Камандзі́р ’начальнік вайсковай часці, падраздзялення, ваеннага судна’ (ТСБМ), къмандзе́р ’чалавек, які ў час работы любіць камандаваць іншымі’ (міёр., З нар. сл.), камандзе́р ’тс’ (Грыг., Яруш., Нас.), камандзе́рка ’жанчына ў гасціне, якая зацягвае песні, пачынае забавы, гульні, забаўнік’ (Нас.). Форма з ‑ір несумненна запазычана праз рус. мову (у якой існуе з канца XVII ст.). Форма з ‑ер, відаць, больш старая; параўн. ст.-рус. кумендеръ ’званне высокага рангу ў духоўна-рыцарскім ордэне’ (XIV ст.), ст.-польск. komender (XV ст.), хаця на яе аказала ўплыў форма камандзір, першакрыніца якой франц. commandeur ’камандзір’ (Шанскі, 2 (К), 222).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́ска ’каска’ (ТСБМ, БРС). Рус. ка́ска, укр. ка́ска. Лічыцца запазычаннем з франц. мовы. Параўн. франц. casque ’тс’ (а гэта ўзята з ісп. casca). Гл. Фасмер, 2, 206. У рус. мове гэта слова з’явілася ў XVII ст. (параўн. Шанскі, 2, К, 83–84). Ісп. casca (casco) паходзіць ад casco ’чэрап, чарапок, галава’ (звязана з дзеясловам cascar ’разбіваць’ і далей з народным лац. *quassicāre ’тс’; параўн. лац. quassō ’разбіваю’, таксама guatiō). У франц. мове была таксама вытворная форма casquette ’шапка з казырком’ (адсюль з часоў Пятра I, праз польск. мову, запазычаны кашке́т і каске́т; апошняе з франц.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катафа́лк ’катафалк’ (ТСБМ, БРС). Рус. катафа́лк, укр. катафа́лк. Запазычанне з еўрапейскіх моў (але дэталі гісторыі слова досыць спрэчныя). Фасмер (2, 210) мяркуе, што рус. слова запазычана, магчыма, непасрэдна з франц. catafalque або італ. catafalco, але ne выключаецца і пасрэдніцтва ням. Katafalk (з XVIII ст.). Шанскі (2, К, 94) зыходзіць з магчымасці непасрэднага запазычання ў рус. мове з франц. або ням. Слаўскі (2, 99) лічыць, што крыніцай запазычання ў слав. мовах з’яўляецца італ. catafalco (аб магчымых мовах-пасрэдніках ён не згадвае, хоць аб прамым запазычанні з італ. ва ўсіх выпадках наўрад ці можна думаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катлава́н ’катлаван’ (ТСБМ, БРС). Фасмер (2, 353) рус. котлова́н ’вялікая яма для закладкі фундамента’ лічыў цёмным словам. Трубачоў, у дадатках да слоўніка Фасмера, мяркуе, што яно звязана са словам котёл і рознымі варыянтамі ад колдо́бина. Шанскі (2, К, 359) лічыць котлован уласна рус. словам. Упершыню сустракаецца ў крыніцах канца XIX ст.; як антрапонім (Котлован) у XVI ст. У сучасным значэнні вядома ўжо ў Даля. Паводле Шанскага, там жа, слова з’яўляецца суфіксальным утварэннем ад прыметніка котловый (які паходзіць ад слова котел). Бел. катлава́н, укр. котлова́н, мабыць, з рус. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каўту́н ’каўтун, хвароба скуры на галаве, пры якой валасы зблытваюцца і зліпаюцца; зблытаны пук валасоў, поўсці і пад.’ (ТСБМ, БРС, Шат., Сцяшк. МГ). Рус. колту́н, укр. ковту́н ’тс’. З усх.-слав. моў запазычана польск. kołtun ’тс’ (дакладней, з укр. мовы). Паводле Фасмера, 2, 298, звязана з такімі лексемамі, як рус. колту́шка ’прывесак, падвеска’, польск. kiełtać się ’калыхацца, гайдацца’. Параўн. Брукнер, 248; Слаўскі, 2, 375. Усх.-слав. *kъlt‑unъ звязана, паводле Слаўскага, там жа, з прасл. дыял. дзеясловам *kъltati ’калыхацца, гайдацца’, вядомым толькі ў частцы слав. моў. Параўн. яшчэ Шанскі, 2, К, 216. Гл. калдун2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А́спід ’змяя, злосны чалавек’ (БРС, Нас., Бяльк., Касп.), а́спида ’змяя, злосная жанчына’, аспіднік ’злосны мужчына’, аспідзёнак ’змяёныш’ (Нас.). Рус., укр. аспид ’тс’ (укр. ’змяя’ — аспід), серб.-харв. аспида ’тс’, балг. аспид(а) ’змяя’, ст.-бел. аспідъ ’тс’; ст.-рус., ст.-слав. аспида, аспидъ ’тс’. Беларускае слова працягвае старарускае, пашыраючы, як і іншыя ўсходнеславянскія мовы, яго значэнне; старарускае з стараславянскай (Шанскі, 1, А, 160), якое з ст.-грэч. ἀσπίς, ‑ιδος, н.-грэч. ἀσπίδα (Фасмер, 1, 93; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 33; Скок, 1, 66). На грэчаскае паходжанне старабеларускага ўказвалася ў Гіст. лекс., 122.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А́ўтар (БРС), ст.-бел. авторъ з 1596 (Булыка, Запазыч.). Запазычана праз польскую мову або непасрэдна з лац. auctor. (Гіст. лекс., 104, 107). Параўн. таксама Рудніцкі, 1, 7; Фасмер, 1, 60; Шанскі, 1, А, 35–36; Собік, Poln.-rus., 168, і інш.

Аўта́р ’алтар’ (Федар., Яруш.). Запазычана вусным шляхам з польск. ołtarz, параўн. перадачу ł праз ў, а таксама польскія дыялектныя формы з націскам на апошнім складзе ołtárz, oltárz, outárz. У польскай мове праз чэшскую з лац. oltāre або ст.-в.-ням. altâri, гл. Рэчак, 44; Басай і Сяткоўскі, SFPS, 11, 18 (з літаратурай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабы́ль ’беззямельны, адзінокі чалавек’ (БРС, Касп., Шат., Бяльк.). Рус. бобы́ль ’беззямельны селянін, падзёншчык’. Укр. (ст.) боби́льрус. мовы, гл. Рудніцкі, 155). Паходжанне слова няяснае. Няпэўна Мікала, Berühr., 89: запаз. з сканд. *ƀuabóli ’здольшчык’, а таксама Мікала, Ält. Bezieh., 50 (экспрэсіўнае слова, параўн. швед. bobbe, англ. bob ’цяльпук’ і г. д.). Не лепш і Фасмер, 1, 181, які прапануе звярнуць увагу на рум. bobîlcă ’від танца’, bobîlnic ’настурка’. Супраць рум. версіі сведчыць іменна адсутнасць гэтага слова (калі не лічыць запазычання з рус.) ва ўкр. мове. Параўн. яшчэ Шанскі, 1, Б, 147–148.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Башка́ (бышка́) ’галава’ (Бяльк.). Укр. ба́шка (адкуль такі націск?), рус. башка́. Запазычанне з цюрк. baš ’галава’. Праабражэнскі, 1, 20; Фасмер, 1, 139 (там і літ-pa); падрабязна Шанскі, 1, Б, 62–63. Зыходзячы з геаграфіі слова, можна думаць пра пасрэдніцтва рус. мовы.

Ба́шка ’авечка’ (Касп.), ба́ша‑ба́ша‑ба́ша, ба́ше‑ба́ше‑ба́ше ’падзыўныя словы для авечак’ (ДАБМ, 896), таксама бась-бась-бась (Сцяшк. МГ). Рус. дыял. ба́ша ’авечка, ягня’, баш, ба́ша ’падзыўное слова для авечак’. Паводле Фасмера, 1, 138, памяншальная форма ад бара́н. Падзыўное слова тлумачыцца як другаснае па паходжанню (гл. Трубачоў, Происх., 76).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бо́хан, баха́нка, буха́нка. Рус. бо́ханец, буха́нка, бо́хон, укр. бо́хон, польск. bochen, ст.-чэш. bochnec. Здаецца, запазычанне з с.-в.-ням. vochenze, fochenze ’від пірага або белы хлеб’ (< лац. крыніцы). Запазычанне праз польск. і чэш. мовы. Некаторыя формы Праабражэнскі (1, 56), Ільінскі (ИОРЯС, 20, 3, 80) звязваюць з дзеясловам бу́хнуть, але гэта хутчэй за ўсё народная этымалогія (але параўн. Талстой, Зб. Крапіве, 274). Гл. Фасмер, 1 (пад бо́ханец, буханец, бухон); Бернекер, 67 і далей; Слаўскі, 1, 38. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Б, 240; Сцяц., Нар., 24 (дзе тлумачыцца баха́нка). Ст.-бел. бохон, бохан, бохен (Булыка, Запазыч.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)