ПАРЫ́ЖСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1357—58 (часам датуецца 1356—58),
паўстанне гараджан Парыжа з-за павелічэння падаткаў у час Стогадовай вайны 1337—1453. Незадаволенасць гараджан палітыкай урада асабліва ўзрасла ў выніку паражэння франц. войск каля Пуацье (1356). У лют.—сак. 1357 у Парыжы пачаліся хваляванні. Скліканыя ў 1357 Ген. штаты (апазіцыю ўрада ўзначаліў купецкі прэво Парыжа Э.Марсель) выпрацавалі т.зв. Вялікі сакавіцкі ардананс, які патрабаваў удзелу Ген. штатаў у кіраванні дзяржавай, рэгулярнага іх склікання (2 разы на год) для вырашэння найважнейшых спраў, у т. л. кантролю над збіраннем падаткаў, расходаваннем дзярж. сродкаў, дзейнасцю каралеўскага савета, арміі. Каб прымусіць дафіна Карла правесці рэформы, паўстанцы на чале з Марселем захапілі каралеўскі палац, забілі 2 саветнікаў Карла. Дафін уцёк з Парыжа, выдаў загад аб забароне пастаўляць у горад харчаванне. Для прарыву галоўнай блакады Парыжа Марсель выкарыстаў удзельнікаў Жакерыі. Аднак парыжане не аказалі ім дапамогі. Разгром Жакерыі паскорыў паражэнне П.п. У ліп. 1358 паўстанне задушана. Марсель забіты сваім прыхільнікам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЙ БО́ЖАЙ МА́ЦІ САБО́РНотр-Дам дэ Пары
(Notre-Dame de Paris),
помнік ранняй франц. готыкі ў Парыжы. Пабудаваны ў 1163—1257 на в-ве Сітэ. 5-нефавая базіліка (даўж. 130 м, шыр. 108 м, выш. інтэр’ера 35 м) з кароткім трансептам, хорам з двайным абыходам і вянком капэл, 2 вежамі (выш. 69 м), што фланкіруюць зах. фасад. Для архітэктуры сабора характэрна спалучэнне рыс раманскага стылю (гарыз. чляненні фасадаў, часткова неапрацаваныя паверхні сцен, прастата арх. дэкору) з новым, гатычным разуменнем прасторы будынка і выкарыстаннем новых канструкцый (стральчатая арка, аркбутаны). Фрагментарна захаваліся вітражы (ружы зах., паўд. і паўн. фасадаў, 13 ст.) і скульптура (на фасадах, каля 1165—1225; у хоры, 13—14 ст.). Інтэр’ер і фасады перабудаваны ў 17—18 ст. Сабор значна падноўлены рэстаўрацыяй 19 ст. (арх. Ж.Б.Ласю, Э.Э.Віяле-ле-Дзюк). На ўзор П.Б.М.с. пабудавана многа храмаў у Францыі і інш. краінах. Іл.гл. да арт.Готыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́ЖНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,
астраметрычная прылада для вызначэння момантаў праходжання нябесных свяціл праз вертыкал пры іх сутачным руху. Вынайдзены ў 1689 О.Ромерам.
Стацыянарны П.І. складаецца з астр. трубы (дыяметр -18 см, фокусная адлегласць -2 м) з гарыз. воссю вярчэння даўжынёй каля 1 м, якая ўстаноўлена на слупах-фундаментах. У службе часу выкарыстоўваюцца П.і. пераноснага тыпу. У факальнай плоскасці аб’ектыва знаходзіцца акулярны мікрометр з сеткай верт. і гарыз. ніцей. Візірная лінія П.і. ўстанаўліваецца ў плоскасці мерыдыяна — для атрымання з назіранняў прамога ўзыходжання зорак і папраўкі гадзінніка, ці першага вертыкала — для вызначэння схілення зорак і шыраты месца назірання (гл.Нябесныя каардынаты). Моманты перасячэння відарысам зоркі верт. ніцей рэгіструюцца хранометрам. Пры фотаэл. рэгістрацыі хібнасць аднаго вымярэння прамога ўзыходжання зоркі на стацыянарным П.і. складае ±0,015 с, адной папраўкі гадзінніка на пераносным П.і. — ±0,005 с.
Літ.:
Подобед В.В., Нестеров В.В. Общая астрометрия. 2 изд. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭНЦЫЯМЕ́ТРЫЯ (ад лац. potentia сіла, моц + ...метрыя),
адзін з электрахім. метадаў даследавання і колькаснага аналізу рэчываў. Засн. на залежнасці значэння (ЭП) раўнаважнага электроднага патэнцыялу ад тэрмадынамічнай актыўнасці (канцэнтрацыі) кампанентаў электрахім. рэакцыі (апісваецца ўраўн. Нернста).
Для патэнцыяметрычных вымярэнняў выкарыстоўваюць гальванічны элемент з індыкатарным электродам (яго патэнцыял залежыць ад канцэнтрацыі рэчыва ў растворы) і электродам параўнання. Эрс элемента вымяраюць з дапамогай патэнцыяметра. Адрозніваюць прамую П. і патэнцыяметрычнае цітраванне. Прамая П. дазваляе вызначаць канцэнтрацыю іонаў непасрэдна па значэнні эрс індыкатарнага электрода пры ўмове, што электродны працэс абарачальны (напр., pH-метрыя — метады вызначэння вадароднага паказчыка). Найб. пашырана патэнцыяметрычнае цітраванне, якое ажыццяўляюць у водным і няводным асяроддзях. Пры цітраванні рэгіструюць змяненне ЭП індыкатарнага электрода (напр., шклянога пры кіслотна-асноўным цітраванні); каля пункту эквівалентнасці назіраецца рэзкае змяненне (скачок) ЭП. Выкарыстоўваюць у аналіт. і фіз. хіміі, прам-сці для кантролю тэхнал. працэсаў у хім., нафтахім., харч. і інш. галінах, а таксама для кантролю забруджанасці навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВАЯ КАРАЛІ́НА (South Carolina),
штат ЗША на Пд Атлантычнага ўзбярэжжа. Пл. 80,4 тыс.км². Нас. 3836 тыс.чал. (1998). Адм. ц. — г. Калумбія. На ПдУ Прыатлантычная нізіна, на ПнЗ — плато Підмант і адгор’і Апалачаў (выш. да 1085 м). Клімат субтрапічны вільготны. Сярэдняя т-растудз. 5—10 °C, ліп.каля 25 °C. Ападкаў 1000—1200 мм за год. Гал. рэкі Савана і Санты. У гарах хваёвыя лясы (больш за 40 тыс.км²). Індустр.-агр. штат. Гал. галіны прам-сці: тэкст. (1-е месца ў ЗША па вытв-сці баваўняных тканін), трыкат., швейная, электронная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, харч., хім. (вытв-сць угнаенняў), металаапр., суднабуд., атамная; вытв-сць станкоў і абсталявання для тэкст. прам-сці. Лясная гаспадарка (нарыхтоўка хвоі і дубу). У сельскай гаспадарцы найб. развіта раслінаводства. Гал. культуры: тытунь, бавоўнік, соя, кукуруза, пшаніца, рыс, арахіс, агародніна. Садоўніцтва. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлы — 480, свіней — 270. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Гал. парты Чарлстан і Джорджтаўн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎСК,
горад у Ленінградскай вобл., за 30 км на Пд ад С.-Пецярбурга. Размешчаны на схіле Балт.-Ладажскага ўступа, на беразе р. Славянка. Засн. ў 1777, у 1918—44 наз. Слуцк. Нас. 25,4 тыс.чал. (1999). Да 1917 загарадная рэзідэнцыя рас. імператараў. Гіст. ядро П. — арх.-паркавы ансамбль у стылі класіцызму (арх. Ч.Камерон, В.Брэна, А.Вараніхін, П.Ганзага і інш.). На высокім узгорку — палац (1783—1807), які складаецца з асн. будынка і бакавых флігеляў, злучаных з ім галерэямі. Да палаца прылягае пейзажны парк пл.каля 600 га з павільёнамі («Храм дружбы», «Каланада Апалона», «Тры грацыі», усе 1780-я г.) і інш. збудаваннямі (мост «Чыгунны», 1823). Ансамблю ўласцівы гарманічнасць кампазіцыі, зліццё архітэктуры з прыродай, багацце відавых перспектыў і ландшафтных куткоў. З 1918 музей. Разбураны ў Вял.Айч. вайну, адноўлены. З 1983 палацава-паркавы музей-запаведнік. Іл.гл. таксама да арт.Пейзажны парк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛІКІЯ́НЕ (грэч. Paulikianoi, ад імя апостала Паўла),
удзельнікі буйнога ератычнага руху ў Візантыйскай імперыі. Засн. ў 1-й пал. 7 ст. ў Зах. Арменіі армянінам Канстанцінам (пазней прыняў імя Сільван). На рэліг.-філас. дактрыну П. моцна паўплывалі маніхейства і маздакізм (гл.Маздакіцкі рух). Для веравучэння П. (канчаткова аформлена ў пач. 9 ст. ерасіярхам Сергіем-Ціхікам) характэрны дуалізм, вера ў бога дабра (анёл і сын якога — Ісус Хрыстос) і бога зла — Сатанііла. Адмаўлялі культ Маці Божай, прарокаў, святых, неабходнасць царквы і духавенства; з Бібліі прызнавалі толькі Новы Запавет (без пасланняў апостала Пятра). У сярэдзіне 9 ст. П. пад кіраўніцтвам Карвеаса і Хрысахіра стварылі на У Візантыйскай імперыі сваю дзяржаву з цэнтрам у г. Тэфрыка, адкуль рабілі напады ў інш. раёны імперыі. У 872 візант. войскі разбілі П. каля Вафірыяка, а ў 878 захапілі Тэфрыку. Многія П. прымусова пераселены на Балканскі п-аў, дзе моцна паўплывалі на фарміраванне вучэння багамілаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛІКАНАПАДО́БНЫЯ (Pelicaniformes),
весланогія (Steganopodiformes), атрад вадаплаўных птушак. Вядомы з ранняга эацэну (каля 40 млн.г. назад). 6 сям.: бакланавыя, змеяшыйкавыя, олушавыя, пеліканавыя, фаэтонавыя і фрэгатавыя, 56 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, пераважна ў субтропіках на ўзбярэжжах мораў, па берагах рэк, азёр. Большасць відаў селіцца калоніямі. На Беларусі адзначаны як рэдкі від — баклан вялікі і залётны від — пелікан ружовы (Pelecanus onocrotalus). 5 відаў і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.
Птушкі сярэдніх і буйных памераў, размах крылаў да 3 м, маса ад 400 г да 14 кг. Апярэнне шчыльнае, густое. Ногі кароткія, з плавальнай перапонкай (злучае ўсе 4 пальцы). Ёсць гарлавы мяшок (акрамя фаэтонавых). Кормяцца рыбай і інш. воднымі жывёламі. Манагамы. Нясуць да 6 яец. Некат. віды бакланаў, олушаў і пеліканаў — асн. выпрацоўшчыкі гуана на ўзбярэжжах Паўд. Амерыкі і Паўд. Афрыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРУ́ЦЫ ((Pemzzi) Бальдасарэ) (хрышчаны 7.3.1481, г. Сіена, Італія — 6.1.1536),
італьянскі архітэктар і жывапісец. Супрацоўнічаў з Д.Брамантэ і Рафаэлем. У творчасці спалучаў прынцыпы Высокага Адраджэння з ранне-маньерыстычнымі тэндэнцыямі. Раннім пабудовам уласцівы лірычнасць і вытанчаная лёгкасць форм, больш познім — кантрасты нясучых і нясёных элементаў, напружана-дынамічная сувязь кампазіцыі з гар. асяроддзем. Сярод пабудоў: віла Фарнезіна (1509—11) і Палацца Масіма але Калоне (1536) у Рыме, партал царквы Сан-Франчэска (1519) у Сіене, палац Фарнезе (1535) у Капрароле і інш. З 1520 кіраваў буд-вам сабора св. Пятра ў Рыме. Аўтар манум. размалёвак, якія вызначаюцца тонкім дэкаратывізмам, часам ілюзіяністычнымі эфектамі: фрэскі ў царкве Сант-Анофрыо (каля 1503), на віле Фарнезіна (з 1511), у капэле Панцэці царквы Санта-Марыя дэла Пачэ (1516—17) у Рыме, у царкве Фантэджуста (1528), на віле Белькара (1530) у Сіене і інш. Афармляў спектаклі і феерыі, паўплываў на развіццё перспектыўнай тэатр. дэкарацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫ́КЛ (Periklēs; каля 490—429 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паліт. і дзярж. дзеяч, стратэг Афінаў у 444—31 і 429 да н.э. Паходзіў са стараж. арыстакратычнага роду; атрымаў добрую адукацыю, Прыхільнік дэмакратыі, працягваў распачатую Эфіяльтам дэмакратызацыю дзярж. ладу Афінаў. Ініцыіраваў скасаванне маёмаснага цэнзу пры выбранні службовых асоб і ўвядзенне грашовай аплаты працы суддзяў. Пры ім вялося шырокае ваен., грамадскае і культавае буд-ва, у т. л. пабудаваны Афінскі Акропаль. Імкнуўся забяспечыць марскую магутнасць Афінаў, цэнтралізацыю Архе Афінскай, супрацьстаяў Пелапанескаму саюзу. Паспрыяў паліт. і эканам. росквіту Афінаў, ператварэнню іх ў буйны культ. цэнтр стараж. свету.
Літ.:
Корзун М.С. Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до н.э.Мн., 1975;
Кравчук А. Перикл и Аспазия: Ист.-худож. хроника: Пер. с пол. М., 1991;
Фукидид. История: Пер. с греч. М., 1993;
Плутарх. Сравнительные жизнеописания. М.;
Харьков, 1999.
Я.У.Новікаў.
Перыкл. Мармуровая копія з бронзавага бюста Крэсілая. 2-я пал. 5 ст да н.э.