БАРА́БІНСКАЯ НІЗІ́НА, Барабінскі стэп, Бараба,
на Пд Зах. Сібіры, пераважна ў Новасібірскай вобласці Расійскай Федэрацыі, у міжрэччы Іртыша і Обі. Пл. каля 117 тыс. км². На Пд пераходзіць у Кулундзінскую раўніну. Паверхня — хвалістая раўніна (выш. да 150 м) з паралельнымі высокімі грывамі (асабліва на Пд). На грывах лугавыя стэпы, разнатраўныя лугі і бярозавыя гаі (калкі) на чарназёмах, саланцах і шэрых лясных глебах; у паніжэннях паміж імі — больш за 2000 прэсных і салёных азёраў (найб. Чаны, Тандава, Сартлан), сфагнавыя балоты, саланчаковыя лугі.
т. 2, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРЫ́ЙСКАЯ СПА́ДЧЫНА, вайна за Аўстрыйскую спадчыну,
вялася паміж еўрап. дзяржавамі ў 1740—48. Паводле Прагматычнай санкцыі 1713 (закон, які выдаў Карл VI) вял. валоданні аўстр. Габсбургаў павінны былі заставацца непадзельныя і перайсці да яго дачкі Марыі Тэрэзіі. Аднак пасля смерці Карла VI (1740) Прусія, Баварыя, Саксонія, Іспанія, падтрыманыя Францыяй, пачалі аспрэчваць спадчыннае права Марыі Тэрэзіі. У распачатай вайне Аўстрыю падтрымлівалі Англія, а з 1746 і Расія. Паводле Ахенскага міру 1748 Марыя Тэрэзія захавала б.ч. сваіх уладанняў, аднак амаль уся Сілезія перайшла да Прусіі.
т. 2, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАНО́МІЯ (ад аэра... + грэч. nomos закон),
раздзел фізікі атмасферы, які вывучае верхнія слаі атмасферы (вышэй за 30 км), дзе адбываюцца значная дысацыяцыя і іанізацыя атм. газаў. Узнікла ў 1950-я г. ў Англіі і Францыі (працы Д.Р.Бейтса і М.Нікале). Развіццё аэраноміі звязана з ракетнымі і спадарожнікавымі даследаваннямі фіз.-хім. працэсаў у верхняй атмасферы. Даследуе размеркаванне т-ры, шчыльнасці і нейтральных часцінак паветра на вышыні, канцэнтрацыю электронаў у іанасферы, серабрыстыя воблакі, свячэнне начнога неба, палярныя ззянні, радыяцыйныя паясы Зямлі і інш.
т. 2, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 6 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,21 км², даўж. 750 м, найб. шыр. 460 м, найб. глыб. 5,1 м. Пл. вадазбору каля 1 км².
Схілы катлавіны разараныя, на У і ПнУ пад лесам і хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі сплавінныя. У цэнтры невял. востраў. Зарастае да глыб. 4 м; у флоры рэдкі для Беларусі від — наяда марская. На ПдЗ злучана ручаём з воз. Ясна.
т. 2, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ САЮ́З ПРАДПРЫМА́ЛЬНІКАЎ І АРАНДА́ТАРАЎ,
добраахвотнае незалежнае грамадскае аб’яднанне грамадзян Беларусі і інш. краін, прац. калектываў прадпрыемстваў, арг-цый і ўстаноў розных формаў уласнасці. Створаны ў 1990. Аб’ядноўвае больш за 2 тыс. арг-цый і ўстаноў. Гал. мэты: усталяванне арэндных адносін, развіццё прадпрымальніцтва, раздзяржаўленне і прыватызацыя, абарона інтарэсаў чл. саюза. Для аказання паслуг сваім членам і выканання інш. функцыян. задач створана сетка малых прадпрыемстваў: юрыд. служба, навук.-аўдытарская і навук.-вытв. камерцыйная фірмы, бізнес-цэнтр, кадравы цэнтр з Акадэміяй прадпрымальніцтва і сацыяноміі.
т. 2, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЦА,
возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Абабіца, за 20 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,42 км², даўж. 1,35 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 3,7 м, даўж. берагавой лініі 3,83 км. Пл. вадазбору 9 км².
Схілы катлавіны ў ніжняй частцы стромкія, пясчаныя, парослыя лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на Пн і Пд нізкія, пад лесам. Дно плоскае, да глыб. 2 м пясчанае, глыбей сапрапелістае. Зарастае слаба. Упадае ручай, пратокай злучана з воз. Дубра.
т. 3, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСЁНАЎ (Васіль Паўлавіч) (н. 20.8.1932, Казань),
рускі пісьменнік. Сын А.С.Гінзбург. Скончыў Ленінградскі мед. ін-т (1956). З 1980 жыве за мяжой. На пач. літ. творчасці перавагу аддаваў творам пра жыццё моладзі, напісаным у жанры т.зв. «спавядальнай» прозы — аповесць «Калегі» (1960, аднайм. фільм 1963), раман «Зорны білет» (1961), зб-кі «Катапульта» (1964), «На паўдарозе да Месяца» (1966). Аўтар сатыр.-фантаст. аповесці «Затавараная бачкатара» (1968), раманаў «Пошукі жанру» (1978), «Апёк» (1980), «Востраў Крым» (1981), кнігі пра Амерыку «У пошуках сумнага бэбі» (1986).
т. 1, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНАЯ ЛЕ́КСІКА,
частка слоўнікавага складу сучаснай мовы, якая свабодна ўжываецца ў штодзённых зносінах ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Проціпастаўляецца пасіўнай лексіцы. Актыўная лексіка ўключае агульнаўжывальныя словы і тэрміны, прафесіяналізмы, эмацыянальна-экспрэсіўную лексіку і інш. Па-за межамі яе знаходзяцца архаізмы і неалагізмы. У працэсе развіцця грамадства і мовы словы могуць пераходзіць з актыўнай лексікі ў пасіўную і наадварот. Ад актыўнай лексікі мовы неабходна адрозніваць актыўную лексіку асобнага носьбіта мовы, якая залежыць ад яго прафесіі, адукацыі і інш.
П.П.Шуба.
т. 1, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУНЁВА,
возера ў Беларусі, у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мнюта. Пл. 0,49 км², даўж. 0,97 км, найб. шыр. 0,6 км, найб. глыб. 11,8 м, даўж. берагавой лініі 2,7 км. Пл. вадазбору 1,4 км². Схілы выш. да 4 м, на ПдУ да 10—11 м. Берагі нізкія, пясчаныя і галечныя, на Пн і ПнУ тарфяністыя, дно пясчанае, глыбей за 2 м глеістае. Злучана меліярац. каналам з воз. Пліса. На зах. і паўн.-зах. схілах крыніцы грунтавых водаў.
т. 1, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́ДАВА (Алена Васілеўна) (22.5.1907, г. Пружаны — 29.5.1986),
бел. мастацтвазнавец. Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Жонка М.І.Аладава. Скончыла БДУ (1928). З 1937 працавала ў музеях Мінска. У 1944—77 дырэктар Дзярж. маст. музея Беларусі. Яе намаганнямі ў пасляваен. гады адноўлены фонд музея, сабраны творы бел., рус., зарубежнага мастацтва (у 1977 больш за 15 тыс. экспанатаў), арганізаваны шматлікія экспазіцыі і выстаўкі. Аўтар кніг пра творчасць І.Ахрэмчыка, П.Гаўрыленкі, В.Цвіркі, пра Дзярж. маст. музей Беларусі (1958), бел. жывапіс (1978) і інш.
т. 1, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)