выключнае права дзяржавы на выраб спіртных напіткаў і гандаль імі. Займае важнае месца ў сістэме падаткаабкладання даходаў на карысць дзяржавы за кошт тавараў усеагульнага спажывання. У ВКЛ выключнае права на выраб і продаж спіртных напіткаў належала вял. князю, які перадаваў яго пэўным феадалам і мяшчанству гарадоў. У Расіі вінная манаполія вядома з 16 ст., канчаткова замацавалася ў канцы 19 ст., калі з 1894 па ініцыятыве міністра фінансаў С.Ю.Вітэ пачала праводзіцца піцейная рэформа (з 1897 у Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губ.). У СССР частковая вінная манаполія дзейнічала з 1923.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ГАСЦІ́НЫ ДВОР.
Існаваў у Віцебску ў 17 ст. Пабудаваны з дрэва на тэр. Узгорскага замка ў комплексе з 89 крамамі і складамі, якія ўтваралі прамавугольную ў плане гандлёвую плошчу, забудаваную з чатырох бакоў і злучаную з Верхнім замкам мостам цераз р. Віцьба. Гал. квадратны ў плане будынак быў завершаны высокім вальмавым дахам з бельведэрам і балюстрадай вакол яго. Бельведэр быў накрыты купалам, завершаным галоўкай на васьмерыку, увянчаны шпілем з гарадскім гербам. Каля будынка размяшчалася важніца, дзе захоўваліся гарадскія вагі, 7 камор для тавараў, стайня. Двор адлюстраваны на «Чарцяжы» Віцебска 1664. Будынак апісаны ў інвентары Віцебска сярэдзіны 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ТЭА́ТР РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЙ САТЫ́РЫ, Віцебскі тэрэўсат,
агітацыйна-прапагандысцкі тэатр мініяцюр у 1919—20. Створаны па ініцыятыве паэта-сатырыка «Вокнаў РОСТА» Віцебска М.Пустыніна. Кіраўнік М.Разумны. Спектаклі ставіў і рэж. А.Сумарокаў, афармляў мастак М.Шагал. У праграме — аднаактовыя агітп’есы, сатыр. сцэнкі на міжнар. тэмы, палітсатыры, пародыі, куплеты, частушкі, інсцэніраваныя плакаты «Вокнаў РОСТА» (т.зв. тантамарэскі, ці жывыя плакаты), дэкламацыі, танцы, харавыя выступленні, паказы Пятрушкі з жывымі акцёрамі-лялькамі. Тэатр выступаў пераважна на канцэртах-мітынгах для рабочых і чырвонаармейцаў. У 1920 асн. склад трупы пераведзены ў Маскву, дзе на яго аснове створаны Маскоўскі т-ррэв. сатыры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙНЫ-ЯСЯНЕ́ЦКІЯ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, шляхецкі род герба «Гакі». Паходзяць ад віцебскіх баяр Рамейкавічаў. Сын аднаго з іх, Война Богушавіч Рамейка, у сярэдзіне 16 ст. валодаў маёнткам Ясянец на р. Сэрвач у Новагародскім (Навагрудскім) пав.Яго нашчадкі — павятовая шляхта ў Віцебскім, Новагародскім і Мазырскім пав. — карысталіся прозвішчам Войны-Ясянецкія (зрэдку з дадаткам старога прозвішча Рамейка). З іх Ян (Іван) у канцы 16 ст. быў намеснікам віцебскага ваяводы, Фёдар Мацвеевіч у 1634 валодаў маёнткам Ласосіна, Канстанцін у 1633—35 быў пісарам земскім віцебскім, Аляксандр (?—1698) быў войскім віцебскім, кашталянам новагародскім (1684).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛЬТАМПЕ́РНАЯ ХАРАКТАРЫ́СТЫКА (ВАХ),
залежнасць падзення напружання на элеменце эл. ланцуга ад сілы току, што працякае праз яго (або залежнасць сілы току праз элемент ланцуга ад прыкладзенага напружання). Калі супраціўленне элемента не залежыць ад току, то ВАХ — прамая лінія, якая праходзіць праз пачатак каардынат. ВАХ нелінейных элементаў (эл.-вакуумныя, газаразрадныя і цвердацелыя прылады) маюць нелінейныя ўчасткі і розную форму. Гл. таксама Адмоўнае супраціўленне.
Тыповая вольтамперная характарыстыка паўправадніковага дыёда з p—n-пераходам: U — напружанне на дыёдзе; I — ток праз дыёд; U* і I* — найбольшае дазволенае адваротнае напружанне і адпаведны адваротны ток; Uст — напружанне стабілізацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛ (Бенцыён Майсеевіч) (22.5.1903, г. Белая Царква, Украіна — 9.4.1985),
савецкі фізік. Акад.АНСССР (1972, чл.-кар. 1939). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Кіеўскі політэхн.ін-т (1928). З 1932 у Фіз. ін-це АНСССР. Навук. працы па фізіцы дыэлектрыкаў і паўправаднікоў, квантавай электроніцы. Адкрыў сегнетаэлектрык тытанат барыю (1944). Устанавіў асн. заканамернасці змянення электраправоднасці ды электрыкаў пры гама-выпрамяненні. Пад яго кіраўніцтвам у СССР створаны паўправадніковыя дыёды, транзістары, сонечныя элементы. Удзельнічаў у стварэнні паўправадніковых лазераў. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэмія СССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛЬГА́РНЫ МАТЭРЫЯЛІ́ЗМ,
філасофская плынь сярэдзіны 19 ст., якая спрашчала і агрубляла асн. прынцыпы матэрыялізму. Яе прадстаўнікі К.Фогт, Л.Бюхнер, Я.Молешот адмаўлялі сац. прыроду свядомасці, лічылі, што яе змест абумоўлены гал. чынам хім. саставам прадуктаў харчавання, атаясамлівалі мысленне з матэрыяльнымі фізіял. працэсамі, што адбываюцца ў чалавечым мозгу (мозг выдзяляе думку накшталт таго, як печань жоўць). Вульгарны матэрыялізм — у многім рэакцыя на ідэаліст. (асабліва ням.) дыялектыку, якую яго прадстаўнікі характарызавалі як філас. шарлатанства і з свайго боку спадзяваліся вырашыць усе філас. праблемы праз канкрэтныя прыродазнаўчыя даследаванні. У тлумачэнні сац. з’яў вульгарны матэрыялізм прымыкае да сацыял-дарвінізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛЬФ (Георгій) (Юрый) Віктаравіч (22.6.1863, г. Нежын, Украіна — 25.12.1925),
рускі крышталёграф. Чл.-кар.АНСССР (1921). Скончыў Варшаўскі ун-т (1885). Праф. Казанскага (1897), Варшаўскага (1898) і Маскоўскага (1918) ун-таў. Вынайшаў графічны метад апрацоўкі вынікаў вымярэння крышталёў з дапамогай стэрэаграфічнай сеткі (названа яго імем). Даў новы спосаб вываду ўсіх груп сіметрыі крышталёў. Навук. працы ў галіне росту крышталёў, вывучэння вадкіх крышталёў і крышталяоптыкі. Упершыню ў Расіі паставіў дослед па рэнтгенаструктурных даследаваннях крышталёў. У 1913 адкрыў закон інтэрферэнцыі рэнтгенаўскіх прамянёў, адлюстраваных атамнымі плоскасцямі крышталёў, і незалежна ад У.Г.Брэга вывеў асн. формулу рэнтгенаструктурнага аналізу (гл.Брэга—Вульфа ўмовы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДАВЕ́ЦТВА «НА́ШАЙ НІ́ВЫ» Існавала ў Вільні ў 1907—13 пры газ.«Наша ніва». Выдавала маст., навук.-папулярную і с.-г. л-ру, календары. Выпусціла 2 зб-кімаст. твораў, надрукаваных у газ. «Наша ніва», перакладзеныя на бел. мову апавяданні «Гэдалі» Э.Ажэшкі і «Казку аб вадзе» Э.Беламі, брашуры «Як багацеюць чэшскія сяляне» Маліноўскага (пер. Зязюля), «Зямельная справа ў Новай Зеландыі» (пад крыптанімам «А.Б.»), «Цукер» В.Тройцы, 4 «Беларускія календары-кнігі» за 1910, 1911, 1912 і 1913. З 1912 выдавала час.«Саха». Спыніла дзейнасць у сувязі з заснаваннем на яго базе Беларускага выдавецкага таварыства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАНА́ЎЧЫ САКРАТАРЫЯ́Т СНД,
цэнтральны каардынацыйны орган Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). Створаны паводле рашэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД 14.5.1993 на базе Рабочай групы для арганізац.-тэхн. падрыхтоўкі і правядзення пасяджэнняў саветаў кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Знаходзіцца ў Мінску. Рыхтуе праекты дакументаў для разгляду статутнымі органамі СНД, арганізуе іх прававую экспертызу і ўзгадненне, абмен інфармацыяй паміж дзяржавамі СНД, фарміруе парадак дня сустрэч на вышэйшым узроўні, выдае інфармац. бюлетэнь СНД. У выканаўчы сакратарыят СНД уваходзяць выканаўчы сакратар (з 1993 І.М.Каратчэня), яго намеснікі, пастаянныя паўнамоцныя прадстаўнікі дзяржаў СНД. Мае ўпраўленні па розных кірунках дзейнасці, а таксама аддзелы.