МІСТЭ́РЫЯ жанр сярэдневяковага рэліг. т-ра 14—16 ст. Сюжэты засноўваліся на Бібліі, Евангеллі, жыціях святых. Паходзіць ад літургічнай драмы, ад інсцэнізацыі асобных эпізодаў літургіі. Пашырылася з ростам сярэдневяковых гарадоў, асабліва ў Францыі. Паказы наладжваліся звычайна на гар. плошчах, кірмашах ў час рэліг. свят на Вялікдзень і Каляды і працягваліся па некалькі дзён. Выканаўцамі, акрамя вядучага, які спецыяльна прызначаўся і звязваў у адно розныя падзеі, звычайна выступалі рамеснікі, цэхавыя майстры, а таксама вандроўныя акцёры скамарохі. У асн. тэксты ўстаўляліся інтэрмедыйныя камічныя сцэнкі свецкага, быт. характару. Выкананне было рознастылявым: рэліг. сцэны праводзілі падкрэслена ўзнёсла і патэтычна, быт. — з яркай камедыйнасцю, буфоннасцю. Узмацненне антырэліг. матываў прывяло да забароны М. ў большасці краін у 16 ст. На Беларусь М. прыйшла з Зах. Еўропы праз Польшчу ў 16 ст. Прапагандыстамі яе былі езуіты. М. ставіліся ў Полацку ў 1586, 1593 («Аталія») і 1603, у Навагрудку ў 1637 і інш. М. садзейнічала развіццю інш. драматургічных жанраў, заклала асновы прафес. т-ра. Найб. паўплывала на фалькл. драму, нар. т-р, у прыватнасці на батлейку.

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 129—176.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 10, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ БІЯЛО́ГІЯ,

навука пра малекулярныя асновы жыццёвых з’яў. Вывучае структурна-функцыян. арганізацыю генет. апарата клетак і механізмы рэалізацыі спадчыннай інфармацыі (малекулярная генетыка), малекулярныя механізмы ўзаемадзеяння вірусаў з клеткамі (малекулярная вірусалогія), заканамернасці імунных рэакцый арганізма (малекулярная імуналогія), зменлівасць і спецыялізацыю клетак у антагенезе (М.б. развіцця), а таксама структурную арганізацыю біямалекул, механізмы іх функцыянавання і рэгуляцыі актыўнасці, сувязь паміж структурай і функцыяй, узаемадзеянне з інш. малекуламі і інш.

М.б. ўзнікла ў сярэдзіне 20 ст. на стыку генетыкі, біяфізікі, біяхіміі (вылучылася з апошняй), асновай яе стала раскрыццё Ф.Крыкам і Дж.Уотсанам прасторавай будовы ДНК (1953). Вял. ўклад у развіццё М.б. зрабілі амер.. вучоныя К.Б.Анфінсен, С.​Ачоа, Д.Балтымар, П.​Берг, Дж.Ледэрберг, Х.Т.Карана, А.Корнберг, М.Нірэнберг, Р.Халі, англ. — М.Перуц, швейц. — В.Арбер, франц. — Ф.Жакоб, Ж.Мано і інш., сав. — Ю.А.Аўчыннікаў, А.​А.​Баеў. А.М.Белазерскі, А.С.Спірын, М.М.Шамякін, У.А.Энгельгарт і інш.

На Беларусі даследаванні па М.б. вядуцца ў ін-тах Нац. АН Беларусі: эксперым. батанікі, фотабіялогіі, генетыкі і цыталогіі, біяарган. хіміі, Цэнтр. бат. садзе, БДУ, НДІ гематалогіі і пералівання крыві, НДІ эпідэміялогіі і паразіталогіі і інш. Уклад у развіццё М.б. зрабілі Ю.М.Астроўскі, А.А.Ахрэм, І.​Дз.Валатоўскі, А.С.Вечар, С.В.Конеў, У.М.Рашэтнікаў, А.А.Шлык і інш.

М.​А.​Картэль.

т. 10, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ імя Я.​П.​Кульнева, сярэдняя спец. навуч. ўстанова ў Полацку ў 1872—1918. Рыхтавала настаўнікаў пераважна для Віленскай навучальнай акругі. Мела 3 асн. класы (з 1907—4) і гадавое падрыхтоўчае аддзяленне. Прымаліся асобы ўсіх саслоўяў з 16-гадовага ўзросту, якія скончылі пач. нар. вучылішча. У 1912 семінарыі прысвоена імя Я.П.Кульнева. Выкладаліся: Закон Божы, педагогіка, рус. і царк.-слав. мовы, арыфметыка, асновы геаметрыі, каморніцтва, гісторыя, геаграфія, спевы, рамяство і інш. Пры семінарыі дзейнічалі: узорнае пач. вучылішча (50—70 вучняў штогод), дзе семінарысты праходзілі пед. практыку; курсы для настаўнікаў пач. нар. вучылішчаў; б-ка (8 тыс. тамоў); метэаралагічная станцыя (з 1900); музей наглядных дапаможнікаў (з 1910). У 1907 часова зачынена. У 1-ю сусв. вайну знаходзілася ў эвакуацыі ў г. Вязнікі Уладзімірскай губ. За 1872—1900 П.н.с. скончылі 521, у 1911—142 выхаванцы. На базе семінарыі створаны пед. тэхнікум (гл. Полацкі педагагічны каледж). У П.н.с. выкладалі Ю.Ф.Крачкоўскі, гісторык Я.​Смірноў, протаіерэй М.​Дуброўскі (даследчык жыцця Ефрасінні Полацкай), вучыўся бел. паэт Я.Журба.

Літ.:

Смирнов Е.И. Полоцкая учительская семинария за 30 лет ее существования. Витебск, 1902;

Арлоў У.А. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Булды́р1, булдырок ’бясплодны ўзгорак; высокае адкрытае месца, пакатая горка’ (Яшкін), бульды́р ’бясплодны ўзгорак’ (Касп.), булды́рь ’высокае, адкрытае месца’ (Нас.). Параўн. рус. дыял. булды́р ’месца, беднае травой’ (ноўг.), булды́рь ’няроўнае месца, узгорак у полі’ (пск.), ’няроўнае, дрэннае месца ў полі, беднае расліннасцю’ (наўг.). Вытворнае (суф. ‑ыр, з слав. *‑yrь) ад асновы булд-, якой называюць круглыя, шышкаватыя прадметы (гл. булдава́, булд-). Параўн. булды́р, бульды́р ’пузыр (вадзяны)’.

Булды́р2 ’бурбалка’, бульды́р ’пузыр’ (Касп.), булды́рь (Нас., Бяльк.). Параўн. рус. дыял. булды́рь ’пухір, пузыр, бурбалка’ (ярасл., пск., наўг., арханг., смал., валаг. і да т. п.). Думаюць пра аснову бул‑, якая, напр., у рус. словах булыга, булдыга і г. д. (Праабражэнскі, 1, 52–53; і.-е. *bol‑, *bul‑ і г. д.). Таксама ёсць версія пра роднаснасць з літ. bulìs ’ягадзіца’, лац. bulla ’пузыр, почка’ і г. д. (гл. Фасмер, 1, 238). Юркоўскі (Ukr. hydrogr., 90) бачыць тут нейкую гукапераймальную аснову. Мяркуем, што лепш зыходзіць з асновы булд-, другаснай па паходжанню (гл. булд-, булдава́); суфікс ‑ыр (слав. *‑yrь). Параўн. булды́р1 ’узгорак’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Суня́тла, суня́тло ’трайня ў возе’ (Маслен.), сыня́тло ’частка воза, развілка’ (Маслен., Тарн.), ’адтуліна, куды ўваходзіць дышаль’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), свыня́тло, свіня́тло ’доўгая жэрдка, у канцы раздвоеная, якая злучае задок і перадок воза’ (Маслен.; брэсц., ЛА, 2; Бел.-укр. ізал.), ’раздвоеная жэрдка, што мацуецца да разворы’ (Маслен.). Укр. дыял. суня́тло, свиня́тло, синя́тло, сня́тло ’частка воза, развілка, трайня, развора’ (Нікан., Трансп.). Беларуска-ўкраінскі рэгіяналізм няяснага паходжання. Дзендзялеўскі (Sslav., 22, 295) мяркуе, што тэрмін утвораны ад асновы дзеепрыметніка залежнага стану *су‑йнят‑ьл‑о ’тое, што аб’ядноўвае, злучае (задок і перадок воза)’, гл. няць. У такім выпадку варыянт свіня́тло (свыня́тло) — вынік народнаэтымалагічнага збліжэння са свіння, гл. Аднак рэдкая фіналь ‑тло (адносна фарманта ‑tlo, параўн. Трубачоў, Этимология–1963, 38) і варыянтнасць асновы слова сведчаць, хутчэй за ўсё, на карысць запазычання, параўн. серб. дыял. са̀јтне, са̀јнтали, санита́ли, са̀нтал ’планка ў драбінах воза’, іншая назва ауфсајтне ’тс’ (германізм?), гл. Војвођанска коларска терминологија. Нови Сад, 1984, 195.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́ступкі ’старыя боты ці валёнкі з адрэзанымі халявамі’ (Бір. Дзярж.); ’лёгкі жаночы абутак’ (Сцяшк.); ’апоркі, старыя боты ці валёнкі з адрэзанымі халявамі’ (З нар. сл.), вы́ступці ’туфлі’ (Бес.). Рус. вы́ступки, вы́ступцы ’старыя боты з адрэзанымі халявамі, вялікія і нязграбныя боты для хадзьбы па гною; від жаночых чаравікаў на абцасах; пантофлі’, укр. ви́ступці ’туфлі’. Ад іменнай або дзеяслоўнай асновы выступ‑ (гл. ступаць) з суф. ‑к‑ (Вахрас, Наим. об., 76).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярту́н ’жвавае дзіця’ (Жд., 3); ’непаседа, дураслівец’ (БРС, Шат.); ’вяртлявы чалавек’ (Бяльк.); ’від жука з сямейства Gyrinidae’ (БРС, КТС); ’турман’ (БРС); ’від хваробы хваіны’ (БелСЭ); ’вір’ (КТС). Укр. вертун ’вяртлявы чалавек, непаседа’; ’страказа’; ’турман’, вертуне́ць ’кажан’, рус. вертун ’непаседа’; ’кулік’; ’ручны свердзел’, свярдл. ’круглае палена’, кастр. ’мянёк’, урал. ’матыліца’, пск. ’ненадзейны, ветраны чалавек’, вертунок ’турман’. Усходнеславянскае ўтварэнне ад асновы вьрт‑ (vьrt‑) і суф. ‑ун (< unъ). Да вярце́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Да́ўні, даўно́ (БРС). Рус. да́вний, укр. да́вній, польск. dawny, чэш. dávný, dávní, серб.-харв. да́ван, ст.-слав. давьнъ. Прасл. *davьnъ ’даўні’ утварэнне ад асновы *davě ’нядаўна; сёння раніцай; раней; даўно’ і г. д. (гл. у Трубачова, Эт. сл., 4, 198). Параўн. ст.-інд. dáviya‑ ’далей’, лац. dū‑r‑are ’вытрымліваць, працягвацца’, грэч. δηρόν ’доўга’ і г. д. Гл. Фасмер, 1, 480–481; Бернекер, 1, 181; Трубачоў, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пераза́ць ’сцёбаць, хвастаць’ (Нас.), піраза́ць ’біць’ (Рамз.), пірязну́ць ’выцяць, лупянуць’ (Юрч. СНЛ), смал. переза́ть ’хвастаць, сцябаць’, драг. спараза́тэ ’выцяць дубцом, завязкай фартуха’, укр. переза́ти ’падперазаць’ і, магчыма, серб.-харв. запре́зати ’запрэгчы’. З прасл. *perzati, утворанага з наз. *perzь ці прыназоўніка perz. Бел.-укр.-серб.-харв. ізалекса, утвораная, магчыма, пры ад’ідэацыі прасл. *(ob)pojasati (параўн. укр. опасувати(ся) ад запазычанай з польск. мовы асновы ‑пас‑ (Трубачоў, Проспект, 71–72). Гл. таксама апераза́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́шчыня ’палатно, вытканае ў 2 панажы’ (пін., Шатал.), прошчыне́ ’тс’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), про́шчынʼа́, прошчыне́ ’тэхніка ткання на дзвюх нічанках і двух панажах, калі кожная нітка ўтка пераплятаецца з кожнай ніткай асновы пад прамым вуглом’ (Уладз.). Да просты (г. зн. просты від пляцення) з суф. ‑y‑ або ‑ja (*prostja) і з суф. *‑yni > ыня, як у рус. простыня́ < *prostyni (аб суфіксе гл. Слаўскі, SP, 1, 139 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)