праслойкамі ўтвараецца верхаводка. Ніжэй за грунтавыя воды паміж слабапранікальнымі пародамі залягаюць пластавыя воды, якія знаходзяцца пад гідрастатычным ціскам (гл.Артэзіянскія воды), радзей, на асобных участках безнапорныя. Паводле ступені мінералізацыі П.в. падзяляюцца на прэсныя (да 1 г/л), саланаватыя (ад 1 да 10 г/л), салёныя (ад 10 да 35 г/л) і расолы (больш за 35 г/л). У вертыкальным разрэзе прэсныя гідракарбанатна-кальцыевыя воды змяняюцца мінералізаванымі сульфатна-натрыевымі або сульфатна-кальцыевымі, у глыбокіх гарызонтах — высокамінералізаванымі хларыдна-натрыевымі і хларыдна-кальцыевымі, а на вял. глыбіні са значнай колькасцю брому, ёду і інш. мікраэлементаў. П.в. з павышанай канцэнтрацыяй біялагічна актыўных кампанентаў (часам арган. рэчываў) і спецыфічнымі фіз.-хім. ўласцівасцямі (хім. састаў, т-ра, радыеактыўнасць і інш.) наз.мінеральнымі водамі. П.в. шырока выкарыстоўваюцца для розных мэт, з’яўляюцца крыніцай якаснай пітной вады. Агульныя запасы П.в. сушы складаюць 60 млн.км³, але пашыраны яны нераўнамерна. Парадак карыстання П.в. і іх ахова рэгулююцца водным заканадаўствам. Даследуе П.в. гідрагеалогія.
На тэр. Беларусі прэсныя П.в. прымеркаваны да верхняй ч. літасферы (да глыб. 150—450 м). Натуральныя рэсурсы П.в. складаюць 43,5 млн.м³, эксплуатацыйныя каля 50 млн.м³/сут, у т. л. зацверджаныя 6,4 млн.м³/сут (1997). Хім, састаў іх на большай ч.тэр. блізкі да фонавага. Вызначанае пагаршэнне якасці П.в. звязана з гасп. дзейнасцю. Гал. крыніцы забруджвання: населеныя пункты, жывёлагадоўчыя фермы, неэфектыўныя ачышчальныя збудаванні і інш. Назіранні за рэжымам П.в. вядуцца на 216 пастах, іх вынікі аналізуюцца і сістэматызуюцца ў водным кадастры.
Літ.:
Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 1996 г.). Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІТЫВІ́ЗМ (франц. positivisme ад лац. positivus станоўчы),
філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога прызнаюць адзінай крыніцай «станоўчых» (пазітыўных) ведаў спец. навукі, што абапіраюцца на эмпірычны вопыт. Узнік у 1830—40-я г. ў Францыі ў рэчышчы агульнай традыцыі эмпірызму. Заснавальнік А.Конт. Гіст. папярэднікамі П. з’яўляюцца Ж.Д’Аламбер, А.Сен-Сімон, А.Р.Ж.Цюрго, Д.Юм. Адрозніваюць 3 этапы станаўлення і развіцця П. 1-ы этап — класічны. Яго гал. прадстаўнікі — Конт, Э.Літрэ, Ж.Э.Рэнан, І.Тэн (Францыя), Дж.Міль, Г.Спенсер, К.Пірсан (Вялікабрытанія), П.Л.Лаўроў, У.В.Лясевіч, М.К.Міхайлоўскі, М.М.Троіцкі (Расія) і інш. Яны зыходзілі з таго, што пазітыўныя веды ў адрозненне ад абстрактна-метафіз. тлумачэнняў павінны быць рэальнымі, дакладнымі, тэарэтычна ажыццявімымі і карыснымі, а асн. задача любой навукі і пазнання ў цэлым заключаецца ў вызначэнні пастаянных і ўстойлівых сувязей паміж з’явамі, а не ў высвятленні іх прычын; 2-і этап — махізм, або эмпірыякрытыцызм. Яго тэарэтыкі Р.Авенарыус, Э.Мах і іх прыхільнікі фармулявалі задачу філасофіі як стварэнне спец. тэорыі навук.пазнання, а не як пабудову сінтэтычнай сістэмы, якая аб’ядноўвае вывады ўсіх навук; 3-і этап — неапазітывізм, які ў адрозненне ад махісцкага біялагізму і псіхалагізму ў вытлумачэнні пазнання зрабіў прадметам свайго аналізу розныя формы мовы, дзе выражаюцца вынікі звычайнага або канкрэтна-навук. мыслення (гл.Аналітычная філасофія). Прадстаўнікі лагічнага пазітывізму ў якасці ідэальнага сродку аналіт.філас. дзейнасці выкарыстоўвалі апарат матэматычнай логікі. Да агульнай платформы П. далучаліся Л.С.Стэбінг, Дж.Уісдам (Вялікабрытанія), К.Г.Гемпель, Г.Шольц (Германія), Э.Нагель, Ч.Морыс, П.У.Брыджмен (ЗША), К.Айдукевіч (Польшча) і інш. На змену неапазітывізму прыйшло мноства метадалагічных канцэпцый філасофіі, аб’яднаных назвай «постпазітывізм», якія аддаюць асн. ўвагу рацыянальным метадам пазнання і на першы план вылучаюць вырашэнне праблемы росту ведаў, а не пошук тэорыі. Філас. сістэма П. паўплывала на метадалогію прыродазнаўчых і грамадскіх навук, асабліва 2-й пал. 19 ст. Пашырэнне агульных прынцыпаў эмпірычнага прыродазнаўства на ўсе астатнія навукі, стварэнне «сацыяльнай фізікі» і пазітыўнай сац. тэорыі стала адной з тэарэт. асноў пабудовы новага грамадства, якое вырастае з саюзу навукі і прам-сці. Паводле П., сацыялізацыя і самарэалізацыя індывідаў — гэта найперш стварэнне грамадскай структуры сувязей, у якія яны ўключаюцца і якой павінны падпарадкоўвацца. Пазітывісцкая трактоўка сацыяльнасці як адцягненай ад чалавечых прынцыпаў формы, арганістычная аналогія паміж грамадствам, прыродай і чалавечым арганізмам характэрная і для інш.філас. кірункаў (напр., экзістэнцыялізму), механістычных, геагр., расава-антрапалагічных навук. школ.
Літ.:
Трошкина В.П. Социологическая концепция Огюста Конта. М., 1984;
Современная философия науки: Хрестоматия. М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАМЕ́ННЫ ТОК,
электрычны ток, які перыядычна зменьваецца па значэнні і напрамку. Характарызуецца перыядам T (прамежак часу паміж двума аднолькавымі імгненнымі значэннямі току, вымяраецца ў секундах) і частатой f (велічыня адваротная перыяду:
, вымяраецца ў герцах). У еўрап. краінах і СНД прынята стандартная частата 50 Гц, у ЗША — 60 Гц. У спец.прамысл. устаноўках ужываюцца частоты да 50 МГц, у радыётэхніцы да дзесяткаў тыс.МГц. П.т. найб. прыдатны для атрымання электраэнергіі (на электрастанцыях), яе перадачы і размеркавання (з дапамогай ліній электраперадачы, падстанцый, размеркавальных электрычных сетак), што абумоўлена зручнасцю і эканамічнасцю пераўтварэння П.т., прастатой і надзейнасцю пераменнага току машын. Найб. пашыраная сістэма П.т. — трохфазны ланцуг.
Сінусаідальны П.т. i (імгненнае значэнне) з амплітудай Im, кругавой частатой ω = 2πf і пачатковай фазай φi мяняецца паводле закону: i = Imsin(ωt + φi). Дзейнае (эфектыўнае) значэнне П.т.
. У ланцугу толькі з актыўным электрычным супраціўленнем ток супадае па фазе з напружаннем электрычным, а яго дзейнае значэнне
У ланцугу з індуктыўнасцю L змена току выклікае эрс самаіндукцыі, якая стварае дадатковае індуктыўнае супраціўленне XL = ωL. У выніку ток па фазе адстае на чвэрць перыяду ад напружання. У ланцугу з электраёмістасцю дзеянне пераменнага напружання перыядычна мяняе зарады на абкладках кандэнсатара. У выніку ўзнікае ток, дзейнае значэнне якога
, дзе
— ёмістаснае супраціўленне. Ёмістасны ток па фазе апераджае напружанне на чвэрць перыяду. Магутнасць электрычная П.т. складаецца з актыўнай магутнасці і рэактыўнай магутнасці. У агульным выпадку паміж токам і напружаннем існуе зрух фаз
. Косінус гэтага вугла наз.магутнасці каэфіцыентам і вызначаецца адносінамі актыўнай P і поўнай S магутнасцей:
. Аналіз і разлік П.т. робіцца з дапамогай вектарных дыяграм, сімвалічнага метаду (геам. аперацыі з вектарамі замяняюцца алгебраічнымі, для разліку ланцугоў П.т. выкарыстоўваюцца метады і законы ланцугоў пастаяннага току), чатырохполюсніка і інш. Разлік несінусаідальнага П.т. ажыццяўляецца метадамі гарманічнага аналізу і спектральнага аналізу.
Літ.:
Бессонов Л.А. Теоретические основы электротехники. 6 изд. М., 1973;
Нейман Л.Р., Калантаров П.Л. Теоретические основы электротехники. Ч. 2. 5 изд. М.; Л., 1959;
Теоретические основы электротехники. Ч. 2. 3 изд. М., 1970;
Касаткин АС. Электротехника. 3 изд. М., 1974.
У.М.Сацута.
Схема, графікі напружання u і току i у ланцугу пераменнага току: 1 — з актыўным супраціўленнем R. 2 — з індуктыўнасцю L; 3 — з ёмістасцю C; T — перыяд.Графікі напружання u і току i у ланцугу пераменнага току: α, β — пачатковыя фазы току і напружання; φ — зрух фаз; Im, Um — амплітуды току і напружання; ω — вуглавая частата; t — час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБУ́ГСКАЯ РАЎНІ́НА.
На ПдЗ Беларусі, на ПнЗ Брэсцкай і Пд Гродзенскай абласцей, фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі. Мяжуе з Ваўкавыскім узв. на Пн, Слонімскім узв. і Баранавіцкай раўнінай на ПнУ і У, Загароддзем на ПдУ, Брэсцкім Палессем на Пд; на З заходзіць на тэр. Польшчы (Бельская раўніна). Паводле В.А.Дзяменцьева П.р. падзяляецца на Нараўска-Ясельдзінскую і Камянецкую раўніны, паводле іншых даследчыкаў — на Высокаўскую, Пружанскую, Косаўскую раўніны. Пераважныя выш. 175—200 м. Пл. 5,7 тыс.км². Праз паўн.ч. раўніны праходзіць Балтыйска-Чарнаморскі водападзел.
У тэктанічных адносінах П.р. прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны і Палескай седлавіны. Платформавы чахол складзены з парод позняга пратэразою, ардовіку, сілуру; пашыраны адклады юрскай, мелавой, палеагенавай і неагенавай сістэм. Антрапагенавыя адклады (магутнасць 60—80 м, у ледавіковых лагчынах да 160 м) залягаюць на подсцільнай паверхні, расчлянёнай ледавіковымі лагчынамі. У днішчы найб. глыбокай Нараўскай лагчыны даантрапагенавыя пароды ляжаць на глыб. 80 м ніжэй узр. м. У такіх лагчынах захаваліся адклады ніжняга і сярэдняга антрапагену, у т. л. і стараж. нараўская марэна. На П.р. найб. пашыраны адклады дняпроўскага і сожскага зледзяненняў, у паніжэннях значныя тоўшчы паазерскага гарызонту, таксама галацэнавыя алювіяльныя, балотныя, схілавыя і інш. адклады.
Паверхня раўнінная, пласкахвалістая, ускладнена краявымі ледавіковымі ўтварэннямі (грады, увалы) выш. да 10 м. Для паўн.ч. характэрны рэльеф водналедавіковых раўнін, на Пд пашыраны далінныя зандры. Даліны буйных рэк тэрасаваныя, уключаюць пойму, 1-ю і 2-ю надпоймавыя тэрасы. У паўн.-зах. напрамку раўніну перасякае шырокая (да 10 км) лагчына сцёку талых ледавіковых вод (глыбіня ўрэзу да 3—5 м). Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, торф. Сярэдняя т-растудз. -5,1 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 572 мм за год. Найб.р. Буг з прытокамі Лясная (утвараецца ад зліцця Правай Лясной і Левай Лясной) і Пульва, Белая (прыток Правай Лясной), Нараў з Нараўкай, Ясельда і канал Вінец. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы рознай ступені ападзоленасці ў спалучэнні з дзярнова-падзолістымі забалочанымі. У катлавінах і лагчынах развіты пераважна тарфянабалотныя і дзярнова-глеевыя, па далінах рэк поймавыя дзярновыя забалочаныя глебы. Лясістасць П.р. невысокая (9,7%), за выключэннем паўн. ускраіны, дзе знаходзіцца б.ч. ляснога масіву Белавежская пушча. Захаваліся пераважна хваёвыя лясы, яловыя мяшаныя з дубам, дубровы з дамешкам хвоі, елкі і ясеню. Пашыраны другасныя бародаўчатабярозавыя лясы. У слабасцёкавых паніжэннях чорнаальховыя і пушыстабярозавыя лясы. Пераважаюць нізінныя балоты, часткова асушаныя. Па далінах рэк заліўныя лугі. Пад ворывам ад 50% на Пд да 25% на Пн, пад сенажацямі і пашай — 10—15%. На тэр. раўніны нац. парк Белавежская пушча, гідралаг. заказнік Дзікае.
У.Я.Навуменка.
Прыбугская раўніна каля в. Пелішча Камянецкага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦАРСКІ РАМА́Н,
жанр сярэдневяковай свецкай рыцарскай л-ры. Узнік у рамана-германскім культ. рэгіёне, на ПнЗ Францыі і частцы тэр. Англіі, дзе спалучыліся раманскія, герм. і кельцкія ўплывы Вытокі Р.р. — сярэдневяковыя паданні кельтаў, германцаў, народаў з Усходу, гіст. хронікі (лац. «Гісторыя каралёў Брытаніі» Гальфрыда Монмаўцкага, 12 ст.), з ант. л-ры (паданні пра Аляксандра Македонскага, авантурны раман «Метамарфозы» Авідзія). Пашырыўся ў 12—14 ст. (час росквіту рыцарства). Эвалюцыя жанру звязана з адыходам ад крыніц і развіццём апавяд. форм (з 13 ст. з’яўляюцца празаічныя апрацоўкі), у якіх адлюстроўваецца новы гіст.-культ. кантэкст. У цэнтры традыц. Р.р. — апісанне подзвігаў героя, якія здзяйсняюцца дзеля ўласнай славы і кахання да Панны. Кодэкс рыцарскай дабрачыннасці склалі гераічны (ваен. майстэрства, мастацтва бою) і эстэт. (свецкае, прыдворнае выхаванне) ідэалы. Рыцарскае каханне ідэалізаванае. Індывідуалізуюцца пачуццёвы свет, мова герояў. У сюжэце пераважаюць фантаст. матывы як казачнага, так і незвычайнага, пазабудзённага зместу, экзатычныя апісанні, партрэтныя характарыстыкі, наяўнасць дыялогаў і маналогаў. Вылучаюць сюжэты Р.р.: ант. («Александрыя», «Раман пра Энея», «Троя»), брэтонскі ці артураўскі (раманы пра рыцараў «Круглага стала», пра Трыстана і Ізольду — версіі Тама, Беруля, Марыі Французскай, Готфрыда Страсбургскага, раманы Крэцьена дэ Труа, Вольфрама фон Эшэнбаха, раман Т.Мэлары «Смерць Артура», 15 ст.), візант. («Флуар і Бланшэфлёр», «Акасен і Нікалет»). Тыпалагічныя паралелі Р.р.: прыдворная аповесць (яп. «Гэндзі-Манагатары»), рыцарская паэма (Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры», перс. і тадж. паэта 11 ст. Гургані «Віс і Рамін»). Пародыяй на стылізаваныя перапрацоўкі Р.р., якія былі пашыраны ў ісп. л-ры Адраджэння, стаў «Дон Кіхот» М.Сервантэса. На Беларусі першыя пераклады Р.р. з’явіліся ў 15 ст. — «Александрыя» (сербская рэд.). У 16 ст. перакладзены на бел. мову лац. рэдакцыя гэтага твора, а таксама з польскай крыніцы раман пра Траянскую вайну італьян. пісьменніка 13 ст. Гвіда дэ Калоны (Калумны) «Гісторыя разбурэння Троі». У бел. спісе прыблізна 1580 захавалася бел. рэдакцыя Р.р. — «Аповесць пра Трышчана», у якой вял. пачуццё, сапраўднае каханне перамагае нормы і ўмоўнасці феад. саслоўнай маралі, што часткова выводзіць гэты твор за жорсткія рамкі куртуазнай дактрыны. Багатырскую казку нагадвае «Аповесць пра Баву». Адзін з апошніх бел. перакладных твораў, блізкіх да Р.р., — «Гісторыя пра Апалона Тырскага». Творы Р.р. бытавалі на Беларусі пераважна ў асяроддзі шляхты. Р.р. садзейнічаў секулярызацыі бел. л-ры, развіццю маст. вымыслу, белетрызацыі гіст. прозы, а таксама служыў задавальненню павялічанага чытацкага попыту бел. грамадства таго часу на творы свецкага зместу.
Літ.:
Мелетинский Е.М. Введение в историческую поэтику эпоса и романа. М., 1986;
История всемирной литературы. Т. 2. М., 1984;
Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд. 4 выд.Мн., 1998;
Адамовіч Г.Я. З крыніц сусветнай літаратуры Мн., 1998.