БЕРНШТЭ́ЙН Іосіф Гдалевіч (17.7.1904, г. Пінск Брэсцкай вобл. — 16.2.1966),

удзельнік рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У 1921—24 рабочы запалкавай ф-кі ў Пінску. Удзельнічаў у арганізацыі забастовак, узначальваў работу прафсаюзаў Пінска. З 1927 чл. Пінскага гаркома і акругкома КПЗБ, з 1931 — інструктар ЦК КПЗБ па Беластоцкай і Віленскай акр. На пач. 1934 сакратар Віленскага акругкома КПЗБ. За рэв. дзейнасць не аднойчы быў арыштаваны, больш за 10 гадоў правёў у турмах. У 1944—52 на гасп. рабоце ў Пінску.

В.​П.​Ласковіч.

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЦЬЕ́ (Berthier) Луі Аляксандр (20.11.1753, г. Версаль, Францыя — 1.6.1815),

ваенны і дзярж. дзеяч Францыі, маршал (1804). Удзельнік вайны за незалежнасць ЗША (1775—83). З 1789 нач. штаба нац. гвардыі Версаля. У 1792—95 удзельнічаў у задушэнні мяцяжоў у Вандэі. У 1796—97 нач. штаба, у 1797—98 камандуючы франц. Італьянскай арміяй. Ваенны міністр (1799, 1801—07) і нач. штаба пры Напалеоне. З 1814 на службе ў Людовіка XVIII. Распрацаваў асновы штабной службы, прынятыя пазней усімі еўрап. Арміямі. У час «ста дзён» Напалеона скончыў самагубствам.

т. 3, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЮ́ХЕР Васіль Канстанцінавіч (1.12.1889, в. Баршчынка Яраслаўскай вобл., Расія — 9.11.1938),

савецкі ваенны дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1935). Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1917 у Чырв. гвардыі. У 1919 камандаваў 51-й дывізіяй у баях супраць Калчака, у 1920 — пры абароне Кахоўскага плацдарма і штурме Перакопа. У 1921—22 галоўнакамандуючы, ваен. міністр і старшыня Ваен. савета Далёкаўсходняй рэспублікі. Пасля грамадз. вайны нач. Ленінградскага ўмацаванага раёна, камандуючы войскамі Укр. ваен. акругі. З 1929 камандуючы Далёкаўсх.: арміяй. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1937. Рэпрэсіраваны ў 1938. Рэабілітаваны ў 1956.

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛДЗІН Іван Васілевіч (15.8.1892, в. Высоцкая Інсарскага р-на, Мардовія — 28.5.1965),

савецкі ваен. дзеяч. Ген.-палк. (1944). Скончыў курсы «Выстрал» (1923), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1936). У арміі з 1914, у Чырв. Арміі з 1919, удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1940 нам. камандуючага войскамі Зах. асобай ваен. акругі. У Вял. Айч. вайну камандаваў 50-й арміяй, якая ўдзельнічала ў баях пад Масквой, на Курскай дузе, вызваленні Чавусаў, Магілёва, Гродна, у аперацыі мінскі «кацёл». Пасля вайны ў Сав. Арміі. Аўтар успамінаў «Старонкі жыцця» (1961). Ганаровы грамадзянін г. Гродна.

І.В.Болдзін.

т. 3, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДАРАЎ Аляксандр Мітрафанавіч (н. 30.5.1923, былое с. Нікалаеўка Самарскай вобл., Расія),

Герой Сав. Саюза (1944). Беларус. Скончыў Куйбышаўскае ваенна-пях. вучылішча (1942), курсы ўдасканалення афіцэрскага саставу (1947), Куйбышаўскі пед. ін-т (1954). У Вял. Айч. вайну на Калінінскім, Варонежскім, 1-м і 4-м Укр. франтах, удзельнік вызвалення Украіны, Чэхаславакіі, Польшчы. У ліст. 1943 пры фарсіраванні Дняпра каля Кіева ўзвод аўтаматчыкаў на чале з лейт. Бондараў авалодаў востравам, захапіў плацдарм на правым беразе ракі і адбіваў атакі да падыходу асн. сіл палка. Да 1953 у Сав. Арміі.

А.М.Бондараў.

т. 3, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДАРАЎ Андрэй Лявонцьевіч (20.8.1901, хутар Бондараў Новааскольскага р-на, Расія — 23.9.1961),

савецкі ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1943), Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Кіеўскую аб’яднаную ваен. школу (1927), курсы ўдасканалення камсаставу (1941), паскораны курс Ваен. акадэміі Генштаба (1942). У Чырв. Арміі з 1921. Удзельнік грамадз., сав.-фінл. 1939—40 войнаў. У Вял. Айч. вайну ў вер. 1943 часці 17-га гв. стралк.корпуса пад яго камандаваннем фарсіравалі Дняпро каля в. Верхнія Жары Камарынскага р-на, захапілі плацдарм і, развіваючы наступленне, фарсіравалі Прыпяць. Да 1995 у Сав. Арміі.

т. 3, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНСЕ́ЦКІ Павел Фёдаравіч (1915, г. Краснадар, Расія — 27.3.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. З 1938 у ВМФ, служыў на Чарнаморскім флоце. З 1942 у брыгадзе марской пяхоты, удзельнік дэсантных аперацый у Новарасійску, Марыупалі, Таганрогу, Бярдзянску. Старшына 2-й стацці Вансецкі вызначыўся ў час дэсантнай аперацыі ў г. Мікалаеў (Украіна): у ноч на 26.3.1944 атрад дэсантнікаў, у складзе якога быў Вансецкі, па Паўд. Бугу высадзіўся ў тыле ворага ў порце, у няроўным баі за 2 сутак адбіў 18 контратак, нанёс вял. страты жывой сіле ворага.

П.Ф.Вансецкі.

т. 3, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ГЕНЕР (Wegener) Альфрэд Лотар (1.11.1880, Берлін — канец ліст. 1930),

нямецкі геафізік. Праф. ун-та ў Грацы (1924). Удзельнік (1906—08, 1912—13) і кіраўнік (1929—30) экспедыцый па даследаванні Грэнландыі. Апошняя экспедыцыя здзейснена для стварэння ў цэнтр. Грэнландыі на выш. каля 3000 м круглагадовай даследчай станцыі «Айсмітэ». Пры вяртанні з яе загінуў у льдах. Навук. працы па тэрмадынаміцы атмасферы і палеакліматалогіі. Аўтар тэорыі дрэйфу мацерыкоў — першай гіпотэзы мабілізму; гл. Вегенера гіпотэза (1912).

Тв.:

Рус. пер. — Возникновение материков и океанов. М.; Л., 1925;

Термодинамика атмосферы. М.; Л., 1935.

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́КТАР ЭМАНУІ́Л II (Vittorio Emanuele; 14.3.1820 — 9.1.1878),

кароль Сардзінскага каралеўства [1849—61], першы кароль аб’яднанай Італіі [1861—78]. Удзельнік аўстра-італьянскай вайны 1848—49. У перыяд барацьбы за нац. вызваленне італьян. народа і аб’яднанне Італіі (гл. Рысарджымента) падтрымліваў планы лібералаў (К.Б.Кавура і інш.), вёў барацьбу з рэсп.-дэмакр. лагерам нац.-вызв. руху, адначасова імкнучыся ў сваіх мэтах выкарыстаць папулярнасць і ваен. перамогі Дж.​Гарыбальдзі. У 1861 абвешчаны каралём Італьян. каралеўства. У час аўстра-італьян. вайны 1866 узначальваў італьян. армію. Пасля 1870 праводзіў курс на збліжэнне з Аўстрыяй і Германіяй.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РЧЫК Канстанцін Васілевіч (н. 27.9.1918, в. Сорагі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

генерал-палкоўнік (1976). Канд. ваен. н. (1968). Скончыў Артыл. акадэмію імя Дзяржынскага (1950). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну на Зах., Бранскім, Цэнтр., 1-м і 4-м Укр. франтах: камандзір узвода, батарэі, дывізіёна, нач. штаба палка, брыгады. Удзельнік баёў пад Бабруйскам, Рослаўлем, Бранскам, Яльцом, Варонежам, Курскам, Львовам, Прагай. У 1954—89 на выкладчыцкай рабоце, нач. касмадрома Байканур, камандуючы ракетнай арміяй СССР. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1975—80.

т. 5, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)