працэс стварэння матэрыяльных і духоўных даброт, прызначэннем якіх з’яўляецца максімальнае задавальненне людскіх патрэб. Адрозніваюць вытворчасць індывідуальную (у межах прадпрыемства, фірмы) і грамадскую (як сістэму вытв. сувязей паміж прадпрыемствамі ў межах грамадства). Грамадская вытворчасць акрамя ўласна вытворчасці ўключае спажыванне, размеркаванне і абмен. На функцыянаванне вытворчасці ўплываюць яе аб’ём, цана, грашовая маса, попыт, прапанова, выручка, альтэрнатыўная вартасць, выдаткі, занятасць, інвестыцыі, экспарт, імпарт, валютны курс, схільнасць да спажывання і ашчаджання і інш. З боку паводзін суб’екта гаспадарання ў эканам. сістэме вытворчасць разглядаецца як аб’ект жаданняў, чаканняў, рызыкі, выбару і прыняцця рашэння, з боку функцыянавання — як працэс узаемадзеяння фактараў вытворчасці і іх трансфармацыі ў прадукты. Асн. фактары вытворчасці — зямля, праца, капітал і прадпрымальніцкі талент. Кожнаму з іх адпавядае свая форма даходу (рэнта, заработная плата, працэнт і прадпрымальніцкі прыбытак). Для вытворчасці характэрны падзел працы, які мае 2 бакі — спецыялізацыю і кааперацыю. Вылучаюць 3 узроўні падзелу працы: адзінкавы (унутры прадпрыемства), асобны (паміж прадпрыемствамі), агульны (у межах грамадства).
Эканам. суб’ектам вытворчасці з’яўляецца прадпрымальнік або калектыў. Яго гал.сац. функцыя — арганізацыя высокадаходнай і высокаэфектыўнай вытворчасці. Па меры максімізацыі вытворчасці пэўнага прадукту эфектыўнасць яго выкарыстання зніжаецца. Максімальная велічыня выпуску прадукцыі пры дадзеным аб’ёме выкарыстання фактараў вытворчасць вызначаецца вытв. функцыяй. На развіццё вытворчасці ўплываюць прадукцыйныя сілы і вытворчыя адносіны. Развіццё прадукц. сіл ідзе па шляху зніжэння матэрыялаёмістасці (уратоўванне прыроды) і працаёмістасці (уратоўванне чалавека). Чалавек усё больш вызваляецца ад непасрэднага працэсу вытворчасці і становіцца яго рэгуліроўшчыкам. Для развіцця вытв. адносін характэрны кансерватызм, адставанне ад развіцця прадукц. сіл. Гістарычна вядомы 3 формы вытворчасці: натуральная, таварная і планавая. Таварная вытворчасць узнікла з натуральнай, прайшла стадыю простай таварнай вытворчасці і зараз знаходзіцца на стадыі капіталістычнай, якая развіваецца ў планавую. Планамерна грамадская вытворчасць развіваецца толькі там, дзе створаны адпаведныя ўмовы: грамадская ўласнасць на сродкі вытворчасці, інфарм. інфраструктура, высокая вытворча-працоўная і эканам. культура ўсіх суб’ектаў гаспадарання. Звычайна вытворчасць выступае як бесперапынны працэс, г.зн. як узнаўленне вытв-сці. Адрозніваюць 2 асн. тыпы вытворчасці: экстэнсіўны (колькасны прырост сродкаў вытворчасці і рабочай сілы) і інтэнсіўны (якаснае абнаўленне сродкаў вытворчасці і рабочай сілы пры скарачэнні яе колькасці). Для Беларусі апошняга 50-годдзя характэрна пераважна экстэнсіўная вытворчасць. Валавы ўнутр. прадукт краіны ў 1995 склаў 10 304,4 млн.дол. ЗША (Расіі — 364 295 млн.дол.).
Літ.:
Маркс К. Капітал. Т. 1. Мн., 1952;
Хико Дж.Р. Стоимость и капитал: Пер. с англ.М., 1993;
Современная экономика. Ростов н/Д, 1995;
Рыночное реформирование экономики Беларуси: Темат. сб. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРАЎЁЎ Міхаіл Мікалаевіч [12 (ці 5).10.1796, С.-Пецярбург —10.9.1866], расійскі дзярж. і ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1856),
граф (1865, вядомы як М.-Віленскі). Брат М.М.Мураўёва (Карскага). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1809—11). Удзельнік войнаў з Напалеонам 1812—13, у т. л. Барадзінскай бітвы. Удзельнік першых дзекабрысцкіх арг-цый, у т. л. «Саюза выратавання» (1816) і «Саюза працвітання» (1818; чл. Карэннай управы, адзін з аўтараў яго статута). У 1826 арыштаваны па справе дзекабрыстаў, але апраўданы. З 1827 віцебскі віцэ-губернатар, з 1828 магілёўскі цывільны губернатар. Ініцыіраваў увядзенне ў Віцебскай і Магілёўскай губ. агульнарас. заканадаўства (з 1831) і закрыццё Віленскага універсітэта. У час паўстання 1830—31 быў пры галоўнакамандуючым Рэзервовай арміяй ген. П.А.Талстым. Ліквідаваў асяродкі супраціўлення ў Дзісенскім і Лепельскім пав. Віцебскай губ. Са жн. 1831 гродзенскі цывільны губернатар. Пры ліквідацыі рэшткаў паўстання прымяняў жорсткія меры аж да смяротнага пакарання (з таго часу атрымаў мянушку «вешальнік»). Быў прыхільнікам пераводу уніятаў у праваслаўе, падтрымліваў дзейнасць епіскапа І.Сямашкі. З 1835 курскі ваен. губернатар, з 1839 дырэктар Дэпартамента падаткаў і збораў; з 1842 сенатар і кіраўнік Межавага корпуса. З 1850 чл.Дзярж. Савета, у 1856—62 адначасова старшыня Дэпартамента ўдзелаў. У 1857—62 міністр дзярж. маёмасцей, прыхільнік захавання прыгоннага права. У час паўстання 1863—64 прызначаны 13.5.1863 віленскім, гродзенскім і мінскім ген.-губернатарам, камандуючым войскамі Віленскай ваен. акругі (з паўнамоцтвамі камандзіра асобнага корпуса ў ваен. час) і гал. начальнікам Віцебскай і Магілёўскай губ. Пры задушэнні паўстання выкарыстоўваў як рэпрэсіўныя меры (пакаранне смерцю актыўных удзельнікаў, масавыя высылкі ў Сібір, спальванне вёсак), так і папярэджвальныя меры (секвестр маёнткаў, абкладванне штрафамі кляштараў і каталіцкага духавенства, закрыццё міравых устаноў, замена чыноўніцкага апарату, арганізацыя ў паветах жандарскіх каманд і сялянскай узбр. варты, наданне сельскім т-вам права нагляду за памешчыкамі і інш.). З мэтай пазбаўлення паўстання сац. апоры ініцыіраваў у зах. губернях перагляд «Палажэння» аб адмене прыгоннага права 1861 на карысць сялян. Да вер. 1863 задушыў асн. асяродкі паўстання ў Літве і Беларусі. З 29.4.1865 у адстаўцы. У крас. 1866 прызначаны старшынёй асобай Следчай камісіі па справе няўдалага замаху Дз.У.Каракозава на Аляксандра II. Памёр за 2 дні да вынясення Каракозаву смяротнага прыгавору. Аўтар «Запісак» (1882—85).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЦА,
мэтазгодная свядомая дзейнасць чалавека, накіраваная на захаванне, відазмяненне, прыстасаванне асяроддзя пражывання для задавальнення сваіх патрэб, на вытв-сць тавараў і паслуг. Як працэс гіст. адаптацыі чалавека да знешняга асяроддзя характарызуецца развіццём і ўдасканаленнем падзелу працы, яе прылад і сродкаў. Як абмен паміж чалавекам і прыродай азначае, што чалавек выкарыстоўвае мех., фіз. і хім. якасці прадметаў і з’яў прыроды і прымушае іх узаемна ўплываць адно на аднаго для дасягнення загадзя вызначанай мэты. Прац. дзейнасці ўласцівы апасродкаваныя рэгулюючая і кантралюючая функцыі, якія змяняюцца ў адпаведнасці з развіццём навукі і тэхнікі. Выкарыстаннем саматужнай, рамеснай тэхнікі і эмпірычных пазнанняў чалавек устанаўліваў новыя ўзаемасувязі паміж прадметамі прыроды і т.ч. ажыццяўляў абмен рэчываў з прыродай (апасродкаваная функцыя). Машынная тэхніка і прыродазнаўчыя веды далі магчымасць чалавеку ўплываць на ўзаемадзеянне паміж рознымі прыроднымі з’явамі і прадметамі (рэгулюючая функцыя), а сучасная навук.-тэхн. рэвалюцыя дае яму магчымасць кантраляваць унутр. механізм з’яў і прадметаў прыроды. У гэтым выпадку змест П. выяўляецца ў канкрэтнай акрэсленасці прац. функцый, абумоўленых тэхнікай, тэхналогіяй, арганізацыяй вытв-сці і майстэрствам работніка; адлюстроўвае спосаб спалучэння вытворцы са сродкамі вытв-сці, абумоўлены ўзроўнем развіцця прадукц. сіл, цэнтр. звяно якіх — чалавек.
Асн. законамі, што кіруюць развіццём грамадскай П., з’яўляюцца законы падзелу і перамены П., а таксама закон канкурэнцыі, які ўзмацняе іх. Змест закону падзелу П. ў тым, што грамадскі лад параджае свае спосабы падзелу П., а кожны новы грамадскі лад дабаўляе ўласцівыя яму новыя віды падзелу П., што вынікаюць з узроўню развіцця прадукц. сіл і прыроды эканам. адносін. Гэты закон пракладвае сабе дарогу стыхійна і ў той жа час з’яўляецца аб’ектыўнай неабходнасцю. Ён вызначае дынаміку падзелу П. на розныя віды (фіз. і разумовая, прамысл. і с.-г., кваліфікаваная і некваліфікаваная, выканаўчая, кіраўніцкая і інш.) і адначасова аснову падзелу грамадства на сац. групы занятых пэўнымі відамі П., адносіны паміж групамі ў залежнасці ад іх сац. статуса і прэстыжу П. З законам падзелу П. звязаны закон перамены П., які стаў дзейнічаць у працэсе замены мануфактурнай вытв-сці машыннай, калі ўзнікла неабходнасць фарміравання гнуткай, універсальнай, шматбакова развітой рабочай сілы, здольнай да навучання і перанавучання ў ходзе змены вытв. працэсаў. Аб’ектыўным законам, які ўплывае праз адносіны суб’ектаў уласнасці на ўзаемадзеянне законаў падзелу і перамены П., выступае закон канкурэнцыі, які прымушае капітал напружваць прадукц. сілы П. Гл. таксама Псіхалогія працы, Арганізацыя працы, Ахова працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
о́рган, ‑а, м.
1. Частка расліннага ці жывёльнага арганізма, якая выконвае пэўную функцыю. Органы пачуццяў. Сэрца — орган рэдкай працаздольнасці.
2.перан. Сродак, зброя. Суд у нашай краіне — гэта не толькі орган прымусу.«Звязда».
3. Установа, арганізацыя, якая ўваходзіць у склад сістэмы ўпраўлення і выконвае пэўныя функцыі ў розных сферах грамадскага жыцця. Органы савецкай улады. Гаспадарчыя органы. □ Да вайны .. [Лёня] працаваў у Мінску ў органах бяспекі.Новікаў.У брыгадзе выбраны савет з найбольш актыўных і паважаных работнікаў. На кароткіх сваіх пасяджэннях пасля работы гэтыя аўтарытэтныя брыгадныя органы падводзяць вынікі работы за дзень.Кулакоўскі.
4. Перыядычнае выданне, якое выпускаецца якой‑н. партыяй, арганізацыяй і выражае іх погляды і дзейнасць.
5. Састаўная частка розных прылад, якая выконвае пэўную функцыю. Сепарыруючыя органы камбайна. Рабочыя органы бараны.
•••
Правізорныя органы — часовыя органы ў зародкаў і лічынак мнагаклетачных жывёлін, якія знікаюць у працэсе развіцця арганізма.
Рудыментарны орган — орган, які страціў сваё значэнне ў працэсе гістарычнага развіцця арганізмаў або які знаходзіцца на шляху да поўнага знікнення.
[Ад грэч. órganon — прылада, інструмент.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасрэ́днік, ‑а, м.
1. Той, хто садзейнічае пагадненню, здзелцы паміж кім‑н. Гандлёвы пасрэднік. □ Гандляры, пасрэднікі, перакупшчыкі безупынна таўкуцца [на рынку], шумяць, крычаць, паказваюць узоры тавараў, спрачаюцца.В. Вольскі.[Дунін-Марцінкевіч] быў пасрэднікам і хадатаем у розных людзей па справах, звязаных з атрыманнем спадчыны.С. Александровіч.З вясны 1887 года стала дзейнічаць камісія прысяжных павераных, яна выконвала функцыі пасрэдніка паміж паверанымі і акруговым судом.Г. Кісялёў.
2. Той, хто дапамагае наладзіць кантакт паміж кім‑, чым‑н. — Хачу прасіць вас, — гаворыць Драгун, — аб сустрэчы з Бондарам. Сам канцоў не знайду. — Месяц няма вестак. Не ведаю, што думаць. — Людзі тут асталіся? — Дарагі мой, пасрэднікаў не меў. Не хачу мець. Вондар знаёмы мне, як і ты.Навуменка.Бібліятэкар — жывы пасрэднік паміж чытачом і літаратурай.«Звязда».// У міжнародным праве — нейтральная дзяржава або міжнародная арганізацыя, якая спрыяе мірнаму вырашэнню канфлікту паміж дзвюма іншымі дзяржавамі.
3.Спец. Суддзя, арбітр на манеўрах.
•••
Міравы пасрэднік — пасада ў царскай Расіі, устаноўленая пасля сялянскай рэформы 1861 г. для ўладжвання зямельных канфліктаў паміж сялянамі і памешчыкамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
koło
I koł|o
н.
1. круг, кола;
~o ratunkowe — выратавальны круг;
~o sterowe — рулявое (стырнавое) кола;
~o zębate тэх. зубчастае кола;
~o zapasowe — запасное кола;
2. кола; сфера;
~o rodzinne — сямейнае кола;
~a miarodajne — паінфармаваныя колы;
~a rządowe — урадавыя колы;
3.арганізацыя;
~o młodzieżowe — маладзёжная арганізацыя;
~o biegunowe — геагр. палярны круг;
błędne ~o — зачараванае кола;
piąte ~o u wozu — апошняя спіца ў калясніцы;
fortuna ~em się toczy — шчасце зменлівае
II
1. каля, ля;
koło domu — каля хаты;
będę tam koło godziny — я буду там на працягу гадзіны (цягам гадзіны);
2. каля; прыблізна;
ma koło pięćdziesięciu lat — яму каля пяцідзесяці;
było ich koło dwudziestu tysięcy — іх было каля дваццаці тысяч
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
ФІЗІЧНАЯ КУЛЬТУРА І СПОРТ У 1919—41.
Пасля ўтварэння Беларускай ССР фізічная культура і спорт атрымалі дзяржаўную падтрымку, былі прызнаны састаўнымі элементамі ваеннага навучання і падрыхтоўкі рэзерваў для Чырвонай Арміі. У адпаведнасці з дэкрэтам ВЦВК ад 22.4.1918 «Аб абавязковым навучанні ваеннаму майстэрству» былі створаны органы Усевобуча. У БССР імі ў 1919 арганізаваны ваенна-спартыўныя клубы ў Віцебску, Гомелі, у 1920 — у Бабруйску, Барысаве, Мінску, Магілёве. У 1919 у Віцебску праведзена 1-я губернская алімпіяда. У 1921 гарадскія з’езды Усевобуча разглядалі пытанні актывізацыі фізкультурнага руху. Пытанні фізкультурнай работы абмяркоўваліся на IV з’ездзе камсамола Беларусі (май 1922). Паводле прыкладу петраградскіх камсамольцаў у Віцебску, Сянне, Лепелі, Дрысе, Гарадку, Оршы, Полацку і інш. створаны гурткі «Спартак», у якіх на пачатку 1923 займалася 1230 чал., з іх 423 жанчыны. У Гомелі, Магілёве і інш. гарадах створаны спартыўныя гурткі «Чырвоны маладняк». У Гомелі гэтая арг-цыя ў 1922 аб’ядноўвала 200 чалавек (з іх больш за 80 жанчын). У 1923 створаны Вышэйшы савет фізічнай культуры пры ЦВКБССР, які ўзначаліў работу па фізічным выхаванні насельніцтва. Да 1924 створаны губернскія і павятовыя саветы фізічнай культуры. У шэрагу гарадоў у 1922—24 адбыліся пяршынствы па футболе, баскетболе, лёгкай атлетыцы і інш. відах спорту. У гарадах праводзіліся «тыдні фізкультуры», на якіх шырока прапагандаваліся розныя віды спорту. Разгарнулася будаўніцтва спартыўных пляцовак, расла колькасць спартыўных гурткоў (напр., у Віцебску ў пачатку 1924 іх было 26, да канца года — 56). У жн. 1924 Вышэйшы савет фізічнай культуры правёў у Мінску 1-е Усебеларускае свята фізічнай культуры; напярэдадні свята наладжваліся спаборніцтвы ў паветах і акругах па лёгкай атлетыцы, футболе, баскетболе, тэнісе і веласіпедным спорце. У іх удзельнічалі каманды Мінскай, Віцебскай, Бабруйскай, Барысаўскай, Магілёўскай, Аршанскай, Слуцкай, Мазырскай акруг. Па 12 відах лёгкай атлетыкі, дзе былі паказаны найбольш высокія вынікі, зарэгістраваны першыя рэкорды Беларусі. З 1924 рэгулярнымі сталі пяршынствы рэспублікі па барацьбе, падыманні цяжару, каньках. З 1924 у школах Беларусі ўведзены заняткі па фізічнай культуры, а ў 1925 па іх зацверджана навучальная праграма. У лістападзе 1925 адбыўся Усебеларускі з’езд па фізічнай культуры, заснаваны першыя рэспубліканскія курсы інструктараў. Да канца 1925 спарт. калектывы налічвалі больш за 17 тыс. фізкультурнікаў. У 1927 праведзена 3-е Усебеларускае свята фізічнай культуры. На I Усесаюзнай спартакіядзе ў Маскве (1928) бел. спартсмены занялі 3-е месца. У 1929 у Мінску заснаваны тэхнікум фізічнай культуры. У 1931 па ініцыятыве ВЛКСМ уведзены комплекс «Гатоў да працы і абароны СССР» (ГПА, 1-я ступень), у 1932 ён дапоўнены 2-й ступенню, у 1934 ступенню «Будзь гатоў да працы і абароны» (БГПА) для дзяцей школьнага ўзросту.
Комплекс ГПА стаў праграмнай і нарматыўнай асновай сістэмы фізічнага выхавання моладзі. У 1932—33 фізкультурныя арг-цыі Беларусі падрыхтавалі 42,6 тыс. значкістаў ГПА і занялі 1-е месца сярод рэспублік СССР. У 1934 ЦККП(б)Б пастановай «Аб фізкультурным руху ў БССР» вызначыў канкрэтныя шляхі паляпшэння спартыўна-масавай работы, павышэння спартыўна-тэхнічных дасягненняў бел. фізкультурнікаў. У 1929 у БССР створана 160 сельскіх гурткоў, з іх 87 у калгасах. У 1930-я г. пачалася планамерная арганізацыя гурткоў фізічнай культуры на вёсцы. У 1934 колькасць гурткоў на вёсцы вырасла да 300 (8 тыс.чал.). Да 1936 калгасныя калектывы і гурткі фізічнай культуры налічвалі каля 20 тыс. фізкультурнікаў. У 1934 Вышэйшы савет фізічнай культуры БССР правёў 1-ю Усебеларускую калгасна-саўгасную спартакіяду, што садзейнічала далейшаму развіццю работы па фізічным выхаванні сельскай моладзі. Нормы ГПА у БССР здалі больш за 20 тыс. чалавек. Каб палепшыць кіраўніцтва фізкультурным рухам, пастановай ЦВК і СНКСССР ад 21.7.1936 створаны Усесаюзны камітэт па справах фізічнай культуры і спорту пры СНКСССР. Адпаведныя камітэты створаны пры ЦВК саюзных рэспублік. У 1936—37 у БССР пачалася арганізацыя добраахвотных спартыўных таварыстваў (ДСТ) прафсаюзаў. Сярод першых створаны ДСТ «Тэмп», «Полымя», «Лакаматыў». Яны садзейнічалі арганізацыйнаму ўмацаванню фізкультурнага руху, рабілі фізкультуру больш даступнай для насельніцтва. У 1937 на Краснай плошчы ў Маскве быў праведзены Усесаюзны парад фізкультурнікаў, на якім Беларуская спартыўная дэлегацыя прадэманстравала высокую спартыўна-гімнастычную падрыхтоўку, у т. л. тэматычныя выступленні «Граніца на замку». За падрыхтоўку фізкультурных кадраў Мінскі тэхнікум фізічнай культуры ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 1937 ён рэарганізаваны ў Бел. інстытут фізічнай культуры. У студзені 1939 ЦККП(б)Б прыняў пастанову «Аб стане фізкультурнай работы ў рэспубліцы», якая актывізавала дзейнасць ДСТ і калектываў фізкультуры. Колькасць фізкультурнікаў у 1939 перавысіла 90 тыс. чалавек; праведзена 1876 спартыўных спаборніцтваў, у т. л. 55 пяршынстваў і спаборніцтваў рэспубліканскага маштабу (удзельнічалі 146 тыс. чалавек, устаноўлены 93 рэкорды БССР).
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у зах. абласцях краіны пачалася шырокая арганізацыйная работа па стварэнні калектываў фізкультуры. У 1940 іх створана больш за 200 у Баранавіцкай вобл., 150 у Брэсцкай, 140 у Пінскай; праведзены першыя раённыя і абласныя спартакіяды. Вялікую ролю ў прапагандзе фізічнай культуры адыгралі Усебеларускія парады фізкультурнікаў (праведзены ў 1938, 1939 і 1940; у парадзе 1940 удзельнічалі і прадстаўнікі зах. абласцей Беларусі). Беларускія спартсмены выступалі ва ўсіх усесаюзных спаборніцтвах. На пачатак 1941 у Беларусі дзейнічала 3295 калектываў фізічнай культуры (больш за 154 тыс.чал.), працавала больш за 1200 штатных фізкультурных інструктараў, каля 1800 фізоргаў, сотні спартыўных суддзяў; фізічнае выхаванне трывала ўвайшло ў навучальны працэс і ажыццяўлялася па адзіных дзяржаўных праграмах. У гарадах і вёсках пабудаваны стадыёны, пляцоўкі, лыжныя і водныя станцыі. У Мінску адкрыты зімовы плавальны басейн і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЭХНІ́ЧНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
інжынерныя збудаванні для выкарыстання водных рэсурсаў або барацьбы са шкодным уздзеяннем воднай стыхіі. Бываюць агульныя (выкарыстоўваюцца ў розных галінах воднай гаспадаркі) і спецыяльныя (у адной галіне). Агульныя гідратэхнічныя збудаванні: водападпорныя (плаціны, дамбы); водапрапускныя (водазаборныя збудаванні, вадаскіды, у т. л.вадазлівы і вадаспускі, вадаводы, у т. л.трубаправоды, гідратэхнічныя тунэлі, каналы, латакі) і рэгуляцыйныя збудаванні (гаці, паўгаці, агараджальныя валы, донныя парогі, берагаўмацавальныя збудаванні і інш.). Спецыяльныя гідратэхнічныя збудаванні: збудаванні для выкарыстання энергіі вады (будынкі гідраэлектрычных станцый, напорныя басейны, ураўняльныя рэзервуары і інш.); збудаванні воднага транспарту (суднаходныя шлюзы, суднападымальнікі, докі, прычалы, пірсы, лесаспускі і інш.); рыбагаспадарчыя (рыбапрапускныя збудаванні, рыбападымальнікі, рыбаводныя сажалкі і інш.); гідрамеліярацыйныя збудаванні; збудаванні для водазабеспячэння і каналізацыі (помпавыя станцыі, воданапорныя вежы, каптажы, ачышчальныя збудаванні, у т. л.аэратэнкі і інш.).
Гідратэхнічныя збудаванні падзяляюцца таксама на рачныя, азёрныя, марскія і сеткавыя (размешчаныя на каналах асушальных, арашальных і абвадняльных сістэм); наземныя і падземныя. Пры неабходнасці іх аб’ядноўваюць у гідравузлы. У залежнасці ад асн. матэрыялу, з якога ўзводзяцца гідратэхнічныя збудаванні, адрозніваюць земляныя, каменныя, каменна-земляныя, бетонныя, жалезабетонныя, драўляныя, металічныя, з прагумаваных тканін і з сінт. матэрыялаў; у залежнасці ад спосабу ўзвядзення — насыпныя, намыўныя, выбухова-накідныя (робяцца накіраваным выбухам), маналітныя, зборныя і камбінаваныя. Пастаянныя гідратэхнічныя збудаванні (выкарыстоўваюцца на працягу ўсяго перыяду эксплуатацыі) падзяляюцца на 4 класы капітальнасці, часовыя (выкарыстоўваюцца толькі ў перыяд буд-ва і рамонтаў, напр. перамычкі, адвадныя каналы і тунэлі, свідравіны для паніжэння ўзроўню грунтавых вод) адносяцца да 5-га класа. Буд-ва і выкарыстанне гідратэхнічных збудаванняў складаецца з 4 этапаў: вышуканні (вывучэнне рэльефу мясцовасці ў раёне буд-ва, гідралагічных характарыстык вадацёку, геал. будовы, клімату і інш.); праектавання (вызначэнне на аснове даных вышуканняў і водагасп. задачы асн. памераў і матэрыялаў збудаванняў, іх разлікі, выбар метадаў буд-ва); арганізацыя і правядзенне буд. работ у адпаведнасці з праектам збудаванняў; эксплуатацыя гідратэхнічных збудаванняў (кіраванне іх работай, нагляд за станам, бягучыя і капітальныя рамонты). Пры праектаванні выконваюць гідраўлічныя, гідратэхн. (фільтрацыйныя) і статычныя разлікі. Для адказных гідратэхнічных збудаванняў пры праектаванні робяць таксама лабараторныя даследаванні на мадэлях.
На Беларусі даследаванні і распрацоўку метадаў разліку гідратэхнічных збудаванняў вядуць Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства, БПА і інш.Гл. таксама Гідратэхніка, Гідратэхнічнае будаўніцтва.
Літ.:
Чугаев Р.Р. Гидротехнические сооружения. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1985;
Гидротехнические сооружения: Справ. проектировщика. М, 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЁМЫ З’ЕЗД КП(б)Б [XII канферэнцыяКП(б)Б]. Адбыўся 20—26.3.1923 у Мінску. Прысутнічалі 154 дэлегаты з рашаючым і 115 з дарадчым голасам ад 3850 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦБКП(б)Б
(В.А.Багуцкі),
Рэвіз. камісіі КП(б)Б (Л.М.Бунін), Кантрольнай камісіі (А.Х.Гетнер), ЦК КСМБ (М.Б.Кузенец); арганізацыядзярж. прам-сці (А.С.Карпешын), нац. момант у дзярж. і парт. буд-ве (А.Р.Чарвякоў), падатковая палітыка ў вёсцы (В.А.Нодэль), аб кааперацыі (А.С.Славінскі), аб арганізац.-выхаваўчай рабоце (І.А.Вайнер); выбары кіруючых органаў і дэлегатаў на XII з’езд РКП(б). У ходзе з’езда ў парадак яго работы дадаткова ўключаны даклад ЦК РКП(б) (П.М.Кержанцаў).
З’езд ухваліў дзейнасць КП(б)Б ва ўмовах новай эканамічнай палітыкі (нэпа), адзначыў, што асновай пралетарскай дыктатуры з’яўляецца дзярж. прамысловасць, таму асн. ўвага павінна аддавацца развіццю цяжкай індустрыі, а лёгкая — павінна дапамагаць яе развіццю. Важнае месца адводзілася пашырэнню розных форм кааперацыі. З’езд выказаў задавальненне стварэннем СССР. Адзначалася, што хутка адрадзіць Беларусь можна толькі шляхам яе ўзбуйнення і перагляду існуючага адм. падзелу БССР, Віцебскай і Гомельскай губ., што неабходна прывесці яго ў адпаведнасць з натуральна-гіст., эканам., вытв. і нац.-культ. асаблівасцямі і далучыць да БССР тэрыторыі з большасцю бел. насельніцтва. Такую пазіцыю камуністаў Беларусі падтрымліваў І.В.Сталін і інш. члены ЦК РКП(б), супраць выступалі М.І.Калінін і шэраг партработнікаў Віцебскай і Гомельскай губ. З’езд звярнуў увагу на неабходнасць узмацнення класавага прынцыпу ў падаткаабкладанні. Былі акрэслены канкрэтныя мерапрыемствы па далейшым росце і ўмацаванні парт. і камсам. ячэек на прадпрыемствах, рэгуляванні сац. складу КП(б)Б, паляпшэнні ідэйна-выхаваўчай работы сярод камуністаў. Падкрэслівалася, што сакратары буйных ячэек на прадпрыемствах, у абласцях, саўгасах павінны быць вызвалены ад інш. работы. У дакументах з’езда праглядаюцца тэндэнцыі па стварэнні парт. бюракратыі, супярэчнасці паміж тэарэт. палажэннямі аб нэпе, якія распрацоўвалі У.І.Ленін і яго паплечнікі, і той палітыкай, што праводзілася камуністамі ў жыццё. З’езд выбраў ЦБКП(б)Б з 13 чл. і 6 канд., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 3 чл. і 3 канд., Кантрольную камісію з 5 чл. і 3 канд., 5 дэлегатаў на XII з’езд РКП(б).
Літ.:
Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. Мн., 1983;
Платонаў Р. Як пачалася беларусізацыя: Дыскусія на XII Усебел. парт.канф. // Роднае слова. 2000. №4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́ТНАЯ ГАСПАДА́РКА,
сукупнасць нац. гаспадарак усіх краін свету, іх эканам. узаемасувязей і ўзаемаадносін, уключаючы знешні гандаль, вываз капіталу, міграцыю рабочай сілы. Эканам. сувязі паміж рознымі рэгіёнамі і краінамі свету пачалі складвацца ў старажытнасці (Індыя, Кітай, Егіпет, Грэцыя, Рым). У сярэднія вякі праз гандаль актыўна пачалі наладжваць міжнар.эканам. адносіны Партугалія, Італія (Генуя, Венецыя), Іспанія, Вял. Ноўгарад. Але з-за адсутнасці дастатковых сродкаў зносін, нязначнага ўдзелу грошай (пераважаў натуральны тавараабмен) міжнар.эканам. сувязі мелі эпізадычны, абмежаваны характар. З’яўленне ў канцы 18 ст. буйной машыннай вытворчасці, трансп. сістэм і камунікацый значна павялічыла вываз і продаж за мяжу тавараў. Эканам. сувязі пачалі набываць стабільны, дынамічны характар. Замест часовых рэгіянальных пачаў складвацца сусветны рынак. Капіталіст.спосаб вытворчасці напачатку эканам., а потым паліт. і ваен. сродкамі разбурыў феад. замкнёнасць мясц. рынкаў, змяніў структуру таварных патокаў, стварыў эканам. ўмовы рухомасці тэхнікі, тэхналогій, міграцыі рабочай сілы. Для шэрагу прамыслова-развітых. краін узнікла неабходнасць набываць сыравіну, паліва, матэрыялы ў інш. краінах. Гандлёва-эканам. сувязі дапаўняюцца вытв. і фін.-эканам., ствараецца інтэрнац. адзінства капіталу і эканам. жыцця, развіваецца міжнародны падзел працы. Такім чынам, на базе сусв.капіталіст. гаспадаркі і па законах яе развіцця ў канцы 19 ст. стварылася С.г. У перыяд яе станаўлення ў сферу міжнар. падзелу працы ўваходзілі таксама зоны каланіяльнага панавання і краіны, дзе захоўваліся феад. адносіны. Пасля 1917 у сістэму С.г. ўвайшлі СССР і інш.сацыяліст. краіны; у выніку распаду каланіяльнай сістэмы — краіны, якія сталі на шлях развіцця. Апошнія ў большасці ўваходзілі ў сістэму капіталіст.вытв. адносін, але разнастайная і спецыфічная ўнутр. структура іх эканомік вылучала гэтыя краіны ў самаст. групу. Да пач. 1990-х г. сістэма С.г. падзялялася на капіталіст., сацыяліст. і краін, якія развіваюцца; у ёй панаваў дух саперніцтва і супрацьстаяння. Узніклі буйныя рэгіянальныя аб’яднанні па супрацоўніцтве ў эканам., сац. і культ. сферах: Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (1949), Еўрапейская эканамічная супольнасць (1957), Бенілюкс (1958), Еўрапейская асацыяцыя свабоднага гандлю (1960), Асацыяцыя дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (1967) і інш. Перамены, якія ў апошнія гады адбываюцца ў б.сацыяліст. краінах, змянілі ўзаемаадносіны ў С.г. Пашырыліся эканам. кантакты, паглыбіўся міжнар. падзел працы, узмацніліся інтэграцыйныя працэсы ў эканоміцы. З’явіліся новыя эканам. аб’яднанні: Еўрапейскі саюз (1993), Сусветная гандлёвая арганізацыя (1995) і інш. З 1.1.2002 некаторыя еўрап. краіны перайшлі на адзіную валюту еўра. Аднак у канцы 20 ст. палітыка некаторых эканам. развітых краін, накіраваная на захаванне існуючага стану размеркавання і выкарыстання сусв. прыродных рэсурсаў, значна замарудзіла інтэграцыйныя працэсы. Гэтая палітыка выклікала негатыўную рэакцыю з боку многіх краін Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі, а таксама часткі насельніцтва развітых краін, што выяўляецца, у прыватнасці. у руху антыглабалістаў.