АДАМО́ВІЧ (Язэп Аляксандравіч) (7.1.1897, г. Барысаў — 22.4.1937),
дзярж. дзеяч БССР. З сак. 1918 у Смаленску ў штабе Чырв. гвардыі, удзельнік задушэння стракапытаўскага мяцяжу. З вер. 1918 ваен. камісар Магілёўскага і Лепельскага ваен. Саветаў. З вер. 1920 нар. камісар па ваен. справах БССР, адначасова з 1921 нар. камісар унутр. спраў і нам. старшыні ЦВК і СНКБССР. Удзельнічаў у падрыхтоўчай рабоце па ўтварэнні СССР. У 1924 у складзе Часовага Бел. Бюро ЦК РКП(б) па ўзбуйненні тэр. Беларусі. У 1924—27 старшыня СНКБССР, у 1924—25 чл.РВССССР. З 1927 чл. Прэзідыума ВСНГСССР і старшыня праўлення Цукратрэста СССР, з 1932 на Д. Усходзе. Чл.ЦБ у 1920—22, ЦК і Бюро ЦККП(б)Б у 1924, чл.ЦВКБССР у 1920—27 і СССР у 1924—29. Ва ўмовах масавых рэпрэсій скончыў жыццё самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУХО́ВІЧ (Піліп Казімір) (? — 6.9.1656),
дзярж. і ваенны дзеяч ВКЛ, дыпламат, пісьменнік. З роду Абуховічаў, паходжаннем з мазырскай шляхты, якая асела на Навагрудчыне. Скончыў Замойскую акадэмію (цяпер Люблінскае ваяв., Польшча). З 1649 пісар ВКЛ. Пасол у Венецыі і Маскве (1651). Ваявода віцебскі, смаленскі (1653). У 1654 узначальваў абарону Смаленска і пасля доўгай аблогі здаў горад рус. войскам. За гэта быў абвінавачаны ў здрадзе, але на сойме 1658 апраўданы. Яму адрасаваны «Ліст да Абуховіча». Аўтар вершаў на лац. мове. У 1617 у Замосці апубл. прамовы на лац. і грэчаскай мовах у гонар П.Замойскага. У «Дыярыушы» апісаў падзеі 1630—54: грамадска-паліт. жыццё Рэчы Паспалітай, у т. л. Беларусі, ваен. падзеі ў час антыфеад. вайны ўкр. і бел. народаў 1648—54, міжнар. адносіны ва Усх. Еўропе сярэдзіны 17 ст. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЕ́РЦІ ((Alberti) Рафаэль) (н. 16.12.1902, в. Пуэрта-дэ-Санта-Марыя, правінцыя Кадыс, Іспанія),
іспанскі паэт. Напачатку пісаў у традыцыях андалузскай нар. паэзіі (зб-кі «Марак на сушы», 1925; «Мацыёла зары», 1927). Зб. «Пра анёлаў» (1929) — самая драм. кніга ісп. паэзіі. Антыфаш. тэма ў зб-ках «Паэт на вуліцы» (1936), «Сталіца славы» (1938), «Строфы Хуана Панадэра» (1949). Пасля паражэння Ісп. рэвалюцыі 1931—39 эмігрыраваў (Аргенціна, Італія); у канцы 1975 вярнуўся на радзіму. Аўтар зб-каў «Паміж гваздзіком і шпагай» (1941), «Жывапіс» (1948), «Балады і песні ракі Парана» (1954), «Белыя вершы на кожны дзень» (1982), п’ес «Фермін Галан» (1931), «Ноч вайны ў музеі Прада» (1956), кн. ўспамінаў «Згублены гай» (1959). Прэмія М.Сервантэса 1983. На бел. мову вершы Альберці перакладалі М.Багун, В.Вольскі, Т.Кляшторны, М.Танк і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬШЭ́ЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік беларуска-літоўскага летапісання 16 ст.; спіс пашыранай рэдакцыі «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», перакладзены на польскую мову, аналагічны тэксту Кракаўскага (на польскай мове) і Румянцаўскага спісаў (гл.Румянцаўскі летапіс). У 19 ст. захоўваўся ў б-цы А.Хамінскага ў маёнтку Альшэва (ад яго і назва) каля Нарачы (Мядзельскі р-н). Датуецца 1550.
У Альшэўскім летапісе пададзена гісторыя ВКЛ ад легендарнага кн. Палемона да сярэдзіны 15 ст.Найб. падрабязна асветлены перыяд княжання Вітаўта, выкладзены паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». У канцы летапісу змешчана «хронічка» — збор кароткіх датаваных звестак за 1307—1535. Альшэўскі летапіс — самы ранні пераклад на польскую мову бел.-літ. летапісу. Зберагаецца ў Нац. б-цы ў Варшаве. Апубл. С.Пташыцкім асобным выданнем (Вільня, 1907) і ў Поўным зборы рус. летапісаў (т. 17, 1907), перавыдадзены М.М.Улашчыкам тамсама (т. 35, 1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУЗДО́ВІЧ (Францішак) (1861, в. Бродніца, Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл. — 1912),
жывапісец. Вучыўся ў Варшаве (1880—83), у Кракаўскай школе мастацтваў у Я.Матэйкі (1883—87). Працаваў у галіне манум.-дэкар. і станковага жывапісу. Зазнаў моцны ўплыў бел.нар. творчасці. У 1898 удзельнічаў у размалёўцы касцёла ў Кельцах (Польшча). Пераможца конкурсу на праект размалёўкі кафедральнага сабора ў Полацку (1900). Выканаў шэраг насценных размалёвак у касцёлах Нясвіжа і в. Цімкавічы (Капыльскі р-н, 1906—08), Мінска (1911), у якіх выкарыстоўваў нар. матывы ўзорыстага ткацтва, вышыўкі, маст. размалёўкі сял. мэблі. Сярод інш. работ: 7 сюжэтных кампазіцый на біблейскія тэмы (касцёл св. Міхала ў Цімкавічах, не захаваўся), «Касцёл у Карнкове», «Копія партрэта мужчыны» (1883), «Інтэр’ер вясковага касцёла» (усе ў Нац. музеі ў Варшаве). Удзельнік маст. выставак у Мінску (1898, 1911), Львове, Варшаве, Кракаве, Дзюсельдорфе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУНО́Ў (Мікалай Іванавіч) (25.9.1898, Масква — 25.11.1971),
рускі гісторык архітэктуры. Д-р мастацтвазнаўства (1943). Чл.-кар. Акадэміі архітэктуры СССР (1941—56), правадз.чл. Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1957—64). Скончыў Маскоўскі ун-т (1920). З 1934 праф. Маскоўскага арх. ін-та. Даследаваў стараж.-рус. і зарубежную (пераважна візант. і франц.) архітэктуру. Адзін з першых даследчыкаў бел. архітэктуры. У арт. «Беларуская архітэктура XI—XII ст.» (у кн. «Зборнік артыкулаў», Мн., 1928) выказаў меркаванне, што ў Полацку і Смаленску ў 12 ст. склалася арыгінальная творчая манера дойлідства, якая ўплывала на архітэктуру Смаленска і Ноўгарада.
Тв.:
Очерки по истории архитектуры. Т. 1—2. М.; Л., 1935—37;
Дворцы Франции XVII и XVIII вв. М., 1938;
Мастера древнерусского зодчества. М., 1953;
Архитектура Византии // Всеобщая история архитектуры. Л.;
М., 1966. Т. 3;
Памятники Афинского Акрополя: Парфенон и Эрехтейон. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́БНАЎ (Генадзь Фёдаравіч) (н. 9.5.1945, в. Цяляткава Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
рускі паэт, перакладчык, крытык, публіцыст. Скончыў Магілёўскі Маскоўскі ун-т (1972). Працаваў на Бел. радыё. З 1975 у час. «Неман» (з 1984 нам.гал. рэдактара). Друкуецца з 1965. Побыт вёскі, унутр. свет вяскоўца, яго думкі і імкненні, роздум над жыццём, узаемадачыненнямі чалавека і прыроды, грамадства, гісторыі — гал. тэмы паэт. зб-каў «Сувязная нітка» (1975), «Жытнёвы поўдзень» (1978), «Вяшчун-камень» (1987). Лірыка-філас. паэма-фантазія «Вяшчун-камень» перадае пачуцці любові аўтара да роднай зямлі, яднання з мінулым і сучаснасцю. Аўтар эсэ, крытычных і публіцыстычных артыкулаў. Пераклаў на рус. мову раманы «Янка Купала» (1982) і «Францыск Скарына» (1989) А.Лойкі, «Першую кнігу» (1984) І.Мележа, паасобныя творы Я.Купалы, Р.Барадуліна, А.Вялюгіна, В.Зуёнка, К.Камейшы, Ю.Свіркі, І.Шамякіна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛАХО́ЎСКІ (Леанід Арсенавіч) (26.4.1888, г. Харкаў, Украіна — 4.4.1961),
украінскі мовазнавец. Акад.АН Украіны (1939), чл.-кар.АНСССР (1946). Засл. дз. нав. Украіны (1941). Скончыў Харкаўскі ун-т (1910). Праф. Пермскага (з 1917), Харкаўскага (з 1921) і Маскоўскага (1943—44) ун-таў. У 1944—61 дырэктар Ін-та мовазнаўства АН Украіны. Даследаванні ў галіне агульнага, параўнальна-гіст., слав., укр. і рус. мовазнаўства. Шматлікія працы Булахоўскага прысвечаны малавывучаным пытанням і гісторыі індаеўрап. моў, узаемаадносінам балт. і слав. моў, слав., у т. л.бел., акцэнталогіі. Аўтар даследаванняў «З гістарычных каментарыяў да ўкраінскай мовы» (1946—52), «Пытанні паходжання ўкраінскай мовы» (1956) і інш.
Тв.:
Избр. труды. Т. 1—5. Киев, 1975—83.
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Мн., 1977. Т. 2. С. 61—78;
Л.А. Булаховский и современное языкознание: К 100-летию со дня рождения: Сб. науч. тр. Киев, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАВА АБАРО́НА 1707.
Адбывалася ў час Паўночнай вайны 1700—21 супраць рас. войскаў. Пасля ўзяцця Старога Быхава казакамі і войскамі ВКЛ у кастр. 1702 (гл.Быхава аблога 1702) ген. артылерыі К.Сяніцкі (Сініцкі-Бонч) фактычна стаў адзіным правіцелем Быхаўшчыны. Пасля прыбыцця ў Быхаў войскаў яго брата — падстолія ВКЛ, палкоўнікаў Ліндорфа і Берлінкурта Сяніцкі ўзняў мяцеж супраць Аўгуста II. Пра сваё выступленне Сяніцкія паведамілі прыхільнікам Сапегаў і шведскаму каралю Карлу XII і прасілі яго прыйсці на Бел. Падняпроўе. У адказ Пётр I накіраваў некалькі дзесяткаў рас. палкоў. Некалькі дзён кругласутачна вялася бамбардзіроўка Быхава. Вял. разбурэнні, пажары і адсутнасць дапамогі ад Сапегаў і Карла XII вымусілі Сяніцкіх пайсці на перагаворы аб капітуляцыі. Пасля здачы горада і замка Сяніцкіх вывезлі ў ссылку, артылерыя Быхава адпраўлена ў Кіеў. Рас. гарнізон стаяў у Быхаве больш за 7 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯГО́МЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,
баі бел. партызан па вызваленні ад ням.-фаш. захопнікаў тэр. Бягомльскага р-на ў ліст. — снеж. 1942 у Вял.Айч. вайну. Аперацыю праводзілі партыз. брыгады «Жалязняк» (вяла асн. баявыя дзеянні), «Дзядзькі Колі», асобныя атрады з брыгад Чашніцкай «Дубава», імя Даватара, «За Савецкую Беларусь» пад агульным кіраўніцтвам ваен. аператыўнага цэнтра Барысаўскай зоны. Каб паралізаваць рух праціўніка, партызаны разгарнулі баі на далёкіх камунікацыях на шляхах да Бягомля з Лепеля, Барысава, Докшыц, Мінска і інш.чыг. станцый і баз забеспячэння ворага, у выніку выбілі праціўніка з некалькіх апорных пунктаў, спалілі ўсе масты і пераправы, перакрылі шашэйныя дарогі на Плешчаніцы і Барысаў. 5—14 снеж. партызаны двайным рэйдам знішчылі вакол Бягомля невял. гарнізоны, масты, лініі сувязі. Да 20 снеж. раён быў вызвалены, утварылася Барысаўска-Бягомльская партыз. зона. У гонар Бягомльскай аперацыі ў Бягомлі помнік.