Го́рны1 ’гаротны, сумны’ (БРС). Гэта слова ў такім значэнні не сустракаецца ў іншых слав. мовах. Яго няма ў аглядзе Трубачова (Эт. сл., 7, 57–58), дзе разглядаецца матэрыял усіх слав. моў. Таму можна думаць, што гэта самастойнае ўтварэнне на бел. глебе ад го́ра (< прасл.*gorʼe ’гора, бяда і да т. п.’).
Го́рны2 ’фанабэрысты, выхвальны’, ’прыгожанькі, прыгожы’ (КЭС). Рус.дыял.гордно́й, го́рдный ’горды’, горно́й, го́рный ’тс’, польск.garny ’горды, пераборлівы’, серб.-харв.гр́дан, гр̑дан (у розных значэннях) і г. д. Прасл.*gъrdьnъjь, якое з’яўляецца вытворным пры дапамозе прыметнікавага суфікса *‑ьnъ ад прасл. прыметніка *gъrdъ. У бел. мове (як і некаторых іншых слав.) адбылося спрашчэнне кансанантнай групы ‑рдн‑ > ‑рн‑. Агляд форм, семантыкі гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 208.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ды́ба́ць ’чыкільгаць, ісці’ (БРС, Нас.), ’павольна ісці’ (Касп., Бяльк., Сл. паўн.-зах., Жд. 2). Рус.ды́ба́ть, укр.ди́бати, польск.dybać ’падпільноўваць; падкрадвацца’, славац.dibať, серб.-харв.dibati ’хістацца, гайдацца’ і г. д. Прасл.*dybati (агляд форм і семантыкі ў Трубачова, Эт. сл., 5, 197–198). У аснове ляжыць тэарэтычная база *dъb‑ (< *dŭbo‑), якую параўноўваюць з герм.*tuppa‑ ’пучок валасоў, каса’; матывацыю гл. у Трубачова, там жа. Форма *dybati — ступень падаўжэння. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 557. Аддзеяслоўным прасл. утварэннем з’яўляецца *dyba (з рознымі значэннямі; агляд гл. у Трубачова, там жа, 197); сюды адносіцца і бел.ды́бы ’хадулі; доўгія ногі’, ды́ба ’прылада катавання’ (БРС), ’слуп у студні, на якім вісіць крук для выцягвання вядра з вадой’ (Касп.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сві́ран ‘халодны будынак, прызначаны для захоўвання збожжа, мукі і іншых прадуктаў, а таксама рэчаў і пад.’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.), сві́ран, свіро́н, све́ран, сві́рнік, свы́ран, св́ірань, све́рэнь, свірн ‘тс’ (Сл. ПЗБ, ДАБМ), ст.-бел.свирен, свѣрон ‘тс’ (1499). Укр.сві́рон, рус.зах.свирён, сви́рон, пск.сви́рна, польск.усх.świren, świrnia ‘тс’. Запазычанне з літ.svìrna ‘гаспадарчае памяшканне, клець’, svir̃nas ‘тс’; гл. Карскі, Белорусы, 135, Труды, 396–397; Брукнер, 537. Магчымасць польскага пасрэдніцтва для часткі форм (польск.‑ier‑ < ‑ir‑) ставіцца пад сумненне, параўн. польск.świronek ‘тс’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 55). Адносна канкурэнцыі назваў клець і свіран гл. падрабязна Анікін, Опыт, 273. Агляд праблематыкі і літ-ры гл. яшчэ Лаўчутэ, Балтизмы, 22.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сляз ‘мальва’, сля́са, слясь, слязю́к, шляз ‘тс’ (Кіс., Ласт.), сля́зік ‘гарлянка?’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр.дыял.сляз ‘тс’, слюз, сліз ‘мальва, алтэя’, рус.дыял.слизник ‘алтэя’, польск.ślaz, чэш.sléz, sliz, славац.slez, в.-луж.šlěz, н.-луж.slěz, славен.sléz ‘алтэя’, серб.-харв.сле̏з, сље̏з, балг.дыял.сляс ‘расліна, лістамі якой кормяць курэй’, макед.слез ‘мальва’. Прасл.*slězъ, *slizъ ‘мальва, алтэя’ звязаны з *slizь (гл. слізкі) і *sluzъ (гл. слюз), паколькі расліны змяшчаюць слізістую субстанцыю (Махэк₂, 554; Брукнер, 530). Запазычанне некаторым усходнеславянскіх форм слова (сляз, укр.сляз) з польскай мовы (ЕСУМ, 5, 299, 313) грунтуецца на фанетычных крытэрыях (‑я‑ на месцы ‑ě‑). Паводле Борыся (Etymologie, 624), праславянская форма слова ўяўляе дэвербатыў ад *sliziti ‘сачыцца’ (гл. слізіць).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ПО́СУД МАСТА́ЦКІ,
прадметы бытавога, гаспадарчага, утылітарна-маст. і дэкар. прызначэння для прадуктаў харчавання, вадкасцей і інш., форма і дэкор якіх вызначаюцца эмацыянальна-вобразнай асновай. Адносна матэрыялу бывае метал. (чыгунны, медны, сярэбраны і інш.), керамічны (гліняны, фарфоравы, фаянсавы), драўляны, саламяны, шкляны, лубяны, пластмасавы і інш.; паводле вырабу — каваны, літы, штампаваны, бандарны, выдзеўбаны, такарны, плецены і інш.; аздабляецца размалёўкай, гравіраваннем, чаканкай, чарненнем, эмалямі, лепкай, разьбой і інш. Як і інш. творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваэстэт. прывабнасцю стварае колерава-пластычныя акцэнты ў інтэр’еры. У вобразным ладзе П.м. выяўляецца яго непасрэднае прызначэнне і эстэт. ўяўленні эпохі, часам грамадскія ідэі і з’явы. Асн. яго маст. прынцып — арганічнае спалучэнне дэкар. і утылітарных функцый, цесная ўзаемасувязь формы і дэкору. Вядомы ўсім народам свету, вызначаецца характэрнымі нац. асаблівасцямі.
На Беларусі з часоў неаліту вядомы гліняны посуд ручной лепкі, часта з геам. арнаментам. У 10—13 ст. пачаўся масавы рамесніцкі выраб сталовага і літургічнага П.м. У 15—16 ст. з утварэннем рамесніцкіх цэхаў пашырыліся злотніцтва і медніцтва. Геам. дэкор дапоўніўся рэльефнымі расл. і зааморфнымі матывамі. У 17 ст. пад уплывам барока П.м. набыў складаныя формы, аздобленыя рэльефнай чаканкай, літым або разьбяным арнаментам з густа пераплеценых расл. парасткаў, клетак, пладоў. Для храмаў і палацаў выраблялі разнастайныя чашы, блюды, паціры, кубкі, якія аздаблялі эмалямі, фініфцю, каштоўнымі камянямі, чарненнем, гравіраваннем і інш. Керамічныя вырабы ўпрыгожвалі ангобным геам. і расл. дэкорам, зялёнай, белай, карычневай палівамі (гл.Кераміка). Развівалася ліццё мастацкае з волава і бронзы. Высокамаст. посуд выраблялі бел. майстры, якія працавалі ў Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. Найб. развіцця П.м. дасягнуў у 18 ст. На буйных шкляных мануфактурах у Налібаках (Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл.), Урэччы (Любанскі р-н Мінскай вобл.), Новай Мышы (Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) і інш. выраблялі шкляны і хрусталёвы П.м., аздоблены расл., заа- і антрапаморфнымі выявамі, гербамі і інш. (гл.Урэцка-Налібоцкае шкло). Фаянсавы посуд мануфактур у Целяханах (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) і Свержані (Стаўбцоўскі р-н мінскай вобл.) дэкарыравалі паліхромнай размалёўкай, рэльефнымі выявамі кветак, пладоў, гірляндаў, маскаронаў (гл.Целяханскія фаянсавыя вырабы, Свержанская фаянсавая мануфактура). У Бакштах (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.), Вішневе і Рудні (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.) адлівалі алавяны посуд. У Гродне, Давыд-Гарадку, Магілёве, Пінску, Слуцку выраблялі залаты, сярэбраны, латунны, пазалочаны і пасярэбраны П.м. з рэльефным чаканным дэкорам расл. характару. З 2-й пал. 18 ст. пад уплывам класіцызму формы і аздабленне П.м. сталі больш ураўнаважаныя, дэкарыраваныя ўчасткі чаргаваліся з гладкімі, пашырыліся ант. матывы, ваен. атрыбутыка, маскароны. У 19 ст. пачаўся масавы прамысл. выраб П.м. штампоўкай, адліўкай і выдзіманнем у формы. У канцы 19 — пач. 20 ст. формы і дэкор П.м. часта мелі эклектычны характар, адлюстроўвалі ўплыў ампіру і мадэрну. У нар. побыце пераважаў самаробны П.м. з дрэва, гліны, саломы, лазы, бяросты (карцы, сальніцы, талеркі і інш.) простых канструктыўных форм, часта падкрэсленых нескладаным геам. ці зааморфным дэкорам, які захоўваў стараж. сімвалічную ролю. У 2-й пал. 19 ст. прыёмы і сродкі аздаблення традыц.нар. П.м. ўзбагаціліся, пашырыўся яго асартымент (гліняныя вазы, цукарніцы, масленіцы, сальніцы з размалёўкай і ляпнінаю, фігурныя пасудзіны для вадкасцей, драўляныя талеркі з разьбой, берасцяныя вырабы з цісненнем і інш.). Нар. майстры імкнуліся паўтараць формы і дэкор прамысл. вырабаў, але інтэрпрэтавалі іх у адпаведнасці з мясц. традыцыямі і ўласнымі густамі. У 1920-я г. П.м. амаль не вырабляўся. Шкляны і хрусталёвы П.м. (пераважна для выставак) выпускалі шклозаводы ў Барысаве, Бярозаўцы Лідскага р-на Гродзенскай вобл. (гл.Барысаўскае шкло, Нёманскае шкло). У характары вырабаў выяўляліся рэмінісцэнцыі маст. стыляў 19 ст. Недахоп П.м. часткова кампенсавалі вырабы традыц. ганчарных цэнтраў, у многіх з іх былі створаны арцелі (гл.Ганчарства). У 1940—50-я г. выставачны П.м. вызначаўся арнаментальным багаццем, перавагай дэкору над формай, пампезнасцю і электрычнасцю. У 1951 пачаў працаваць Мінскі фаянсава-фарфоравы з-д (гл.Мінскі фарфоравы завод) прадукцыя якога ў значнай ступені стваралася па ўзорах з-даў Расіі і Украіны. У канцы 1950-х г. задачы масавасці і функцыяналізму выклікалі выпрацоўку адточаных і выразных форм пры мінімуме дэкору, прастату і лаканізм абрысаў П.м. У 1960—80-х г. мастакі пры стварэнні ўзораў П.м. звярталіся да асн. прынцыпаў нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва: спалучэння мэтазгоднасці і функцыянальнасці з умелым выкарыстаннем магчымасцей матэрыялу, яго колеру і фактуры. З’яўляюцца больш індывід. творчыя вырашэнні, вырабы пазбавіліся залішняга лаканізму. Сучасны П.м. вызначаецца разнастайнасцю форм, багаццем дэкар. вырашэнняў. Керамічны, драўляны разьбяны і размаляваны, плецены з саломы і лазы П.м. ў характэрным нац. стылі вырабляюць прадпрыемствы і майстры народных мастацкіх промыслаў.
Літ.:
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984;
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;
Яе ж. Беларускае мастацкае шкло XIX — пачатак XX ст.Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ахламо́н ’неарганізаваны, неакуратны, зацюканы чалавек’ (Юрч. Фраз. 2), вахламон ’неахайны чалавек’, вахламоня ’неахайная жанчына’, вахламондзія ’тс’ (Яўс.); слова вядома на большай частцы Беларусі са значэннямі ’чалавек, недалёкі ў разумовых адносінах’, ’чалавек без пачуцця ўласнай годнасці’, ’дрэнна выхаваны, некультурны чалавек’, ’неакуратны, неахайны чалавек’, ’неахайна адзеты чалавек’, няўклюда’ і інш. Рус.охламон дурань і гультай’, рус.дыял.охламон ’вялікі чалавек, у якога не ўсё ў парадку’. Няясна. Найбольш натуральнай здаецца сувязь з хлам ’старызна, дрэнь’ (Нас.), якое, паводле Бірылы, Бел. антр., 2 (пад Ахламёнак), можа выступаць у форме ахлам, параўн. таксама рус.дыял.хлам ’лахманы, старызна’, хламунина ’старая, зношаная адзежына’; параўн. таксама серб.-харв.hlamina ’зношаны абутак, уступкі’ (Скок, 1, 671); тады першапачаткова ахламон ’неахайна адзеты чалавек’ з экспрэсіўнай суфіксацыяй як у разявон ’разява’, пры гэтым магчымы ўплыў кантамінаваных форм тыпу рус.пск.ахломотья лахманы’. Аднак, прымаючы пад увагу аддзеяслоўны характар форм тыпу разявон, можна дапусціць утварэнне ахламон ад хламаць, хламнуць (ад гукапераймальнага хлам!), параўн. хламаць ’есці’ (пра свіней; рэдка абразліва — пра чалавека, КСТ), экспр. ’есці’ (Сержп., Грам., 61), хламнуць ’праглынуць (Бел. фраз., 62), суфіксацыя ахламон як у матон ’круцель, махляр, дзялок’ (Яўс., ад матаць); тады ахламон ’некультурны чалавек, мужык’, параўн. хамула ’некультурны чалавек’ ад хамаць ’прагна і гучна есці’, рус.дыял.охряпок ’дзеравеншчына, няўклюда’ ад хряпать ’есці многа’. Жаргонны характар слова дазваляе лічыць верагодным таксама дапушчэнне Супруна (вусн. паведамл.) аб сувязі з грэч.ὄχλος ’чэрнь, натоўп’ (да ст.-грэч.ὀχλο‑μανέω ’імкнуцца да папулярнасці’?), аднак пры гэтым узнікаюць пэўныя фармальныя цяжкасці. Параўн. з іншай суфіксацыяй ахлама́н ’неацёсаны, тупы чалавек’ (Цых.). Гл. Цыхун, БЛ, 8 (1975), 58–59.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ЗО́НЫ ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ, зоны прыродныя,
буйныя часткі геаграфічнай абалонкі, часткі паясоў геаграфічных, якія маюць агульныя ўмовы тэрмічныя і ўвільгатнення; утвараюць адну з найбольшых адзінак фізіка-геагр. падзелу зямной паверхні. З’явы геагр. занальнасці былі вядомы яшчэ ў Стараж. Грэцыі. Падзел паверхні Зямлі на зоны і фармуляванне закону занальнасці распрацаваны В.В.Дакучаевым (1898).
Вылучаюцца на сушы і на акіянічных прасторах (апошнія менш выразныя). Па суадносінах цяпла і вільгаці З.г. заканамерна змяняюцца ад экватара да полюсаў і ад акіянаў у глыб мацерыкоў. З.г. найчасцей выцягнутыя ў шыротным або субшыротным напрамку. Адначасова з занальнымі фактарамі на фарміраванне З.г. вял. ўплыў аказваюць азанальныя: палярная асіметрыя ландшафтнай абалонкі Зямлі (вял. акіянічнасць Паўд. паўшар’я і інш.), канфігурацыя і велічыня плошчы сушы, наяўнасць і характар размяшчэння буйных форм рэльефу (напр., Гімалаі садзейнічаюць непасрэднаму суседству высакагорных пустынь Тыбета і вільготных лясоў паўд. схілаў). Пад уздзеяннем рэльефу і залежнасці ад канфігурацыі мацерыкоў Г.з. могуць мець мерыдыянальны або субмерыдыянальны напрамак (напр., стэпавая зона ўздоўж Скалістых гор Паўн. Амерыкі). На паверхні Зямлі вылучаюць 20 геагр. зон, якія аб’ядноўваюцца ў 13 геагр. паясоў. Назвы З.г. пераважна даюцца па асн. тыпе расліннасці, які адлюстроўвае гал. асаблівасці ландшафту дадзенай тэр., напр., зоны лясныя, стэпавыя, саваннаў і інш. Ў З.г. адсутнічаюць выразныя межы, але яны адрозніваюцца асаблівым тыпам ландшафту (адпавядаюць зонам ландшафтным) з перавагай пэўнага клімату, глеб, расліннасці і рэльефаўтваральных працэсаў. У гарах, дзе праяўляецца вышынная пояснасць, блізкімі да З.г. з’яўляюцца тыпы вышыннай пояснасці. З.г. падзяляюцца на геагр. падзоны (лясная зона — на тайгу, змешаныя і шыракалістыя лясы).
Тэр. Беларусі знаходзіцца ў лясной зоне, падзонах змешаных і шыракалістых лясоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБА́РДСКАЯ ШКО́ЛА,
мастацкая школа ў архітэктуры і жывапісе Паўн. Італіі (назва ад гіст. вобласці Ламбардыя) у 8—15 ст. У архітэктуры склалася на працягу 8—10 ст. Адыграла вырашальную ролю ў фарміраванні т.зв. першага раманскага стылю ў Італіі. Узор яе царк. архітэктуры — 3-нефавая базіліка са слаба выражаным трансептам, крыптай і кампанілай. У інтэр’еры строгае рытмічнае чляненне, падкрэсленае сістэмай скляпеністых перакрыццяў, тэктанічны ўзор вонкавых сцен з лапатак, аркатурных фрызаў і аркадных, т. зв. карлікавых галерэй (цэрквы Сант-Амброджа ў Мілане, асн.буд-ва ў 11—12 ст.; Сан-Дзена Маджорэ ў Вероне, 12 ст.). У росквіце было мастацтва разьбы на камені (майстры Нікалао, Бенедэта Антэламі і інш.). Готыка тут атрымала падкрэслена статычную інтэрпрэтацыю, набыла дэкар. характар (Міланскі сабор, пачаты ў 1386). Пабудовы эпохі Адраджэння (арх. А. Філарэтэ, Г. Салары, Дж. А. Амадэо) адметныя багаццем дэкар. уставак, якія падкрэсліваюць роўнядзь сцяны, наватарскімі па будове ўнутр. прасторы арх. кампазіцыямі (творчасць Д.Брамантэў).
Жывапіс у ламбардскага трэчэнта і ранняга кватрачэнта ўласцівы крохкая вытанчанасць форм, паэтычнасць. Ён развіваўся ў рэчышчы т. зв.інтэрнац. готыкі (мініяцюры ў рукапісных «гербарыях» і «лячэбніках», анімалістычныя малюнкі Дж. дэ Грасі). Значная роля ў развіцці жывапісу кватрачэнта належыць Пізанела. У 2-й пал. 15 ст. ўзмацніліся ўплывы фларэнтыйскага мастацтва і творчасці А.Мантэньі. У творах майстроў гэтага часу пераважалі пластычная яснасць кампазіцыі, змякчаны каларыт, святлоценявая мадэліроўка (В.Фопа, Іль Берганьёне, Браманціна, Брамантэ). У эпоху Высокага Адраджэння асноватворным стаў уплыў мастацтва Леанарда да Вінчы і яго школы. У 2-й пал. 16 ст. ўтварылася асобная брэшыянская школа, у якой спалучыліся традыцыі Л.ш. і венецыянскай школы жывапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАВІКІ́,
рухомыя скопішчы лёду атмасфернага паходжання на зямной паверхні. Утвараюцца ў тых раёнах, дзе цвёрдых атм. ападкаў намнажаецца больш, чым растае і выпараецца. Займаюць пл. 16,3 млн.км² (10,9% пл. сушы), сумарны аб’ём лёду каля 30 млн.км³ (98,5% прэснага лёду на Зямлі). Магутнасць сучасных Л. ад 20 м да 4600 м. Асн. раёны скопішча Л.: Антарктыда, Грэнландыя, арктычныя астравы, некаторыя горныя раёны па-за межамі Арктыкі і Антарктыкі. У Л. вылучаюць вобласці жыўлення, дзе адбываецца намнажэнне снегу і ператварэнне яго ў фірн і лёд, і абляцыі, якія падзелены мяжой жыўлення. Л. падзяляюцца на покрыўныя, або расцякання, і горныя, або сцёку. Покрыўныя распасціраюцца на шмат млн.км², маюць пукатую форму паверхні, лёд у іх расцякаецца ад цэнтра да перыферыі Працягам наземных ледавіковых покрываў служаць шэльфавыя ледавікі. Горныя Л. займаюць пераважна адмоўныя элементы рэльефу, утвараюць каравыя (гл.Кар), вісячыя, далінныя і інш. тыпы Л. Пераходнымі ад горнага да покрыўнага з’яўляюцца сеткавыя і перадгорныя тыпы зледзяненняў. Рух Л. адбываецца ў выніку дэфармацый, што ўзнікаюць пад дзеяннем сілы цяжару. Звычайна скорасць руху Л. дзесяткі і першыя сотні метраў за год, асобных Л. Грэнландыі — 20—40 м за суткі, пры катастрафічных зрухах — да 100 м за суткі (ледавік Мядзведжы на Паміры, 1953). Найбуйнейшы горны Л. — ледавік Берынга на Алясцы (даўж. 170 км), шэльфавы Л. — ледавік Роса ў Антарктыдзе (пл. 538 тыс.км²). У выніку дзейнасці Л. фарміруюцца ледавіковыя адклады. Разам з расталымі водамі Л. ўдзельнічаюць ва ўтварэнні розных формледавіковага рэльефу. Вывучае Л. Гляцыялогія. Гл. таксама Зледзяненні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАТУ́НДРАВАЯ ЗО́НА,
прыродная зона сушы субарктычнага пояса Паўн. паўшар’я з перавагай тундравых і лясных ландшафтаў. Цягнецца ад тундравай зоны на Пн Еўразіі і Амерыкі ў выглядзе паласы шыр. ад 30—50 да 300—400 км. Клімат субарктычны, суровы. Цёплы перыяд каля 4 месяцаў (чэрв. — верасень). Сярэднія т-ры ліп. ад 10 да 14 °C, студз. — ад -10 да -40 °C. Начныя замаразкі і снегапады магчымы на працягу ўсяго года. Ападкаў 200—400 мм за год, іх колькасць перавышае выпаральнасць. Большую ч. года ляжыць снегавое покрыва да 1 м. Шматгадовая мерзлата амаль на ўсёй тэрыторыі, што ў спалучэнні з нязначным выпарэннем прыводзіць у многіх раёнах да ўтварэння забалочанасці з фарміраваннем сфагнавых і ўзгорыстых тарфянікаў і ўзнікнення мярзлотных форм рэльефу (тэрмакарст). Шмат балот, азёр. Асн. тыпы глеб: глеева-падзолістыя, тарфяна-глеевыя, месцамі тарфяна-балотныя, якія характарызуюцца нязначнай магутнасцю і малой колькасцю арган. рэчыва. Расліннасць Л.з. Еўропы і Азіі — комплекс з рэдкалесся (бяроза, елка, хвоя, лістоўніца, піхта), тундраў (лішайнікі, сфагнавы мох, асака, падвей, журавіны, марошка, буякі) і злакава-разнатраўных лугоў у далінах рэк; у Паўн. Амерыцы пераважаюць рэдкалессі з елкі (белай, сітхінскай, чорнай) і амер. лістоўніцы. Жывёльны свет: паўн. алень, лось, буры мядзведзь, воўк, пясец, гарнастай, расамаха, лемінг, заяц-бяляк, палёўкі; у горных раёнах — пішчуха; у Сібіры — сурок і суслік. Разнастайная фауна птушак: палярная сава, белая курапатка, глушэц, рабчык, розныя віды гусей, качак, кулікоў, вераб’іных. У далінных лугах злакавыя і злакава-разнатраўныя травастоі, якія часта выкарыстоўваюцца як сенажаці. Развіты аленегадоўля і паляўнічы промысел, зверагадоўля, месцамі здабыча карысных выкапняў (на ПнЗах. Сібіры буйныя радовішчы прыроднага газу).