ЛА́РСА,

старажытны горад шумераў на Пн Месапатаміі (цяпер гарадзішча Сенкерэ ў Іраку), атаясамліваецца з біблейскім г. Эласар. У канцы 3-га тыс. да н.э. заваявана Эламам. У 1932 да н.э. цэнтр царства, заснаванага амарэйскай дынастыяй. Найб. росквіту дасягнула ў 19—18 ст. да н.э. У 1762 да н.э. далучана царом Хамурапі да Вавілоніі. У 1739 да н.э. тут адбылося паўстанне, пасля якога Л. моцна разбураны вавіланянамі. Мела вял. значэнне ў новававілонскі перыяд (626—538 да н.э.), да якога адносяцца апошнія пісьмовыя звесткі пра Л. У выніку археал. раскопак (з 1854) выяўлены руіны горада, помнікі матэрыяльнай культуры, дакумент. матэрыял.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАШЭ́НЯ (Яўген Варфаламеевіч) (23.12.1900, пас. Альбярцін, цяпер у межах г. Слонім Гродзенскай вобл. — 6.12.1981),

генерал-лейтэнант інж. войск (1955). Канд. ваен. н. (1943). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). У Чырв. Арміі з 1919, удзельнік баёў супраць Урангеля і Махно. У 1935—41 выкладчык у Ваен. акадэміі імя Фрунзе. У Вял. Айч. вайну нач. інж. службы, нач. штаба аператыўнай групы інж. загарод Зах. і Крымскага франтоў, нач. штаба інж. войск 1-га Бел. і Забайкальскага франтоў, удзельнік абароны Масквы і Севастопаля, Вісла-Одэрскай, Усх.-Памеранскай, Берлінскай і Хангана-Мукдэнскай аперацый. У 1946—59 на выкладчыцкай рабоце ў ваен. акадэміях.

т. 9, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЎ III (Leōn) Ісаўр, Леў III Сірыец (каля 675, Германікія, цяпер г. Мараш, Турцыя — 18.6.741), візантыйскі імператар [717—741], заснавальнік Ісаўрыйскай дынастыі. Узмацніў знешнепаліт. становішча імперыі: адбіў націск арабаў, якія ў 717—718 вялі аблогу Канстанцінопаля; пасля перамогі ў 740 пад Акраінонам вярнуў ч. візант. уладанняў у М. Азіі. З мэтай умацавання цэнтр. улады і абароны інтарэсаў ваенна-служылай знаці выдаў у 726 Эклогу (зб. законаў). Рэфармаваў армію, распачаў рэформы ў галіне права, грамадскіх адносін і царк. палітыкі. Узначальваў рух іканаборства, што прывяло ў 730 да разрыву адносін з рым. курыяй.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 9, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПМАН ((Lipmann) Фрыц Альберт) (12.6.1899, г. Кёнігсберг, цяпер Калінінград, Расія — 24.7.1986),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1950) і Лонданскага каралеўскага т-ва (1962). Скончыў Берлінскі ун-т (1924). З 1939 у Корнелскім, з 1941 у Гарвардскім ун-тах, адначасова ў 1949—57 у Масачусецкім шпіталі, з 1957 у Ракфелераўскім ін-це (ЗША). Навук. працы па абмене рэчываў у клетцы, біясінтэзе бялкоў, актывацыі сульфгідрыльных груп. Вылучыў і даследаваў кафермент А, устанавіў ролю АТФ як універсальнага пераносчыка энергіі, стварыў тэорыю назапашвання і выкарыстання энергіі ў біяхім. працэсах. Нобелеўская прэмія 1953 (разам з Х.А.Крэбсам).

Ф.Ліпман.

т. 9, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЭ́ЛАС, Марэлас-і-Павон (Morelos y Pavón) Хасэ Марыя (30.9.1765, г. Вальядалід, цяпер Марэлія, Мексіка — 22.12.1815), нацыянальны герой Мексікі. Скончыў духоўную семінарыю, быў настаўнікам, вясковым святаром. У 1810 далучыўся да нар. паўстання пад кіраўніцтвам М.Ідальга, (гл. арт. Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). Пасля гібелі Ідальга (1811) М. узначаліў паўстанцаў і ў 1812—13 нанёс паражэнні іспанцам. У вер. 1813 склікаў у Чыльпансінга Нац. кангрэс, які прыняў дэкларацыю аб незалежнасці Мексікі, абвясціў М. генералісімусам і кіраўніком выканаўчай улады краіны. Да канца 1815 ісп. войскі разграмілі паўстанцкую армію, М. узяты ў палон і пакараны смерцю.

т. 10, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЬНІЦКІ АКТ 1501,

акт дзярж. уній паміж Польшчай і ВКЛ. Падпісаны 23.10.1501 у г. Мельнік (Падляшскае ваяв. ВКЛ, цяпер у Польшчы) пры абранні вял. князя ВКЛ Аляксандра на каралеўскі трон Польшчы. М.а. прадугледжваў у будучым выбары агульнага манарха для абедзвюх дзяржаў (зафіксаваны таксама ў Мельніцкім прывілеі 1501), устанаўленне агульнай грашовай сістэмы, правядзенне агульнай унутранай і знешняй палітыкі. Фактычна М.а. вёў да ліквідацыі дзярж. самастойнасці ВКЛ. У выніку шырокай апазіцыі сейм ВКЛ у 1505 не зацвердзіў М.а. і ён не набыў сілы. Планы польскіх магнатаў і шляхты здзейсніліся ў выніку заключэння Люблінскай уніі 1569.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 10, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ КІ́РХА.

Існавала ў 19 — пач. 20 ст. ў Мінску. Пабудавана ў 1846 з цэглы ў стылі класіцызму на б. Захар’еўскай вул. (цяпер праспект Скарыны). Прамавугольны ў плане асн. аб’ём з паўкруглай алтарнай апсідай і прытворам, завершаным вежай-званіцай у выглядзе ратонды з 8 калонамі тасканскага ордэра і паўсферычным купалам. Сцены будынка рытмічна расчлянёны атыкамі. З ПнУ да кірхі прыбудаваны 2-павярховы будынак, дзе жыў пастар. Сіметрычны па кампазіцыі гал. фасад завершаны ступеньчатым атыкам. У 1930-я г. перабудавана пад дзіцячы кінатэатр. Разбурана ў 1940-я г.

У.​М.​Дзянісаў.

Мінская кірха.

т. 10, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛАКАЎ (Васіль Сяргеевіч) (13.2.1895, с. Ірынінскае, цяпер Молакава Маскоўскай вобл. — 29.12.1982),

савецкі лётчык. Герой Сав. Саюза (1934). Ген.-маёр авіяцыі (1940). Скончыў школу марскіх лётчыкаў (1921), курсы ўдасканалення пры Ваен.-паветр. акадэміі імя Жукоўскага (1929). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнічаў у выратаванні людзей з парахода «Чэлюскін» (1934) і экспедыцыі на Паўн. полюс (1937). З 1938 нач. Гал. ўпраўлення Паветр. флоту. У Вял. Айч. вайну (з мая 1943) камандзір авіяц. дывізіі на Зах. і 3-м Бел. франтах. З 1947 у адстаўцы. Дэп. Вярх. Савета СССР 1937—46.

т. 10, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ШСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ Дзейнічаў у 1667—93 (з перапынкамі) у в. Новая Мыш (цяпер у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл.). Засн. навагрудскім кашталянам, чл. мальтыйскага ордэна М.​У.​Юдзіцкім, які завяшчаў свае маёнткі Баранавічы, Дамашэвічы, Старая Мыш, Сухарэльшчына і Цешаўля калегіуму. Аднак 2 інш. члены мальтыйскага ордэна М.​Сяняўскі і Е.​Любамірскі распачалі судовы працэс з мэтай скасаваць калегіум і вярнуць маёнткі свайму ордэну. У выніку судовай спрэчкі калегіум працаваў толькі ў 1667—78, 1679—83, 1688 і 1692—93, а пасля канчаткова закрыты. Свайго касцёла езуіты не мелі і выкарыстоўвалі мясц. парафіяльны касцёл. Будынкі калегіума не захаваліся.

т. 11, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЗЯ́НСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў ліп. 1941 — крас. 1942 у вёсках Нізяны і Паўлаўшчына Поразаўскага (цяпер Ваўкавыскага) р-на. Аб’ядноўвала 12 чал. (кіраўнік М.​І.​Амшэй). Падпольшчыкі прымалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, 7.11.1941 у гадавіну Кастр. рэвалюцыі вывесілі чырв. сцягі ў Нізянах і інш. вёсках, псавалі тэлеф. сувязь акупантаў, ратавалі сав. ваеннапалонных, збіралі і перадавалі партызанам зброю, прадукты харчавання, медыкаменты, адзенне. 29.4.1942 фашысты арыштавалі і пасля катаванняў у чэрв. расстралялі падпольшчыкаў. У Ваўкавыску на іх магіле, у в. Нізяны ў гонар падпольшчыкаў пастаўлены помнікі.

т. 11, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)