тэорыя дзярж. рэгулявання эканомікі. Асн. палажэнні сфармуляваны Дж.М.Кейнсам у кн. «Агульная тэорыя занятасці, працэнта і грошай» (1936). К. даследуе колькасныя сувязі такіх макраэканам. велічынь, як капіталаўкладанні і нац. даход, інвестыцыі і занятасць насельніцтва, нац. даход, спажыванне і зберажэнне, сукупная колькасць грошай у абарачэнні, узровень цэн, заработная плата, прыбытак і працэнт і інш. У К. аналізуюцца не столькі індывід. паводзіны ўдзельнікаў эканам. працэсу, колькі суадносіны паміж сукупным попытам і прапанаваннем. Кейнс сцвярджаў, што з прычын псіхал. схільнасці людзей да зберажэння, спажыванне расце больш павольна, чым даходы. Павелічэнне нац. даходу вядзе не да росту попыту, а да росту зберажэнняў. Калі рост зберажэнняў не кампенсуецца ростам інвестыцый, даход зніжаецца і ўзмацняецца беспрацоўе. Кейнс выказаў таксама ідэю эканам. раўнавагі рыначнай сістэмы ва ўмовах няпоўнай занятасці і сцвярджаў, што ў канкурэнтнай эканоміцы не існуе механізма, які б гарантаваў поўную занятасць. Каб пазбегнуць масавага беспрацоўя, ён лічыў неабходным умяшанне дзяржавы, якая, на яго думку, павінна стымуляваць попыт на тавары шляхам фінансавання інвестыцый з бюджэту і такім чынам уздзейнічаць на рост вытворчасці. К. зрабіла значны ўплыў на эканам. палітыку краін з развітой рыначнай гаспадаркай. Сярод вядучых прадстаўнікоў К.Л.Клейн, Ф.Мадыльяні, П.Сэмуэльсан, Дж.Тобін і інш.Шэраг палажэнняў К. былі скарэкціраваны і развіты ў неакейнсіянстве.
Літ.:
Эклунд К. Эффективная экономика — Шведская модель: Пер со швед.М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КОНТРРЭФО́РМЫ»,
заканадаўчыя пераўтварэнні ў Расійскай імперыі ў 1880 — пач. 1890-х г., накіраваныя на абмежаванне і перагляд бурж. рэформ 1860—70-х г., на ўмацаванне ўлады самадзяржаўя і дваран. 27.8.1882 прыняты часовыя правілы аб друку, якія ўводзілі т. зв. «карную цэнзуру». У 1884 новы універсітэцкі статут скасаваў аўтаномію ВНУ. У 1885 заснаваны Дваранскі зямельны банк з мэтай падтрымкі дваранскага землеўладання. У 1886 уведзены абмежаванні сямейных падзелаў для сялян і закон аб найме с.-г. рабочых. У 1887 павышаны цэнз для выбрання прысяжных засядацеляў у судзе. Цыркуляр ад 18.7.1887 аднавіў у пачатковых і сярэдніх школах саслоўныя прынцыпы. 12.7.1889 прыняты закон аб земскіх начальніках, скасаванні ін-та міравых судоў і ўстанаўленні кантролю павятовых прадвадзіцеляў дваранства над павятовымі з’ездамі земскіх начальнікаў. У 1889 з вядзення суда прысяжных забраны шэраг судовых спраў (асабліва тых, якія датычылі супраціўлення ўладам) і абмежавана публічнасць судоў. 12.6.1890 ўведзены саслоўныя курыі для выбаршчыкаў, сяляне былі пазбаўлены права непасрэднага выбару земскіх гласных. Законам ад 11.6.1892 ніжэйшыя слаі выключаны з гарадскіх выбаршчыкаў. На Беларусі, дзе ў сувязі з паўстаннем 1863—64 дзейнічаў рэжым выключных законаў, «К.» ўводзіліся пазней і з істотнымі адступленнямі. Напр., суд прысяжных і судовыя статуты тут ўведзены ў 1883, ін-т земскіх начальнікаў — у 1900 і толькі ў Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губ. Земскае палажэнне 1890 наогул не было пашырана На Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САКІ (Kossacy),
польскія жывапісцы, бацька і сын.
Фартунат Юліуш (15.12.1824, в. Вісніч, каля г. Кракаў, Польшча — 3.2.1899). Вучыўся жывапісу ў Я.Машкоўскага, у 1855—61 у Парыжы ў А.Вернэ. У 1862—68 кіраўнік маст. аддзела варшаўскага час. «Tygodnik ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»). Шмат падарожнічаў, у т. л. па Беларусі. У творчасці вял. ўвагу аддаваў гіст. жанру, напісаў шэраг батальных карцін з гісторыі Польшчы і ВКЛ 15—17 ст., вайны 1812: «Уладзіслаў Ягайла пад Грунвальдам» (1862), «Выручэнне Смаленска» (1879), «Сабескі пад Венай» (1882), «Т.Тышкевіч пераходзіць Дзвіну» (1890), «Уезд Яна III у Вену» (1897) і інш. Аўтар партрэтаў, ілюстрацый да твораў Г.Сянкевіча, А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, Дж.Байрана. Войцех Гарацый (1.1.1857, Парыж — 29.7.1942), сын Фартуната Юліуша. Вучыўся жывапісу ў Кракаве (1871—73), Мюнхене (1874), Парыжы (1877—83). У 1894—1902 працаваў па заказах імператара Вільгельма II у Германіі. З 1916 праф. школы прыгожых мастацтваў у Варшаве, потым працаваў у Кракаве. Гал. месца ў творчасці займалі гіст. і батальны жанры, найб. ўвагу аддаваў напалеонаўскім войнам, паўстанням 1830—31 і 1863—64 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. Сярод твораў: «Успаміны з дзяцінства» (1891), «Крывавая нядзеля ў Пецярбургу» (1905) і інш. Сааўтар батальных панарам на тэму паўстання 1794 «Рацлавіцы» (1892—94) і вайны 1812 «Пераход цераз Бярэзіну» (1895—96).
А.Л.Варатнікова.
Да арт.Косакі. Ф.Косак. Ілюстрацыя да рамана Г.Сянкевіча «Патоп».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
частка Мінскага ўзвышша на Пн Мінскай вобл. Абмежавана на ПнУ скразной далінай Ілія—Гайна, на Пн і ПнЗНарачана-Вілейскай нізінай, на ПдУВерхнебярэзінскай нізінай, на ПдЗ змыкаецца з Радашковіцкім узвышшам, на Пд паступова пераходзіць у цэнтр.ч. Мінскага ўзв. Сярэдняя выш. да 250 м, найвыш. пункт 342 м (Лысая гара). Л.ў. — ч. водападзела паміж рэкамі бас. Балтыйскага і Чорнага мораў.
У тэктанічных адносінах Л.ў. прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Бел. антэклізы. Асадкавы чахол складзены з глініста-мергельных парод сярэдняга дэвону, на Пд невял. ўчасткі альб-сенаманскіх адкладаў мелавой сістэмы. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць да 200—280 м) складзена ледавіковымі (у асноўным сожскага зледзянення) адкладамі, сярод іх пераважаюць валунныя суглінкі і супескі; на схілах перакрыта лёсападобнымі пародамі (магутнасць 3—5 м).
У рэльефе вылучаецца шэраг дугападобных канцова-напорных град з групамі буйных купалападобных узгоркаў (адносныя выш. 30—35 м); сярэднеўзгорысты і ўвалісты рэльеф на выш. 250—280 м, паблізу рачных далін парэзаны глыбокімі ярамі і лагчынамі. Уздоўж далін невял. ўчасткі плоскаўвагнутых зандравых раўнін. На ўзвышшы пачынаюцца рэкі бас. Дняпра — Гайна з прытокам Усяжа, Вяча; бас. Нёмана — Ілія з прытокам Рыбчанка. Пашыраны дзярновыя моцна- і сярэднеападзоленыя глебы. На вяршынях град і ўзгоркаў змытыя валунныя і друзаватыя глебы. Мяшаныя і ялова-хваёвыя лясы захаваліся невял. ўчасткамі. Пад ворывам да 40% тэрыторыі.
В.П.Якушка.
Лагойскае ўзвышша каля в. Дуброва Смалявіцкага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РЫ,
сродкі вымярэнняў, прызначаныя для ўзнаўлення і захоўвання фізічных велічынь зададзенага памеру. Вывучаюцца метралогіяй. Існуюць М. для даўжыні, масы, аб’ёму, эл. супраціўлення, частаты, т-ры і інш.; не маюць М. скорасць руху, мех. сіла, ціск, сіла эл. току, час, энергія, магутнасць. М. выкарыстоўваюць у якасці эталонаў, узорных сродкаў вымярэнняў і рабочых сродкаў вымярэнняў.
М. падзяляюцца на адназначныя, якія ўзнаўляюць фіз. велічыню аднаго памеру (ripa, вымяральная колба), мнагазначныя, што ўзнаўляюць шэрагаднайм. велічынь аднаго памеру (лінейка з дзяленнямі, кандэнсатар пераменнай эл. ёмістасці), наборы М. для ступеньчатага ўзнаўлення шэрагу значэнняў велічыні ў пэўных межах (наборы плоскапаралельных канцавых мер). Разнавіднасцю М. з’яўляюцца стандартныя ўзоры і ўзорныя рэчывы — целы або пробы рэчыва пэўнага саставу, адно з якіх пры належных умовах характарызуецца велічынёй з вядомым значэннем (узоры цвёрдасці, шурпатасці і да т.п.). М., прызначаная для параўнання з ёю памераў, формы і размяшчэння паверхняў дэталей з мэтай вызначэння іх годнасці, наз.калібрам. Значэнне дадзенай фіз. велічыні, абазначанае на М., з’яўляецца намінальным значэннем М. Сапраўднае значэнне М. атрымліваюць пры яе вымярэнні з выключэннем сістэматычных хібнасцей і давядзеннем да мінімуму выпадковых хібнасцей. Хібнасць вызначэння сапраўднага значэння наз. хібнасцю атэстацыі М. Хібнасць М. — гэта рознасць паміж намінальным і сапраўдным значэннем М. У залежнасці ад хібнасці атэстацыі М. падзяляюцца на разрады, а хібнасць М. з’яўляецца асновай для падзелу іх на класы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ ПРА́ВАпублічнае,
сукупнасць юрыд. норм і прынцыпаў, якія рэгулююць адносіны паміж дзяржавамі і паліт. ўтварэннямі дзярж.-прававога характару. Гал. суб’ектамі М.п. з’яўляюцца дзяржавы. М.п. як асобая сістэма прававых норм не ўваходзіць у якую-н. нац. сістэму права і не ўключае ў сябе нормы нац. права. Аднак пачынаючы з 1920-х г.шэраг дзяржаў абвясцілі прамое дзеянне агульнапрызнаных норм М.п. на іх тэрыторыі і прыярытэт такіх норм над нац. заканадаўствам. У іншых краінах нормы М.п. ўключаюцца апасродкавана. Крыніцамі М.п. з’яўляюцца міжнар. дагаворы і міжнар.-прававыя звычаі, дапаможнымі крыніцамі — акты міжнар. арг-цый, рашэнні міжнар. судовых і арбітражных органаў, міжнар.-прававая дактрына.
Асн. прынцыпы М.п. замацаваны ў Статуце ААН. 25-я сесія Ген. Асамблеі АА́Н (1970) прыняла Дэкларацыю аб прынцыпах М.п. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (арт. 8) прызнала прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў М.п. і абвясціла, што адпаведнасць нац. заканадаўства нормам М.п. будзе забяспечана. Выкананне М.п. яго суб’ектамі забяспечваецца індывідуальным або калектыўным прымусам з боку ўсяго міжнар. супольніцтва, межы і формы якога вызначаюцца ў працэсе сумеснай нарматворчасці. Нормы М.п. рэгулююць адносіны дзяржаў ва ўмовах і ў сферы як супрацоўніцтва, так і барацьбы. Да гэтай галіны адносін належаць нормы і прынцыпы, якія рэгулююць парадак вырашэння спрэчак, паводзіны дзяржаў у час узбр. канфліктаў, і ўстанаўліваюць формы і віды адказнасці за правапарушэнні, і да т.п. Гл. таксама Міжнароднае прыватнае права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЖНЕСІЛЕ́ЗСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальныя дзеянні войск 1-га Укр. фронту (каманд. Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) 8—24 лют.; частка стратэг. наступлення сав. войск у Еўропе ў студз.—сак. 1945 у 2-ю сусв. вайну. Падрыхтавана ў ходзе завяршэння Вісла-Одэрскай аперацыі 1945. Мела на мэце: разгром процістаячай групоўкі праціўніка, выхад на рубеж р. Нейсе і захоп зручнага плацдарма для далейшага наступлення. У паласе наступлення абараняліся ням. 4-я танк. і 17-я арміі групы армій «Цэнтр» (каманд. ген.палк. Ф.Шорнер), корпус 9-й арм. групы армій «Вісла». Гал. ўдар сав. войскі наносілі з двух плацдармаў на Одэры — на Пн і на Пд ад Брэслаў (Вроцлаў). З левага фланга наносіўся трэці ўдар з плацдарма на ПдЗ ад Опельна (Аполе). У першы дзень наступлення 8 лют.сав. войскі прарвалі абарону праціўніка ў цэнтры і на правым флангу; на левым флангу дзейнічалі менш паспяхова і 10 лют. перайшлі да абароны. Гал. сілы разграмілі падыходзячыя рэзервы праціўніка і да 15 лют. паглыбіліся ў яго абарону на 60—100 км, занялі шэраг гарадоў Ніжняй Сілезіі, акружылі буйныя ням. гарнізоны, якія пазней былі ліквідаваны. Да 24 лют. войскі фронту выйшлі на р. Нейсе на адну лінію з войскамі 1-га Бел. фронту і занялі выгаднае аператыўна-стратэг. становішча для далейшага наступлення на Берлінскім напрамку. Верхнесілезская (Опельнская) групоўка ням.-фаш. войск, што супрацьстаяла фронту, ліквідавана ў ходзе Верхнесілезскай аперацыі 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСХА́ЛІІ,
табліцы дат святкавання Вялікадня (Пасхі). Складаюцца хрысціянскай царквой на шмат гадоў наперад згодна з пастановаю Нікейскага сабора (325). Паводле пастановы Вялікдзень належыць адзначаць у 1-ю нядзелю, «наступную за поўняй, якая супадае з веснавым раўнадзенствам ці бывае пасля яго», але не павінен супадаць з яўр. пасхай. Шэраг цэркваў складае П. паводле юліянскага календара (Руская, Балгарская, Сербская, Іерусалімская правасл. цэрквы і інш.), каталіцкія і пратэстанцкія — паводле грыгарыянскага. Гэта выклікае разыходжанні ў часе святкавання Вялікадня рознымі хрысціянскімі цэрквамі (гл.табл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ШЧЫЦ (Фердынанд) (10.12.1870, б. маёнтак Багданава, Валожынскі р-н Мінскай вобл. — 30.10.1936),
жывапісец, графік, тэатр. мастак і педагог. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі, Польшчы, Літвы. Вучыўся ў К.Ермалаева ў Мінску, скончыў Пецярбургскую АМ (1897). Праф. Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве (1904—07), Кракаўскай АМ (1907—08), аддзялення прыгожых мастацтваў Віленскага ун-та (1919—32). У творчасці наследаваў традыцыі бел., рус., польскага, франц. мастацтва, у некат. творах адметны ўплыў мадэрну. Сац. матывы гучаць у творах «Каля касцёла» (1899), «У свет» (1901), «Эмігранты» (1902), эпічнасць і сімволіка — у творы «Зямля» (1898). Лірычнасцю і эмацыянальнай выразнасцю вызначаюцца пейзажы «Вясна» (1897, 1907), «Млын зімою» (1897), «Млын ноччу» (1898), «Млын» (1899), «Пустка (Асенні вецер)», «Восень» (абодва 1901), «Зімовая казка» (1904), «Лясны ручай», «Берагі Вілейкі». Рэаліст. паказам роднай прыроды вылучаюцца карціны «Мінск зімою» (1895), «Крэва» (1899), «Мост зімою» (1901), «Былое» (1903), «Багданава» (1905), «Зіма», «Бледнае сонца» і інш. Творам уласцівы лаканізм і прастата кампазіцыі, выдатныя каларыстычныя якасці. Працаваў таксама ў графіцы: выконваў ілюстрацыі да перыяд. выданняў Вільні, Варшавы, Кракава; аўтар станковых работ «Залаты пакой» (1913), «Сям’я», «Аўтапартрэт», «Дрэвы над вадой» і інш. Аформіў шэраг спектакляў у т-ры Н.Младзяёўскай-Шчуркевіч у Вільні: «Ліля Венеда» (1909), «Князь Нязломны» (1910) і «Балядына» (1914) Ю.Славацкага, «Вяселле» (1910), «Варшавянка» (1914) і «Лістападаўская ноч» (1930) С.Выспянскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЛІДА́РНАСЦЬ»
(Solidarność),
прафсаюзнае аб’яднанне ў Польшчы, якое сваёй грамадска-паліт. актыўнасцю моцна паўплывала на сістэмную трансфармацыю дзярж. ладу Польшчы ў 1980—90-я г. Узнікла 17.9.1980 у г. Гданьск на хвалі забастовачнага руху як Незалежны самакіравальны прафес. саюз «С.» (старшыня Л.Валенса); афіц. зарэгістравана 10.11.1980. У канцы 1980 каля 10 млн.чл. Хутка палітызавалася, ператварылася ў масавы дэмакр. рух рабочых і інтэлігенцыі, скіраваны на процідзеянне камандна-адм. сістэме ў краіне (маральная падтрымка з боку польскай каталіцкай царквы, матэрыяльная — польскіх эмігранцкіх арг-цый, зах. прафсаюзаў і дабрачынных фондаў). У час ваен. становішча 1981—83 афіцыйна забаронена (8.10.1982), шэраг дзеячаў «С.» інтэрніраваны. Удзельнік «круглага стала» (люты — крас. 1989) паміж урадам і апазіцыяй. 17.4.1989 зноў легалізавана. Пасля перамогі на выбарах у сейм і сенат (4 і 18.6.1989), прызначэння Т.Мазавецкага прэм’ер-міністрам (24.8.1989) і выбрання Валенсы прэзідэнтам Польшчы (9.12.1990) стала кіруючай паліт. сілай краіны. У лют. 1991 старшынёй «С.» выбраны М.Кшаклеўскі (у 1995 перавыбраны). У 1996 каля 30 малых партый заснавалі Выбарчую акцыю «С.», што перамагла на парламенцкіх выбарах 21.9.1997, але на выбарах 25.9.2001 не здолела правесці ў сейм ніводнага дэпутата. Кіруючы орган — Усяпольская камісія. Уваходзіць у Міжнародную канфедэрацыю свабодных прафсаюзаў.
Літ.:
Лойко Л.В. Политическая борьба в Польше (70—80 гг.). Мн., 1995;
Часноўскі М.Э. Сістэмныя пераўтварэнні ў Рэспубліцы Польшча (1989—1999). Мн., 2000.