ВА́ГРЫ,

адно з плямён палабскіх славян. Каля 600 г. н.э. засялілі тэр. сучаснай зямлі Шлезвіг-Гольштэйн (Германія) паміж Кільскай і Любекскай бухтамі — т.зв. Вагрыю (цэнтр — Старград). Уваходзілі ў склад дзяржавы бодрычаў. У час экспансіі на У герм. кароль Атон I

заснаваў тут у 948—968 місіянерскае епіскапства Ольдэнбург (знішчана паўстанцамі-ваграмі ў 983). У 1138—39 Вагрыя заваявана ням. графствам Гольштэйн; вагры былі вынішчаны ці анямечаны. Крыніца па гісторыі ваграў — «Славянская хроніка» свяшчэнніка Гельмальда з Босаў.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШМЯ́НСКІ СТАДЫЯ́Л,

апошні на тэр. Беларусі стадыял дняпроўскага зледзянення. Адбыўся 140—230 тыс. г. назад у час распаду ледавіковага покрыва. Ледавіковы фронт займаў паўн. частку Беларускай грады, яму былі ўласцівы актыўныя асцыляцыі, што стварылі разнастайныя гляцыядыслакацыі. У час Ашмянскага стадыялу ўзніклі ледавікова-акумулятыўныя ўзвышшы паўн. галіны Беларускай грады (Ашмянскае, Докшыцкая галіна Мінскага узв. і інш.) і марэнна-водналедавіковы рэльеф каля яе падножжа. Некаторыя даследчыкі антрапагену Беларусі лічаць, што Ашмянскі стадыял адбыўся ў час сожскага зледзянення.

М.​Я.​Камароўскі.

т. 2, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРЫ́НАВА,

вёска на Беларусі, у Воўкавіцкім с/с Талачынскага р-на Віцебскай вобласці. За 13 км ад Талачына. 108 ж., 53 двары (1995). Узнікла на мяжы 15—16 ст. на тэр. Друцкага княства. У розны час належала Друцкім, Багрынаўскім, Адзінцэвічам, Сангушкам. У выніку адм. рэформы ВКЛ 1565—66 Багрынава ўвайшло ў Аршанскі пав. У пач. 20 ст. ў Багрынаве 192 ж., 25 двароў. Побач з вёскай група археал. помнікаў: гарадзішча, замчышча, курганны могільнік крывічоў (11 ст.).

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛТЫ́ЗМ,

слова, запазычанае з балтыйскіх моў. У бел. мове — пераважна з літоўскай, часткова з латышскай. Найб. інтэнсіўна асвойваліся ў перыяд ВКЛ. Пранікалі непасрэдна ў працэсе вусных моўных кантактаў.

Большасць балтызмаў не прыжыліся, засталіся пераважна словы быт. і гасп. ўжытку: «атоса», «венцер», «дойлід», «ёўня», «клуня», «лоўж», «пуня», «свіран», «торп» і інш. Некаторыя балтызмы маюць вузкае тэр. пашырэнне: «аруд», «груца», «прывен», «ройста». Балтыйскія па паходжанні ў бел. мове некаторыя тапонімы і антрапонімы («Ашмяны», «Жупраны», «Юрацішкі»; «Лукша», «Шніп», «Юргель»).

А.​М.​Булыка.

т. 2, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА (археалагічная культура плямёнаў энеаліту) (пач. 5-га — пач. 3-га тыс. да н.э.) на тэр. паўд. Туркменістана. Назва ад паселішчаў каля аула Анаў (каля Ашгабада). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло ў дамах з гліняных блокаў ці сырцовай цэглы. Нябожчыкаў хавалі ў ямах у скурчаным стане; у магілы клалі посуд, прылады працы, зброю з каменю і медзі, упрыгожанні. Посуд А. пласкадонны, размаляваны фарбаю (геаметрычны арнамент),

характэрны тэракотавыя жаночыя статуэткі. Найб. вядомы помнік анаўскай культуры — Намазга-Тэпэ.

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДАШЫ́Р I, Арташыр Папакам (каля 180 — 22.9.239 або 241),

заснавальнік і першы цар [224—241] дынастыі Сасанідаў у Іране. Служыў у правіцеля парфянскай крэпасці ў Фарсе. Каля 200 стаў правіцелем гэтай крэпасці, падпарадкаваў гарады Фарс, Керман і Гей (сучасны г. Ісфахан). 28.5.224 пры падтрымцы знаці і жрацоў разбіў войскі парфянскага цара Артабана V, пасля чаго Парфянскае царства перастала існаваць. Стварыў Сасанідаў дзяржаву. У выніку барацьбы Ардашыра з Рымам за Месапатамію і Арменію, войнаў на Усходзе значна пашырыў тэр. дзяржавы.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯ́Н (Boian),

археалагічная культура эпохі неаліту (2-я пал. 4 — пач. 3-га тыс. да нашай эры) на тэр. Румыніі і Балгарыі. Назва ад паселішча на воз. Баян (Румынія). Насельніцтва жыло на неўмацаваных паселішчах у зямлянках і наземных жытлах са сценамі з дрэва і гліны. Аснова гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля. Характэрна чорная і шэрая глянцаваная кераміка, упрыгожаная паглыбленым геаметрычным арнаментам, запоўненым белай пастай. З’явіліся першыя вырабы з медзі. Культура Баяна адыграла важную ролю ў фарміраванні культуры гумельніца.

т. 2, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА-ЛІТО́ЎСКАЯ А́РМІЯ,

аператыўнае аб’яднанне часцей і злучэнняў Чырв. Арміі на тэр. Беларусі і Літвы (Літоўска-Беларускай ССР) у грамадзянскую вайну. Загадам рэўваенсавета Рэспублікі ад 13.3.1919 Зах. армія пераўтворана ў Беларуска-Літоўскую армію. У яе ўвайшлі Заходняя, Літоўская (да 30.4.1919), 8-я і 17-я стралк. дывізіі. Знаходзілася ў складзе Зах. фронту 1919—24. Камандуючыя арміі А.​Я.​Снесараў (да 31.5.1919), П.​К.​Міронаў (в.а. з 31.5.1919). Загадам РВС Рэспублікі ад 7.6.1919 перайменавана ў 16 армію.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БУДАКІ́», будакі-паны,

група насельніцтва бел. паходжання на тэр. б. Лукаянаўскага пав. Ніжагародскай губ. (сучасныя паўд. раёны Ніжагародскай вобл. Расіі). Утварыліся ў 17 ст. ў часы царавання Аляксея Міхайлавіча ў выніку прымусовага перасялення этнічна бел. насельніцтва. Назва паходзіць ад занятку гэтых людзей у мінулым будным промыслам (скажонае ад буднікі). Велікарус. наваколле называла «будакоў» таксама «літвой», «палякамі», «польшчай». Паводле перапісу 1897, з 995 беларусаў, што жылі ў Ніжагародскай губ., большасць (67,5%) была сканцэнтравана ў Лукаянаўскім пав.

І.​В.​Карашчанка.

т. 3, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕ́РТА (Alberta),

буйнейшы вугальны басейн на З Канады, у паўн. ч. Скалістых гор; невял. паўд. ч. басейна ў ЗША. Пл. больш за 250 тыс. км². Агульныя запасы больш як 228 млрд. т. 11 асн. вуглездабыўных раёнаў. Інтэнсіўна распрацоўваецца з 1960-х г. У зах. ч. басейна вуглі каксавальныя, антрацыты, ва ўсх. ч. — бурыя. Каксавальныя вуглі экспартуюцца ў Японію і інш. краіны, энергетычныя выкарыстоўваюцца на мясцовых эл. станцыях. На тэр. басейна таксама здабыча серы, прыроднага газу, нафты, бітумаў і інш.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)