вёска ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., на р. Ушача. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 22 км на ПдЗ ад Полацка, 127 км ад Віцебска, 16 км ад чыг. ст. Ветрына, на аўтадарозе Ушачы—Полацк. 575 ж., 237 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Упамінаецца ў 1552 як сяло «Вороноч» Полацкага ваяв.ВКЛ. У час Лівонскай вайны 1558—83 пабудаваны замак. З 2-й пал. 16 ст. мястэчка (потым зноў сяло). З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Лепельскага пав. Віцебскай губ. У пач. 20 ст. каля 300 ж. З 1919 у Полацкім пав., з 1923 у Акцябрскай вол. З 1924 і з 1935 цэнтр сельсавета Ветрынскага, з 1931 і з 1962 — Полацкага р-наў. У Вял.Айч. вайну ў лют. 1942 ням.-фаш. захопнікі спалілі ў Варонічах 68 двароў і 500 чал. У 1970 — 551 жыхар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ВІЧЫ,
горад у Беларусі, у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. За 45 км ад Рэчыцы, 86 км ад Гомеля. Чыг. вузел (лініі на Гомель, Калінкавічы, Хойнікі), аўтадарогай злучаны з аўтамагістраллю Гомель—Калінкавічы. 5,1 тыс.ж. (1995). Харч., дрэваапр., буд. матэрыялаў прам-сць. Брацкія магілы падпольшчыкаў, сав. воінаў і партызан, могілкі ахвяр фашызму.
Па пісьмовых крыніцах вядомы з 16 ст., у 18 ст. вёска. З 1793 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1825 пабудавана Мікалаеўская царква, у 1866 адкрыта нар. вучылішча, у 1878 заснавана метэастанцыя. У сувязі з пракладкай чыгункі сталі значным гандл. цэнтрам. У 1897 — 1724 ж., 298 двароў. З 1919 у Гомельскай губ. У 1926—27 і 1937—59 цэнтр Васілевіцкага раёна. З 25.8.1941 да 18.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў Васілевічах і раёне загубілі 1880 чал. Дзейнічала Васілевіцкае патрыятычнае падполле. З 29.4.1950 гар. пасёлак, з 19.11.1971 горад. У 1959 — 6,4 тыс.ж., у 1970 — 6,9 тыс. жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЁК, валошка (Centaurea),
род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 550 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы, Паўн. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі 8 дзікарослых (мясцовых і занесеных) відаў: васілёк іберыйскі (Centaurea iberica), лугавы (Centaurea jacea), раскідзісты (Centaurea diffusa), рэйнскі (Centaurea rhenana), сіні (Centaurea cyanus), сонечны (Centaurea solstitialis), фрыгійскі (Centaurea phrygia), шурпаты (Centaurea scaniosa), растуць у лясах, на лугах, у хмызняках, пасевах, на пясчаных мясцінах, пустках і ўздоўж дарог; 10 інтрадукаваных: васілёк мяккі (Centaurea mollis), падбелены (Centaurea dealbata), прыгожы (Centaurea bella), рускі (Centaurea ruthenica), сібірскі (Centaurea sibirica), усходні (Centaurea orientalis), Фішэра (Centaurea fischeri) і інш.
Шматгадовыя, радзей двух- і аднагадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя ці прыўзнятыя, зрэдку сцябла зусім няма, ёсць формы тыпу «перакаці-поле». Лісце чаргаванае, суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі рознага колеру, у кошыках (сярэдзінныя трубчастыя або трубчаста-лейкападобныя, двухполыя, краявыя — лейкападобныя). Кошыкі гетэрагамныя, мала- або шматкветныя, адзіночныя ці па некалькі на канцах парасткаў. Плод — сямянка з чубком. Дэкар., лек., тэхн. і меданосныя расліны, некат. віды — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛІ́ШКІ,
вёска ў Беларусі, у Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Лебяда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПнУ ад г. Шчучын, 85 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 1395 ж., 532 двары (1995).
Вядомы з 1-й пал. 15 ст. У 15—16 ст. староства ў складзе каралеўскіх сталовых уладанняў. З 1486 мястэчка, у канцы 15 — пач. 16 ст. цэнтр павета. У 1658—1832 існаваў кляштар дамініканцаў (паводле інш. звестак — базыльян). У 1706 у Васілішках некаторы час знаходзілася рэзідэнцыя караля Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Лідскага пав. У 1905 у Васілішках 1983 жыхары. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У 1940—60 у Васілішкаўскім раёне, да 1954 гар. пасёлак. У 1960—62 у Радунскім р-не. У 1970 — 909 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Васілішкаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі Васілішкаўскі валун.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЛЬБАРСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія з сярэдзіны 1 ст. насялялі тэр.паўн.-ўсх. Польшчы. Назва ад могільніка каля мяст. Мальбарк-Вельбарк у Ніжнім Павісленні. Мае 2 стадыі развіцця: вельбарска-любавідскую (1—2 ст.) і вельбарска-цэцэльскую (2—4 ст.), у час якой пачалося прасоўванне плямён Вельбарскай культуры на ПдУ, таму ў 2 ст. яны займалі тэр. ад правабярэжжа Зах. Буга да р. Гарынь. Насельніцтва жыло на адкрытых селішчах па берагах рэк, у 2-камерных жытлах глінабітна-каркаснай канструкцыі. Выраблялі ляпныя прысадзістыя шыракагорлыя гаршкі, арнаментаваныя рэльефнымі геам. ўзорамі, нешматлікую ганчарную кераміку. Пахавальныя абрады — трупапалажэнне і трупаспаленне на бескурганных могільніках; пахавальны інвентар найчасцей складаўся з глінянага гаршка, бронзавай фібулы і касцянога грэбеня. На фарміраванне Вельбарскай культуры, на думку многіх даследчыкаў, паўплывалі ўсх.-герм. плямёны готаў і гепідаў. На тэр.Беларусі вядомы толькі могільнікі Вельбарскай культуры з абрадам трупаспалення: Брэсцкі бескурганны могільнік, Дружба (Брэсцкі р-н), Вялічкавічы (Камянецкі р-н) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЗАВЕ́Ц,
вёска ў Беларусі, у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 7 км на ПдЗ ад г.п. Дзятлава, 172 км ад Гродна, 22 км ад чыг. ст. Наваельня, на шашы Слонім—Ліда. 588 ж., 215 двароў (1995).
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. У 16—17 ст. маёнтак Вензавец належаў кн. Ф.І.Заслаўскаму, Г.Сіняўскаму, Сапегам, Палубенскім. На карце Т.Макоўскага (1613) пазначаны як мястэчка. У 18 ст. ў Слонімскім пав. Наваградскага ваяв. З 1795 у Рас. імперыі, у Дзятлаўскай вол. Слонімскага пав. У 1885 у Вензаўцы 718 ж., царква, школа, праводзіліся кірмашы. З 1921 у складзе Польшчы, у Дзятлаўскай гміне Слонімскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, у Юравіцкім с/с Дзятлаўскага р-на Баранавіцкай вобл. У 1962—65 у Слонімскім р-не. З 1973 цэнтр сельсавета. У 1970 — 485 жыхароў.
Вензавецкае лясніцтва, лесацэх Дзятлаўскага лясніцтва, сумеснае бел.-герм. прадпрыемства «Белхольц». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАНІ́ЦЫН (Канстанцін Васілевіч) (13.6.1834, в. Астраўляны Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 1904),
адзін з удзельнікаў літ. жыцця на Беларусі ў сярэдзіне 19 ст.; магчымы аўтар паэмы «Тарас на Парнасе». Паходзіў з прыгонных. У 1845 атрымаў вольную. У 1851 узяў прозвішча Вераніцын (першапачатковае — Васільеў). Вучыўся ў Віцебскай губ. гімназіі (1845—52), Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі (1852—54). Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1859). У 1863—74 і з 1880 жыў і працаваў у Пецярбургу, у 1874—79 працаваў у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. У рукапісных сшытках фалькл. і літ. твораў А.Рыпінскага Вераніцыну прыпісваюцца паэмы «Тарас на Парнасе» (тэкст з паметай: 1855, 15 красавіка, Гарадок) і «Два д’яблы» (з паметай: 7.4.1860, Масква). Моўныя асаблівасці і рэаліі несумненна сведчаць пра сувязь апошняга твора з Віцебскам, а таксама пра тое, што аўтарства належыць адной і той жа асобе. Іншых матэрыялаў пра літ. дзейнасць Вераніцына не выяўлена.
Літ.:
Кісялёў Г. На арбіце пошуку // Кісялёў Г. Пошукі імя. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЙНІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Цішоўскім с/с Магілёўскага р-на, на р. Дняпро. За 3 км на ПдУ ад Магілёва, 2 км ад чыг. ст. Буйнічы, на аўтамагістралі Магілёў—Бабруйск. Цэнтр калгаса. 910 ж., 309 двароў (1995).
Вядомы з 15 ст. як цэнтр буйнога ўладання ў ВКЛ. У 17—18 ст. прыватнаўласніцкае мястэчка ў Аршанскім пав. У розны час належалі Крошынскім, Саламярэцкім, Сапегам. У 1633 засн.Буйніцкі Святадухаўскі манастыр. З 1772 у Рас. імперыі. У 19 ст. Буйнічы ў Вендаражскай вол. Магілёўскага пав. У 1909 у мястэчку 427 ж., царкоўнапрыходская школа, у 1901—13 дзейнічала цагельня з паравым рухавіком. У ліп. 1941 на ўскраіне Буйніч адбыліся баі Чырв. Арміі супраць ням.-фаш. захопнікаў (гл.Буйніцкае поле). У крас. 1944 гітлераўцы загубілі 96 ж., спалілі 118 двароў. У 1970 — 881 ж., 272 двары.
У Буйнічах сярэдняя школа, Дом культуры, Б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬБАСАДЖА́ЛКА,
машына для механізаванай пасадкі бульбы з адначасовым унясеннем угнаенняў. Бываюць 2-, 4- і 6-радковыя, з лыжкава-дыскавым, элеватарным, стужачна-лыжкавым і раменным тыпамі высаджвальнага апарата. Высаджваюць бульбу ў грабяні, якія бульбасаджалкі ўтвараюць самі, або ў папярэдне нарэзаныя.
Ва ўмовах Беларусінайб. выкарыстоўваюцца бульбасаджалкі з лыжкава-дыскавымі высаджвальнымі апаратамі, рабочыя органы якіх прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці трактара. Асобныя іх тыпы маюць бункеры для загрузкі пасадачнага матэрыялу з самазвальных трансп. сродкаў, прыстасаваны для пасадкі прарослых клубняў. «Лідсельмаш» выпускае 2- і 4-радковыя бульбасаджалкі з элеватарным высаджвальным апаратам (Л-201, Л-202). Навясная бульбасаджалка Л-202 можа выкарыстоўвацца пры наяўнасці глебавых дамешкаў у пасадачным матэрыяле і без жорсткіх патрабаванняў да каліброўкі клубняў. Прывод рабочых органаў — ад хадавых колаў. Прадукцыйнасць 1,25—2.4 га/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́НКЕРНЫ КАМБА́ЙНтарфяны,
самаходны агрэгат для пнеўматычнай уборкі фрэзернага торфу з рассцілкі з наступным, фрэзераваннем ачышчанай паверхні тарфянога пакладу. На Беларусі выкарыстоўваецца пераважна камбайн БПФ-ЗМ.
Складаецца э пнеўматрансп. сістэмы герметычнага бункера, трансмісіі з прыводам ад рухавіка ўнутр. згарання, хадавой гусенічнай часткі і фрэзера. Магутнасць рухавіка 176 кВт, ёмістасць бункера 25 м³, шыр. захопу 4,8 м, прадукцыйнасць 1,5 га/гадз. Мадыфікацыі пнеўмакамбайнаў адрозніваюцца ўстаноўкай актыўных соплаў з рэцыркуляцыяй паветра (у камбайна КПФ-6), павелічэннем шыр. захопу да 6,4 м, ёмістасці бункера, прадукцыйнасці да 3 га/гадз.
Б.А.Багатаў.
Пнеўматычны бункерны камбайн БПФ-ЗМ: 1 — вентылятар; 2, 4 — вертыкальныя цыклоны; 3 — цэнтральная труба цыклона; 5 — усмоктвальны трубаправод; 6 — бункер; 7 — сапло.Пнеўматычны тракт з рэцыркуляцыяй паветра бункернага камбайна КПФ-6,4: 1 — калектар; 2 — усмоктвальны канал; 3, 4 — усмоктвальны і цэнтральны трубаправоды; 5 — труба для выкіду лішкаў нагнятальнага паветра ў атмасферу; 6 — вентылятар; 7 — цыклон; 8 — нагнятальны канал; 9 — бункер.