СЕРАТАНІ́Н (ад лац. serum сываратка + грэч. tonos напружанне),
біялагічна актыўнае рэчыва, адзін з медыятараў нерв. сістэмы. Удзельнічае ў перадачы нерв. імпульсаў, садзейнічае надыходу сну, прыгнечвае болевую адчувальнасць, зніжае т-ру цела, выклікае скарачэнне гладкіх мышцаў, павялічвае згусальнасць крыві, валодае радыеахоўнымі ўласцівасцямі і інш. Прысутнічае ў тканках большасці жывёл і раслін (шмат у бананах, ананасах).
У млекакормячых і чалавека да 90% С. ўтрымліваецца ў кішэчніку, ёсць таксама ў трамбацытах, гіпаталамусе, эпіфізе. Недахоп С. ў мозгу адзначаецца пры дэпрэсіях, эпілепсіі і інш., лішак прыводзіць да спазмы бронхаў, боляў у жываце. У медыцыне выкарыстоўваюць як кроваспыняльны сродак.
І.М.Семяненя.
т. 14, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАБІ́Н,
радовішча жвірова-пясчанага матэрыялу ў Капыльскім р-не Мінскай вобл., за 1,5 км на ПнУ ад в. Скабін. Пластавы паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага ледавіка. Жвірова-пясчаны матэрыял шаравата-жаўтаваты, з бурымі плямамі ажалязнення, месцамі гліністы, з праслоямі пяску; кандыцыйнага жвіру (буйней за 5 мм) 27,7%, ёсць уключэнні буйной галькі і дробных валуноў. Пясок у сумесі розназярністы, палевашпатава-кварцавы. Разведаныя запасы 45,9 млн. м³, перспектыўныя 1,2 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,5—29,4 м, ускрышы (торф, пяскі, супескі) 0,2—10 м. Жвірова-пясчаны матэрыял прыдатны на выраб бетону, у дарожным буд-ве.
А.П.Шчураў.
т. 14, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЛАПЕ́НДРАВЫЯ (Scolopendromorpha, або Scolopendrida),
атрад беспазваночных жывёл кл. губаногіх. 2 сям.: крыптапіды (Cryptopidae) і скалапендры (Scolopendridae). Каля 900 відаў. Большасць пашыраны ў тропіках і субтропіках, глебавыя С. трапляюцца ў стэпавай і лясной зонах Усх. Еўропы. Жывуць пад камянямі, бярвёнамі, у расколінах скал, глебы і інш.
Даўж. да 30 см. Цела пляскатае ў спінна-брушным напрамку, складаецца з членікаў, на большасці якіх ёсць дыхальцы. Спіна скурыстая, звычайна цямнейшая за брушка. Скалапендры па баках галавы маюць вочы, якія складаюцца са скопішчаў простых вочак, крыптапіды — сляпыя. Развіццё з эпімарфозам. Кормяцца ў асн. беспазваночнымі, буйныя — і дробнымі пазваночнымі. Многія ядавітыя, ядомыя.
т. 14, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
даражы́цца, ‑ражуся, ‑ражышся, ‑ражыцца; незак.
Абл. Запрашваць надта дорага пры продажы чаго‑н. або наймаючыся на работу. Таргаваліся, таргаваліся, ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў і надта даражыўся. Якімовіч. Іван ніколі вельмі не даражыцца, ніколі нікому не адмаўляе. Ідзе, дзе ёсць патрэба ў яго цэпе, і памагае людзям. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ару́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Абл. Адгароджанае месца ў клеці, куды ссыпаюць збожжа, муку і пад.; засек. [Сцяпан:] Яшчэ я на тое ёсць, і ў сваёй хаце гаспадар, а не госць! Жыта повен аруд і сала не адзін пуд. Купала. Потам крывавым абліты здабытак ехаў у панскія свірны, аруды. Дубоўка. Руні ў аруды не кладуць. Прымаўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акра́вак, ‑раўка, м.
1. Абрэзак, кавалак, шматок чаго‑н. (скуры, тканіны і пад.). Вулічнае акно.. было заткнута кажушным акраўкам. Вітка. [Мікодым:] — Пашукай у куфры, можа, які акравак чырвонага ёсць! Сабаленка.
2. Наогул частка чаго‑н. Сцямнела неяк адразу, толькі там, дзе на сконе дня было паказалася сонца, дрыжаў акравак барвовага неба, як ад далёкага пажару. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кано́плі, канапель; адз. няма.
1. Высокая травяністая расліна сямейства каноплевых, са сцёблаў якой вырабляюць валакно, а з семені — алей.
2. Семя гэтай расліны. Таўчы каноплі. □ — Калі ў каго які з гарнец канапель ці семя ёсць, дык ён выцісне якую бутэльку алею. Чорны.
•••
Як Піліп з канапель — раптоўна, знянацку (выскачыць адкуль‑н., з’явіцца дзе‑н.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змо́ва, ‑ы. ж.
Тайнае пагадненне некалькіх асоб аб сумесных дзеяннях супроць каго‑, чаго‑н. для дасягнення пэўных палітычных мэт. Насельніцтва пачало ўсё больш і больш пераконвацца, што гэта дума з’яўляецца новай змоваю буржуазіі і самаўладства. Колас. // Тайны ўгавор, дамоўленасць. [Наталля:] Дык гэта ж і ёсць змова дваіх супроць трэцяга. Прычым, гэты трэці — чэсны чалавек. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жада́ны, ‑ая, ‑ае.
Такі, да якога імкнуцца, якога чакаюць, хочуць. Калі ласка! Калі ласка! Тут заўсёды месца ёсць, — Не саромейся ж, Параска, Ты для нас — жаданы госць. Крапіва. Мы доўга плылі ў бурным моры, І ўраз — жаданая зямля! Багдановіч. // Любімы, дарагі. Ты заўсёды мне жаданы, Мой адзіны, мой каханы, Сэрцу мілы, ненаглядны мой. Валасевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жывёльны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да жывёлы, жывёл. Жывёльны свет. Жывёльны арганізм. // Атрыманы ад жывёла прыгатаваны з арганічных рэчываў, якія ёсць у целе жывёлы. Жывёльнае масла. Жывёльныя бялкі.
2. Такі, як у жывёл; падсвядомы, чыста фізіялагічны. Візэнер сядзеў нерухома — жывёльны страх скаваў яму цела і язык. Шамякін. // перан. Грубы, нізкі. Жывёльныя пабуджэнні.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)