ко́нсул, ‑а, м.

1. Службовая асоба дыпламатычнага ведамства, якая прадстаўляе і абараняе прававыя і эканамічныя інтарэсы сваёй дзяржавы і яе грамадзян перад уладай другой дзяржавы.

2. У Старажытным Рыме — тытул кожнай з дзвюх выбарных вышэйшых службовых асоб. // Асоба, якая мела гэты тытул.

3. Тытул кожнай з трох асоб, надзеленай неабмежаванай выканаўчай уладай у Францыі з часу перавароту Напалеона Банапарта да абвяшчэння яго імператарам. // Асоба, якая мела гэты тытул.

[Лац. consul — саветнік.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

іскры́цца, іскрыцца; незак.

Ззяць, зіхацець, пералівацца іскрамі. Пад месячным святлом іскрыўся іней. Чарнышэвіч. Возера іскрыцца і зіхаціць на сонцы. В. Вольскі. // перан. Ззяць, блішчаць пад уплывам якіх‑н. пачуццяў (пра вочы, позірк). Вочы юнакоў і дзяўчат гарэлі, іскрыліся. Лынькоў. // перан. Ярка праяўляцца. У вачах .. [Сярожкі і Ленкі] не іскрылася весялосць і дзіцячая жартаўлівасць. Шамякін. Збан глядзеў кабеце ўслед з-пад калматых чорных броваў, і ў вачах яго іскрылася халодная, злая ўсмешка. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

істэры́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да істэрыі, да істэрыкі. Істэрычны псіхоз. Істэрычны прыпадак.

2. Схільны да істэрыі, які ўпадае ў істэрыю. Істэрычная натура. □ [Люся Ніканава] іграла Таццяну то занадта істэрычнай, то, наадварот, празмерна чэрствай. «Полымя».

3. Характэрны для істэрыі, для істэрыка; такі, як пры істэрыі. Істэрычны голас. □ — Го-го-го! — зарагатаў пан, — го-го-го! — і браўся за бокі. Рогат нервовы, істэрычны трос яго, да слёз мучыў. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кальцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак., каго-што.

1. Надзяваць мечаныя кольцы на лапкі птушак або хвасты рыб для даследавання напрамку і скорасці іх перамяшчэння, працягласці жыцця і інш. Кальцаваць пералётных птушак.

2. Рабіць кругавы зрэз кары або надзяваць на ствол дрэва драцяныя кольцы з мэтай запаволіць рост і павялічыць плоданашэнне, надаць пэўную форму кроне і інш.

3. Абмазваць укругавую ствол дрэва смалой для аховы яго ад шкодных насякомых, чарвей і інш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запе́ў, ‑певу, м.

1. Пачатак харавой песні або куплета, які выконваецца запявалам. — Глыбокае мора, шырокае мора, — Старая запеў павяла, — Ды толькі глыбейшым было маё гора, Шырэйшаю скруха была. Бялевіч.

2. Пачатак быліны, звычайна не звязаны з яго зместам; зачын. // перан. Пачатак чаго‑н., уступ да чаго‑н. Публіцыстыка Ф. Багушэвіча была толькі запевам да той палымянай і шчырай песні, што велічна прагучала ў «Дудцы беларускай» і «Смыку беларускім». С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знясла́віць, ‑слаўлю, ‑славіш, ‑славіць; зак., каго-што.

Распаўсюдзіць благія чуткі пра каго‑, што‑н.; зганьбіць, ачарніць. — Два гады кіраваў, стараўся, гаспадарку ладзіў, пра рэпутацыю дбаў, а тут ушчалося напасце. Зняславілі, зганьбілі, раскрытыкавалі... Быкаў. Яго, лепшага брыгадзіра, знялі з пасады, зняславілі на ўвесь калгас ды яшчэ ў раённай газеце распісалі. Б. Стральцоў. // Сваімі паводзінамі, учынкамі пазбавіць добрага імя; абняславіць. — Я табе аддала ўсё. А ты... зняславіў, насмяяўся... З дзіцем хочаш пакінуць? Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бо́бік, ‑а, м.

Разм. Пагардлівая назва паліцаяў, якія былі на службе ў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у часе Вялікай Айчыннай вайны. Толя саскочыў з Сівача, дапамог Максіму, падсадзіў яго на свайго каня, а сам — па-маладому неразумна, толькі прыкленчыўшы, але весела, у два ці ў тры націскі выпусціў на «бобікаў» увесь аўтаматы дыск. Брыль. Такіх, як Куцка, шмат. Што іх пазнала ў бобікі? Прыйшлі фашысты і прынеслі пошасць. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бутафо́рыя, ‑і, ж.

1. Прадметы абстаноўкі ў спектаклі (мэбля, зброя, пасуда і інш.), а таксама штучныя прадметы, выстаўленыя на вітрынах магазінаў замест сапраўдных. [Артысты] самі майстравалі ўсю бутафорыю, дапамагалі шыць адзенне, развучвалі песні і танцы. Сяргейчык.

2. перан. Падман, бачнасць, фальш, разлічаныя на знешні эфект. Смешна цяпер Змітраку, што ён тры гады жыў марамі аб ёй, вучыўся лепш за ўсіх толькі дзеля яе, а яна [Іна] аказалася для яго бутафорыяй. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяскры́ўдны, ‑ая, ‑ае.

Які не робіць крыўды, не прыносіць непрыемнасцей; мірны, нявінны. Але да яе [Машы] непакою за пасевы азімых аднесліся з бяскрыўднай сялянскай іроніяй. Шамякін. // Няздольны пакрыўдзіць; няшкодны. Разам з другімі рагатаў і «князь». Смяяўся шчыра, да слёз, і на хвіліну здаўся бяскрыўдным дзіцем, якому яшчэ патрэбна нянька. Карпюк. // Няздольны пакрыўдзіцца, някрыўдны; вельмі дабрадушны. [Павел] быў настолькі бяскрыўдны і бездапаможны, што з ахвотай адклікаўся, калі мы яго клікалі барабаншчыкам. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лібера́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ліберала, лібералізму (у 1 знач.). Ліберальная партыя. Ліберальная буржуазія.

2. перан. Разм. Які дапускае лібералізм (у 2 знач.), шкоднае патуранне. Рыгор не даў гаспадару дасказаць, рашуча згадзіўшыся з яго прымірэнчымі ліберальнымі дарадамі. Гартны.

3. Уст. Які праяўляе лібералізм (у 3 знач.). У першай палавіне XIX ст. у галіне беларускай фалькларыстыкі і літаратуры дзейнічаў паэт-вучоны ліберальнага напрамку Ян Чачот. Шакун.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)