замацава́цца, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.
1. Прыняць нерухомае, устойлівае становішча; прымацавацца. Дэталь добра замацавалася.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць пастаянным, трывалым, устойлівым. Навыкі замацаваліся. Дружба замацавалася.
3. Трапіўшы куды‑н., застацца там, зрабіўшы сваё становішча трывалым, надзейным. У Тэнгры чалавек прыйшоў, каб тут павек замацавацца. Дубоўка.
4. Утрымацца на занятай пазіцыі, арганізаваўшы абарону. Група, як кажуць ваенныя, асядлала.. дарогі і.. замацавалася. Кулакоўскі.
5. Застацца за кім‑, чым‑н., зрабіцца прыналежнасцю каго‑, чаго‑н. (пра назву, імя, мянушку і пад.). Так і замацавалася за Лішкам.. мянушка, так і заставалася за ім больш за год. Пальчэўскі. Паступова сярод духавенства галоўную ролю пачаў адыгрываць епіскап горада Рыма, за якім замацавалася назва папа рымскі. Залескі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
замяні́ць, ‑мяню, ‑меніш, ‑меніць; зак., каго-што.
1. кім-чым. Узяць, скарыстаць, паставіць узамен другога. Замяніць зношаныя дэталі новымі. □ Казанцаў замяніў сваю паласатую піжаму бездакорным светла-шэрым касцюмам. Васілевіч. // Падмяніць адно другім. Работу словам не заменіш. Прымаўка.
2. Заняць месца каго‑, чаго‑н., выконваючы яго абавязкі, ролю. З жалем зірнуў Андрэй на маці і зразумеў, што яна больш не работніца. Ён павінен замяніць яе, каб трымаць сям’ю. Чарнышэвіч. Панаса забралі як заложніка, каб дзед Талаш прыйшоў і замяніў сына. Колас.
3. З’явіцца на змену каму‑, чаму‑н. Сум заменіць песня. □ Я быў рад усяму, Што пісала яна, І адпісваў. Зіму замяніла вясна. Нядзведскі.
4. Выпадкова або наўмысна ўзяць чужую рэч замест сваёй; падмяніць. Замяніць кніжку. Замяніць галошы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
з’е́хацца, з’едуся, з’едзешся, з’едзецца; зак.
1. Сабрацца дзе‑н., прыехаўшы з розных месц (пра многіх, многае). — Я пачала ўжо не без трывогі чакаць, калі скончацца канікулы, з’едуцца настаўнікі і я прыйду ў школу. Шамякін. З’ехалася ўся радня, якая толькі была ў шляхецкай акрузе, і вырашыла, што Казімір павінен жаніцца. Пестрак.
2. Разм. Едучы, сустрэцца з кім‑н. дзе‑н. Хочацца пакінуць гэтыя цёмныя вазы, гэтых людзей, з якімі давялося.. разам з’ехацца, калі выязджалі з вёскі ў горад. Чорны. — Якраз з Алесем Садовічам на станцыі з’ехаліся і разам дадому ішлі, — як бы апраўдваўся Лабановіч за свой «парожні» выгляд. Колас.
3. Разм. Паспець ехаць разам з кім‑, чым‑н. На веласіпедзе з машынай цяжка з’ехацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змахну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. Махнуўшы чым‑н., зняць, сцерці з якой‑н. паверхні. Змахнуць пыл. Змахнуць крошкі са стала. □ Стася .. непрыкметна змахнула рукавом буйную слязу. Пальчэўскі. // Скінуць, збіць узмахам рукі. На слупах такія прыгожыя пухнатыя шапкі з снегу, як жа не змахнуць іх рукою. Лынькоў. // Лёгкім махам ачысціць што‑н. ад пылу, бруду і пад. Душэўна прывітаўшы госця ўсмешкай, жанчына змахнула фартухом услон каля стала і запрасіла Курловіча прысаджвацца. Дуброўскі.
2. Разм. Рэзкім рухам зняць, скінуць з сябе (адзенне, абутак). Хлопец усміхнуўся.. шырока і радасна, на хаду змахнуў са сваіх плеч паддзёўку. Кулакоўскі.
3. Разм. Зжаць, скасіць, прыбраць і пад. хутка, без затрымкі. [Жанчыны] адным духам змахнулі ячмень. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ліза́ць, ліжу, ліжаш, ліжа; заг. ліжы; незак., каго-што.
1. Праводзіць языком па чым‑н., дакранацца языком да каго‑, чаго‑н. [Сабачка] кідаўся да ног, лашчыўся, лізаў рукі, зазіраў у вочы і паціху скавытаў. Няхай. // Падбіраючы языком, есці, піць. [Сабака] лізаў разліты ім кулеш і ад вялікага здавальнення павільваў хвастом. Колас. Гора гараваць — не мёд лізаць. Прыказка.
2. перан. Дакранацца, пакрываць, абдаваць сабой (пра хвалі, полымя і пад.). Пасека была ў агні. Полымя бушавала пад самай лініяй — расцяробам, лізала дол, лезла ўгору па маладым сасонніку. Пташнікаў. За соснамі адгадваўся блізкі праліў, чутно было, як ліжуць гальку хвалі. Лупсякоў.
3. Разм. зневаж. Цалаваць.
•••
Лізаць рукі (ногі, пяткі, боты) каму — уніжацца, падлізвацца, падхалімнічаць перад кім‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Рэзкім рухам выліць, узліць якую‑н. вадкасць. Чалавек нагнуўся к вадзе, дастаў з кішэні мыла, памачыўшы пацёр яго ў руках, зусім прыгнуўся і лінуў прыгаршчы вады сабе ў твар. Чорны. Тані стала горача, бы на яе лінулі вару. Пташнікаў.
2. (1 і 2 ас. не ужыв.). Пачаць моцна ліцца, хлынуць патокам. Пасунулася хмара, і лінуў дождж. Федасеенка. Слёзы — адкуль яны браліся? — нястрымна лінулі з вачэй. Хадкевіч. / у безас. ужыв. У гэты час першыя кроплі застукалі па спіне, а потым лінула як з вядра. С. Александровіч. / Пра святло, паветра і пад. — А чалавеку і гораду пашанцавала менш, чым прыродзе, — задуменна прамовіла Кіра, і з яе вачэй на Пракопа нібы лінула святло. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
засла́ць 1, ‑шлю, ‑шлеш, ‑шле; ‑шлём, ‑шляце; зак., каго-што і чаго.
Разм.
1. Адправіць, пераслаць куды‑н., каму‑н. Кірыл сказаў да матушкі ціха: — Зашлі ты.. [жонцы Каваля] цераз Параску чаго. Колас. // Патаемна пераправіць, даставіць куды‑н. Заслаць лазутчыка.
2. Паслаць, саслаць куды‑н. далёка. Заслаць на край свету.
засла́ць 2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; што.
1. Пакрыць якую‑н. паверхню чым‑н. Заслаць ложак. □ Бабка Параска .. дастала свой чысты настольнік і заслала стол. Колас.
2. Пакрыць, завалачы сабой (пра хмары, туман, слёзы і пад.). Шэрань заслала палі, схавала абрысы ўзгоркаў і пералескаў, ахутала бярозавыя гаі і прысады ля дарог. Хадкевіч. Мутная імгла заслала старэчыя вочы дзеда Кандрата. Пестрак. / у безас. ужыв. Родны бераг імглою заслала. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
затрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Перашкодзіць руху каго‑, чаго‑н., прымусіць застацца дзе‑н. Затрымаць машыну. Затрымаць снег на палях. □ Лабановіч накіраваўся да дзвярэй, каб падацца на вуліцу, але Саханюк затрымаў яго. Колас. Іван Рыгоравіч затрымаў клас пасля ўрокаў. Якімовіч. // Спыніць, сканцэнтраваць на кім‑, чым‑н. (погляд, позірк). Алена бездапаможна аглянулася вакол і затрымала позірк на Таццяне. Шамякін. // перан. Адтэрмінаваць што‑н., перашкодзіць чаму‑н. Дажджы затрымалі сяўбу. Затрымаць пуск электрастанцыі. // перан. Спыніць ход, рост, развіццё чаго‑н., перашкодзіць чаму‑н. Халады затрымалі рост раслін. // Запаволіць або спыніць на пэўны час. Затрымаць дыханне.
2. Не аддаць, не выдаць у тэрмін. Затрымаць зарплату.
3. Узяць пад варту; арыштаваць. Затрымаць злачынца. Затрымаць парушальніка граніцы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́ці, РДМ маці і мацеры, В маці і мацеру, Т маці і мацерай, ж.
1. Жанчына ў адносінах да народжаныя ёю дзяцей. Маці Міхасёва, Ганна Навумаўна, працавала на ферме даяркай. Якімовіч.
2. (звычайна ў прыдатку). Аб тым, што з’яўляецца самым родным і блізкім. Зямля-маці. □ Цябе не любіць немагчыма, Ты ў радасці, ў горы — свая, Вялікая маці-Радзіма, — Цудоўная песня мая. Хведаровіч.
•••
Маці-адзіночка — жанчына, якая ўтрымлівае самастойна пазашлюбнае дзіця і мае права на дзяржаўную дапамогу.
Маці-гераіня — ганаровае званне, якое прысвойваецца ў СССР жанчыне-маці, што нарадзіла і выхавала не менш дзесяці дзяцей; жанчына, якая мае гэта званне.
Гадзіцца ў маці гл. гадзіцца 1.
У чым маці нарадзіла — зусім голы, без ніякага адзення.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
машы́на, ‑ы, ж.
1. Сукупнасць механізмаў, прызначаная для пераўтварэння энергіі, выканання пэўнай карыснай работы, збору, захоўвання і выкарыстання інфармацыі. Швейная машына. Сельскагаспадарчыя машыны. Вылічальная машына. // перан. Пра чалавека, які дзейнічае машынальна, бяздумна, як аўтамат. // перан. Аб чым‑н. складаным, што дзейнічае падобна механізму бесперабойна і дакладна; сістэма. Беларуская Савецкая Рэспубліка першай прыняла на сябе ўдар пачварнай ваеннай машыны гітлерызму. Клімковіч.
2. Транспартны сродак, які прыводзіцца ў рух пры дапамозе якога‑н. рухавіка. Да свірна пад’ехала машына, на яе пачалі грузіць мяхі. Шахавец. // Уст. Поезд, цягнік. Вось кончан лес, і Стоўбцы блізка. Туман на возера лёг нізка, Вада шумела каля млына, Свістала голасна машына. Колас.
•••
Як заведзеная машына — а) рытмічна, аднастайна, бесперапынна; б) механічна, не думаючы (рабіць што‑н.).
[Фр. machine ад лац. machina.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)