КАПЫЦЬКО́ (Віктар Мікалаевіч) (н. 8.10.1956, Мінск),
бел. кампазітар. Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1982). Яго творчасці ўласцівы шырокі ахоп розных тыпаў культур і сучасных тэхнік кампазіцыі, пошукі індывідуалізацыі Жанрава-драматургічных і тэмбрафанічных вырашэнняў. Авангардныя тэндэнцыі выяўляюцца і ў распрацоўцы нац.-фалькл. элементаў. Сярод твораў: оперы «Дзяўчынка, якая наступіла на хлеб» (паст. 1983), «Яго жонкі» (1988); араторыі «Куранты» паводле ананімнага сшытка 18 ст. (1990), «Дабравешчанне ад Іаана» на кананічныя і фалькл. тэксты і «Меса ў гонар св. Францыска Асізскага» на тэксты св. Францыска і кананічныя (абедзве 1993); кантаты «Аб мудрасці, смутку і радасці», «Карнавальная ноч» (абедзве 1984), «Знакі» на тэкст М.Рэрыха (1992); «Маленькая сімфонія «Са старых сшыткаў» (1983), цыкл «Біблейскія сцэны» (1993) і «Калыханка» (1994) для камернага ансамбля; вак. цыклы і паэмы; фантазія «Паўночны вецер» на старадаўнія кіт. тэксты; хары, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу маладых кампазітараў (1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТА́ЛЬСКІ (Аляксандр Дзмітрыевіч) (28.11.1856, Масква — 17.12.1926),
рускі кампазітар, хар. дырыжор, фалькларыст. Вучань П.Чайкоўскага і С.Танеева. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1893). З 1887 выкладчык, з 1910 дырэктар маскоўскага Сінадальнага вучылішча, у 1907—10 рэгент Сінадальнага хору. У 1918—23 кіраўнік нар. харавых акадэмій у Маскве і Петраградзе. З 1922 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Буйнейшы дзеяч рус.хар. культуры. У культавых творах імкнуўся адрадзіць стараж. формы знаменнага спеву, умацаваць сувязі царк. музыкі з сял. песенным мастацтвам. Сярод твораў: оперы «Шэры воўк і Іван-царэвіч» (дзіцячая, 1908), «Клара Міліч» паводле І.Тургенева (паст. 1916); рэквіем «Брацкае памінанне герояў...» (1915); «Сельскія работы ў народных песнях» (4 сшыткі, 1920—22), «Чырвоная Русь», «Песня таварышаў Разіна» для хору і аркестра нар. інструментаў; хары a cappella, апрацоўкі рус.нар. песень; музыка да драм. спектакляў. Аўтар даследаванняў «Асаблівасці народна-рускай музычнай сістэмы» (1923), «Асновы народнага шматгалосся» (1948) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ТКАЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,
баі партызанскіх атрадаў М.П.Бумажкова, А.П.Пакуша, У.Ц.Шантыра, Р.І.Краўца, М.Б.Храпко супраць ням.-фаш. захопнікаў у Глускім і Акцябрскім р-нах у жн. 1942 у Вял.Айч. вайну. Аперацыя праведзена паводле рашэння штаба партыз. злучэння Мінскай і Палескай абл. з мэтай разграміць варожы гарнізон у в. Катка, які прыкрываў дарогу на Глуск, рабаваў і знішчаў жыхароў суседніх вёсак. Кіраваў аперацыяй нам. камандзіра партыз. злучэння М.П.Канстанцінаў. 9 жн. 300 варожых салдат з 2 гарматамі выйшлі з в. Катка ў в. Харомцы; раніцай 10 жн. атрады Бумажкова, Пакуша, Краўца і Шантыра раптоўным ударам выбілі праціўніка з в. Харомцы. Потым разам з атрадам Храпко пераправіліся цераз р. Пціч і ў баях з 19 да 22 жн. разбілі гарнізоны ў в. Халопенічы, Слабодка, Бярозаўка, авалодалі в. Катка. Вёску Харомцы партызаны ўтрымлівалі да снеж. 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́РЦАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,
маламагутны генератар эл.аўтаваганняў, у якім электрамех. вагальнай сістэмай служыць кварцавы п’езаэл. рэзанатар. Характарызуецца высокай стабільнасцю частаты генерыруемых ваганняў (ад 5∙10−6 да 10−10). Выкарыстоўваюцца ў кварцавых гадзінніках, стандартах частаты і інш.
Асн. частка кварцавага рэзанатара — асобным чынам выпілаваная з крышталя кварцу пласцінка з пэўнай арыентацыяй плоскасці зрэзу. Пад уздзеяннем знешняга эл. напружання ў выніку адваротнага п’езаэл. эфекту (гл.П’езаэлектрычнасць) пласцінка ажыццяўляе строга пастаянныя мех. ваганні. Рэзанатар мае высокую (105—107) дыхтоўнасць, што і абумоўлівае надзвычай высокую стабільнасць частаты К. г.Паводле канструкцыі адрозніваюць К. г. дыскрэтныя (на дыскрэтных элементах), гібрыдныя (маюць таксама элементы, зробленыя па планарнай тэхналогіі; найб. пашыраныя) і інтэгральныя (усе элементы, акрамя актыўных, выкананы на адной п’езаэл. падложцы па планарнай тэхналогіі).
В.І.Вараб’ёў.
Прынцыповая схема кварцавага генератара з кварцавым рэзанатарам (КР) у вагальным контуры: C — кандэнсатары; R — рэзістары; L — шпуля індуктыўнасці; T — транзістар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КІ́НУЎ РЫ́НУЎ ПАЎСТА́ННЕ»,
«Кінуўшы-рынуўшы паўстанне», «Віншаванне Савасцея», «Віншаванне бондара Савасцея», бел. ананімны верш 1830-х г. Упершыню апубл. ў час. «Иллюстрация» (1848, т. 7). Паводле Я.Карскага, больш ранні запіс твора занатаваны ў зборах В.Бадзянскага. Пазней фіксаваўся збіральнікамі фальклору М.Дзмітрыевым, П.Шэйнам, М.Федароўскім (апубл. скарочана ў кн. «Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя», 1971, у каментарыях памылкова аднесены да паўстання 1863—64), І.Луцкевічам (запісаны ў в. Ухвішча Лепельскага пав. ў 1903). У жанравых адносінах верш — спалучэнне імяніннага віншавання і гутаркі. Выяўляе адносіны бел. сялян да паўстання 1830—31: скептычная ацэнка кіраўніцтва кансерватыўнай шляхты, класавыя інтарэсы якой былі далёкія ад надзённых патрэб прыгонных («Бо гэтак у нашай Польшчы: усякі хацеў быць большы»), расчараванне паўстанца-мужыка пасля паражэння («Польшчы не адбілі, народ паглумілі, а бяды па вушы нарабілі»). Гэтыя пачуцці прыводзілі героя да вернападданніцкіх, царысцкіх ілюзій («Бадай ці не лепей судару служыць»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛО́ТНАСЦЬ ВАДЫ́,
уласцівасць, якую набывае вада пры перавышэнні ўтрымання ў ёй іонаў вадароду (H+) больш за 1 × 10−7 грам-іонаў на 1 л. У прыродных водах абумоўлена звычайна наяўнасцю ў іх свабоднай сернай, вугальнай і гумінавай к-т. Канцэнтрацыю іонаў вадароду прынята ўмоўна паказваць сімвалам pH (адмоўны лагарыфм ліку, які яго характарызуе). Пры pH = 7 рэакцыя вады нейтральная, pH < 7 — кіслая, pH > 7 — шчолачная. Паводлесан.-гігіенічных нарматываў рэакцыя вады для пітнога і культ.-быт. карыстання павінна быць pH 6,5—8,5. Падкісленне прыродных вод адмоўна ўплывае на існаванне жывых арганізмаў, іх біял. прадукцыйнасць, структуру біягеацэнозаў, пагаршае сан. стан і выклікае інш. негатыўныя з’явы. На К.в. адбіваюцца кіслотнасць глебы, змыў з палёў мінер. угнаенняў і інш. рэчываў, у склад якіх уваходзяць злучэнні серы і азоту; вял. ўплыў аказваюць кіслотныя дажджы. На тэр. Беларусі кіслотнасць прыродных вод у межах pH 6,3—8,5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТЫ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,
курорты, на якіх асн. метадам прафілактыкі і лячэння з’яўляецца клімататэрапія. Паводле вызначальных рыс ландшафтаў і клімату як асн. лячэбна-прафілакт. фактару ўмоўна падзяляюцца на раўнінныя, прыморскія, нізка-, сярэдне- і высакагорныя, а ў іх межах — з умераным, кантынент., марскім, трапічным, субтрапічным і інш. кліматам. Умовы кліматалячэння і правядзення лячэбна-аздараўленчых працэдур прадугледжваюць абсталяванне К.к. спец. месцамі і збудаваннямі: кліматапавільёнамі, верандамі і галерэямі для дзённага ці кругласутачнага знаходжання на свежым паветры, аэрарыямі, салярыямі, пляжамі, месцамі для купанняў, маршрутамі для тэрэнкураў і інш. Курорты Беларусі маюць уласцівасці кліматычных. З замежных К.к. найб. вядомыя Паланга (Літва), Юрмала (Латвія), Ленінградская група курортаў, Анапа, Бярдзянск, Сочы, Самацвет і інш. (Расія), Ялта і іншыя курорты Крыма (Украіна), Бакурыяні, Тэберда і іншыя курорты Грузіі, Рыўера (Францыя), Спліт (Харватыя), Борнмут, Брайтан (Вялікабрытанія), Албена, Залатыя Пяскі (Балгарыя), Давос, Лезен (Швейцарыя), Закапанэ (Польшча), Есенік (Чэхія), Атлантык-Сіці, Палм-Біч, Тусон (ЗША) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́МА,
памяшканне, будынак ці яго частка, прызначаныя для гандлю. У Беларусі вядома з часу вылучэння рамёстваў у самаст. галіну гасп. дзейнасці. У гарадах 10—12 ст. К. існавалі ў рамесніцкіх пасадах. У 15—16 ст. вакол дзярж. і прыватнаўласніцкіх таргоў фарміраваліся гандлёва-рамесніцкія паселішчы з вял. колькасцю К. Паводлеарх.-планіровачнай і функцыянальнай будовы вылучалася некалькі тыпаў К.: невял. будынак з гандл. памяшканнем і каморай; 1- ці 2-павярховы будынак, які спалучаў уласна К., жыллё рамесніка-гандляра і яго майстэрню; памяшканне ў комплексе гандлёвых радоў на плошчы горада ці мястэчка. Адметнасцямі К. з’яўляліся ганак з адкрытай галерэяй, аканіцы, падвойныя дзверы з жал. заваламі для запірання дзвярэй, маляваныя шыльды на шчыце-франтоне. К., змыкаючыся дахамі, галерэямі, утваралі шчыльную забудову вуліцы ці плошчы. У гарадах, якія мелі магдэбургскае права, нярэдка былі аб’яднаны з будынкам ратушы. У наш час К. наз. невял. гандл. памяшканне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУТАГО́РСКАЯ БІ́ТВА 13 ст., Койданаўская бітва, бітва паміж войскамі ВКЛ і татарамі каля Крутагор’я (Койданава, цяпер г. Дзяржынск Мінскай вобл.). Ў саюзе з татарамі выступалі галіцкія князі Даніла і Васілька Раманавічы. Татары і іх саюзнікі былі разбіты. Розныя гісторыкі храналагічна адносяць бітву да 1241, 1249, 1272 і 1276. Паводле падання, тат. войскамі камандаваў хан Койдан (Кайдан), які тут быў забіты і пахаваны, а таму Крутагор’е перайменавана ў Койданава. Аднак шэраг летапісаў не ўпамінае імя Койдана, іншыя сведчаць, што ў гэтыя часы адбыўся паход на Навагрудак, арганізаваны ханам Заволжскай арды Балаклаем (Булаклай) супраць вял.кн.ВКЛ Скірмунта. Іпацьеўскі, Супральскі, Нікіфараўскі і Слуцкі летапісы (16 ст.) упамінаюць імя Койдана, але не звязваюць яго з бітвай пад Крутагор’ем. Позні час напісання гіст. крыніц (праз 2—3 ст. пасля падзеі), упамінанне ў іх міфічных асоб, шмат супярэчнасцей даюць падставу некат. гісторыкам ставіць пад сумненне верагоднасць К.б.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖО́ВЫ ПАХО́Д СУ́ПРАЦЬ СЛАВЯ́Н 1147,
ваенны паход ням. (саксонскіх), дацкіх і бургундскіх рыцараў на землі палабска-прыбалтыйскіх славян. Адбываўся адначасова з 2-м крыжовым паходам у Палесціну (гл.Крыжовыя паходы). Меў на мэце ўмацаваць уплыў саксонцаў, аслаблены ў выніку паўстанняў славян у 983 і 1102. Супраць славян дзейнічалі 2 войскі (паводле хронік, да 100 тыс. воінаў). Войска саксонскага герцага Генрыха Льва аблажыла крэпасць Добін на землях бодрычаў. Апошнія пад кіраўніцтвам кн. Ніклата адбілі наступ крыжакоў, спустошылі іх базы ў Вагрыі (гл.Вагры), разбурылі г. Любек, захапілі дацкі флот каля ўзбярэжжа. Крыжакі вымушаны былі заключыць з Ніклатам мір. Спробы другога войска на чале з Альбрэхтам Мядзведзем падначаліць племя люцічаў, захапіць іх крэпасць Дымін і цэнтр памораў Шчэцін таксама былі няўдалымі. Разгром крыжовага паходу 1147 — апошняя перамога аб’яднаных сіл палабска-паморскіх славян. У 1150—60-я г. на іх землях заснаваны ням. графства Брандэнбург і герцагства Мекленбург.