БЕЛАЗЕ́РСКІ (Андрэй Мікалаевіч) (29.8.1905, г. Ташкент — 31.12.1972),
савецкі біяхімік, адзін з заснавальнікаў малекулярнай біялогіі ў СССР. Акад.АНСССР (1962, чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т у Ташкенце (1927). З 1930 у Маскоўскім ун-це, адначасова з 1946 у Ін-це біяхіміі. У 1971—72 віцэ-прэзідэнт АНСССР. Навук. працы па хіміі і біяхіміі бялкоў. Адкрыў ДНК у вышэйшых раслін. Вызначыў універсальнасць распаўсюджання нуклеінавых к-т у жывой прыродзе. Прадказаў існаванне інфармацыйнай РНК (разам з А.С.Спірыным, 1957).
Тв.:
Нуклеиновые кислоты и их связь с эволюцией, филогенией и систематикой организмов. Ташкент, 1969;
Биохимия нуклеиновых кислот и нуклеопротеидов: Избр. тр.М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́БАЧКІН (Барыс Андрэевіч) (18.1.1904, г. Саратаў — 17.7.1975),
рускі акцёр, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1963). Герой Сац. Працы (1974). Праф. (1966). Вучыўся ў маскоўскай студыі «Маладыя майстры» (1920—21). У 1948—75 (з перапынкам) у Малым т-ры ў Маскве. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Яго творчасць вызначалі разнастайнасць фарбаў, тонкі, лірычны настрой. Сярод роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Самазванец («Барыс Гадуноў» А.Пушкіна), Улас («Дачнікі» М.Горкага) і Іванаў (аднайм. п’еса А.Чэхава, рэжысёр абодвух). Здымаўся ў кіно: Чапаеў (аднайм. фільм), Андрэй («Сяброўкі»), у т. л. на кінастудыі «Савецкая Беларусь»: Мікуліч («Вяртанне Нейтана Бекера»), Дубовік («Двойчы народжаны»), Макар Бобрык («Першы ўзвод»). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1951, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́КУЛЕЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (7.12.1890, в. Нявенікаўская Кіраўскай вобл., Расія — 31.3.1967),
рускі хірург.Акад.АНСССР (1958), акад.АМНСССР (1948). Герой Сац. Працы (1960). Скончыў Саратаўскі ун-т (1915). Працаваў у ВНУ і НДІ Масквы, Саратава. У 1953—60 прэзідэнт АМНСССР, адначасова (з 1953) дырэктар Ін-та сардэчна-сасудзістай хірургіі АМНСССР. Заснавальнік лёгачнай хірургіі ў СССР. Распрацаваў метады кансерватыўнага лячэння абсцэсаў мозга, зандзіравання і кантрастнага даследавання сэрца і сасудаў, электрастымуляцыі пры папярочных блакадах сэрца, прапанаваў выкарыстанне рэнтгенакантрастных рэчываў пры даследаванні нырак. Першы ў СССР правёў аперацыі па выдаленні лёгкага (1945) і з прычыны прыроджанага пароку сэрца (1948). Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАВЕ́Ц (Аляксандр Канстанцінавіч) (12.3.1915, в. Машканы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 6.7.1943),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Віцебскі аэраклуб, Ульянаўскую лётную школу (1935). У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1942 на Паўн.-Каўказскім, Варонежскім франтах. Зрабіў 74 баявыя вылеты, удзельнічаў у 11 паветр. баях. Нам. камандзіра эскадрыллі знішчальнага авіяпалка ст. лейтэнант Гаравец у час Курскай бітвы ўступіў у бой з 20 бамбардзіроўшчыкамі ворага, збіў 9 самалётаў — адзіны ў свеце лётчык, які ў адным баі збіў столькі самалётаў. Загінуў у гэтым баі. На 597-м км аўтамагістралі Масква—Сімферопаль, у Полацку, вёсках Ског і Машканы Сенненскага р-на яму пастаўлены помнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗДО́ВІЧ (Вікенцій Іосіфавіч) (15.8.1911, в. Навасёлкі Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 3.12.1942),
удзельнік партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1965). З жн. 1941 ствараў падп. арг-цыі на радзіме. З ліп. 1942 камандзір узвода ў атрадзе імя Катоўскага партыз. брыгады імя К.Я.Варашылава Мінскай вобл. У час карнай экспедыцыі гітлераўцаў супраць партызан у Капыльскім р-не Д. узначаліў партыз. засаду каля в. Клецішча. 18 партызан на працягу 4 гадзін адбілі 8 атак фаш. батальёна, сарвалі намер ворага нанесці раптоўны ўдар па партыз. брыгадзе, аднак былі акружаны і ўсе загінулі ў баі (гл.Лаўскі бой 1942). У в. Навасёлкі Д. пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́ДАЎ (Дзяніс Васілевіч) (27.7.1784, Масква — 4.5.1839),
герой вайны 1812, ваен. пісьменнік і паэт, ген.-лейт. (1831). З 1801 на ваен. службе ў кавалерыі (з 1804 у гусарах). У час вайны 1812 камандаваў атрадам гусараў і казакоў, паспяхова дзейнічаў у тыле ворага. Удзельнік замежных паходаў 1813—14. З 1823 у адстаўцы. У 1826—1827 зноў служыў на Каўказе. Удзельнічаў у падаўленні паўстання 1830—31, у т. л. ў Беларусі. Аўтар ваен.-гіст. прац: «Дзённік партызанскіх дзеянняў 1812» (1860), «Вопыт тэорыі партызанскіх дзеянняў» (1821) і інш. Як паэт выступаў з 1803. Стварыў жанр «гусарскай лірыкі» (зб. «Вершы», 1832).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́ЦКІ (Уладзімір Сямёнавіч) (25.1.1938, Масква — 25.7.1980),
рускі паэт, акцёр, аўтар і выканаўца песень. У лірыка-рамантычных, камічных і сатыр. песнях, баладах, спавядальных вершах (зб. «Нерв», 1981; «Я, вядома, вярнуся...», 1988) адчувальныя матывы рус. гарадскога раманса. Творы Высоцкага вызначаюцца шчырай пранікнёнасцю і лірызмам (асабліва вершы і песні пра вайну), кожны з іх напісаны «нервам» паэта. З 1964 у Маскоўскім т-ры на Таганцы. Сярод роляў Хлапуша («Пугачоў» паводле С.Ясеніна), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), Лапахін («Вішнёвы сад» А.Чэхава) і інш. Здымаўся ў маст. фільмах «Вертыкаль», «Кароткія сустрэчы», «Месца сустрэчы змяніць нельга» і інш. Трагічны герой Высоцкага — асоба нязломная, бунтар-адзіночка, які ўсведамляе сваю асуджанасць, але застаецца непахісны да канца. Дзярж. прэмія СССР 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́МАЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (24.2.1899, г. Цвер, Расія — 22.1.1985),
савецкі ваен. дзеяч. Герой Сав. Саюза (1934), ген.-палк. авіяцыі (1944), засл. лётчык СССР, праф. (1937). На ваен. службе з 1918. Скончыў школу лётчыкаў (1918). Удзельнік грамадз. вайны. У 1934 устанавіў сусв. рэкорд далёкасці палёту (больш за 12 тыс.км), у 1937 разам з А.Б.Юмашавым і С.А.Даніліным здзейсніў беспасадачны пералёт Масква—Паўн. полюс—ЗША. У Вял.Айч. вайну са снеж. 1941: камандзір авіядывізіі, потым каманд.ВПС Калінінскага фронту, 3-й і 1-й паветр. арміямі (удзельнічалі ў Беларускай аперацыі 1944). У пасляваен. час на камандных пасадах у ВПС, у Мін-ве авіяц. прам-сці (1949—55).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РГЕ (Рыхард) (4.10.1895, Баку — 7.11.1944),
савецкі разведчык. Герой Сав. Саюза (1964). Унук Ф.А.Зорге. Скончыў Берлінскі ун-т. З 1914 у ням. арміі, удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1924 у СССР, з 1929 у разведорганах Чырв. Арміі. У 1930—40-я г. ў якасці ням. журналіста ў Германіі, Кітаі, Японіі. У Токіо стварыў разведвальную групу «Рамзай», якая здабывала важную для СССР інфармацыю. Адзін з першых паведаміў дату (20—22 чэрв.) нападу фаш. Германіі на СССР, колькасць ням. дывізій і агульную схему іх плана ваен. дзеянняў, у кастр. 1941 — аб непадрыхтаванасці Японіі да нападу на СССР. 18.10.1941 арыштаваны яп. паліцыяй, 29.9.1943 прыгавораны да пакарання смерцю. Павешаны, пахаваны ў Токіо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́НКА (Анатоль Якаўлевіч) (н. 23.1.1919, в. Якімаўка Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Гомельскі аўтамаб. тэхнікум (1938), Харкаўскае ваен.авіяц. вучылішча (1940), Адэскі пед.ін-т (1951). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Крымскім, Паўн.-Каўказскім, Закаўказскім, Ленінградскім, 3-м Прыбалт. і 1-м Бел. франтах. Лётчык разведвальнага авіяпалка ст. лейтэнант К. зрабіў 173 баявыя вылеты, знішчыў 7 танкаў, 10 гармат, 15 вагонаў і 30 аўтамашын з ваен. грузам, 50 агнявых пунктаў, у паветр. баях збіў 7 самалётаў праціўніка, 16 знішчыў на зямлі. Да 1946 у Сав. Арміі, капітан. Да 1981 на парт. і выкладчыцкай рабоце.