КАЛУ́МБІЯ (Columbia),
акруга Калумбія, федэральная (сталічная) акруга ЗША. Пл. 178 км² (усю тэрыторыю займае. г. Вашынгтон, значная ч. яго выходзіць за межы акругі). Нас. 543,2 тыс. чал. (1996).
т. 7, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАТРО́Н,
цыклічны рэзанансны паскаральнік электронаў. Паскарэнне часціц ажыццяўляецца за кошт энергіі высокачастотнага эл. поля рэзанатара, дзе яны рухаюцца ў аднародным пастаянным магн. полі. Гл. таксама Паскаральнікі зараджаных часціц.
т. 10, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРТГЕ́МПТАНШЫР (Northamptonshire),
жалезарудныя радовішчы ў Вялікабрытаніі (графства Нартгемптаншыр). Асадкавага паходжання. Руды аалітавыя, гётыт-шамазітавыя. Агульныя запасы — больш за 2,1 млрд. т руды (жалеза 30%). Асн. цэнтр — г. Нартгемптан.
т. 11, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НІЧЫ, Варонеч,
возера ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача (працякае праз возера), за 16 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 1,18 км², даўж. 4,9 км, найб. шыр. 550 м, найб. глыб. 5,9 м, даўж. берагавой лініі 13,1 км. Пл. вадазбору 793 км².
Схілы катлавіны выш. 2—8 м (зах. і паўд.-зах. 10—18 м), на У і З разараныя. Берагі нізкія, тарфяністыя, на У месцамі высокія, зліваюцца са схіламі, на Пн сплавінныя (шыр. сплавіны 5—15 м). 2 астравы ў паўн. і цэнтр. частках. Больш за 60% пл. возера зарастае.
т. 4, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЧАЛЛЕ,
возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 1 км на ПдУ ад г.п. Ушачы. Уваходзіць у курортную зону Ушачы. Пл. 1,36 км², даўж. 3,68 км, найб. шыр. 480 м, найб. глыб. 35,9 м, даўж. берагавой лініі больш за 8 км. Пл. вадазбору 37,2 км². Схілы катлавіны выш. 10—15 м (на ПнУ 2—4 м), разараныя. Берагі высокія, на ПнУ і ПдЗ месцамі нізкія. Дно карытападобнае. Ложа складаецца з 2 упадзін, падзеленых невысокім падняццем. Расліннасць займае 5% плошчы возера. Упадаюць 4 ручаі, выцякае ручай у воз. Ваўчо. Каля возера дом адпачынку «Лясныя азёры».
т. 4, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛГАРО́ЎСКІ (Станіслаў) (1.5.1872—24.10.1935),
юрыст і грамадскі дзеяч. Скончыў 7 класаў Віленскай гімназіі і быў выключаны за ўдзел у стварэнні б-кі забароненай л-ры. У 1892 скончыў гімназію ў г. Коўна, паступіў на юрыд. ф-т Варшаўскага ун-та, з якога выключаны за ўдзел у паліт. руху. У 1892—94 у ссылцы ў г. Курск. Скончыў юрыд. ліцэй у Яраслаўлі. У 1896—1905 адвакат у Вільні, у 1905—15 працаваў у г. Друя, С.-Пецярбургу. З 1918 у Польшчы. У 1928 працаваў натарыусам у г. Лодзь (Польшча), у Вільні.
В.А.Гапоненка.
т. 3, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛГРА́ДСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1793 БЯЛГРА́ДСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1739. Падпісаны 29 вер. ў Бялградзе паміж Расіяй і Турцыяй, завяршыў руска-турэцкую вайну 1735—39. Паводле дагавора за Расіяй замацавана права на Азоў, Запарожжа, землі паміж Паўд. Бугам і Северскім Данцом. За Турцыяй засталіся Сербія і Малая Валахія. Вялікая і Малая Кабарда прызнаваліся нейтральнымі. Расіі забаранялася трымаць флот на Азоўскім і Чорным морах, гандаль на Чорным м. яна магла весці толькі на тур. караблях. Умовы міру не адпавядалі поспехам рус. войск і не вырашалі гал. задачы рус. дыпламатыі — атрыманне выхаду да Чорнага м. Ануляваны Кючук-Кайнарджыйскім мірам 1774.
т. 3, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІСКО́ВІЧ (Уладзімір Ігнатавіч) (н. в. Гасцілавічы Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. перакладчык, крытык. Скончыў БДУ (1971). Працаваў у Мінскім трамвайна-тралейбусным упраўленні, на радыё, у прэсе, выдавецтвах. Пераклаў з балг. мовы раманы І.Давыдкава «Белы конь за акном» (1981), А.Гуляшкі «Вандроўнік блукае па свеце» (1988), аповесці С.Страціева «Кароткае сонца» (1979), Г.Мішава «Зроблена ў правінцыі» (1981), П.Вежынава «Вышэй за ўсё» і «Бар’ер» (1983), творы для дзяцей Б.Апрылава, І.Мілева, І.Радзічкава, А.Стаянава, Н.Хайтава і інш. Выступае з артыкуламі па пытаннях бел. л-ры, праблемах прозы.
т. 1, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГЕ́ЗІ [Arghezi; сапр. Іон Тэадарэску
(Teodorescu)] Тудор (21.5.1880, г. Бухарэст — 14.7.1967),
румынскі пісьменнік. Акадэмік Румынскай АН (з 1955). За антыўрадавыя памфлеты ў 1930-я г. зняволены, за выступленні супраць фашызму ў 1943 кінуты ў канцлагер. Аўтар зб-каў лірыкі «Патрэбныя словы» (1927), «Сем песень з закрытым ротам» (1939), «Новыя вершы» (1963), «Ноч» (1967), раманаў «Вочы Божай маці» (1934), «Могілкі Дабравешчання» (1936) і інш. Пісаў таксама сатыр. прозу, нарысы, эсэ, апавяданні для дзяцей. Паэт-гуманіст, схільны да філас. абагульненняў. Рэфарматар рум. верша. На бел. мову вершы Аргезі перакладалі А.Бачыла і П.Прыходзька.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1984.
т. 1, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАСФ»
(BASF AG),
хімічная карпарацыя ў Германіі. Засн. ў 1865, з 1973 сучасная назва. Адыграла важную ролю ў развіцці вытв-сці фарбаў, пластмасаў, фармацэўтычных прэпаратаў, стварэнні прамысл. сінтэзу аміяку і інш. Адзін з вядучых у свеце вытворцаў угнаенняў, пігментаў, палімерных матэрыялаў і паўфабрыкатаў для іх выпуску, лекаў, хім. сродкаў аховы раслін, магнітных стужак.
Выпускае больш за 5 тыс. найменняў гатовых вырабаў і 7 тыс. паўфабрыкатаў. Здабывае нафту, прыродны газ і вугаль. Аб’ядноўвае больш за 100 прадпрыемстваў у Германіі і каля 200 у ЗША, Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, Японіі, Індыі, Бразіліі, Аргенціне і інш.
т. 2, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)