ФІЗІКА ПАЎПРАВАДНІКОЎ
Першыя работы ў гэтай галіне на Беларусі пачаліся ў канцы 1930-х г. у БДУ (І.Р.Некрашэвіч), сістэматычныя даследаванні — у канцы 1950-х г. у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН Беларусі пад кіраўніцтвам М.М.Сіраты і ў БДУ, крыху пазней — у Ін-це фізікі і Ін-це электронікі Нац. АН Беларусі, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі; прыкладныя даследаванні вядуцца таксама ў навукова-даследчых структурах НВА «Інтэграл».
Распрацаваны фізічныя асновы тэхналогіі сінтэзу і вырошчвання монакрышталёў паўправадніковых злучэнняў A2B6, A3B5, A4B6; праведзены даследаванні іх уласцівасцей (У.І.Асінскі, Э.І.Балвановіч, І.В.Боднар, М.М.Корань, У.І.Леўчанка, Л.А.Макавецкая, М.М.Сірата). Вывучана размеркаванне электронных шчыльнасцей у крышталях і злучэннях крэмнію, германію, у антыманідах і арсенідах індыю, галію (М.М.Аляхновіч, Я.М.Галалобаў, М.М.Сірата, А.У.Шэлег). Распрацаваны метады атрымання святлодыёдаў на аснове паўправадніковых злучэнняў A3B5 (У.І.Асінскі, У.У.Міхневіч, М.М.Сірата). Створаны фотапрыёмнікі на аснове эпітаксіяльных плёнак злучэнняў A2B6, A4B6, A1B3C62 (В.Ф.Грамянок, У.І.Леўчанка). Распрацаваны метады нейтронна-актывацыйнага аналізу дамешкаў у паўправадніках і прыладных структурах (А.Р.Дутаў, Я.М.Лабанаў). Развіты навуковыя асновы радыяцыйнай фізікі паўправаднікоў і іонна-прамянёвых тэхналогій прыладных структур на іх аснове (У.Б.Аджаеў, Ф.Ф.Камароў, Ф.П.Коршунаў, П.В.Кучынскі, В.М.Ламака, П.Ф.Лугакоў, У.В.Пятроў, В.Дз.Ткачоў, А.Р.Чалядзінскі). Даследавана дзеянне нейтроннага, электроннага і гама-выпрамянення на ўласцівасці крышталёў крэмнію, арсеніду галію; прапанаваны метады павышэння радыяцыйнай устойлівасці паўправадніковых прылад і інтэгральных схем (Ю.У.Багатыроў, Г.В.Гатальскі, Ф.П.Коршунаў, М.Ф.Курыловіч, П.В.Кучынскі, В.М.Ламака, С.Б.Ластоўскі, П.Ф.Лугакоў, А.І.Макарэвіч, І.Г.Марчанка, Т.А.Прахарэнка, Л.Ю.Райнес, М.М.Сірата, У.Т.Трашчынскі). Распрацаваны магнітарэзанансныя, люмінесцэнтныя, п’езаспектраскапічныя метады дыягностыкі крышталёў крэмнію, германію, алмазу, злучэнняў A3B5 і A2B6 (Дз.С.Даманеўскі, А.П.Ермалаеў, А.М.Зайцаў, В.М.Ламака, Н.М.Лапчук, А.В.Мудры, Л.І.Мурын, М.А.Паклонскі, А.А.Патрын, В.Ф.Стэльмах, В.Дз.Ткачоў, Р.Р.Федарук, А.В.Юхневіч, А.М.Янчанка, В.Б.Яржамбіцкі). Даследаваны аптычныя і электрычныя ўласцівасці шэрагу паўправадніковых злучэнняў і квантавапамерных святловыпрамяняльных структур на іх аснове (С.В.Гапоненка, В.П.Грыбкоўскі, А.Л.Гурскі, В.К.Кананенка, Г.П.Яблонскі). Устаноўлены механізмы тэрмічнага і аптычнага адпалу іонна-імплантаваных слаёў крэмнію, вывучаны ўласцівасці тунэльных прыладных структур (І.І.Абрамаў, В.У.Баранаў, В.Я.Барысенка, А.П.Дастанка, Ф.Ф.Камароў, У.А.Лабуноў, У.А.Піліпенка, В.А.Сокал). Праведзены даследаванні лакалізацыі і міграцыі электронаў і фатонаў у паўправадніковых сістэмах з нізкапамерным структураваннем (У.М.Барздоў, В.Я.Барысенка, С.В.Гапоненка, В.П.Дабрэга, П.В.Жукоўскі, М.А.Паклонскі, В.Ф.Стэльмах, А.К.Фядотаў).
Літ.:
Коршунов Ф.П. Физика полупроводников // Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Актуальные проблемы физики твердого тела. Мн., 2003.
Ф.П.Коршунаў, М.А.Паклонскі.
т. 18, кн. 2, с. 520