ФЕМІНІ́ЗМ (франц. féminisme ад лац. femina жанчына),
жаночы сац.-паліт. рух, мэта якога — імкненне да раўнапраўя жанчын з мужчынамі ва ўсіх сферах грамадства; у больш шырокім сэнсе — асобная філас. канцэпцыя сацыякульт. развіцця. Ідэалогія Ф. зарадзілася ў канцы 18 ст., пасля выхаду ў свет прац А. дэ Гуж (Францыя), А.Адамс (ЗША) і М.Уолстанкрафт (Англія), якія выступалі супраць дыскрымінацыі жанчын у грамадстве. Арганізацыі жан. руху (гл.Суфражысткі) з 1840-х г. фарміраваліся ў ЗША, у 1850-я г. — у Вялікабрытаніі, у 1860-я г. — у Францыі і Германіі, у 1870—80-я г. — у Скандынаўскіх краінах. Для тагачаснага руху Ф. цэнтральным было пытанне ўраўнавання жанчын у правах з мужчынамі (на адукацыю, валоданне маёмасцю, выбарчае права і г.д.). Пасля таго як у 1920-я г. жанчыны ў большасці еўрап. і амер. краін атрымалі выбарчыя правы, «першая хваля Ф.» пайшла на спад. З 1960-х г. пачаўся новы ўздым жаночага руху, т. зв. «другая хваля Ф.», на ідэалогію якой паўплывала кніга Б.Фрыдан «Таямніца жаноцкасці» (1963). У 1966 у ЗША створана Нац.жан.арг-цыя (НЖА), пры яе ўдзеле разгарнуўся масавы жаночы рух, які ахапіў большасць развітых зах. краін. Мэтай Ф. стала барацьба за роўнасць жанчыны ў сям’і, за права на паўнавартасную прафесійную працу і г.д. У выніку да 1980—90-х г. значна павысіўся статус жанчыны ў грамадстве.
Літ.:
Феминизм: проза, мемуары, письма: Пер. с англ.М., 1992;
Фридан Б. Загадка женственности: Пер. с англ.М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНА́НСАВАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
састаўная частка эканамічнай палітыкі дзяржавы, накіраваная на мабілізацыю фін. рэсурсаў, іх рацыянальнае размеркаванне і выкарыстанне для ажыццяўлення дзяржавай яе функцый. Яна рэалізуецца праз рычагі і стымулы фін. механізму, асобая роля сярод якіх належыць падаткам, што забяспечваюць фарміраванне цэнтралізаваных даходаў. Функцыя рэгулявання выяўляецца пры размеркаванні сродкаў бюджэту дзяржаўнага на розныя мэты: капітальныя ўкладанні, развіццё сац. сферы, абарону, абслугоўванне дзярж. і ўнутр. доўгу і г.д.Фін. рэгулятарамі з’яўляюцца таксама ўмовы фарміравання і размеркавання фінансавых рэсурсаў, умовы крэдытавання, сістэмы спец. падатковых ільгот, рэгуляванне ўзроўнем заработнай платы, цэнамі, мытнае рэгуляванне і інш. інструменты фінансава-крэдытнай палітыкі. Адрозніваюць самаст. часткі Ф.п.: падатковую, бюджэтна-фінансавую і грашова-крэдытную. Падатковая палітыка рэалізуе інтарэсы дзяржавы праз забранне часткі валавога ўнутр. прадукту на агульна-дзярж. патрэбы, мабілізацыю гэтых сродкаў і іх пераразмеркаванне праз бюджэт. Падаткі ажыццяўляюць свае прызначэнне і функцыі ў адзіным бюджэтным працэсе, выконваючы фіскальную і стымулявальную функцыі. Бюджэтна-фінансавая палітыка звязана з размеркаваннем фонду грашовых сродкаў дзяржавы і яго выкарыстаннем па галіновым, мэтавым і тэр. прызначэнні. Выдаткі бюджэту цесна звязаны з яго даходамі. На канкрэтныя віды бюджэтных выдаткаў уздзейнічаюць фактары: прырода і функцыі дзяржавы, узровень сац.-эканам. развіцця, формы прадстаўлення бюджэтных сродкаў і г.д.Грашова-крэдытная палітыка складае аснову Ф.п.; арыентуецца на павышэнне ролі банкаўскага крэдыту і эфектыўнасць выкарыстання пазыковых сродкаў, гнуткі падыход да прадастаўлення крэдыту, фарміраванне банкаўскіх рэзерваў, фін. рынку, скарачэнне неабгрунтаванага перапампоўвання грошай са сферы безнаяўнага абарачэння ў наяўнае, канверсоўнасць грошай, рэарганізацыя ашчаднай і страхавой справы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНЛЯ́НДСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1918,
узброенае процістаянне (фактычна грамадз. вайна) паміж «чырвонымі» — прыхільнікамі сацыялізацыі фінл. грамадства (С.-д. партыя Фінляндыі і інш. левыя сілы) і іх апанентамі — «белымі» (кансерватыўныя партыі і групоўкі). Адбылася пад уплывам Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі, калі Фінляндыя атрымала незалежнасць (абвешчана 6.12.1917). Пачалася 28.1.1918 з захопу атрадамі «чырвоных» улады ў Хельсінкі і гарадах Паўд. Фінляндыі. Часовы фінл. ўрад (сенат) эвакуіраваўся ў г. Вааса. Апорныя пункты «белых» узніклі ў паўн. і цэнтр. частках краіны. За ўладу «чырвоных» змагаліся пераважна добраахвотнікі, якія не мелі вайск. падрыхтоўкі. Ядро арміі «белых» склалі фін. егеры (лёгкія стралкі), якія набылі баявы вопыт у герм. арміі ў 1-ю сусв. вайну. З абодвух бакоў у баях удзельнічалі прыбл. па 70 тыс.чал. З канца лют. — пач.сак. 1918 ваен. ініцыятыва перайшла да «белых», якія з Пн наступалі ў напрамку г. Тамперэ — апорнага пункта «чырвоных». Вайна скончылася ў маі 1918 перамогай войск сената на чале з К.Г.Э.Манергеймам. Іх перамозе паспрыялі заключэнне Брэсцкага міру 1918 (паводле яго з Фінляндыі выведзены рас. вайскоўцы, частка якіх падтрымлівала фінл. «чырвоных») і ўдзел на баку сената экспедыцыйнай герм.Балт. дывізіі (12 тыс.чал.). У ходзе вайны з абодвух бакоў загінула каля 30 тыс.чал.; большасць чырв. вайскоўцаў трапіла ў палон (пазней яны амнісціраваны). У выніку рэвалюцыі ў Фінляндыі ўсталяваліся асновы яе сучаснага дзярж. ладу.
Літ.:
Николссон В. Финляндия — с Россией и без. Мн., 1995;
Юссила О., Сеппо Х., Юкка Н. Политическая история Финляндии, 1809—1995: Пер. с фин. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЧРАЗВЁРСТКА, харчовая развёрстка,
сістэма нарыхтовак с.-г. прадуктаў у Сав. Расіі ў перыяд грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22, ч. палітыкі «ваеннага камунізму» і адна з праяў харчовай дыктатуры. Выклікана неабходнасцю забяспечваць харчаваннем прамысл. цэнтры і Чырв. Армію ва ўмовах харч. крызісу і нежадання сялян добраахвотна прадаваць хлеб па цвёрдых (фіксаваных) цэнах за грошы, абясцэненыя інфляцыяй. Ажыццяўлялася з 2-й пал. 1918 у Вяцкай, Калужскай, Тульскай, Віцебскай губ., дэкрэтам СНК ад 11.1.1919 пашырана на інш. губерні. Яе правядзенне ўскладалася на харчкамы, харчармію, харчатрады і мясц. Саветы. Паводле Х. сялян абавязвалі здаваць дзяржаве ўсе лішкі хлеба і інш. прадуктаў па цвёрдых цэнах. Фактычна ўлады забіралі ў сялян і ч. неабходнага ім харчу. У большасці выпадкаў харчы забіралі бясплатна (пазычалі) або за абясцэненыя папяровыя грошы. Такія рэквізіцыі побач з недахопам прамысл. тавараў шырокага ўжытку выклікалі масавую незадаволенасць сялян і іх выступленні супраць сав. улады. Нягледзячы на спробы ўлад ускласці ўвесь цяжар Х. на заможных сялян, б.ч. збожжа давалі найб. шматлікія серадняцкія гаспадаркі. Такія сілавыя метады нарыхтоўкі вялі да ўтойвання збожжа і скарачэння пасяўных плошчаў. З 1916 пасяўныя плошчы на Беларусі скараціліся на 36,5%, а ў асобных паветах Гомельскай губ. — на 51%. Пасля заканчэння грамадз. вайны захаванне Х. выклікала ўзмацненне супраціўлення сялян, абвастрыла паліт. становішча. У сак. 1921 Х. заменена харчпадаткам.
Літ.:
Гимпельсон Е.Г. «Военный коммунизм»: политика, практика, идеология. М., 1973;
Кабанов В.В. Крестьянское хозяйство в условиях «военного коммунизма». М., 1988;
Павлюченков С.А. Крестьянский Брест, или Предыстория большевистского нэпа. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІ́ЧНАЯ ЗБРО́Я,
від зброі масавага знішчэння, дзеянне якой заснавана на выкарыстанні баявых атрутных рэчываў, таксінаў, фітатаксінаў. Уключае хім.боепрыпасы аднаразовага выкарыстання (артыл. снарады, авіяц. бомбы, міны, шашкі і інш.) і шматразовага (т. зв. хім. баявыя прылады — выліўныя авіяц. прылады, тэрмамех. і мех. генератары і інш.).
Сродкі дастаўкі Х.з.: авіяцыя, ракеты, артылерыя і інш. Паражальная дзейнасць Х.з. заснавана на таксічных уласцівасцях хім. злучэнняў, якія знаходзяцца ў парападобным, вадкім або аэразольным стане, могуць пранікаць у арганізм цераз органы дыхання, скурнае покрыва, слізістыя абалонкі, страўнікавы тракт. Х.з. можа быць выкарыстана для паражэння жывой сілы, заражэння мясцовасці, узбраення, баявой тэхнікі і розных тылавых аб’ектаў. Ад інш. відаў зброі адрозніваецца: высокай таксічнасцю, што дазваляе малымі дозамі выклікаць значныя страты ў стане праціўніка; вял. пранікальнасцю ў розныя збудаванні, ваен. тэхніку і інш.; складанасцю своечасовага выяўлення наяўнасці выкарыстання атрутных рэчываў, распазнавання іх тыпу, вызначэння тэрміну дзеяння і інш. Упершыню Х.з. (хлор) была выкарыстана ў 1-ю сусв. вайну герм. войскамі 22.4.1915 у раёне г. Іпр (Бельгія), пазней арміямі інш. дзяржаў.
Выкарыстанне Х.з. забаронена Жэнеўскім пратаколам 1925. У 1993 у Парыжы прынята канцэпцыя аб забароне распрацоўкі, вытв-сці, назапашвання і выкарыстання Х.з. і яе знішчэнні (уведзена ў дзеянне ў крас. 1997).
Літ.:
У Тан. Химическое и бактериологическое (биологическос) оружие и последствия его возможного применения: [Доклад на XXIV сессии Генеральной Ассамблеи ООН]. М., 1970;
Степанов А.А., Попов В.Н. Химическое оружие и основы противохимической защиты. М., 1962;
Херш С. Химическое и биологическое оружие: Пер. с англ.М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРАПУ́К Янка (Іван Антонавіч; псеўд.Янка Змагар; 24.8.1896, мяст. Новы Двор Падляскага ваяв., Польшча — 16.11.1957),
бел.паліт. дзеяч. Скончыў мужчынскую гімназію Відэмана ў Пецярбургу (1914), вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 ініцыятар стварэння ў Пецярбургу грамадскай культ.-асв. арг-цыі «Вольныя беларусы», сакратар Пецярбургскага прадстаўніцтва (місіі) Цэнтр.Укр. рады. Пазней у Кіеве, супрацоўнік Мін-ва замежных спраў Укр.Нар. Рэспублікі, чл.Бел. рады на Украіне, ініцыятар стварэння партыі бел. незалежных рэвалюцыянераў. З канца 1918 на Гродзеншчыне, чл.Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Удзельнік Бел. з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны (ліп. 1919), сакратар Цэнтр.бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны. Друкаваўся ў газ. «Беларусь» і «Родны край» (Гродна), «Наша думка». З канца 1919 у Рызе, сакратар вайскова-дыпламат. місіі БНР у Латвіі і Эстоніі, адначасова дыпламат. кур’ер пры ўрадзе БНР на чале з А.Луцкевічам. У снеж. 1919 кааптаваны ў склад Рады БНР, пасля яепаліт. расколу прыхільнік урада В.Ластоўскага. Як паўнамоцны прадстаўнік БПС-Р і прадстаўнік урада БНР удзельнічаў у канферэнцыях бел.сац. партый (крас. 1920) і бел.дзярж. і грамадскіх дзеячаў (чэрв. 1920) у Рызе. У жн. 1920 узначальваў дэлегацыю БНР на міждзярж. канферэнцыі балт. дзяржаў. У 1921 сакратар дыпламат. місіі БНР у Каўнасе, уваходзіў у ініцыятыўную «тройку» па стварэнні Загранічнага к-та БПС-Р. Удзельнік 1-й Усебел. канферэнцыі ў Празе (1921). З 1922 у эміграцыі ў ЗША, актыўны ўдзельнік грамадска-паліт. жыцця бел. дыяспары, ініцыятар стварэння шэрагу бел.-амер. арг-цый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНІ́ГАЎСКАЕ КНЯ́СТВА,
старажытнарускае княства ў 11—13 ст. з цэнтрам у Чарнігаве. Займала тэр. па цячэнні р. Дзясна, Сейм, верхняй Акі, ніжняга Пасожжа і верхняга Падняпроўя. Уваходзілі гарады Ноўгарад-Северскі, Любеч, Сноўск, Пуціўль, Рыльск, Курск, Старадуб, Трубецк, Бранск і інш. Склалася на землях севяран, палян, радзімічаў і вяцічаў. Уваходзіла ў склад Кіеўскай Русі. Чарнігаў вылучыўся з яе пры кн. Мсціславе Уладзіміравічу ў 1024—36. Пасля смерці Яраслава Мудрага (1054) Ч.к. належала яго сыну Святаславу Яраславічу, які княжыў у Чарнігаве да 1073. Рашэннем Любецкага з’езда 1097 Ч.к. замацавана за яго нашчадкамі. У 1097 з Ч.к. вылучылася княства з цэнтрам у г. Ноўгарад-Северскі, у 12 ст. цэнтрамі ўдзельных княстваў сталі Пуціўль, Рыльск, Трубчэўск, Курск, Ушчыж і інш. З 11 ст. ў Ч.к. ўваходзілі землі паўд. Пасожжа з г. Гомій (Гомель) і Чачэрск, верхняга Падняпроўя з г. Рэчыца. У 1160-я г. Гомій вылучыўся як цэнтр удзельнага княства. У сярэдзіне 12 ст. Ч.к. належалі таксама некаторыя дрыгавіцкія землі з г. Слуцк, Клецк, Рагачоў. У 1239 г. Чарнігаў спалены мангола-татарамі і Ч.к. як дзярж. ўтварэнне спыніла сваё існаванне. У 14 ст. чарнігаўскія землі ўвайшлі ў склад ВКЛ. У сярэдзіне 15 ст.вял. князь ВКЛ Казімір падараваў г. Чарнігаў кн. І.А.Мажайскаму. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 чарнігаўскія землі перайшлі да Масквы.
Літ.:
Насонов А.Н. «Русская земля» и образование территории древнерусского государства. М., 1951;
Зайцев А.К. Черниговское княжество // Древнерусские княжества X—XIII вв. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫНО́ЎНІЦТВА,
асобая прывілеяваная праслойка насельніцтва, якая знаходзіцца на цывільнай дзярж. службе і спецыялізуецца на кіраванні і справаводстве. На Беларусі тэрмін «Ч.» ўвайшоў у сталы ўжытак у канцы 18 ст. пасля яе ўключэння ў склад Рас. імперыі ў выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай. У гэты час на Беларусі сфарміравалася дзярж.бюракратыя як асобная сац. група, арганізаваная на рацыянальных прынцыпах падзелу працы з адпаведнай спецыялізацыяй і вызначанай сферай паўнамоцтваў, са строгай іерархіяй службовых месцаў і пасад, з фармалізаванай сістэмай правіл, інструкцый і спец. прынцыпамі прасоўвання па службовай лесвіцы.
У 1-й трэці 19 ст. большасць чыноўніцкага корпуса на Беларусі фарміравалася пераважна з выхадцаў з мясц. дробнай шляхты. Вышэйшыя і найб. адказныя пасады на губернскім узроўні займалі прысланыя з рас. губерняў чыноўнікі высокага рангу або мясц. буйныя землеўладальнікі. Пасля падаўлення паўстання 1863—64 склад дзярж. апарата на Беларусі радыкальна абноўлены за кошт асоб рус. паходжання. Сярод прыбылых на Беларусь чыноўнікаў пераважалі разначынцы. З разрастаннем дзярж. апарата стаў пашырацца доступ у яго выхадцам з мясц. сялянства. Пасля 1917 тэрмін «Ч.» страціў афіц. значэнне і практычна выйшаў з ужытку. Спосабы арганізацыі рас. Ч. скапіраваны з зах.-еўрап. узораў, пераважна з прускага. У 1722 Пётр I увёў Табель аб рангах — сістэму чыноў і рангаў, паводле якой існавалі 14 класаў, што адпавядалі вызначаным штатным пасадам. Заняць пасаду ў сістэме дзярж. кіравання было немагчыма, калі кандыдат не быў чыноўнікам, г.зн. не меў класнага чыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВО́НЫ БЕ́РАГ,
вёска ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., на р. Дабасна; чыг. ст. на лініі Бабруйск—Жлобін. Цэнтр сельсавета і камунальнага с.-г. унітарнага прадпрыемства. За 26 км на ПнЗ ад г. Жлобін, 119 км ад Гомеля. 2445 ж., 797 двароў (2003). Чырвонабярэжскі крухмала-патачны завод, лясніцтва. Чырвонабярэжскі аграрны каледж. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, 2 аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Чырвонабярэжская сядзіба.
Паводле пісьмовых крыніц вядома з 16 ст. як сяло ў Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв.ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі. У пач. 19 ст. ва ўладанні М.С.Гатоўскага, потым Козел-Паклеўскага. У 1845 у Сцяпоўскай вол. Бабруйскага пав. Мінскай губ., 18 ж., вадзяны млын. У 1870—200 ж., у 1897—362 ж., хлебазапасны магазін, заезны дом. З пабудовай чыгункі Бабруйск—Гомель у 1873 каля вёскі адкрыта чыг. станцыя. У 1890—93 пабудавана Чырвонабярэжская сядзіба. З 1914 дзейнічала паштова-тэлегр. аддзяленне. У 1920 засн.с.-г. вучылішча, у 1922 на яго базе с.-г. тэхнікум. У 1931 створаны крухмала-патачны завод. З 14.8.1937 цэнтр Чырвонабярэжскага с/с Жлобінскага р-на, з 20.2.1938 у Гомельскай вобл. У Вял.Айч. вайну ў 1943 партызаны разграмілі ў Ч.Б. фаш. гарнізон. У 1962 да вёскі далучаны пасёлак вучэбнай гаспадаркі «Чырвоны Бераг», у 1974 — вёска Прыстань (з далучанымі да яе ў 1966 пасёлкамі крухмальна-патачнага з-да і чыг. станцыі Чырвоны Бераг).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́МБЕРЛЕНЫ (Chamberlain),
дзяржаўныя і паліт. дзеячы Вялікабрытаніі. Джозеф (8.7.1836, Лондан — 2.7.1914). Вучыўся ў каледжы Лонданскага ун-та (1850—52). Фабрыкант. У 1873—76 мэр г. Бірмінгем. З 1876 дэп. парламента ад ліберальнай партыі. У 1880—85 і 1886 міністр ва ўрадах У.Ю.Гладстана. У 1886 выступіў супраць законапраекта аб наданні Ірландыі аўтаноміі і з групай прыхільнікаў (ліберал-юніяністаў) выйшаў з ліберальнай партыі, а пазней з’яднаўся з кансерватарамі. У 1895—1903 міністр калоній. Адзін з ініцыятараў англа-бурскай вайны 1899—1902.
Осцін (16.10.1863, г. Бірмінгем — 16.3.1937), сын Джозефа. Вучыўся ў Кембрыджскім ун-це, потым у Парыжы і Берліне. З 1892 дэп. парламента. У 1902—1905, 1915—17, 1919—22 на розных міністэрскіх пасадах, у 1924—29 міністр замежных спраў. Змагаўся за гегемонію Вялікабрытаніі ў Еўропе, у межах гэтай палітыкі падпісаў Рэйнскі гарантыйны пакт 1925 (гл.Лакарнскія дагаворы 1925). Ініцыятар разрыву дыпламат. адносін Вялікабрытаніі з СССР у 1927 (адноўлены ў 1929 урадам лейбарыстаў).
Невіл (18.3.1869, Эдгбэстан каля г. Бірмінгем — 9.11.1940), сын Джозефа. Вучыўся ў Бірмінгемскім каледжы. Займаўся прадпрымальніцтвам. У 1915—16 лорд-мэр Бірмінгема. З 1918 дэп. парламента ад кансерватыўнай партыі. У 1922—29 і 1931 на розных міністэрскіх пасадах, у 1931—37 міністр фінансаў. У 1930—31 старшыня кансерватыўнай партыі, у 1937—40 яе лідэр і прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. Прыхільнік тактыкі ўступак гітлераўскай Германіі, для прадухілення новай вайны падпісаў Мюнхенскае пагадненне 1938. Няўдалы для Вялікабрытаніі пачатак 2-й сусв. вайны прымусіў яго ў маі 1940 пайсці ў адстаўку.