1) прынцып роўнага прадстаўніцтва бакоў; азначае таксама роўнасць, раўнапраўе, раўнацэннасць, роўнае становішча. У міжнар. праве — парытэтны прынцып азначае дагаворнае абавязацельства ўстанавіць для замежных грамадзян і юрыд. асоб такі статус, якім карыстаюцца грамадзяне і юрыд. асобы дадзенай краіны. Найб. пашыраны пры пагаджальным разглядзе прац. і інш. канфліктаў у арбітражах.
2) П. валютны — суадносіны паміж валютамі розных краін. У эпоху абарачэння золата (серабра) у якасці грошай і пры свабодным абмене папяровых грошай на золата (да 1-й сусв. вайны 1914—18) ужываўся манетны П. (па колькасці чыстага золата, якое ўтрымлівалася ў грашовай адзінцы). Ва ўмовах абарачэння неразменных на золата папяровых грошай — валютны П. (па колькасці золата, якое афіцыйна ўстанаўліваецца ўрадам у нац. грашовай адзінцы). Валютны П., які змяняецца дзяржавай у залежнасці ад руху цэн унутры краіны і пакупной сілы замежнай валюты, называецца П. пакупной сілы валют.
мексіканскі паэт і эсэіст. Вывучаў юрыспрудэнцыю і філалогію. Быў дыпламатам (1943—68). Аўтар зб-каў паэзіі «Корань чалавека» і «Но пасаран!» (абодва 1937), «Свабода пад апекаю слова» (1949), «Саламандра» (1962), «Усходні бок» (1969), «Паварот» (1976), «Прарослае знутры» (1987) і інш., лірычных паэм «Сонечны камень» (1957), «Прабел» (1967), «Мінулае на далоні» (1974). Яго паэзія камерная, засн. на эстэтыцы сюррэалізму, на ліберальных каштоўнасцях, багатая на сімвалы; адна з яе гал. праблем — роля паэта і паэт. слова ў пераўтварэнні свету. Вядомасць набылі таксама эстэтыка-філас. эсэ: кн. «Лабірынт адзіноты» (1950), «Пераменны ток» (1967), «Пахмурна» (1987), «Абрысы Індыі» (1995) і інш. Нобелеўская прэмія 1990.
Тв.:
Рус.пер. — Поэзия. Критика. Эротика. М., 1996;
У кн.: Поэты Мексики. М., 1975;
У кн.: Поэты-лауреаты Нобелевской премии. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСПАЛІ́ТАЕ РУШЭ́ННЕ,
шляхецкае апалчэнне ў феад. Польшчы і ВКЛ (Рэчы Паспалітай); асн. форма арганізацыі ўзбр. сіл дзяржавы, заснаваная на прынцыпе, што кожны шляхціц незалежна ад велічыні маёнтка ў час вайны абавязаны адпраўляцца ў ваенны паход. У ВКЛ з пач. 16 ст. землеўладальнікі ад кожных 8, а з 1566—10 службаў (у службе 2 дымы) выстаўлялі ў войска ўзбр. конніка, а калі зямлі было менш, землеўладальнікі ішлі служыць самі. У П.р. ўваходзілі таксама прывілеяваныя сяляне (асочнікі, стральцы, выбранцы), панцырныя баяры, путныя баяры, мяшчане, якія валодалі зямлёй, казакі, татары і інш. Час ад часу праводзіліся попісы войска Вялікага княства Літоўскага. Колькасць П.р. ВКЛ дасягала 30 тыс.чал. П.р. склікалася соймам, узначальвалася вял. гетманамі Польшчы і ВКЛ, часам каралём. Ужо ў 15 ст. немагчымасць караць шляхту і няздольнасць арганізаваць новыя спосабы вядзення вайны рабілі П.р. малапрыгодным. Існавала да канца 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТЭРЫЗА́ЦЫЯ,
спосаб кансервавання харч. прадуктаў аднаразовым награваннем да т-ры ніжэй за 100 °C (звычайна 60—70 °C) з рознай вытрымкай (найчасцей 15—30 мін). Робіцца ў пастэрызатарах (спец. апаратах). Выкарыстоўваецца для апрацоўкі малака, віна, піва і інш. прадуктаў, якія пры награванні да больш высокай т-ры зменьваюць свае якасці. Прапанавана Л.Пастэрам (адсюль назва).
Пры П. гіне большасць неспараносных бактэрый, дражджэй і цвільных грыбоў, разбураюцца ферменты. Застаюцца жывыя споры мікробаў, частка энтэракокаў і малочнакіслых бактэрый. Каб знішчыць усе мікробы і іх споры, робяць тындалізацыю — паўторнае (2—5-разовае) праграванне пры т-ры 55—56 °C на працягу 30—60 мін з 24-гадзіннымі інтэрваламі, ультрапастэрызацыю — апрацоўку перагрэтай парай пры 150 °C і стэрылізацыю. Выкарыстоўваюць таксама П. прамянёвую — апрацоўку харч. прадуктаў гама-выпрамяненнем для знішчэння ў іх мікрафлоры. Прадукты пасля апрацоўкі бясшкодныя і могуць спажывацца ў ежу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАВА (дзявочае Яніш) Караліна Карлаўна
(22.7.1807, г. Яраслаўль, Расія — 14.12.1893),
руская паэтэса, перакладчыца. Жонка М.П.Паўлава. Першы зб. «Паўночнае ззянне» (1833, на ням. мове). Раман у вершах і прозе «Двайное жыццё» (1848) пра выхаванне ў свецкіх колах. У паэт. цыкле «Фантасмагорыі», «уцінскім цыкле», зб. «Вершы» (1863) і інш. тэмы кахання, незразумелага грамадствам паэта, пошукі арыгінальных рыфм. Аўтар «апавяданняў у вершах» «Размова ў Трыяноне» (1848, забаронена; апубл. 1861, Лондан), «Размова ў Крамлі» (1854), паэмы «Кадрыль» (1859), апавяданняў, п’ес, успамінаў, перакладаў на ням. мову твораў В.Жукоўскага, А.Пушкіна, А.Талстога і інш. Была знаёмая з А.Міцкевічам, які 10.11.1827 прапанаваў ёй шлюб і атрымаў згоду (заручыны разладзіліся). З імем Міцкевіча звязана некалькі вершаў П. 1840-х г. («10 лістапада 1840 г.», «На 10 лістапада», і інш.). Міцкевіч таксама прысвячаў П. вершы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ЎСКІ (Зянон Станіслававіч) (27.7.1917, в. Прылукі Мінскага р-на — 12.8.1977),
бел. жывапісец. Скончыў Маскоўскі маст.ін-т імя В.Сурыкава (1943). Працаваў пераважна ў жанры партрэта. Стварыў рэаліст. вобразы нар. паэта Беларусі Я.Коласа, партызанкі Н.Хахалінай (абодва 1943), Герояў Сав. Саюза В.І.Казлова (1946), І.П.Ціткова (1945), Е.С.Зяньковай (1957), камандзіра партыз. брыгады А.І.Шубы, мастака А.Мазалёва (абодва 1945), нар. артыста СССР Б.В.Платонава (1950), прэзідэнта АН Беларусі В.Ф.Купрэвіча (1960), нар. пісьменніка Беларусі М.Лынькова (1962), Героя Сац. Працы настаўніцы А.І.Казей (1968) і інш. Аўтар групавых кампазіцый «Беларускія пісьменнікі ў Я.Купалы ў гады вайны» (1947), «Сустрэча сяброў» (1952) і інш. Творам уласцівы глыбокае раскрыццё ўнутр. свету асобы, тонкасць выяўл. сродкаў. Працаваў таксама ў галіне сатыр. малюнка, станковай скульптуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦУКІ́ (Rattus),
род млекакормячых сям. мышыных атр. грызуноў. Паводле розных класіфікацый, ад 65 да 280 відаў. Найб. колькасць відаў жыве ў трапічнай Азіі і Афрыцы ў разнастайных ландшафтах; пасяляюцца ў норах, у пабудовах. З чалавекам рассяліліся па ўсім свеце. Актыўныя пераважна на змярканні і ўначы. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў многіх хвароб жывёл і чалавека, у т. л. інфекцыйных. На Беларусі 2 сінантропныя віды: П. шэры, або свірнавы (R. norvegicus), і П. чорны (R. rattus).
Даўж. цела да 30 см, хвост крыху карацейшы або даўжэйшы, укрыты лускавінкамі і рэдкімі валаскамі. Усёедныя. Нараджаюць да 23 пацучанят 2—4 разы за год. Наносяць шкоду гаспадарцы: знішчаюць значную ч. ўраджаю (асабліва збожжавых культур), псуюць і засмечваюць харч. прадукты, прамысл. тавары. вырабы, мэблю і інш. Лабараторныя жывёлы. П. наз.таксама прадстаўнікоў інш. родаў з сям. мышыных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАГО́НКА НА́ФТЫ,
дыстыляцыя нафты, раздзяленне нафты на асобныя фракцыі з рознымі тэмпературнымі інтэрваламі выкіпання; пачатковы працэс нафтаперапрацоўкі. Засн. на тым, што пры награванні нафты ўтвараецца паравая фаза, састаў якой адрозніваецца ад саставу вадкасці (гл.Дыстыляцыя).
У прам-сці ажыццяўляюць на неперарыўна дзейных нафтаперагонных устаноўках. Асн. апараты ўстановак — рэктыфікацыйныя калоны (гл.Рэктыфікацыя), трубчастыя печы і цеплаабменныя апараты. Адрозніваюць атм. трубчастыя, ці АТ-устаноўкі, і атм.-вакуумныя трубчастыя, ці АВТ-устаноўкі. У АТ-устаноўках П.н. ажыццяўляюць пад ціскам 150—400 кПа; у АВТ-устаноўках — спачатку пры атм., а потым пры нізкім ціску (5—15 кПа). На АТ-устаноўках атрымліваюць светлыя фракцыі, што выкіпаюць да 350 °C (вуглевадародны газ, бензін, газа, газойль) і мазут, на АТВ-устаноўках — тыя ж фракцыі, а таксама вакуумны газойль, дыстылятнае масла (гл.Нафтавае масла) і гудрон.
Літ.:
Александров И.А. Перегонка и ректификация в нефтепереработке. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ЛЬШЧЫКІ,
шэраг сямействаў насякомых падатр. сядзячабрухіх атр. перапончатакрылых: П. сапраўдныя (Tenthredinidae), сцябловыя (Cephidae), П.-ткачы (Pamphiliidae) і інш. Больш за 6,7 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна ў лясах, а таксама на лугах, палях, у садах, трапляюцца ў стэпах і пустынях. Многія П. — шкоднікі лясных і с.-г. раслін, напр., П. вішнёвы слізісты (Caliroa limacina), збожжавы звычайны (Cephus pygmaeus), рапсавы (Athalia rosae), хваёвы звычайны (Diprion pini), яблыневы пладовы (Hoplocampa testudinea) і інш. На Беларусі больш за 200 відаў.
Даўж. 0,2—30 мм. Крылаў 2 пары, заднія меншыя. Ротавыя органы грызуча-ліжучыя. Яйцаклад пілападобны. Самкі адкладваюць яйцы ў надрэзы, «прапіленыя» яйцакладам (адсюль назва) у тканках ліста або інш. органах расліны. Вусенепадобныя лічынкі і дарослыя асобіны расліннаедныя, некат. дарослыя — драпежнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НДАР (Pindaros; каля 518 да н.э., Кінаскефалы, каля г. Фівы, Грэцыя — каля 442 ці 438 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паэт; буйнейшы прадстаўнік харавой мелікі (лірыкі). Праславіўся эпінікіямі — гімнамі (па памерах — лірычныя паэмы) у гонар пераможцаў агульнаэлінскіх спарт. гульняў. З 17 кніг яго твораў захаваліся 4, якія ўключаюць 45 эпінікіяў. У іх роздум пра магутнасць багоў, міфічных герояў, продкаў пераможцаў, заклік да ўсебаковага развіцця закладзеных у чалавеку магчымасцей. Эпінікіі П. адметныя надзвычай складанымі сінтаксісам, метафорыкай, непрадказальнай асацыятыўнасцю. Яго стыль паўплываў на фарміраванне т.зв. піндарычнай оды ў еўрап. л-ры, а таксамафілас. і духоўнага гімна ў вольных рытмах.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Античная лирика. М., 1968;
У кн.: Пиндар. Вакхилид: Оды. Фрагменты. М., 1980.
Літ.:
Гринбаум Н.С. Язык древнегреческой хоровой лирики: (Пиндар). Кишинев, 1973;
Синило Г.В. Гёльдерлин и Пиндар // Весн. БДУ. Сер. 4. 1990. № 1.