крыягенная электроніка, адзін з кірункаў цвердацелай электронікі. Прылады К. характарызуюцца высокай адчувальнасцю, хуткадзеяннем, нізкім узроўнем цеплавых шумоў. Выкарыстоўваюцца для вымярэння магн. палёў, эл. напружанняў, інтэнсіўнасці інфрачырвонага выпрамянення ў вымяральнай і выліч. тэхніцы, ЗВЧ-апаратуры і інш.
Прынцып дзеяння прылад К. заснаваны на фіз. з’явах у цвёрдых целах пры крыягенных т-рах, напр., фазавы пераход нармальны метал — звышправаднік, квантаванне магн. патоку, Джозефсана эфект. Развіццё К. пачалося ў СССР, ЗША і інш. са стварэння ў 1953 крыятрона (мініяцюрнай пераключальнай прылады) і на яго аснове трыгера і квантрона, дзе інфармацыя запісваецца адзінкавымі квантамі магн. патоку. Ячэйка Кроу (асн. элемент крыягенных запамінальных прылад), прынцып дзеяння якой заснаваны на незатухальных эл. токах у звышправадніках, дазваляе захоўваць інфармацыю з надзвычай высокай шчыльнасцю ўпакоўкі.
На Беларусі даследаванні па праблемах К. праводзяцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН і Бел.дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РБСКІ (Андрэй Міхайлавіч) (1528—83),
расійскі ваен. і паліт. дзеяч, пісьменнік-публіцыст. Князь. З смаленска-яраслаўскіх князёў, нашчадак Рурыкавічаў. У 1540—50-я г. прыбліжаны цара Івана IV Грознага, чл. Выбранай рады. Удзельнік Казанскіх паходаў 1545—52. У Лівонскую вайну 1558—83 з 1561 узначальваў рас. войскі ў Прыбалтыцы, у 1562 кіраваў паходам на Віцебск, потым ваявода ў г. Юр’еў (цяпер Тарту, Эстонія). Баючыся магчымых рэпрэсій (гл.Апрычніна), К. ў 1564 уцёк у ВКЛ. Атрымаў у часовае карыстанне вял. маёнткі, у т. л. Крэўскае староства, г. Ковель і інш.Чл. каралеўскай рады Рэчы Паспалітай. Удзельнічаў у паходах Стафана Баторыя супраць рас. войск у 1576 і 1581. Быў двойчы жанаты з прадстаўніцамі мясц. знаці Беларусі. Як праваслаўны выступаў супраць ідэй Рэфармацыі. Аўтар трох пасланняў да Івана IV (1564—79), у якіх асуджаў жорсткасць і дэспатызм цара, антысамаўладніцкага памфлета «Гісторыя пра вялікага князя Маскоўскага» (1573) і інш. твораў.
Тв.:
Переписка Ивана Грозного с Андреем Курбским. Л., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСТО́ДЗІЕЎ (Барыс Міхайлавіч) (7.3.1878, г. Астрахань, Расія — 26.5.1927),
расійскі жывапісец, графік і тэатр. мастак. Скончыў Пецярбургскую АМ (1903), дзе вучыўся ў І.Рэпіна. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1909). Чл. Саюза рус. мастакоў (э 1907), аб’яднання «Свет мастацтва» (з 1911), Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1923). У 1905—07 супрацоўнічаў з сатыр. часопісамі. З 1906 пісаў карціны на тэмы святочнага сял. і мяшчанскага побыту («Кірмаш», «Сялянскія святы», «Масленіцы», «Балаганы»), якія вызначаліся яркай шматколернасцю, жыццёвай дакладнасцю, блізкасцю да мадэрну. Стварыў збіральныя вобразы-тыпы купецкай Расіі: «Купчыхі» (1912), «Прыгажуня» (1915), «Купчыха за гарбатай» (1918) і інш. Распрацаваў жанр партрэта-карціны (аўтапартрэт, 1912; партрэты А.І.Анісімава, 1915; Ф.Шаляпіна, 1922). Аўтар інтымна-лірычных партрэтаў І.Кустодзіевай, Ю.Кустодзіевай з дачкой (абодва 1906) і інш. Звяртаўся да сав. тэматыкі («Бальшавік», 1920) і інш. Аўтар літаграфій, лінарытаў, кніжных ілюстрацый. Афармляў тэатр. спектаклі. У Нац.маст. музеі Беларусі 11 жывапісных і 16 графічных твораў К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ХАРАЎ (Уладзімір Іванавіч) (н. 18.11.1916, в. Задзетуні Віцебскага р-на),
бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1938). Працуе ў жанрах партрэта, тэматычнай карціны. Творы вызначаюцца манументальнасцю вобразаў, абагульненасцю пластычнай трактоўкі форм, графічнасцю, дэкаратыўнасцю колеру. Стварыў галерэю партрэтаў знакамітых людзей Віцебшчыны: Герояў Сав. Саюза К.С.Заслонава (1946), Е.С.Зяньковай (1958), М.Ф.Сільніцкага (1964), В.З.Харужай (1965), З.М.Партновай (1969), М.П.Шмырова (1972), А.К.Гараўца (1975), І.П.Собалева (1977), А.Ф.Данукалава (1982), нар. артыста СССР Ф.Шмакава (1965), нар. артыстаў Беларусі М.Бялінскай (1952) і Г.Маркінай (1965), партызан, вучоных, перадавікоў вытв-сці, спартсменаў і інш. У тэматычных карцінах увасобіў сімвалічныя вобразы Вял.Айч. вайны: «У засценках гестапа» (1945), «Віцебшчына. Год 1941» (1974), «Маці (Хатынь)» (1978). Шэраг твораў прысвяціў рэвалюцыі 1917. Тэма стараж. гісторыі ў карцінах «Францыск Скарына» (1989), «Княгіня Вольга» (1991).
М.Л.Цыбульскі.
У.Кухараў. Бацька Мінай (Герой Савецкага Саюза М.П.Шмыроў). 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАДЫ́ГІНА (Арыядна Барысаўна) (н. 2.3.1927, Мінск),
бел. вучоны-эстэтык, музычны крытык і педагог. Дачка Б.І.Ладыгіна. Д-рфілас.н. (1976). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1950). Выкладала ў Саратаўскім муз. вучылішчы, Маскоўскай і Казанскай кансерваторыях. З 1958 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АНБеларусі. З 1963 у Бел. акадэміі музыкі (з 1978 праф.). Даследуе праблемы народнасці мастацтва, пераемнасць культур (пераважна на матэрыяле бел. музыкі), гісторыю бел.муз.т-ра. Выступае як муз.-тэатр. крытык.
Тв.:
Народнасць савецкага мастацтва і беларуская музыка. Мн., 1961;
Искусство и современность. Мн., 1964;
Искусство: Диалектика преемственности. Мн., 1979 (разам з В.В.Грыніным);
О преемственности в искусстве. М., 1982 (з ім жа);
Книга по эстетике для музыкантов. М.;
София, 1983 (у сааўт.);
Искусство в системе духовных ценностей общества. М., 1986 (разам з В.В.Грыніным);
Le caractére populaire de l’art socialiste // Actes du VIIe congrés International d’esthétique. Bucarest, 1977. T. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНЫ ДЫЗА́ЙН,
галіна творчай дзейнасці, накіраваная на фарміраванне прадметна-прасторавага асяроддзя; маст. канструяванне дэталей культ. ландшафту. Аб’екты Л.д. — пластыка рэльефу (ландшафтная скульптура), дрэва-куставыя і кветкавыя кампазіцыі, малыя формы ў архітэктуры з насаджэннямі (пергалы, трэльяжы, вазы, кашпо і інш.), дэкар. скульптура, фантаны, басейны, каскады, элементы візуальнай інфармацыі ў парку, садовая мэбля і інш.
Вылучыўся ў 1960-я г. Развіты ў-Францыі, Германіі, Фінляндыі, Японіі і інш. краінах Сярод прыкладаў на Беларусі: у Мінску — добраўпарадкаванне набярэжнай р. Свіслач, каскады на Сляпянскай воднай сістэме, бульвар па вул. Пуліхава; добраўпарадкаванне плошчы і вуліц у г. Ліда Гродзенскай вобл., гіст.ч. Віцебска; дэкар. вадаём, газоны, кветнікі на цэнтр. плошчах вёсак Домжарыцы Лепельскага р-на Віцебскай вобл. і Верцялішкі Гродзенскага р-на. Новым аб’ектам Л.д. сталі ўчасткі садова-дачнага і катэджавага буд-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПАТО́ (Георгій Паўлавіч) (н. 23.8.1924, в. Азершчына Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне вылічальнай тэхнікі і інфарматыкі. Чл.-кар.Нац.АНБеларусі (1995), чл.-кар.Рас.АН (1979). Д-ртэхн.н. (1976), праф. (1980). Скончыў Маскоўскі энергет.ін-т (1952). З 1959 на Мінскім з-дзе ЭВМ. У 1969—72 дырэктар Мінскага філіяла Н.-д. цэнтра электроннай выліч. тэхнікі. З 1972 у НДІЭВМ (у 1972—87 дырэктар), адначасова ў Мінскім радыётэхнічным ін-це. У 1992—95 дырэктар навук.-інж. цэнтра «Нейракамп’ютэр», з 1995 у Ін-це сучасных ведаў. Навук. працы па распрацоўцы і вытв-сці ЭВМ сям’і «Мінск», ЭВМ Адзінай сістэмы, выліч. комплексаў, сістэм і сетак, аўтаматызацыі праектавання ЭВМ. Гал. канструктар ЭВМ «Мінск-1», шматмашынных сістэм «Мінск-222», сістэмы калект. карыстання «Нарач», шэрагу рухомых (бартавых ЭВМ), спец.выліч. комплексаў. Дзярж. прэмія СССР 1970.
Тв.:
Вычислительная техника в Белоруссии // Информационные технологии и вычислительные системы. 1997. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІНІ́ЗМ,
слова ці выраз, што перайшлі з лацінскай мовы як запазычанні ці ў выглядзе словаўтваральных, семантычных або сінтакс. калек. У ранні перыяд развіцця бел. мовы гал. роля ва ўзбагачэнні яе тэрміналогіі Л. належала польскай мове, з 2-й пал. 16 ст. ў сувязі з пашырэннем на тэр.Беларусі грамадскіх і культ. функцый лац. мовы Л. запазычваліся і непасрэдна праз пісьмовую і вусную мовы. У 14—18 ст. Л. значна папоўнілася бел. грамадска-паліт., юрыд., канцылярская («депутатъ», «статутъ», «секретаръ») і сац.-эканам. («аренда», «сума») лексіка, атрымала новыя сродкі выражэння тэрміналогія навукі, л-ры, мастацтва («веригъ», «нота», «студентъ»). Многія старыя Л. захаваліся ў бел. мове да нашага часу. У 19—20 ст. крыніцай Л. для бел. мовы стала рус. мова, з якой запазычваюцца пераважна інтэрнацыяналізмы («інфляцыя», «эвалюцыя»). Спецыфічная прыкмета Л. — канцавыя спалучэнні «-ум» («пленум»), «-ус» («корпус»), «-ент» («апанент»), «-цыя» («градацыя»), «-тар» («экватар») і інш.
Літ.:
Булыка АМ. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Віктар Цімафеевіч) (н. 13.1.1932, г. Арол, Расія),
бел. акцёр. Нар.арт.Беларусі (1992). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1955). З 1956 працуе ў Бел. т-ры юнага гледача. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Яго творчасць адметная спалучэннем псіхал. аналізу з выразным знешнім малюнкам. Ролі будуе на эмацыянальных кантрастах, тонка адчувае жанравыя асаблівасці твора. Сярод роляў: Трахім («Прымакі» Я.Купалы), Кароль, Самахвальскі («Цудоўная дудка», «Несцерка» В.Вольскага), Халімон («Подых навальніцы» І.Мележа), Кароль («Сярэбраная табакерка» З.Бядулі), Анатоль, Андрэй («Папараць-кветка», «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела), Круціцкі, Рыспаложанскі («На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Банкрут» А.Астроўскага), Румін («Дачнікі» М.Горкага), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Фёдар («У пошуках радасці» В.Розава), Пратэй, Мальволіо («Два веронцы», «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Панталоне («Зялёная птушка» К.Гоцы), Трэлані, Ліўсі («Востраў скарбаў» Р.Стывенсана), Артур («Авадзень» паводле Э.Войніч), Юліус («Новыя прыгоды Карлсана» паводле А.Ліндгрэн) і інш. Здымаецца ў кіно і на тэлебачанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ВІН (Барыс Міхайлавіч) (29.6.1914, г. Віцебск — 22.11.1990),
бел. акцёр. Засл. арт.Беларусі (1967). Скончыў Бел. студыю пры Цэнтр.тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). У 1931—38 працаваў у Віцебскім ТРАМе, БДТ-3, Бел. т-ры юнага гледача імя Крупскай, у 1938—83 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Выканаўца вострахарактарных і камед. роляў. Валодаў майстэрствам стварэння падкрэслена вонкавага малюнка ролі з выкарыстаннем розных камед. сродкаў (гратэск, буфанада і інш.). Найб. значныя ролі ў т-ры імя Я.Коласа ў нац. драматургіі: Паніч («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), пан Бараноўскі («Несцерка» В.Вольскага), Рабінін («Святло з Усходу» П.Глебкі), Дзед («Зацюканы апостал» А.Макаёнка), Альховік («Трывога» А.Петрашкевіча). Сярод інш. роляў: Карэнін («Жывы труп» Л.Талстога), князь Валкоўскі («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага), Прапацей і Бабаедаў («Ягор Булычоў і іншыя» і «Ворагі» М.Горкага), герцаг Албанскі і Кісель («Кароль Лір» і «Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра), Вурм («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Благое («Доктар філасофіі» Б.Нушыча) і інш.