МАРКАВЕ́Ц (Віктар Пятровіч) (н. 5.8.1947, г. Докшыцы Віцебскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1971). Для твораў характэрны адзінства кампазіцыйнага вырашэння і колеравых нюансаў, строгая акрэсленасць малюнка. Аўтар тэматычных кампазіцый «Беларускія нафтавікі» (1972), «Палескі матыў» (1973), «Свята ў Докшыцах», «Купалле» (абедзве 1976), «Парк Перамогі» (1980), «Партызанская кузня» (1984), «Крыніца» (1991), «Сакавік. Вайшкуны» (1997), «Цёплы вечар» (1999); серыі «Кастусь Каліноўскі» (1970-я г.), партрэтаў бабулі (1976), «Дзед Алесь і бабка Марыля», А.Пупко, П.Сергіевіча (усе 1978), «Марыя Багдановіч з сынам Максімам» (1981—82), бацькоў Я.Купалы і Я.Коласа (ўсе 1982), У.Сыракомлі, «В.Дунін-Марцінкевіч з дачкой Камілай» (абодва 1983), С.Кібіцкага (1991); пейзажаў «Рака Бярэзіна каля Докшыц», «Камяні пад Докшыцамі» (1991); нацюрмортаў, трыпціха «Спакон вякоў» (1982). У 1990-я г. стварыў карціны, прысвечаныя Заслаўю, маляваныя дываны. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980. Іл.гл.таксама да арт.Нацюрморт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «РУСКІ БАЛЕ́Т».
Створаны ў 1981 як Ансамбль Класічнага балета Маскоўскай абл. філармоніі; з 1984 наз. Ансамбль «Маскоўскі балет», з 1988 сучасная назва. Маст. кіраўнікі І.Ціхамірнава (з 1981), В.Гардзееў (з 1984). У рэпертуары класічныя, у т. л.рус., балеты «Жызэль» А.Адана, «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, «Дон Кіхот» і «Баядэрка» Л.Мінкуса, карціны і фрагменты з балетаў «Пахіта» Э.Дэльдэвеза, «Сільфіда» Ж.Шнейцгофера, «Эсмеральда» Ц.Пуні, «Шчаўкунок» Чайкоўскага, «Вальпургіева ноч» з оперы «Фауст» Ш.Гуно; 1-актовыя балеты «Нечаканыя манеўры, або Вяселле з генералам» на муз. Дж.Расіні, «Тэатр Карабаса» на муз. І.Штрауса, «Карціны, якія ажылі» на муз. І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля і В.А.Моцарта, а таксама канцэртныя нумары «Паганіні» на муз. Гендэля, «Мужчыны і жанчына» на муз. Г.Свірыдава, «Мелодыя кахання» на нар. аргенцінскую музыку (усе ў паст. Гардзеева). Сярод салістаў: С.Анкудзінаў, М.Багданава, К.Дурнеў, Я.Казанцава, А.Казлоў, І.Лузганава, А.Рабаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫ́ННАЯ ГРА́ФІКА,
сукупнасць метадаў стварэння, захоўвання і апрацоўкі на ЭВМ (у т. л. ўвод/вывад) інфармацыі, якая мае форму відарысаў, графікаў і інш. Выкарыстоўваецца ў прамысл. сістэмах аўтаматызаванага праектавання для стварэння мадэляў новых вырабаў, у навук. і інж. даследаваннях, бізнесе, рэкламнай справе, індустрыі забаў, мастацтве.
Станаўленне М.г. як навук. кірунку адбылося ў сярэдзіне 1960-х г. М.г. звязана з выкарыстаннем сродкаў выліч. тэхнікі, якія інтэнсіўна развіваюцца, і з неабходнасцю апрацоўкі вельмі вял. аб’ёмаў інфармацыі за кароткі час. Выкарыстоўвае вынікі ў галіне структур даных, аперацыйных сістэм, моў праграмавання, геам. мадэліравання і інш.Асн.тэхн. сродкі: графічныя дысплеі, сканеры, графапабудавальнікі, прынтэры, дыгітайзеры. Праграмныя сродкі залежаць ад галіны іх выкарыстання.
На Беларусі работы ў галіне М.г. пачаты ў 1960-я г. ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, дзе створаны першыя графапабудавальнікі і вектарныя дысплеі, распрацаваны пакеты праграм для фарміравання маш.-буд. чарцяжоў і рашэння графічных і геам. задач. Гл.таксамаЛічбавая апрацоўка відарысаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙДА́НАК (Majdanek),
канцэнтрацыйны лагер, створаны ў прадмесці г. Люблін (Польшча) у 2-ю сусв. вайну восенню 1941 паводле загаду Г.Гімлера. Першапачаткова прызначаўся для сав. ваеннапалонных, у хуткім часе ператвораны ў лагер масавага знішчэння людзей. Меў 6 філіялаў. На тэр. лагера адначасова знаходзілася каля 35 тыс. вязняў. Дзейнічалі 7 спец. абсталяваных газавых камер для ўдушэння людзей. Усяго праз лагер прайшлі каля 500 тыс.чал. з 22 еўрап. краін, з іх загінулі каля 350 тыс.чал., у т. л. 200 тыс. яўрэяў, 120 тыс. палякаў. У крас. 1944 пачата эвакуацыя вязняў у інш. лагеры. 23.7.1944 у М. увайшлі часці 1-га Бел. фронту. У 1947 на тэр.б. лагера створаны дзярж. музей, у 1969 адкрыты «Помнік барацьбы і пакутніцтва» (паводле праекта В.Толкіна) разам са «Шляхам пакланення і памяці», а таксама Маўзалей-пантэон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДА́Я БЕЛАРУ́СЬ»,
заходнебеларускі літаратурна-грамадска-навуковы часопіс. Выйшаў 1 нумар у 1936 у Вільні на бел. мове. Рэдактар В.Тумаш. Меў на мэце кансалідацыю маладых літ. і навук. сіл на грунце нац. ідэі. Ухваляў намаганні розных арг-цый (Т-вабел. школы, Бел. ін-та гаспадаркі і культуры і інш.) у барацьбе за бел. школу, асвятляў стан і задачы нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі (арт. «Інтэлігенцыя ў беларускім культурна-грамадскім жыцці» М.Шкялёнка, «Ці існуе крызіс беларускага руху?» В.Грышкевіча), знаёміў з гісторыяй бел. летапісаў, у т. л. з уключанымі ў іх аповесцямі і апавяданнямі (Я.Станкевіч). Змясціў артыкулы Р.Шырмы «Мастацкая песня ў Заходняй Беларусі» (пра творчасць кампазітара К.Галкоўскага), С.Станкевіча пра стан бел. паэзіі 1920-х г., маст. творы А.Александровіча, М.Васілька, П.Галавача, Х.Ільяшэвіча, М.Машары, М.Танка, а таксама хроніку культурнага жыцця ў Зах. Беларусі і БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЮ́ЦІН (Сяргей Васілевіч) (4.10.1859, Масква — 6.12.1937),
расійскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1883—86) у І.Пранішнікава і У.Макоўскага, у 1903—17 выкладаў у гэтым вучылішчы, у 1918—23 у Вышэйшых мастацка-тэхн. майстэрнях. Чл Саюза рус. мастакоў (1903), Т-ва перасоўных маст. выставак (1915), адзін з заснавальнікаў Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Карціны М. 1890-х г. блізкія да лірычных жанравых твораў позніх перасоўнікаў («Па этапу», 1890; «Сяброўкі», 1893). Як партрэтыст эвалюцыяніраваў ад свабоднага дынамічнага жывапісу 1900-х г. («Аўтапартрэт», 1901) да строгай манументалізаванай манеры 1910—20-х г., якая дазваляла больш дакладна выявіць артыстызм і інтэлектуальнасць мадэлі (партрэты М.Несцерава, 1913; Дз.Фурманава, 1922; В.Бялыніцкага-Бірулі, 1929; «Партызан», 1936, і інш.). Працаваў таксама ў галінах кніжнай графікі (іл. да твораў А.Пушкіна «Казка пра цара Салтана» і «Руслан і Людміла», 1898), дэкар.-прыкладнога, тэатр. мастацтва і архітэктуры, у якіх прытрымліваўся нац.-рамант. лініі стылю мадэрн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКАЯ МО́ВА,
адна з мангольскіх моў. Афіц. мова Манголіі (з 1921; на аснове халхаскага дыялекту). Пашырана таксама ў аўт. раёне Кітая Унутр. Манголіі і шэрагу інш. правінцый. Сфарміравалася ў 14—16 ст. на аснове аднаго з дыялектаў стараж.-манг. мовы. Мае 2 групы дыялектаў: свісцяча-шыпячыя, у гукавым складзе якіх ёсць свісцячыя і шыпячыя зычныя (халхаскі на тэр. Манголіі, шылінгольскі, кукунорскі на тэр. Кітая), і шыпячыя дыялекты, у якіх адсутнічаюць афрыкаты дз, ц (чахарскі, харачынскі, ардоскі на тэр. Кітая). У фанетыцы — сінгарманізм, доўгія і кароткія галосныя, дыфтонгі; у марфалогіі — аглюцінацыя, адсутнасць катэгорыі роду, асабова-прэдыкатыўных часціц, развітая сістэма станаў дзеяслова, дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў; у сінтаксісе — пастаноўка дзейніка перад выказнікам, паясняльнага слова перад паяснёным. Пісьмовая літ. мова манголаў — старапісьмовая М.м. (гл.Мангольскае пісьмо); ёй карыстаюцца ва Унутр. Манголіі. З 1945 у Манголіі ўведзена новае пісьменства на аснове рус. графікі.
Літ.:
Санжеев Г.Д. Современный монгольский язык. 2 изд. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАНЫ́ЛЫ»
(«Manyly»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгады «Штурмавая» і мясц. насельніцтва ў раёне в. Манылы і ў Маныльскім лесе (Лагойскі р-н), а таксама ў Барысаўскім, Плешчаніцкім і Смалявіцкім р-нах Мінскай вобл. 2—14.4.1943 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі 2-га паліцэйскага палка з прыдадзенай яму танк. ротай, 2 мінамётнымі і 1 сапёрным узводамі. Ажыццяўлялася ў 3 этапы, кожны з якіх меў кодавую назву: «М.» — 2—4 крас., «Вясна—Поўдзень» («Lenz—Süd») — 6—8 крас. і «Вясна—Поўнач» («Lenz—Nord») — 8—14 крас. Нягледзячы на перавагу ў сілах і сродках, карнікам не ўдалося акружыць і знішчыць брыгаду. Партызаны з баямі адышлі ў паўн. напрамку. Гітлераўцы расстралялі 732 чал. ў шэрагу вёсак Лагойскага, Смалявіцкага і інш. раёнаў; 531 чал. «мабілізавалі» на катаржныя работы. Захапілі шмат жывёлы, збожжа, бульбы, разбурылі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі, у т. л. 11 млыноў, шмат якія вёскі спалілі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗО́НЫ [ад мез(а)... + (электр)он],
нестабільныя элементарныя часціцы, якія адносяцца да класа адронаў, маюць цэлалікавы спін і нулявы барыённы зарад. Да М. адносяць пі-мезоны, К-мезоны і многія рэзанансы. Да М. не адносяць мю-М. (мюоны) таму, што яны маюць спін 1/2 і не ўдзельнічаюць у моцных узаемадзеяннях.
Прадказаны ў 1935 Х.Юкавай для тлумачэння прыроды ядзерных сіл; эксперыментальна адкрыты ў 1947 у касм. прамянях С.Ф.Паўэлам. Назва звязана з тым, што першыя з адкрытых М. (пі- і К-М.) мелі масу, прамежкавую паміж масамі пратона і электрона. У далейшым былі адкрыты М., масы якіх у некалькі разоў перавышаюць масу пратона. Складаюцца з кварка і антыкварка і глюонаў. Утвараюцца пры сутыкненнях пратонаў з пратонамі ці атамнымі ядрамі, а таксама пры анігіляцыі электронаў і пазітронаў. Маюць адмоўны, нулявы або дадатны эл. зарад, роўны эл. элементарнаму зараду, і час жыцця ад 10−8 да 10−24с. Распадаюцца на больш лёгкія М., лёгкія М. і лептоны або лептоны і гама-кванты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІКАЎ (Алег Уладзіміравіч) (н. 13.7.1961, Мінск),
бел. спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1993). З 1993 саліст Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам прыгожага тэмбру поўнага дыяпазону, добрай вак. школай. Сярод партый: Дварэцкі («Візіт дамы» С.Картэса), дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Спарафучыле і Мантэроне, Рамфіс, Захарыя («Рыгалета», «Аіда», «Набука» Дж.Вердзі), Грэмін, кароль Рэнэ («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Канчак і Уладзімір Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Сальеры («Моцарт і Сальеры» М.Рымскага-Корсакава). Барыс і Пімен («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Стары катаржнік («Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіча). Выканаў таксама партыю баса ў Рэквіеме Вердзі, удзельнічаў у запісе на кампакт-дыск кантаты С.Рахманінава «Званы» (Дублін, 1996). 1-я прэміі Усесаюзнага конкурсу маладых оперных спевакоў імя Ф.Шаляпіна (1989), міжнар. конкурсаў вакалістаў у Більбао (Іспанія) і Карлавых Варах (Чэхія; абодва 1988), імя Г.Отса (1989), «Новыя галасы» (Германія) і SIEM (Жэнева; абодва 1991), імя Л.Тодзі (Партугалія, 1993) і інш.