адна з варыяцыйных формаў у музыцы, заснаваная на шматразовым паўтарэнні ў басовым (ніжнім) голасе нязменнай мелодыка-рытмічнай фігуры-тэмы пры гарманічным і поліфанічным развіцці ў верхніх галасах, якія пастаянна абнаўляюцца. Форма баса астынаты служыць стварэнню адзінага муз. вобраза, увасабленню адзінага настрою. Выкарыстоўваўся ў арыях і харах 17—18 ст. як ніжні голас суправаджэння (Г.Пёрсел, І.С.Бах), у інстр. формах тыпу пасакаллі і чаконы. У музыцы 19—20 ст. астынатнасць выйшла за рамкі баса астынаты і стала адным засн. формаўтваральных прынцыпаў муз. мовы (Дз.Шастаковіч, І.Стравінскі, П.Хіндэміт і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЧО́РНА-ПЯРЭ́СТАЯ ПАРО́ДАсвіней,
універсальнага кірунку прадукцыйнасці. Зацверджана ў 1976. Выведзена на Беларусі складаным узнаўленчым скрыжаваннем мясц. свіней з даўгавухімі і караткавухімі свіннямі, йоркшырамі, беркшырамі, тэмворсамі і буйнымі чорнымі. Сучасныя лініі маюць «кроў» ландрасаў і эстонскай беконнай пароды. Парода складаецца з 9 ліній і 26 сямействаў і роднасных груп матак. Вядучыя племзаводы на Беларусі ў Капыльскім, Ляхавіцкім і Горацкім р-нах.
Свінні пераважна мяса-сальнага і мяснога тыпаў, моцнай канстытуцыі, вынослівыя, высокапрадукцыйныя. Жывая маса дарослых кныроў 310—340, матак 240—250 кг, даўж. тулава адпаведна 184 і 161 см. Пладавітасць 10—11 парасят за апарос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ КЛІЧ»,
грамадска-паліт., літ. і гасп. газета. Выдавалася 1 — 16.11.1930 у Вільні на бел. мове напярэдадні выбараў у польскі сейм і сенат. Асвятляла сітуацыю ў Польшчы, паведамляла пра арышт 80 дэпутатаў папярэдняга сейма, распушчанага ўрадам Бартэля — Пілсудскага, крытыкавала перадвыбарчую пазіцыю Цэнтрасаюза, які ішоў на супрацоўніцтва з польск. урадам, і кандыдатаў у сейм — прадстаўнікоў бел. нац.-сацыяліст. кірунку, давала ацэнку ўсім кірункам у бел. руху на пераломе 1920—30-х г. Агітавала галасаваць за кандыдатаў агульнага бел. выбарчага к-та «Украінска-беларускі блок». Выйшлі 4 нумары, з іх № 3 канфіскаваны па загадзе старасты Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЕМНІ́ТЫ (Belemnitida),
атрад вымерлых беспазваночных жывёл кл. галаваногіх малюскаў. Каля 70 родаў, больш за 50 відаў. Жылі з карбону да палеагену, найб. у мезазоі (юра-мел). На Беларусі рэшткі Б. трапляюцца ў верхняюрскіх і мелавых адкладах. Выкапнёвыя рэшткі служаць для вызначэння ўзросту юрскіх і мелавых адкладаў.
Марскія жывёлы, драпежнікі, вонкава падобныя на сучасных васьміногаў і кальмараў. Мелі ўнутр. ракавіну, якая складалася з 3 частак: вапнавай ракавіны канічнай формы, падзеленай на камеры (фрагмакона), цераз якія праходзіў выраст мяккага цела — сіфон; рэдукаванай часткі жылой камеры пласціністай формы (праастракума); цыгара- або ланцэтападобнага цела даўж. да 40 см (ростра). Акамянелыя ростры захаваліся ў адкладах (наз. «чортавы пальцы»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБІ́ЛА (Юлія Іосіфаўна) (10.1.1897, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — 4.12.1974),
бел. бібліёграф. Скончыла БДУ (1925). З 1922 заг.бел. аддзела Дзярж. б-кі БССР. У 1937—59 гал. бібліёграф б-кі Саратаўскага ун-та. З 1959 у Мінску. Камплектавала рэспубліказнаўчы і краязнаўчы кніжныя фонды, збірала кнігі на бел. мове, выдадзеныя на Беларусі і за яе межамі. Распачала бібліягр. рэгістрацыю друку БССР, складанне 1-й у рэспубліцы краязнаўчай бібліягр. картатэкі. Склала бібліяграфію твораў Ц.Гартнага (у зб. «Ц.Гартны ў літаратурнай крытыцы», 1928), надрукавала матэрыялы да біяграфіі Цёткі (у час. «Запіскі аддзела гуманітарных навук», 1928, кн. 2. Працы класа філалогіі, т. 1).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСАМІ́ТНІЦЫ, сатыры,
вочкі (Satyridae),
сямейства насякомых атр. лускакрылых, або дзённых матылёў. Касмапаліты. У сусв. фауне каля 2 тыс. відаў. У трапічных лясах Паўд. Амерыкі жывуць своеасаблівыя аксамітніцы калітэры (Callitaera). На Беларусі 21. Найб. пашыраны сенніца, малы лясны сатыр (Hipparchia alcyone), матыль мяцёлчаты (Lasiommata maera).
Дзённыя матылі сярэдніх і буйных памераў. Крылы ў размаху да 10 см, часта шырокія, цёмнаафарбаваныя, з невял. вокападобнымі плямамі. Пярэднія ногі недаразвітыя. Вусені ўкрыты кароткімі валаскамі або голыя, верацёнападобныя, развіваюцца пераважна на дзікарослых злаках і пальмах. Вусені, зрэдку кукалкі, яйцы зімуюць з развітым зародкам; даюць часцей адно пакаленне за год.
Аксамітніцы: 1 — чарнушка-Медуза і яе вусень; 2 — калітэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМО́ВІЧ (Вячаслаў) (Вацлаў) Антонавіч (19.2.1864, Віленская губ. — 21.2.1939),
дзеяч бел.нац. руху пач. 20 ст., адзін з лідэраў яго правага, паланафільскага, крыла. У 1917 актывіст Бел.сацыяліст. грамады (БСГ), Вял.бел. рады, Цэнтр.бел. вайсковай рады. Кандыдат ад БСГ на выбарах ва Устаноўчы сход. У 1919—20 супрацоўнік вярбовачнага бюро Бел. вайсковай камісіі. Адзін са стваральнікаў арг-цыі «Зялёны дуб». Удзельнік канферэнцыі бел.паліт. арг-цый (Прага, вер. 1921), агітаваў за арыентацыю на Польшчу. Разам з П.Алексюком склікаў у Вільні Бел. з’езд (снеж. 1921), які аформіў праграму паланафільскай плыні бел. руху. Аўтар зб. абразкоў і легендаў «Тыпы Палесся» (1926, пад псеўд. Дзяргач).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́НІС (Adonis),
род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. казяльцовых. Больш за 20 відаў, пашыраных у стэпавых і лесастэпавых зонах Еўразіі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі ў 1960-я г. Як дэкар. расліны інтрадукаваны 2 віды: адоніс вясновы, або гарыцвет (adonis vernalis), і адоніс палымяны (adonis flammea).
Сцябло прамое або слабагалінастае выш. ад 5 да 40 (зрэдку да 70) см. Лісце рассечана на вузкія сегменты. Кветкі буйныя, адзіночныя, залаціста-жоўтыя або чырвоныя. Плады — авальныя шматарэшкі з прамым або кручкападобным носікам. Выкарыстоўваюць для групавых пасадак і бардзюраў. Прэпараты з адонісу вясновага ўжываюцца пры сардэчнай недастатковасці, неўрозах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСЕРВА́ЦЫЯ,
1) у навігацыі — вызначэнне геагр. каардынат судна ў моры па назіраннях аб’ектаў з вядомымі каардынатамі. Навігацыйную абсервацыю праводзяць па адзначаных на карце берагавых арыенцірах, астранавігацыйную — па нябесных свяцілах, каардынаты якіх даюцца ў Марскіх астр. штогодніках, радыёнавігацыйную — па напрамку на крыніцу радыёхваляў (напр., радыёмаякі, навігацыйныя ШСЗ). Усе спосабы абсервацыі зводзяцца да графічнага знаходжання пункта на марской карце або аналітычнага разліку яго каардынат.
2) У медыцыне — назіранне на працягу пэўнага часу за ізаляванымі ў спец. памяшканні людзьмі, якія маглі мець кантакт з хворымі на небяспечныя каранцінныя хваробы. Зрэдку ў такім жа значэнні тэрмін выкарыстоўваецца ў ветэрынарыі і фітапаталогіі ў дачыненні да завезеных жывёл, раслінных матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЖЭ́СКІ (Мікалай Карнілавіч) (1860, Мінск — 9.8.1910),
эканаміст, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію, юрыд.ф-т Пецярбургскага ун-та (1886). Працаваў у Мін-ве фінансаў, з 1891 рэферэнт у канцылярыі Дзярж. савета. З 1893 чл. тарыфнага і гандл.-прамысл.к-таМін-ва фінансаў, адначасова ў дэпартаменце ўскосных падаткаў. У 1909 ахвяраваў сваю б-ку (каля 3 тыс. тамоў кніг па фін. пытаннях) Віленскаму т-ву сяброў навук, за што атрымаў тытул чл.-пратэктара т-ва. Аўтар прац «Падатковая рэформа: Французскія тэорыі XVIII ст.» (1888), «Кругавая парука сельскіх суполак» (1896), нарысаў аб прававым становішчы сельскіх суполак, гіст. агляду заканадаўства аб ускосных падатках.