АЛЬКО́Ў (франц. alcôve),

паглыбленне або ніша ў сцяне інтэр’ера для ложка ці спальнае памяшканне без вокнаў. Узнік у архітэктуры араб. краін. Пашыраны ў палацавым дойлідстве Іспаніі, з сярэдзіны 17 ст. ў інш. еўрап. краінах, у т. л. на Беларусі.

Алькоў палаца ў в. Нябораў (Польшча).

т. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІРДАЎЛА́Т (Амаснацы) (1420 або 1425 — 1496),

армянскі ўрач. Аўтар працы «Карысць медыцыны» (1469) пра анатамічныя, фізіялагічныя, гігіенічныя веды; таксама даецца апісанне хвароб, якія былі вядомы сярэдневяковай медыцыне. У працы «Непатрэбнае для невукаў» (1482) прыведзена каля 3000 назваў лек. сродкаў на 6 мовах у алфавітным парадку.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮРО́ (франц. burean),

1) калегіяльны орган, які выбіраецца або ствараецца для вядзення пэўнай, пераважна распарадчай, кіруючай работы ў якой-н. арг-цыі, т-ве, установе.

2) Назва некаторых устаноў, арг-цый, кантор (напр., даведачнае бюро, канструктарскае бюро).

3) Пісьмовы стол з шуфлядамі і інш. аддзяленнямі.

т. 3, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЫКО́НД [англ. varicond ад vari(able) пераменны + cond(enser) кандэнсатар],

сегнетакерамічны кандэнсатар з рэзка выяўленай нелінейнай залежнасцю ёмістасці ад прыкладзенага напружання або тэмпературы (тэрмакандэнсатары). Бываюць дыскавыя, пласціністыя і плёначныя. Выкарыстоўваюцца ў параметрычных стабілізатарах току і напружання, узмацняльніках магутнасці і напружання і інш. Гл. таксама Варыкап.

т. 4, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛАБО́Л [ад вела(сіпед) + англ. ball мяч],

спартыўная камандная гульня з мячом на веласіпедах. Гуляюць 2 каманды па 2 чал. Мэта — накіраваць мяч у вароты процілеглай каманды коламі веласіпеда, галавой або тулавам. Гуляюць на адкрытых і закрытых пляцоўках. Найб. пашыраны ў Чэхіі, Славакіі, Германіі.

т. 4, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЦЫНА́ЛЬНЫЯ ГРА́НІ (лац. vicinalis ад vicinus суседні, блізкі, падобны),

грані крышталёў, на якіх ёсць спадзістыя пірамідальныя ўзвышэнні (віцынальныя піраміды) або ямкі. Утвараюцца пры росце крышталёў у пункце выхаду вінтавой дыслакацыі. У розных крышталёў маюць розную форму, што дае магчымасць па іх вызначаць сіметрыю ў крышталяграфіі.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАТРЫВА́ЛЫ ГАРЫЗО́НТ,

тоўшча воданепранікальных ці адносна воданепранікальных горных парод, якая перакрывае або падсцілае ваданосны гарызонт. Адрозніваюць водатрывалыя гарызонты рэгіянальныя, мясц. і лакальныя. Рэгіянальныя звычайна падзяляюць буйныя ваданосныя комплексы, мясцовыя — ваданосныя гарызонты, лакальныя пашыраны пераважна ў зоне аэрацыі, дзе спрыяюць утварэнню верхаводкі. Гл. таксама Водапранікальнасць.

т. 4, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ГОД,

перыяд працягласцю 12 месяцаў, у межах якога завяршаецца гадавы гідралагічны цыкл кругавароту вады. Ва ўмовах умеранага клімату пачынаецца з 1 кастр. або з 1 ліст., калі запасы вільгаці ў рачных басейнах самыя малыя. У межах гідралагічнага года назіраецца адпаведнасць паміж ападкамі і сцёкам.

т. 5, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВЕЛІ́Т,

сцэментаваны жвір, які мае тэкстуры, уласцівыя пясчаным пародам. Пашыраны сярод асадкавых утварэнняў. Наяўнасць гравеліту сведчыць аб інтэнсіўным размыванні больш стараж. тоўшчаў і блізкасці мелкаводдзя, сушы або падняцця (дадатных формаў рэльефу дна басейна). На Беларусі гравеліт пашыраны ў геал. адкладах венду, антрапагену і інш.

т. 5, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУН,

умацаванне або ўмацаванае жыллё ў Ірландыі і Шатландыі ў выглядзе каменнай вежы. Першапачаткова так называлі ў паўн. Шатландыі высокія вежы, пабудаваныя піктамі на ўзбярэжжы мора. Найб. стараж. помнікі, верагодна, належаць да жал. веку, але шмат Д. пабудавана ў раннехрысціянскі перыяд і сярэднія вякі.

т. 6, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)