МАГНІТАТЭЛУРЫ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ РАЗВЕ́ДКІ,

адзін з кірункаў геафізічнай разведкі, заснаваны на вывучэнні пераменных у часе і па частаце варыяцый прыродных тэлурычных эл. токаў у прыпаверхневай ч. Зямлі. Тэлурычныя токі ствараюцца варыяцыямі магнітнага паля Зямлі і эл. канвекцыйнымі працэсамі ў зямной кары і атмасферы, характар іх варыяцый залежыць ад геал. будовы. Адрозніваюць метады: тэлурычных токаў (ТТ), магнітатэлурычнага зандзіравання (МТЗ) і магнітатэлурычнага прафілявання (МТП).

У метадзе ТТ сінхронна вымяраецца рознасць патэнцыялаў варыяцый тэлурычнага поля на базавым і радавых пунктах. Атрымліваюць тэлураграмы, па якіх вымяраюць параметры поля ТТ і складаюць карты рэльефу паверхні высакаомнага гарызонта ў асадкавым чахле або крышт. фундамента. У метадзе МТЗ дадаткова да эл. характарыстык поля ТТ вымяраюць магнітную складаючую і вылічваюць адносіны эл. складаючай да магнітнай для розных частот, будуюць крывую ўяўнага ўдзельнага супраціўлення, якую параўноўваюць з тэарэтычнымі. У адрозненне ад МТЗ у метадзе МТП адносіны эл. складаючай да магнітнай вылічваюць для фіксаванай частаты.

На Беларусі ў выніку даследаванняў ВА «Белгеалогія» і Ін-та геал. навук Нац. АН Беларусі па метадах ТТ і МТЗ складзены карты сярэдняй напружанасці поля ТТ і пашырэння электраправодных слаёў, карты рэльефу фундамента, паверхні саляносных адкладаў і інш.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 9, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЕВЫЯ З’Я́ВЫ,

сукупнасць з’яў, звязаных з асаблівасцямі ўласцівасцей паверхняў, што падзяляюць датыкальныя целы (фазы). Адыгрываюць значную ролю ў прыродных працэсах (выветрыванне горных парод, атм. працэсы, глебаўтварэнне і інш.), у біялогіі (функцыянаванне клетачных мембран), у тэхніцы (трэнне, знос, змазачнае дзеянне і інш.).

Падзяляюцца на некалькі груп. Фізічныя П.з.: каалесцэнцыя, змочванне, адгезія, трэнне, капілярныя з’явы, звязаныя з лішкам свабоднай (гл. Паверхневае нацяжэнне) ці поўнай энергіі, энтрапіі або інш. тэрмадынамічных велічынь у паверхневым слоі. Вызначаюць форму кропель вадкасцей, газавых пузыроў, крышталёў у раўнаважным стане, умовы ўзнікнення зародкаў новай фазы. Хімічныя П.з. абумоўлены зменай хім. саставу паверхні ў выніку адсорбцыі. Уплываюць на мех. ўстойлівасць дысперсных сістэм (гл. Паверхнева-актыўныя рэчывы), ліяфільнасць рэчываў (гл. Ліяфільнасць і ліяфобнасць), павышаюць хім. ўстойлівасць (напр., супраць карозіі). П.з., звязаныя з фіз.-хім. і структурнымі ўласцівасцямі паверхневых слаёў. Уплываюць на кінетыку гетэрагенных працэсаў (каталіз, гарэнне, фазавыя пераходы). Электрапаверхневыя з’явы: электракінетычныя з’явы, электронная эмісія, паверхневая праводнасць і інш. абумоўлены ўтварэннем падвойнага электрычнага слоя іонаў і ўзнікненнем скачкоў патэнцыялу на паверхні падзелу фаз. На выкарыстанні П.з. заснаваны шматлікія тэхнал. працэсы: флатацыя, фільтрацыя, мех. апрацоўка і ўшчыльненне матэрыялаў, хім. сінтэз з выкарыстаннем гетэрагенных каталізатараў і інш.

Г.​С.​Раманаў.

т. 11, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІРАВА́ННЕ (ням. polieren ад лац. polire рабіць гладкім),

апрацоўка вырабаў з металу, драўніны, каменю і інш. матэрыялаў з мэтай зніжэння шурпатасці паверхні і надання ёй бляску. Робіцца звычайна пасля шліфавання на паліравальных станках ці ўручную.

П. металаў робіцца мяккімі хуткавярчальнымі кругамі ці стужкамі з нанесенымі паліравальнымі пастамі або абразіўнымі парашкамі. Выкарыстоўваюць таксама П. магнітна-абразіўнае (зярнятамі магнітна-абразіўнага парашку, размешчанага паміж полюсамі магн. індуктара і паверхняй, што апрацоўваецца), электрахім. (з выкарыстаннем раствору-электраліту і пастаяннага току) і хім. (растварэннем мікраняроўнасцей пры апусканні вырабаў у раствор). П. драўніны бывае сталярнае (поры паверхневага слоя вырабу запаўняюць слоем празрыстай смалы — палітуры) або лакафарбавае (няроўнасці пасля нанясення лаку ці эмалі ліквідуюць мех. спосабамі). П. каменю робяць націраннем шліфаванай паверхні ўвільготненым лямцавым кругам з падачай найтанчэйшага парашку (напр., вокісу волава).

Літ.:

Отделочные операции в машиностроении: Справ. 2 изд. Киев, 1990;

Грилихес С.Я. Электрохимическое и химическое полирование: Теория и практика. Влияние на свойства металлов. 2 изд. Л., 1987;

Рогов В.В. Финишная алмазно-абразивная обработка неметаллических изделий. Киев, 1985.

А.​І.​Качаргін.

Схема ўстаноўкі для вадкаснага абразіўнага паліравання металаў: 1 — электрарухавік; 2 — фарсунка; 3 — дэталь, якая апрацоўваецца; 4 — камера; 5 — помпа; 6 — вадкасць, насычаная мікрапарашкамі.

т. 12, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ЗМЕННАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,

сукупнасць метадаў апрацоўкі сыравіны, матэрыялаў і вырабаў патокамі плазмы. Працэсы П.т. грунтуюцца на фіз., хім. і змешаным механізмах уздзеяння кампанентаў плазмы на апрацаваны матэрыял; выконваюцца пры нармальным (атмасферным) ці павышаным ціску, а таксама ў вакууме.

Дазваляе змяняць форму, памеры, структуру апрацаванага вырабу, стан яго паверхні. Уключае плазменнае нанясенне на паверхню цвёрдых цел тонкіх плёнак металаў, паўправаднікоў, дыэлектрыкаў і інш. матэрыялаў, змены фіз. або хім. уласцівасцей, а таксама выдаленне (траўленне) плёнак і прыпаверхневых слаёў. У тэхналогіі электроннага машынабудавання найб. пашыраны плазменныя працэсы, якія ажыццяўляюцца ў вакууме, што забяспечвае найменшыя забруджванні матэрыялаў і вырабаў, добрую ўзнаўляльнасць вынікаў і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах П.т. распачаты ў 1950-я г. ў БДУ і Фіз.-тэхн. ін-це Нац. АН; вядуцца ў Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БПА і інш. Распрацаваны метады і створана апаратура для электрадугавога сінтэзу і перапрацоўкі розных матэрыялаў, у т. л. для утылізацыі ядахімікатаў, плазменныя прылады для атрымання ахоўных і дэкар. слаёў на паверхні буд. матэрыялаў, плазменнага нанясення на вырабы алмазападобных пакрыццяў і інш.

Літ.:

Плазменная металлизация в вакууме. Мн., 1983.

У.​Дз.​Шымановіч.

т. 12, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

корнпапі́р

(ням. Kornpapier, ад Korn = зерне + Papier = папера)

папера з зярністай будовай паверхні, пакрытая спецыяльным клеявым слоем; выкарыстоўваецца ў літаграфіі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ла́мберт

[ням. J. Lambert = прозвішча ням. вучонага (1728—1777)]

адзінка яркасці, звычайна яркасці паверхні, якая свеціцца за кошт рассеянага святла.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дэкапі́раваць

(фр. décaper = ачышчаць металы)

выдаляць плёнку вокіслаў з паверхні металічных вырабаў траўленнем слабым растворам кіслаты ці цыяніду перад гальванастэгіяй.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ізалагі́псы

(ад іза- + гр. allos = іншы + hypsos = вышыня)

ізалініі змены вышыні ізабарычнай (гл. ізабары 1) паверхні за пэўную адзінку часу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

мегарэлье́ф

(ад мега- + рэльеф)

самыя буйныя формы рэльефу зямной паверхні (мацерыковыя выступы, акіянічныя ўпадзіны і інш), параўн. макрарэльеф, мезарэльеф, мікрарэльеф.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

мікрасе́йсмы

(ад мікра- + гр. seismos = землетрасенне)

ваганні зямной паверхні нязначнай амплітуды, абумоўленыя пераважна атмасфернымі працэсамі (дзеяннем цыклонаў, тайфунаў і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)