ПОЛІГЕНІ́ЗМ (ад полі... +грэч. genos род, паходжанне),
антрапалагічная тэорыя, паводле якой розніца паміж расамі чалавека настолькі вялікая, што яны з’яўляюцца рознымі біял. відамі, якія ўзніклі незалежна адзін ад аднаго ў розных частках зямнога шара ад розных форм гамінідаў; процілегласць монагенізму. Негрунтоўнасць (памылковасць) П. даказана падабенствам рас сучаснага чалавецтва па комплексе важнейшых адзнак (будова рукі, ступні, галаўнога мозга, біяхім. паказчыкі і інш.) і неабмежаванымі магчымасцямі змешвання рас паміж сабой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПЕДЭ́ЎТЫКА (ад грэч. propaideuo папярэдне навучаю),
скарочанае выкладанне якой-н. навукі ў сістэматызаваным выглядзе; падрыхтоўчы ўводны курс, які папярэднічае больш глыбокаму і дэталёваму вывучэнню адпаведнай дысцыпліны. У Платона П. — заняткі, якія папярэднічалі вывучэнню дыялектыкі. У філас. традыцыі І.Канта П. часта называлі агульны курс арыстоцелеўскай логікі, які папярэднічаў вывучэнню канкрэтных навук. Кант, у якасці філас. П., прапанаваў разглядаць сваю трансцэндэнтальную філасофію (логіку). Г.Гегель значэнне П. прыпісаў дыялект. логіцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАПЛА́СТ (ад прата + грэч. plastos вылеплены, утвораны),
у раслін — поўнасцю пазбаўленая клетачнай сценкі клетка, якая мае клетачную мембрану, што абмяжоўвае цытаплазму, ядро і інш. арганоіды. У клетачнай інжынерыі П. атрымліваюць штучна для кланіравання і рэгенерацыі з іх цэлых раслін (зліццё П., якія належаць розным відам). У мікраарганізм а ў П. ўтвараюцца ў выніку мутацый, аўталітычных працэсаў, уздзеяння некат. антыбіётыкаў і інш. агентаў. У форме П. існуюць мікаплазмы і L-формы бактэрый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ЗМА (грэч. prisma),
мнагаграннік, 2 грані якога (асновы П.) — роўныя многавугольнікі з адпаведна паралельнымі старанамі, а іншыя грані (бакавыя) — паралелаграмы.
У залежнасці ад колькасці бакавых граней П. бываюць 3-, 4-, 5-гранныя і г.д. Прыклады П.: прамая П. (бакавыя грані перпендыкулярныя аснове), правільная П. (прамая П., аснова якой — правільны многавугольнік), паралелепіпед. Аб’ём П. роўны здабытку плошчы асновы на вышыню (адлегласць паміж асновамі П.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТО́З (ад грэч. ptōsis падзенне),
блефараптоз, апушчэнне верхняга павека ў чалавека. Адрозніваюць П. прыроджаны і набыты; паралітычны, сімпатычны, старэчы. Прыроджаны П. абумоўлены недаразвіццём мышцы, якая паднімае верхняе павека, аплазіяй ядраў вокарухальнага нерва. Бывае адна- і двухбаковы. Вылучаюць таксама поўны і частковы П. (у залежнасці ад закрыцця вочнай шчыліны). Набыты П. узнікае ў выніку траўмы цэнтраў вокарухальнага нерва, пры пухлінах, кровазліццях і інш., пераважна аднабаковы. Лячэнне хірургічнае. На П. хварэюць таксама жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДАС (Rhodos),
востраў у Эгейскім м., каля ўзбярэжжа Малой Азіі; найб. ў групе астравоў Паўд. Спарады. Тэр. Грэцыі. Пл. 1404 км². Берагі слаба расчлянёныя. Выш. да 1215 м (г. Атавірас). Складзены пераважна з вапнякоў і мармураў. Характэрны горы, укрытыя міжземнаморскімі лясамі, і ўзгоркі, парослыя хмызнякамі. Вырошчванне збожжавых, цытрусавых, вінаграду, маслін; аліўкавыя гаі. Рыбалоўства, лоў губак. Р. — цэнтр стараж.-грэч. культуры. Помнікі ант. і сярэдневяковай архітэктуры. Курорты. Гал. горад і порт — Родас.