нацыянальная і адм.-тэр. арганізацыя дзярж. улады, характар узаемаадносін паміж дзяржавай і яе састаўнымі часткамі, паміж асобнымі часткамі дзяржавы, а таксама цэнтр. і мясц. органамі ўлады. Цесна звязана з тэр. арганізацыяй насельніцтва. Паводле формы Н.-дз.ў. ўсе дзяржавы падзяляюцца на унітарныя і федэратыўныя. Існуюць таксама розныя формы міждзяржаўнага супрацоўніцтва: канфедэрацыі, асабістыя уніі, пратэктараты, садружнасці нацый і дзяржаў, розныя гасп. і ваенна-паліт. блокі. Гл.Саюзная дзяржава.
Унітарная дзяржава — адзінае цэласнае дзярж. ўтварэнне, якое складаецца, як правіла, з адм.-тэр. адзінак. Федэрацыя — форма Н.-дз.ў., якое ўяўляе сабой добраахвотнае аб’яднанне самастойных дзярж. утварэнняў у адну новую саюзную дзяржаву. Беларусь на шляху развіцця сваёй дзяржаўнасці зазнала некалькі форм Н.-дз.ў.: уваходжанне Полацкага і інш. княстваў у склад Кіеўскай Русі, федэратыўны статус ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай, унітарызм Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, абвешчанай 30.12.1918, і знаходжанне яе з 1922 да 1991 у складзе федэрацыі — СССР. Сучасны унітарызм Рэспублікі Беларусь грунтуецца на шэрагу прынцыпаў — раўнамернасці, збалансаванасці і комплекснасці развіццяадм.-тэр. адзінак, узаемасувязі Н.-дз.ў. і сацыяльна-эканам. раянавання і інш. Н.-дз.ў. Беларусі ўключае вобласці, раёны, гарады, пасёлкі гар. тыпу, сельсаветы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВЫ́ АДБО́Р,
прыватная форма натуральнага адбору, якая выклікае значныя разыходжанні ў прыкметах самцоў і самак (палавы дымарфізм). Прапанаваў паняцце і выявіў значэнне П.а. ў эвалюцыі жывёл Ч.Дарвін (1859, 1871).
Прыкметы П.а. развіваюцца пад уплывам натуральнага адбору як сродак распазнавання разнаполых асобін свайго віду і прадухілення скрыжоўвання з асобінамі інш. віду. У выніку П.а. або пры яго ўдзеле ў многіх відаў жывёл (у т. л. ў чалавека) у працэсе эвалюцыі ўзніклі і развіліся другасныя палавыя прыкметы. Найб. выяўлены ў палігамных жывёл, у якіх самцы актыўна змагаюцца за самку (напр., баі аленяў у час гону). П.а. уплывае на развіццё органаў абароны ў самцоў як зброі барацьбы за самку (іклы ў сланоў, рогі ў аленяў і інш.) і прыкмет, якія прывабліваюць і ўзбуджаюць асобін інш. полу (яркі колер і пах самцоў у многіх жывёл, такаванне, спеў у птушак). П.а. як фактар філагенет. развіццянайб. характэрны для жывёл на вышэйшых этапах развіцця, пераважна птушак і млекакормячых, у сувязі з найб. складанай арганізацыяй нерв. сістэмы і яе сігнальнай дзейнасці, але адзначаецца і ў інш. групах жывёл (напр., многія насякомыя і інш. беспазваночныя). У раслін адсутнічае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДЖАНЫЯ ХВАРО́БЫ,
хваробы, якія развіваюцца ўнутрывантробна і праяўляюцца ў дзіцяці адразу або ў хуткім часе пасля нараджэння. Падзяляюцца на спадчынныя хваробы і няспадчынныя.
Прычына няспадчынных П.х. — ужыванне пры цяжарнасці некат. лекаў, кантакт з хім. рэчывамі, дзеянне іанізавальнага выпрамянення, непаўнацэннае харчаванне, захворванні (напр., цукровы дыябет) і інш. Значную ч. П.х. складаюць прыроджаныя заганы развіцця. Вял. групу П.х., звязаных з мутацыямі генаў, складаюць парушэнні абмену рэчываў (напр., непераноснасць лактозы, альбінізм) — прыроджаныя энзімапатыі (адсутнасць або недастатковая актыўнасць якога-н. ферменту). Да П.х. належаць таксама мультыфактарыяльныя хваробы (напр., прыроджаны вывіх бядра), у паходжанні якіх адыгрываюць вял. ролю генет. парушэнні і фактары навакольнага асяроддзя. Да найб. небяспечных інфекц. П.х. адносяць сіфіліс, лістэрыёз, туберкулёз. Прафілактыка П.х.: медыка-генет. кансультаванне сям’і, папярэджанне дзеяння шкодных фактараў на арганізм цяжарнай жанчыны і інш. Лячэнне тэрапеўт., хірург., дыетатэрапія.
На Беларусі прыроджаная і спадчынная паталогія — асн. прычына захваральнасці і смяротнасці ў дзіцячым узросце (у 1995—2000 больш за 2 тыс. нованароджаных памерлі ад П.х.); штогод больш за 800 дзяцей з прыроджанымі заганамі развіцця прызнаюцца інвалідамі.
Літ.:
Тератология человека: Руководство для врачей. 2 изд. М., 1991;
Врожденные и приобретенные энзимопатии: Пер. с болг. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУКТУ́РНАЯ ПЕРАБУДО́ВА ЭКАНО́МІКІў Рэспубліцы Беларусь,
сукупнасць мер па змене матэрыяльнай базы вытв-сці ці спосабу кіравання прадпрыемствамі, накіраваных на фарміраванне сістэмы грамадскай вытв-сці, якая найб. поўна адпавядае грамадскім патрэбам, забяспечвае дынамізм, збалансаванасць і высокую эфектыўнасць узнаўленчых працэсаў на базе паскарэння навукова-тэхнічнага прагрэсу, тэхн. рэканструкцыі. Асн. ўмова перабудовы — эфектыўная інвестыцыйная палітыка, якую ажыццяўляе ўрад. Яна ўключае: выдзяленне неабходных бюджэтных сродкаў на рэалізацыю агульнадзярж. праграм, павышэнне ролі фін. рэсурсаў прадпрыемстваў у капіталаўкладаннях (амартызацыйныя адлічэнні, прыбытак), прыцягненне замежных інвестыцый і крэдытаў у рэальны сектар эканомікі, сродкаў насельніцтва на будаўніцтва жылля, бюджэтна-падатковыя і цэнавыя пераўтварэнні і інш. С.п.э. на перспектыву намечана ў «Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001—2005 гады». Яе стратэгічная мэта — ўзмацненне сац. арыентацыі эканомікі, павелічэнне долі спажывання ў нац. даходзе, павышэнне дабрабыту народа. Гал. сродкі рэалізацыі прыярытэтаў: актывізацыя інавацыйнай і інвестыцыйнай дзейнасці, паскарэнне развіцця навукаёмістых і рэсурсазберагальных галін і вытв-сцей; развіццё жыл.буд-ва на неэмісійнай аснове з выкарыстаннем пазабюджэтных крыніц фінансавання; фарміраванне эфектыўнай сістэмы аховы здароўя; павелічэнне экспарту тавараў і паслуг; развіццё аграпрамысл. комплексу і звязаных з ім перапрацоўчых галін вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛЕРА́НТНАСЦЬ (ад лац. tolerantia цярпенне),
цярпімасць асобнага індывіда або супольнасці людзей да прадстаўнікоў інш. канфесій, паліт. партый, грамадскіх арганізацый, а таксама да іншадумства, чужых поглядаў, вераванняў і паводзін. Звычайна складваецца на працягу многіх гадоў у працэсе сацыялізацыі асобы пад уплывам сац. фактараў, грамадска-паліт. працэсаў, асаблівасцей этнакульт. развіцця, канфесіянальнай сітуацыі і г.д. Вызначаецца здольнасцю адначасова адзначаць станоўчыя і адмоўныя бакі псіхалогіі, паводзін чалавека ці груп людзей. Т. — важная прыкмета агульнай і паліт. культуры, неабходны элемент грамадз. супольнасці і прававой дзяржавы, дэмакратыі і гуманізму, ідэалагічнага і паліт.плюралізму. Яе разглядаюць як неабходную ўмову паспяховага вырашэння разнастайных асабістых і грамадскіх праблем шляхам узаемнага ўліку інтарэсаў, пошуку згоды і магчымых кампрамісаў. Праявы неталерантных адносін найчасцей выкліканы неспрыяльнымі сац.-эканам., грамадска-паліт. абставінамі. пагаршэннем умоў для ўсебаковага развіццянац. культур і моў. Тыповы прыклад недастатковай Т. — непрыняцце пэўных ідэй, меркаванняў толькі таму, што яны выказаны непрафесіяналамі. У палітыцы Т. азначае цярпімае стаўленне да апазіцыі. Для ментальнасці і нацыянальнага характару беларусаў характэрны этнакульт. і рэліг. Т., аб чым сведчаць адсутнасць на бел. землях вострых, крывавых канфліктаў на этн. і канфесіянальнай глебе, працяглае мірнае суіснаванне нац. супольнасцей, канфесій, плённае ўзаемадзеянне розных нар. традыцый, звычаяў, абрадаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХВАРО́БАчалавека,
парушэнне жыццядзейнасці, выкліканае неадпаведнасцю ахоўных уласцівасцей арганізма празмернаму ўплыву фактараў навакольнага асяроддзя (мех., фіз., хім., біял., псіхагенных). Характарызуецца спалучэннем паталаг. і ахоўна-прыстасавальных, кампенсаторных (узнаўляльных) рэакцый арганізма, баланс якіх пры Х. зменьваецца. Падзяляюцца на інфекц. і неінфекц., псіхічныя, саматычныя, жан., дзіцячыя, Х. старасці, сэрца, печані, нырак і інш. Паводле формы развіцця і цячэння адрозніваюць Х. вастрэйшыя (маланкавыя), вострыя, падвострыя, хранічныя (характэрна хвалепадобнасць цячэння).
Вылучаюць 4 перыяды Х.: латэнтны перыяд, прадрамальны перыяд, перыяд развіцця і зыход (заканчэнне). Зыход вядзе да выздараўлення поўнага або няпоўнага, рэцыдыву, пераходу вострай формы ў хранічную, ускладнення ці смерці. Многія няцяжкія Х. аказваюць станоўчы ўплыў на арганізм, рыхтуюць яго да эфектыўнай аховы ад розных патагенных фактараў. Сусв.арг-цыя аховы здароўя распрацавала Міжнар. стат. класіфікацыю Х., траўмаў і прычын смерці (21 клас станаў). Пра асобныя Х. чалавека гл. адпаведныя арт., а таксама Малекулярныя хваробы, Сацыяльныя хваробы, Спадчынныя хваробы.
Літ.:
Общая патология человека: Руководство для врачей. Т. 1—2. 2 изд. М., 1990;
Петленко В.П. Основные методологические проблемы теории медицины. Л., 1982;
Теория и практика медицины: Сб. науч. тр.Вып. 1. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУ́МПЕТЭР (Schumpeter) Іозеф (8.2.1883, г. Тршэшць, Чэхія — 18.1.1950),
аўстрыйскі і амерыканскі эканаміст і сацыёлаг. Скончыў Венскі ун-т. У 1919—20 міністр фінансаў Аўстр. рэспублікі. З 1925 праф. Бонскага, з 1932 Гарвардскага ун-таў. Асн. працы: «Тэорыя эканамічнага развіцця» (1912), «Дзелавыя цыклы» (1939), «Капіталізм, сацыялізм і дэмакратыя» (1942). Эканам. аналіз грамадства спалучаў з сацыялагічным. Распрацаваў канцэпцыю эканам. дынамікі і цыклаў, дзе вырашальную ролю ў эканам. развіцці адводзіў прадпрымальніцтву, якое трактаваў як дзейнасць, што робіць стаўку на асабістую ініцыятыву. На аснове аналізу кругаабароту капіталу вылучыў асаблівую прадпрымальніцкую функцыю, якая заключаецца ў ажыццяўленні арганізац.-гасп. інавацыі, «новых камбінацыйных фактараў вытворчасці». Прадпрымальнікі, на яго думку, не ўтвараюць асобнай прафесіі ці класа, а адрозніваюцца толькі прадпрымальніцкай функцыяй, якая рэалізуецца з мэтай атрымання прыбытку. Вылучыў 3 мэтавыя моманты ў дзейнасці прадпрымальніка: патрэбнасць у панаванні, уладзе, уплыве; воля да перамогі, імкненне да поспеху ў барацьбе з сапернікамі і з самім сабой; радасць творчасці, якую дае самаст. вядзенне спраў. Сцвярджаў, што прадпрымальнік — асн. суб’ект, цэнтр.сац. механізм эканам.развіцця ў грамадстве рыначнага тыпу, але прыйшоў да высновы пра непазбежнасць паступовай трансфармацыі прыватнапрадпрымальніцкага капіталізму ў эканам. сістэму, развіццё якой будзе рэгулявацца і накіроўвацца дзяржавай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТАЛО́ГІЯ (ад грэч. ēthos звычай, нораў + ...логія),
навука пра біял. асновы паводзін жывёл і іх значэнні для прыстасавання да ўмоў існавання ў працэсах індывід.развіцця і эвалюцыі. Вывучае формы адаптыўных паводзін, якія маюць характар спадчынных відавых адзнак або набытых у працэсе развіцця, сувязі паміж паводзінамі і рознымі працэсамі і падзеямі, што адбываюцца паза арганізмам, унутры яго і папярэднічаюць пэўным паводзінам. Асн. прадмет даследавання Э. — інстынкты. Цесна звязана з фізіялогіяй. экалогіяй. папуляцыйнай генетыкай і генетыкай паводзін.
Тэрмін «Э.» ўвёў франц. заолаг І.Ж.Сент-Ілер (1859). Як самаст.навук. кірунак Э. аформілася ў 1930-я г. (К.Лорэнц. Н.Тынберген). У Расіі з канца 19 ст. паводзіны жывёл даследавалі У.А.Вагнер, А.М.Промптаў і інш., з 1960-х г. — Л.В.Крушынскі. М.П.Навумаў, У.Я.Сакалоў і інш.
На Беларусі даследаванні па Э. вядуцца з 1970 у Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі: насякомых — А.М.Літвінава, У.А.Радкевіч, Э.І.Хацько, рыб — П.І.Жукаў, Т.М.Шаўцова, амфібій і рэптылій — М.М.Пікулік, птушак — Ю.А.Вязовіч, М.С.Долбік і інш., млекакормячых — П.Р.Козла, А.М.Курскоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБІЯТЫ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ (ад а... + грэч. bios жыццё),
сілы, з’явы, аб’екты прыроды, якія акружаюць жывыя арганізмы і паходжаннем не звязаны з іх жыццядзейнасцю (гл.Абіятычныя фактары). У выніку гіст.развіцця ў канкрэтных умовах арганізмы прыстасоўваюцца да пэўнага комплексу фактараў і ў працэсе жыццядзейнасці самі змяняюць абіятычнае асяроддзе. Вытв. і быт. дзейнасць чалавека адмоўна ўздзейнічае на абіятычнае асяроддзе, таму неабходна прымаць меры па захаванні асяроддзя ў натуральным стане, стварэнні лепшых умоў існавання арганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАМЕ́МНАН (грэч. Agamemnōn),
у старажытнагрэчаскай міфалогіі цар Мікен (ці Аргаса), правадыр Тахейскага войска ў час Траянскай вайны. Сварка Агамемнана з Ахілам пад Трояй — зыходны пункт развіцця сюжэта ў гамераўскай «Іліядзе». Пасля ўзяцця Троі Агамемнам вярнуўся дамоў, дзе быў забіты жонкай Клітэмнестрай і яе каханкам Эгісфам. Забойству Агамемна прысвечаны трагедыі Эсхіла і Сенекі.
Залатая пахавальная маска, т. зв. маска Агамемнана, з грабніцы. 2-я пал. 16 ст. да н.э.