МЕ́СЯЦ,

адзіны натуральны спадарожнік Зямлі, астр. знак . Другое па яркасці пасля Сонца свяціла (поўны М. свеціць у 465 тыс. разоў слабей за Сонца). Дыяметр 3476 км, маса 7,35∙10​22 кг (у 81 раз меншая за зямную); сярэдняя шчыльнасць 3343 кг/м³ (0,607 сярэдняй шчыльнасці Зямлі). Арбіта з эксцэнтрысітэтам 0,045 нахілена пад вуглом 5°9 да экліптыкі. Сярэдняя адлегласць ад Зямлі 384,4 тыс. км. Перыяды абарачэння М. вакол сваёй восі і вакол Зямлі (сідэрычны месяц — 27,3217 сут) супадаюць, таму М. павернуты да Зямлі адным бокам. Але ў выніку лібрацыі Месяца з Зямлі назіраецца каля 60% яго паверхні. Адваротны бок М. ўпершыню сфатаграфаваны ў 1959 сав. аўтам. станцыяй «Месяц-3». Змена фаз Месяца, якія вызначаюцца ўзаемным становішчам М., Зямлі і Сонца, адбываецца з перыядам у 29,5306 сут (сінадычны месяц). Сіла цяжару на М. ў 6 разоў меншая, чым на Зямлі.

Паверхня М. падзяляецца на «моры» і «мацерыкі». Светлыя ўчасткі паверхні наз. «мацерыкамі», займаюць 60% плошчы. Гэта няроўныя, гарыстыя раёны з вял. канцэнтрацыяй кратэраў розных памераў (у большасці метэарытнага паходжання, ёсць і вулканічныя). 40% паверхні — «моры»: упадзіны, запоўненыя цёмнай лавай і пылам; напластаванні асобных лававых патокаў утвараюць валы і грады, у многіх месцах праяўляюцца разломы і расколіны. «Мацерыкі» перасечаны горнымі хрыбтамі, размешчанымі ўздоўж узбярэжжа «мораў». Найб. вышыня месяцавых гор дасягае 9 км. Паверхневы слой М. складаецца з раздробленых парод — рэгаліту (таўшчынёй да дзесяткаў метраў). Месяцавы грунт шэра-бурага колеру, адбівальная здольнасць 5—20%, складаецца з часцінак сярэдняга памеру 0,08—0,10 мм Аналіз месяцавых парод, дастаўленых на Зямлю, паказаў, што яны не падвяргаліся ўздзеянню вады. Атмасфера М. вельмі разрэджаная: канцэнтрацыя атамаў і малекул прыблізна ў 10​9 разоў меншая, чым у зямной атмасферы на ўзроўні мора. Яна фарміруецца ў выніку ўздзеяння на месяцавы грунт светлавых і цеплавых фатонаў сонечнага выпрамянення. Асн. газы ў атмасферы — неон, вадарод, гелій, аргон. Сутачныя перапады т-р ад 101 °C да -153 °C. Ва ўзорах месяцавых парод, дастаўленых на Зямлю, адсутнічаюць якія-н. мікраарганізмы ці сляды іх жыццядзейнасці. Відаць, стэрылізаваны радыяцыяй і вял. перападамі т-р паверхневы грунт пазбаўлены жыцця. Існуюць розныя гіпотэзы паходжання М., канчаткова гэта праблема не вырашана. М. даследуецца аптычнымі і радыёастр. метадамі, радыёлакацыяй. З 1959 (першая сав. аўтам. станцыя «Месяц-1») пачаліся даследаванні М. сав. аўтам. станцыямі серыі «Зонд», «Месяц», амер. аўтам. станцыямі і пілатуемымі караблямі серый «Сервеер», «Лунар Орбітэр», «Апалон», «Лунар Праспектар». Першы чалавек ступіў на паверхню М. 21.7.1969 (Н.Армстранг).

Літ.:

Фрондел Д.У. Минералогия Луны: Пер. с англ. М., 1978;

Черкасов И.И., Шварев В.В. Грунтоведение Луны. М., 1979;

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984;

Маров В.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.

А.​А.​Шымбалёў.

Агульны выгляд Месяца.
Да арт. Месяц. Кратэр Капернік («Апалон-17», 1972, ЗША).

т. 10, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГРА́ЦЫІ ЖЫВЁЛ,

заканамерныя перамяшчэнні жывёл на значныя адлегласці, што выклікаюцца істотнымі зменамі ўмоў існавання або звязаны з цыкламі антагенезу, найб. значныя і экалагічна ўсеабдымныя формы адаптацыі арганізмаў, фізіялагічна абумоўленыя фотаперыядычнасцю і інш. Адрозніваюць рэгулярныя (перыядычныя) і нерэгулярныя (неперыядычныя) М.ж. Рэгулярныя бываюць сутачныя (звязаныя са зменай асветленасці, вільготнасці, т-ры, пошукам корму) і сезонныя (перамяшчэнні да месцаў кармлення, зімоўкі, лінькі, размнажэння, спячкі і інш.). Нерэгулярныя М.ж. (вымушаныя вандроўкі) абумоўліваюцца ўзнікненнем незвычайных абставін: засухі, паводкі, пажару, масавага размнажэння віду ці змены экалагічных умоў; маюць важнае значэнне ў расшырэнні арэала віду. Нерэгулярныя, з вял. інтэрваламі, высяленні жывёл па-за межы радзімы наз. эміграцыямі ці інвазіямі (напр., у амялушак, крыжадзюбаў); іх разглядаюць як пачатковы этап фарміравання міграцый. Адрозніваюць М.ж. гарызантальныя (на сушы, у вадзе) і вертыкальныя (у гарах, тоўшчы вады, глебы, па ярусах расліннасці), актыўныя (пры дапамозе органаў перамяшчэння) і пасіўныя (перанос воднымі цячэннямі, паветр. плынямі). Напрамкі М.ж., т.зв. міграцыйныя шляхі, вывучаюць з дапамогай мечання жывёл, кальцавання птушак і інш. Неабходная ўмова міграцый — наяўнасць біял. пачуцця часу, здольнасць жывёл вызначаць напрамак руху (біянавігацыя) пры дапамозе фіксацыі месцазнаходжання Сонца, Месяца, зорак, струменяў паветра, цячэнняў вады, характэрных рыс ландшафтаў, геахім. і акустычных асаблівасцей асяроддзя або напрамкаў магн. поля.

У млекакормячых найб. далёкія міграцыі характэрныя для дзікіх паўн. аленяў, кажаноў, кітоў, маржоў, цюленяў. Мясц. сезонныя міграцыі з адных біятопаў у другія робяць грызуны, драпежнікі, зубры, ласі і інш. Нерэгулярныя міграцыі адзначаны для андатры, вавёркі, вадзяной палёўкі, пацукоў і інш. Больш за інш. перамяшчаюцца птушкі (пералёты птушак найб. вывучаны). У земнаводных і паўзуноў міграцыйныя паводзіны выяўлены слаба, за выключэннем марскіх чарапах (зялёныя чарапахі пераадольваюць адлегласці да 2 тыс. км) і марскіх змей. Бясхвостыя амфібіі (рапухі) і хвастатыя (трытоны) робяць сезонныя міграцыі да месцаў размнажэння на адлегласць да 5 км. У рыб адбываюцца зімавальныя, кармавыя і нераставыя міграцыі. Для прахадных рыб характэрны нераставыя міграцыі: катадромныя (з прэсных вадаёмаў у мора, напр., у вугра еўрапейскага) і анадромныя (з мора ў рэкі — у асятровых, ласасёвых, селядцовых). На Беларусі мясц. зімавальныя і нераставыя міграцыі робяць лешч, падуст, плотка, сазан, сом, стронга ручаёвая і інш. У насякомых 2 асн. тыпы міграцый: неперыядычныя — перамяшчэнне вял. колькасці асобін, якое звязана з рассяленнем віду (пералёты саранчы, матыля данаіды), перыядычныя (сезонныя або сутачныя) — з аднаго біятопа ў другі ці ўнутры аднаго біятопа: вады, глебы, паветра, расліннага покрыва, паразітаў у целе або на целе гаспадара (лічынкі двухкрылых, жукоў і інш.). Сезонныя міграцыі робяць божыя кароўкі, каларадскія жукі, клапы-чарапашкі і інш. У водных беспазваночных найб. паказальныя вертыкальныя сезонныя і сутачныя міграцыі, якія звязаны з асветленасцю, салёнасцю і аэрацыяй вады, т-рай (напр., дафнія, лептадора, лімнакалянус, мізіда і інш., асабліва планктонныя арганізмы).

Літ.:

Электрические и акустические поля рыб: Сб. М., 1973;

Блон Ж. Великие кочевья: Пер. с фр. М., 1975;

Клаудсли-Томпсон Дж. Миграция животных: Пер. с англ. М., 1982.

т. 10, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЫЯНАЛІ́ЗМ (франц. rationalisme ад лац. rationalis разумны),

філасофскі кірунак, які прызнае розум асновай пазнання і паводзін людзей. Адрозніваюць анталагічны, гнасеалагічны і тэалагічны Р. Паводле анталагічнага Р. быццё разумнае, у яго аснове знаходзіцца разумовы пачатак — «ідэі» ў вучэнні Платона, разумная манада ў дактрыне Г.​Лейбніца, разумнае «Я» ў І.​Фіхтэ, панлагізм Г.​Гегеля, які ўяўляў увесь свет як самаразвіццё абсалютнай ідэі. Гнасеалагічны Р. — адзін з пануючых кірункаў у філасофіі 16—17 ст. Прадстаўлены Р.​Дэкартам, Лейбніцам, Б.​Спінозай, якія лічылі, што безумоўна дакладныя веды могуць быць атрыманы пры дапамозе дэдуктыўных метадаў, найб. моцна развітых у матэматыцы. З іх пункту погляду, вопыт і заснаваны на ім эмпірызм абмежаваны і толькі розум здольны стаць крыніцай ісцін, якія валодаюць уласцівасцямі ўсеагульнасці і неабходнасці, Р. стаў пануючым метадам мыслення эпохі Асветніцтва. У 16—17 ст. распаўсюдзіўся ў працах бел. мысліцеляў Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, Сімяона Полацкага. Ідэі Р. атрымалі развіццё ў вучэнні І.​Канта, які лічыў, што, хаця сапраўдныя веды рэальнага свету «рэчаў у сабе» недасягальныя, можна атрымаць дакладныя веды пра з’явы, феномены ў свеце, якім мы яго пазнаём. Гэта становіцца магчымым дзякуючы таму, што фенаменальны свет асэнсоўваецца ў рамках апрыёрнай структуры, якая ствараецца розумам, напр., апрыёрнымі формамі ўспрыняцця прасторы. У філасофіі Гегеля ў якасці зыходнага першапачатку і сутнасці свету прызнаецца абсалютная ідэя — абсалютны розум, які паслядоўна ператвараецца ва ўласнае быццё напачатку ў форме прыроды, а затым і грамадства і прыходзіць да пазнання самога сябе. У гэтай дактрыне развіццё свету ўяўляецца як чыста лагічны рацыянальны працэс («усё сапраўднае разумнае, усё разумнае сапраўднае»), а яго гнасеалагічны Р. набывае рысы анталагічнага Р. і ператвараецца ў панлагізм. Гегелеўскі Р. паўплываў на К.​Маркса, і фактычна філасофія марксізму рацыяналістычная. На аснове крытыкі гегельянства ў 19 ст. магутнае развіццё атрымліваюць процілеглыя Р. ідэі ірацыяналізму. Поўнасцю Р. не быў адхілены. Уласцівыя яму ідэі, акрамя марксізму, развіваліся ў 20 ст. ў філасофіі неапазітывізму, у вучэннях структуралізму, у сацыялагічных дактрынах М.​Вебера, Ю.​Хабермаса, Т.​Парсанса і інш. Разам з анталагічным і гнасеалагічным у 17 ст. ўзнік і атрымаў развіццё ў 20 ст. тэалагічны Р. (Э.​Жыльсон, Ж.​Марытэн, К.​Ранер і інш.), паводле якога можна прыняць толькі тыя догматы веры, што ўзгадняюцца з логікай і довадамі розуму. Р. наз. таксама ўсеагульную веру ў здольнасць розуму пазнаць і растлумачыць навакольны свет і чалавека ў ім, вырашыць усе праблемы іх узаемадзеяння. Гл. таксама Крытычны рацыяналізм.

Літ.:

Кант И. Критика чистого разума // Соч. М., 1964. Т. 3;

Фейерабенд П. Избр. труды по методологии науки: Пер. с англ. и нем М., 1986;

Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993;

Декарт Р. Соч. Т. 1—2. М., 1989—94.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 13, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

моц, ‑ы, ж.

1. Трываласць, мацунак. Моц тканіны. □ [Масладуда:] — Зрабіць якую рэч з жалеза — не хітрая штука. Жалеза само па сабе моц мае. Лынькоў.

2. Фізічная сіла. Моц мускулаў. □ Чалавек прагна піў ваду, і з кожным глытком яе да яго нібы варочалася страчаная моц. Лынькоў. З кароткіх рукавоў .. шэрай світкі тырчалі доўгія мазольныя рукі, і ў іх адчувалася моц. Чарнышэвіч.

3. Праяўленне чаго‑н.; сіла, ступень гэтага праяўлення. Голасам моцы, ціха і важна Гром пракаціўся ўгары. Колас. Сонца яшчэ не набралася моцы. Беразняк.

4. Магутнасць, аўтарытэт, сіла. Моц савецкай дзяржавы. □ Зачараваныя глядзім На сілу, моц сваёй радзімы, Што ззяе полымем жывым. Танк. // Здольнасць уздзейнічаць; сіла ўздзеяння. [У працы над роллю Благса] я пазнаў моц ўяўлення і фантазіі — іх месца ў творчасці акцёра. Сяргейчык. Шчыра веру я ў моц пажадання. Дзяргай. // перан. Духоўная стойкасць. Моц душы.

5. Насычанасць, канцэнтрацыя. — Вось летась быў у мяне тытунь, той, праўда, меў моц. Зацягнешся — дух займае. Пальчэўскі.

6. У спалучэнні з асабовай формай дзеяслова, прыметніка або займенніка (часцей з прыназоўнікам) выражае найвышэйшую ступень праяўлення дзеяння. Крычаць на ўсю моц. □ Лілося святло з вокнаў вакзала, на поўную моц гарэлі ліхтары. Васілёнак. Міхась з усяе моцы бразнуў дзвярыма. Савіцкі.

•••

Як (колькі) моцы стае гл. ставаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пячы́ся, пякуся, пячэшся, пячэцца; пячомся, печацеся, пякуцца; пр. пёкся, пяклася, няклося; заг. пячыся; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Гатавацца сухім награваннем, без вады, на адкрытым агні, у духу або на патэльні (пра ежу). Пячэцца бульба. □ Дзень быў святы. Яшчэ ад рання Блінцы пякліся на сняданне, І ўжо пры печы з чапялою Стаяла маці... Колас. Вось гэтую хату і ўсё, што рабілася, гаварылася і пяклося ў ёй, я любіў шчыра і даўно. Сіпакоў.

2. Разм. Грэцца на сонцы, быць доўгі час пад праменямі сонца, у гарачым месцы. Пячыся ля печы. □ Дзеці цэлымі днямі пякліся на сонцы, з іх ужо разы тры злазіла скура. Хомчанка. Ясь пачаў сам «зарабляць хлеб»: летам і ўвосень ганяў на пашу вербаўскую жывёлу, пёкся цэлымі днямі на сонцы, мок на дажджы. Мележ.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Мець здольнасць, уласцівасць паліць, абпальваць, жыгацца. Гарачая скаварада пячэцца. Крапіва пячэцца. □ Дзяўчаты працягваюць рукі, некаторыя ледзь не загортваюць агонь прыгаршчамі і раптам ускрыкваюць: пячэцца ўсё-такі! Кулакоўскі. / у безас. ужыв. Я бяру, абкруціўшы травою, каб не пяклося ў рукі, кацялок і бягу у буданчык. Сачанка.

4. Зал. да пячы (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́зум, -у, М -е, м.

1. Здольнасць чалавека лагічна і творча мысліць, абагульняць вынікі пазнання.

Чалавек вялікага розуму.

Яна адрозніваецца і розумам, і прыгажосцю.

Прыродны р.

2. Разумовае развіццё, інтэлект.

Р. дыктаваў ёй зрабіць так.

Што галава, то р. (прыказка). Каб не твой р. ды не наша хітрасць, прапалі б усе на свеце (прымаўка). Па адзенні сустракаюць, а па розуму праводзяць (прыказка).

3. перан. Пра чалавека як носьбіта інтэлекту.

Лепшыя розумы чалавецтва (вялікія мысліцелі, вучоныя; высок.).

Ад (з) вялікага розуму (разм., іран.) — здуру, па дурасці.

Давесці да розуму каго (разм.) — тое, што і на розум наставіць.

Дайсці да розуму (разм.) — паразумнець, разабрацца ў чым-н.

Дайсці сваім розумам (разм.) — самастойна разабрацца ў чым-н.

Жыць сваім розумам (разм.) — прытрымлівацца сваіх поглядаў, быць самастойным ва ўсім.

Жыць чужым розумам (разм.) — прытрымлівацца чужых поглядаў, не маючы самастойнай думкі.

Звесці з розуму каго (разм.) —

1) давесці да страты розуму;

2) захапіць, зачараваць.

Яе прыгажосць звяла з розуму хлопца.

З розумам або з галавой (рабіць што-н.; разм.) — разумна, з веданнем справы.

З розуму сышло (разм.) — зусім забыў.

На розум наставіць (навесці) каго (разм.) — даць разумную параду, навучыць чаму-н. добраму.

Не пры сваім розуме хто (разм.) — не зусім нармальны псіхічна.

Прыйсці да розуму (разм.) — стаць разважлівым.

Пры сваім розуме хто (разм.) — у нармальным псіхічным стане.

Розум за розум заходзіць у каго (разм.) — не ў стане разумна разважаць, дзейнічаць з-за разгубленасці, мноства спраў.

Розуму не дабяру (разм.) — не магу зразумець, здагадацца.

Траціць розум

1) дурнець;

2) ад каго-чаго, надта захапляцца кім-, чым-н. (разм.).

Ці маеш ты розум? (разм.) — ці разумееш ты, што робіш?

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сі́ла, ‑ы, ж.

1. Здольнасць жывых істот напружаннем мышц рабіць фізічныя рухі, дзеянні; фізічная энергія чалавека, жывёліны. Быў.. [малодшы брат] дужы, як тур, і спадзяваўся на сваю сілу. Якімовіч. [Яўген Лубян] зрабіўся маўклівым, панурым, схуднеў, выцягнуўся, але не страціў сваёй фізічнай сілы і рухавасці. Шамякін. А бедны воўк, вадой падцяты, Скрабе па лёдзе кіпцюрамі І носам рые, рве зубамі, І ўвесь пружыніцца і рвецца, Але нічога не ўдаецца, І ўсё слабее ў воўка сіла. Колас. // звычайна мн. (сі́лы, сіл). Фізічная магчымасць дзейнічаць, рабіць што‑н. Рука заблыталася ў водарасцях, і.. [Андрэй Міхайлавіч] раптоўна страціў сілы. Самуйлёнак. Пад цёплым душам да Шуры вярнуліся сілы. Ставер. Да работы ёсць ахвота, Сілы маю — хоць адбаў. Гурло. // Фізічнае ўздзеянне, насілле. [Сухадольскі:] А я вам заяўляю, што ніякая сіла не прымусіць мяне прыняць вашы бязглуздыя прапановы. Крапіва. Праўду бо кажуць: бярэ не сіла, а смеласць. Якімовіч. // Жыццёвая энергія, жыццяздольнасць каго‑, чаго‑н. Усё зацвіло, загаманіла, Бы жыватворчая тут сіла Ад сну прыроду абудзіла. Колас.

2. Здольнасць чалавека да духоўнай дзейнасці, да праяўлення сваіх разумовых ці душэўных уласцівасцей (волі, розуму, характару і пад.). Сіла характару. Сіла волі. □ Вечаровай часінай Зазвінела [песня] ў цішы Нерастрачанай сілай Чыстай юнай душы. Гілевіч. Вялікія ідэі ў творы можа несці на сабе толькі чалавек з усімі яго супярэчнасцямі, слабасцямі і сілаю духу. Скрыган. // Сукупнасць фізічнай, духоўнай і разумовай энергіі чалавека, неабходнай для якога‑н. дзеяння, учынку і пад. Там галасы абуджэння. — Звонам вясны ў вушах, Сілай жыцця нятленнай Там маладзее душа! Звонак. Ва ўсім абліччы.. чалавека.. было столькі ўпэўненасці, столькі глыбокай унутранай сілы. Лынькоў. // звычайна мн. (сі́лы, сіл). Здольнасць, магчымасць дзейнічаць, рабіць што‑н. Палохала адказнасць, не ставала веры ў свае сілы. Карпаў.

3. Энергія, здольная выконваць якую‑н. работу, выводзіць цела, матэрыю са стану спакою або змяняць кірунак, хуткасць руху. Сіла цяжару. Цэнтрабежная сіла. □ Магутная сіла зямнога прыцяжэння пераадолена! Гамолка. Ракі непакорнай Грымучая сіла Днямі, начамі Турбіны няспынна круціла. Танк.

4. Прававая дзейнасць; правамоцтва. Сіла закону. // Фінансавая дзейнасць (каштоўных папер, грошай). Пакупная сіла рубля.

5. Улада, магутнасць. Сіла дзяржавы. Сіл калектыву. Сіла кіраўніцтва. □ [Бандароўна пану:] — Пі, гуляй з сваёй раўнёю, Покі ваша сіла, — Бандароўне больш да твару — Чымся ты — магіла. Купала. [Сымон:] — Ой, не, дзедку: проціў сілы Можна ставіць толькі сілу. Колас. // Здольнасць рабіць уплыў, уздзейнічаць на каго‑, што‑н. Сіла прывычкі. □ Пісьменнік раскрывае актыўную, жыццядзейную, сцвярджальную сілу шчырага кахання. Дзюбайла. Гунава глядзеў на.. [Тапурыя] ва ўпор, неадрыўна і востра, добра ведаючы сілу гэтага погляду. Самуйлёнак. // Здольнасць рабіць уражанне, пераконваць. Сіла доказаў. □ Здавён, аднак, у сілу слова веру! Лойка. Глядзіцца сцэна з неаслабнай увагай. Сіла яе — у глыбокай, хвалюючай дынаміцы. «Полымя». // Пра таго, хто (або тое, што) адыгрывае галоўную ролю ў чым‑н. Камуністы — магутная сіла Радзімы, У агні, быццам сталь, яны загартаваны. Танк. Нарэшце людзей на палетак Паклікала спелае лета. Камбайны — галоўная сіла, Пара і для іх наступіла. Смагаровіч.

6. Разм. Самае істотнае, галоўнае; сутнасць, сэнс. Чалавек павінен адчуваць сябе паўнапраўным гаспадаром у калгасе, — вось у чым сіла. Кулакоўскі. А сіла ў тым, на мой погляд, Які выконваеш загад. Колас.

7. Ступень праяўлення чаго‑н.; інтэнсіўнасць, напружанасць. Сіла ветру. Сіла выбуху. □ Стук паўтарыўся з большаю сілаю і настойлівасцю. Колас. Гэты купалаўскі верш літаральна абляцеў усю Беларусь. Сіла яго дзейснасці была незвычайная. Кудраўцаў. // Велічыня, значнасць, глыбіня (разумовых ці душэўных якасцей, уражанняў, перажыванняў). Сіла таленту. Сіла гневу. □ Сіла і слабасць Талстога з вычарпальнай паўнатой ускрыты Леніным. «Маладосць». [Зёлкін:] Якая сіла канструктыўнага розуму ў Аляксандра Пятровіча. Крапіва. Сцёпкаў непакой дасяг[нуў] сваёй найбольшай сілы тады, калі ён ехаў апошнюю станцыю. Колас. Гэта тэма невымерная... У ёй і выпрабаванне волі, і боль адчаю, і сіла надзей, і веліч перамог. Скрыган.

8. Тое, што вымушае каго‑н. дзейнічаць так ці інакш. Карп рушыў на сваю сялібу — невядомая сіла цягнула яго туды. Шамякін. Нейкая сіла штурханула Пятра Сарокіна ў хату. Данілевіч.

9. часцей мн. (сі́лы, сіл). Матэрыяльная аснова, якая можа быць крыніцай якой‑н. энергіі. Сілы прыроды. Цяглавая сіла. □ Упёрся Даніла сваім целам на мосце на парэнчу ды стаяў, поглядам мераў вадзяную сілу. Баранавых.

10. звычайна мн. (сі́лы, сіл). Частка грамадства, група, якая вызначаецца якімі‑н. характэрнымі прыкметамі ці накіраванасцю ў сваёй дзейнасці. Рухаючыя сілы рэвалюцыі. Сілы міру. Сілы сацыяльнага прагрэсу. □ У 90‑я гады XIX ст. на гістарычную арэну ў якасці самастойнай палітычнай сілы выходзіць расійскі рабочы клас. Івашын. Пісьменнік зусім не выпадкова паказаў сутыкненне процілеглых класавых сіл тагачаснай заходнебеларускай вёскі — рэвалюцыйна настроенага сялянства і яго антыпода — кулацтва. Майхровіч.

11. часцей мн. (сі́лы, сіл). Войскі. Узброеныя сілы. Марскія сілы. □ Асноўныя сілы і спыніліся на ўскраіне лесу. Лынькоў. На вакзале .. [Дзічкоўскага] чакалі прадстаўнікі паветраных сіл. Алешка. Як высветлілася, усе [партызаны] былі жывы-здаровы і толькі яшчэ раз адчулі, чаго варт для іх той, хто лучыў іх у адну баявую сілу. Брыль. Прыйшлі дні вялікіх партызанскіх баёў з грознай сілай ворага. Чорны.

12. звычайна мн. (сі́лы, сіл). Людзі, якія складаюць які‑н. вытворчы калектыў; людзі падобнай прафесіі. Педагагічныя сілы. Артыстычныя сілы. □ Наша беларуская літаратура мае добрыя творчыя сілы. Дуброўскі.

13. у знач. прысл. сі́ламі. Пры дапамозе, з удзелам каго‑н. Сіламі калектыву. □ Многа ўвагі Ірына аддавала спектаклям у Мінскай гімназіі, дзе яна вучылася. Тут часта арганізоўваліся сіламі навучэнцаў пастаноўкі, якімі кіравалі педагогі. «Полымя».

14. каго-чаго. Разм. Велізарная колькасць, мноства. Кожную восень збіраўся вялікі кірмаш, сіла людзей з’язджалася... Грахоўскі. [Валодзя:] — Бачыце ж, ні за што сам [сусед] не ўзяўся. Відаць, грошай сілу мае, а грошы, яны, брат, такія ўчэпістыя, што могуць не толькі шафу ці канапу на пяты паверх зацягнуць. Сабаленка.

•••

Адваротная сіла закона — пашырэнне дзеяння закона на тое, што адбылося да яго выдання.

Жывая сіла — людзі і жывёла (пры супрацьпастаўленні тэхніцы, механічнай сіле).

З пазіцыі сілы гл. пазіцыя.

Конская сіла (уст.) — адзінка вымярэння магутнасці.

Прадукцыйныя сілы — сукупнасць сродкаў вытворчасці і людзей, якія прыводзяць іх у рух.

Рабочая сілаздольнасць чалавека да працы, г. зн. сукупнасць яго фізічных і духоўных магчымасцей, якія выкарыстоўваюцца ім у працэсе вытворчасці.

Агульнымі сіламі — усе разам, супольна.

Ад сілы — самае большае. Чалавек быў яшчэ зусім малады, яму было ад сілы гадоў васемнаццаць. Лынькоў.

Брацца (убірацца) у сілу гл. брацца.

Выбіцца з сіл гл. выбіцца.

Высмактаць (усе, апошнія) сілы гл. высмактаць.

З апошніх (астатніх) сіл — колькі ёсць магчымасці, з гранічным напружаннем (рабіць што‑н.).

З сілай — з вялікім уздымам, пачуццём (гаварыць, спяваць і пад.).

З усёй сілай — з выкарыстаннем усіх магчымасцей. Я таксама з усёй сілай Крыкнуў бы раз-пораз. Колас.

З усёй (усяе) сілы; на ўсю (поўную) сілу; з усіх сіл — з найбольшым напружаннем, інтэнсіўнасцю; што ёсць моцы.

(Не) па сіле каму; (не) пад сілу каму — пра адпаведнасці (неадпаведнасць) магчымасцей, здольнасцей каго‑н. рабіць што‑н. Гарэнка вырашыў, што адна работа яму па сіле, работа вартаўніка. Вышынскі. Калі справа не пад сілу, Дык на плечы не бяры. Лужанін.

Не сіла — пра немагчымасць зрабіць што‑н. Не сіла яго [Яначкі] на гэтую работу: ногі дрыжаць, рукі млеюць. Крапіва.

(Не) у сілах — (не) магчы зрабіць што‑н.

Не шкадуючы сіл гл. шкадуючы.

Нячыстая сіла — чорт, д’ябал.

Па меры сіл гл. мера.

Сваімі (уласнымі) сіламі — самастойна.

Увайсці (увабрацца) у сілу гл. увайсці.

У сіле — а) у стане фізічнага і духоўнага росквіту; з вялікімі магчымасцямі. Навошта мне піць ваша зелле: Я ў сіле, яшчэ малады. Смагаровіч; б) у разгары, у росквіце. Хоць сведчаць грымоты. Што жнівень У сіле яшчэ і красе, Ды ўжо нашай вуліцай лівень Лісты да рачулкі нясе. Гілевіч.

Усімі сіламі — прыкладваючы ўсе намаганні, усё старанне.

Уступіць у сілу гл. уступіць.

Цераз (праз) сілу — звыш магчымасцей, жадання.

Цёмныя сілы — пра тое, што прыпыняе зло, шкоду.

Што (колькі) ёсць сілы — тое, што і што (колькі) ёсць духу (гл. дух).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

язы́к, ‑а, м.

1. Рухомы мышачны орган у ротавай поласці пазваночных жывёл і чалавека, які дапамагае захопліваць, перажоўваць, глытаць ежу, вызначаць яе смакавыя якасці. Лізаць языком. Паказаць язык. □ Агніста сонца прыпякае, У губах язык засох, як косць. Купала. [Дзяцел] выпускае з дзюбы свой доўгі і ліпучы язык, тонкі, як шнурок. В. Вольскі. [Ульяна:] А каб табе, мой ты паночак, язык аблез, каб ты ніякага смаку не пачуў! Крапіва. Савіцкі з асалодай цмокнуў языком. — Вось гэта закусачка! Шамякін. Малако ў каровы на языку. Прыказка. // Страва, прыгатаваная з гэтага органа (звычайна каровінага ці свінога). Заліўны язык. // Гэты орган у чалавека, з дапамогай якога ён гаворыць, перадае свае думкі; орган мовы. — А хто страляе? — ледзь прагаварыў.. [Амелька] здранцвелым языком. Якімовіч. — А табе чаго ехаць да майго начальніка? Я і адзін магу дамовіцца. Што, у мяне языка свайго няма? Пальчэўскі. Язык і Кіева дапытаецца. Прыказка. Што ў цвярозага наўме, тое ў п’янага на языку. Прыказка.

2. перан. Здольнасць гаварыць, выказваць свае думкі словамі. Пятрусь трохі апомніўся. Да яго вярнуўся язык і памяць. Колас. // Гаворка, сказаныя словы. Ульяна змоўчала і пра нядбайных кукурузнікаў, і пра іншае. Нават не верыцца, што яе маглі пакараць «за язык»... Лось. І жала, і прала, і ткала, а ўсё языком. З нар.

3. перан. Разм. Палонны, якога захопліваюць спецыяльна, каб атрымаць неабходныя звесткі аб праціўніку. [Камандуючы:] К заўтраму вы павінны мець зусім ясную карціну абароны праціўніка. Дастаць «языка». Крапіва. Нам загадалі Край ляска Прайсці ўздоўж і поперак, Дабыць, Прывесці «языка» — Якога-небудзь обера. Калачынскі.

4. Металічны стрыжань у звоне, які пры ўдарах аб яго сценку ўтварае гук. Марыі ноччу сніўся сон: У падводным царстве чуцен звон.. Цячэ няспынна плынь па дне, Язык пагойдвае ў зване. Аўрамчык.

5. перан. Пра што‑н. прадаўгаватае, выцягнутае, па форме падобнае на язык. Жоўтыя языкі полымя лізалі чорны чыгунок. Жычка. На чарнаце пажарышчаў добра былі відны чыстыя лапіны замеці і языкі сумётаў. Мележ.

•••

Адсохні мой язык, калі...; хай мой язык адсохне, калі... — ужываецца як кляцьба для пацвярджэння правільнасці сказанага.

Без языка; языка няма ў каго — пра маўклівага чалавека, пра чалавека, які не ўмее складна, добра гаварыць.

Бойкі (спрытны) на язык — знаходлівы ў размове, красамоўны.

Вісець на языку гл. вісець.

Востры на язык гл. востры.

Востры язык у каго — хто‑н. дасціпны, з’едлівы ў размове.

Высунуўшы (высалапіўшы) язык — вельмі хутка, паспешна (бегчы, уцякаць, даганяць і пад.).

Выткнуцца з языком гл. выткнуцца.

Доўгі язык у каго — хто‑н. вельмі балбатлівы, гаворыць многа лішняга.

Злы язык у каго — хто‑н. злосна, з’едліва, з насмешкай гаворыць аб кім‑, чым‑н.

Злыя языкі — пра ахвотнікаў да плётак, нагавораў.

Зляцець з языка гл. зляцець (у 5 знач.).

Каб табе язык адсох — ужываецца як праклён таму, хто нядобра сказаў.

Ледзь варочаць языком гл. варочаць ​2.

Лёгкі на язык гл. лёгкі.

Мазоліць язык гл. мазоліць.

Малоць языком гл. малоць.

Мыць языкамі гл. мыць.

Мянціць языком гл. мянціць (у 2 знач.).

На языку ў каго — хто‑н. гатоў сказаць, вымавіць што‑н. На языку ў яго ўжо быў адказ, ветлівы, але калючы. Шамякін.

Не спускаць з языка гл. спускаць.

Не сыходзіць з языка гл. сыходзіць.

Папасціся на язык гл. папасціся.

Пацягнуць за язык гл. пацягнуць.

Пляскаць языком гл. пляскаць.

Праглынуць язык гл. праглынуць.

Просіцца на язык гл. прасіцца.

Прыкусіць язык гл. прыкусіць.

Прытрымаць язык гл. прытрымаць.

Развязаць язык гл. развязаць.

Распусціць язык гл. распусціць.

Сарвацца з языка гл. сарвацца (у 6 знач.).

Слабы на язык гл. слабы.

Трапаць языком гл. трапаць.

Трапіць на язык гл. трапіць.

Трымаць за язык гл. трымаць.

Трымаць язык за зубамі гл. трымаць.

Трымаць язык на прывязі гл. трымаць.

Узбрысці на язык гл. узбрысці.

Укараціць (падкараціць) язык каму гл. укараціць.

Уткнуцца са сваім языком гл. уткнуцца.

Уткнуць (уваткнуць, усунуць) свой язык гл. уткнуць.

Ціпун на язык гл. ціпун.

Цягнуць за язык гл. цягнуць.

Цяляты язык аджавалі (ад’елі) каму, у каго гл. цяля.

Часаць язык (языком, языкі) гл. часаць.

Чорт пацягнуў каго за язык гл. чорт.

Язык аб зубы біць гл. біць.

Язык адняўся ў каго — хто‑н. раптоўна змоўк, страціў здольнасць гаварыць (ад страху, здзіўлення і пад.).

Языкамі абмываць гл. абмываць.

Язык без касцей у каго — хто‑н. любіць пагаварыць, гаворыць многа пустога.

Язык гладка ходзіць у каго — хто‑н. умее лёгка і прыгожа гаварыць.

Язык добра падвешан у каго — хто‑н. умее свабодна, гладка, добра гаварыць.

Язык заплятаецца ў каго — хто‑н. не можа членараздзельна, выразна гаварыць, сказаць што‑н.

Язык (языкі) не завяжаш гл. завязаць ​1.

Язык не паварочваецца ў каго — хто‑н. не асмельваецца што‑н. сказаць, спытаць і пад.

Язык прысох у каго — хто‑н. страціў здольнасць гаварыць, раптоўна змоўк (ад страху, радасці і пад.).

Язык развязаўся ў каго — хто‑н. пачаў многа гаварыць, зрабіўся балбатлівым.

Язык свярбіць у каго — хто‑н. не можа ўтрываць, каб не загаварыць, не сказаць чаго‑н.

Язык як брытва — пра здольнасць востра і дасціпна гаварыць.

Як карова языком злізала гл. карова.

Як толькі язык павярнуўся; язык не павернецца (не павярнуўся) у каго — як толькі асмеліўся хто‑н. што‑н. сказаць, спытаць і пад.; хто‑н. не асмеліцца (не асмеліўся) што‑н. сказаць, спытаць і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВЫШЭ́ЙШАЯ НЕРВО́ВАЯ ДЗЕ́ЙНАСЦЬ,

сукупнасць складаных фізіял. працэсаў у вышэйшых аддзелах кары вял. паўшар’яў і падкоркавых утварэннях галаўнога мозга, што забяспечваюць аптымальнае індывід. прыстасаванне чалавека і жывёл да зменлівых умоў знешняга і ўнутр. асяроддзя. Падпарадкоўваецца прынцыпам дэтэрмінізму, узаемаабумоўленасці, узаемасувязі, структураванасці і адбываецца праз аналіз усёй інфармацыі, вычляненне асобных кампанентаў і аб’яднанне іх у камбінацыі, якія ўзгадняюцца з акцэнтнай матывацыяй паводзін. Тэрмін уведзены І.П.Паўлавым як эквівалент паняцця «псіхічная дзейнасць», каб падкрэсліць адрозненні вышэйшай нервовай дзейнасці ад «ніжэйшай нерв. дзейнасці», што аперыруе наборам спадчынных, пастаянных, уласцівых усім прадстаўнікам дадзенага віду безумоўных рэфлексаў на прамую актывацыю спецыялізаваных рэцэптараў, яны каардынуюць узаемаадносіны паміж рознымі функцыян. сістэмамі, падтрымліваюць стабільны ўнутраны стан арганізма (гамеастаз): узровень крывянога і асматычнага ціску, анкатычнага ціску, т-ры цела, колькасць глюкозы ў крыві і інш. Больш складаныя формы рэфлексаў — інстынкты — таксама з’яўляюцца выражэннем генетычна зафіксаванага вопыту папярэдніх пакаленняў.

Вышэйшая нервовая дзейнасць узнікае ў ходзе эвалюцыі на аснове «ніжэйшай нерв. дзейнасці», кантралюе яе і будуецца на аснове ўмоўных рэфлексаў, якія выпрацоўваюцца на працягу жыцця асобіны. З яе развіццём набываецца здольнасць адказваць на непасрэдныя дзеянні стымулаў (болевых, харчовых, палавых і інш.), на аддаленыя іх прадвеснікі, выдзяляць фармальную суадноснасць паміж патрэбнасцю і абставінамі, якія заканамерна папярэднічаюць яе рэалізацыі. Раздражняльнікі становяцца ўмоўнымі або сігналамі, якія ўключаюць адаптыўныя паводзіны праз сувязь паміж нейронамі, што ўспрымаюць умоўны раздражняльнік і ўваходзяць у дугу безумоўнага рэфлексу. У процілегласць безумоўным умоўныя рэфлексы зменлівыя, часовыя, утвараюцца і знікаюць з дапамогай розных відаў прыроджанага і набытага тармажэння. Яны пастаянна ўскладняюцца і ўдасканальваюцца, што пашырае адаптыўныя магчымасці індывіда да падзей знешняга асяроддзя.

Матэрыяліст. ідэя аб рэфлекторнай прыродзе псіхічных працэсаў выказана І.М.Сечанавым у кн. «Рэфлексы галаўнога мозга» (1863). Далейшая яе распрацоўка належыць Паўлаву, які стварыў метад вывучэння вышэйшай нервовай дзейнасці ў хранічным эксперыменце і выявіў прынцыповыя яе заканамернасці. Значнасць прыроджаных і набытых формаў паводзін у працэсе анта- і філагенезу зменьваецца на карысць перавагі ўмоўных рэфлексаў. У чалавека ў дадатак да першай сігнальнай сістэмы ўзнікае другая сігнальная сістэма ў выглядзе мовы. Па суадносінах гэтых сістэм адрозніваюць 3 тыпы людзей: мысліцельны, мастацкі і сярэдні. Слова надзяляе вышэйшую нервовую дзейнасць здольнасцю да абстрагавання, абагульнення, мыслення, творчасці. Сіла, ураўнаважанасць і рухомасць працэсаў узбуджэння і тармажэння ляжаць у аснове асаблівасцей вышэйшай нервовай дзейнасці. Паўлаў вылучыў 4 варыянты яе: моцны, ураўнаважаны, рухомы (сангвінік); моцны, неўраўнаважаны, узбудлівы (халерык); моцны, ураўнаважаны, інертны (флегматык); слабы (меланхолік). Адно са складаных праяўленняў — дынамічны стэрэатып.

Вучэнне аб вышэйшай нервовай дзейнасці мае тэарэт. і шырокае прыкладное значэнне ў медыцыне, псіхалогіі, педагогіцы, кібернетыцы, арганізацыі працы і інш. сферах чалавечай дзейнасці. Сав. вучонымі распрацаваны тэорыі функцыян. сістэм (П.К.Анохін), паглыблены ўяўленні пра механізмы памяці і цэнтр. тармажэння (І.С.Берыташвілі), самарэгуляцыі мозга праз сімпатычную сістэму (Л.А.Арбелі), пра ўзаемаадносіны кары і ўнутр. органаў (К.М.Быкаў), кампенсацыі парушаных яе функцый (Э.А.Асрацян), выяўлены асаблівасці вышэйшай нервовай дзейнасці ў дзяцей у норме і паталогіі (А.​Г.​Іваноў-Смаленскі, М.І.Краснагорскі) і інш.

Літ.:

Орбели Л.А. Вопросы высшей нервной деятельности. М.; Л., 1949;

Павлов И.П. Полн. собр. соч. Т. 1—6. 2 изд. М., 1951—52;

Сеченов И.М. Рефлексы головного мозга. М., 1961;

Беленков Н.Ю. Условный рефлекс и подкорковые образования. М., 1965;

Физиология высшей нервной деятельности. Ч. 1—2. М., 1970—71;

Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975.

У.​М.​Калюноў.

т. 4, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУ́РА (ад лац. cultura апрацоўка, выхаванне, адукацыя, шанаванне),

духоўны змест чалавечай жыццядзейнасці, сацыяльнай арганізацыі і пазнання, якія выяўляюцца ў нац. самабытных тыпах эканомікі, правасвядомасці, рэлігіі, мастацтва, тэарэт. і практычных ведаў, асвячоных традыцыяй, культам і маральнымі імператывамі. Паводле эмпірычнага вызначэння, К. — сукупнасць рэальных і патэнцыяльных каштоўнасцей, якія ствараюцца людзьмі ў працэсе эканам., грамадска-паліт. і творча-духоўнай дзейнасці. Суадносіцца з цывілізацыяй як сваім этапам на адносна высокім узроўні развіцця пэўнага тыпу К. (стараж.-егіпецкая, антычная і інш. цывілізацыі). Як цэласную сістэму К. даследуе культуралогія, а яе падсістэмы і элементы — паасобныя гуманіт. навукі. Комплекснае даследаванне гісторыі рэгіёнаў і народаў уключае адпаведныя раздзелы па гісторыі К. Існуе мноства метадаў тыпалогіі і класіфікацыі К. Паводле характару суадносін нац. (рэгіянальнага) і агульначалавечага (універсальнага) К. бывае «адкрытая», здольная да пазітыўнага ўзаемадзеяння з іншанац. культурамі, і «закрытая», схільная да самаізаляцыі. У еўрап. культуралогіі вылучаюць гіст. тыпы К.: першабытная, старажытная, сярэдневяковая, рэнесансавая, новая і сучасная. Паводле структуры і зместу яе падзяляюць на этнічную, класічную і посткласічную, традыцыйную і мадэрнісцкую. У шырокім сэнсе паняцце К. ўключае не толькі спецыфічна духоўныя сферы творчасці (мова, міфалогія, рэлігія, мараль, правасвядомасць, мастацтва, навука, філасофія), але і сферы вытв-сці, абмену матэрыяльнымі каштоўнасцямі. У адпаведнасці з гэтай спецыфікай К. ўмоўна падзяляецца на духоўную і матэрыяльную. У асобную комплексную галіну вылучаецца К. мастацкая — здольнасць грамадства ствараць, адэкватна ўспрымаць і ацэньваць усе віды і жанры маст. творчасці. Сукупнасць рэгіянальных і універсальных архетыпаў, увасобленых у мове, міфалогіі, звычаях, абрадах, фальклоры, у класічнай л-ры і інш. відах мастацтва, складаюць культурную традыцыю, якая вызначае нац. самабытнасць К. асобных народаў і макрарэгіёнаў.

Бел. К. належыць да тыпу адкрытых. Яна прайшла асн. этапы, характэрныя для агульнаеўрап. культурнага развіцця (стараж. дахрысціянскі перыяд, сярэдневяковы, рэнесансавы і інш.), развівалася ва ўзаемадзеянні са славянскімі, балцкімі і інш. культурамі, чэрпала свае рэсурсы з багатых крыніц нар. творчасці. У стараж. перыяд высокай канструктыўнай і маст. дасканаласці дасягнулі хатнія рамёствы і ўжытковае мастацтва. Пачынаючы з сярэдневякоўя адбывалася дыферэнцыяцыя старадаўняй К., яе падзел паводле утылітарных, рэліг., эстэтычных і інш. функцый. Сінтэз нар. К. і хрысц. духоўнасці садзейнічаў росквіту фальклору, інш. відаў этн. К., сабраных і апісаных у 19—20 ст. Заканамернасцю развіцця бел. нац. К. ў працэсе дээтнізацыі сац. эліты і страты дзярж. статуса роднай мовы народа з’яўляецца паэтапнае культурна-нац. Адраджэнне — вяртанне яе да актыўнага грамадскага функцыянавання і падключэнне да кантэксту еўрап. і сусв. культ. творчасці (гл. Адраджэнне нацыянальнае). Новы этап развіцця бел. К. пачаўся пасля абвяшчэння суверэннай і незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Практычнае вырашэнне нацыянальнага пытання ў БССР. Ч. 1. Беларусізацыя. Мн., 1928;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Яго ж. Беларуская культура: Гіст. нарыс (X ст. — 1917 г.) // Адукацыя і выхаванне. 1994. № 10;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 3. Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне. Мн., 1994;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;

Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX в. Мн., 1996;

Лыч Л.М., Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд. Мн., 1997;

Крукоўскі М. Чалавек не можа не тварыць // Мастацтва. 1998. № 1—6.

У.​М.​Конан.

т. 9, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)