ЛЕСАСПЛА́Ў,

сплаў лесу, транспартаванне лесаматэрыялаў воднымі шляхамі, заснаванае на плывучасці драўніны. Найб. танны (у некаторых раёнах адзіны) від транспартавання драўніны. Адрозніваюць Л. молевы (россыпам), плытавы і кашэльны.

Молевым сплавам транспартуецца не звязанае між сабою бярвенне. Пры плытавым сплаве лес злучаюць у пакеты-пукі (аб’ёмам да 70 м³), з якіх складваюць плыты і буксіруюць параходамі або сплаўляюць уніз па цячэнні. Самасплаўнымі плытамі кіруюць з дапамогай вёслаў, якараў, лотаў. Кашэльны сплаў — нязлучаныя лесаматэрыялы агароджваюць звязаным між сабою бярвеннем і транспартуюць суднамі (буксіроўшчыкамі). Для пропуску лесу праз плаціны, каналы, пад мастамі робяць лесапрапускныя збудаванні. Пры молевым і кашэльным Л. бярвенне тоне, засмечвае рэкі (такі Л. абмяжоўваецца). На Беларусі выкарыстоўвалі молевы Л. (да 1974) і плытавы (да 1998). Л. ажыццяўляўся па рэках: Зах. Дзвіна, Нёман, Прыпяць, Бярэзіна, Сож, Дняпро, Гарынь. У 1980-я г. аб’ёмы Л. складалі каля 700 тыс. м³ за год. У канцы 1990-х г. аб’ёмы Л. значна скараціліся.

Н.​Ю.​Пабірушка, П.​І.​Кавалёнак.

Да арт. Лесасплаў. Молевы сплаў лесу.

т. 9, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НЬШЫКАЎ (Алег Яўгенавіч) (н. 8.11.1960, г. Серпухаў Маскоўскай вобл.),

расійскі акцёр. Скончыў Тэатр. вучылішча імя М.​Шчэпкіна (1981). Працаваў у Маскоўскім Цэнтр. т-ры Сав. Арміі, Т-ры імя М.​Ярмолавай. З 1990 у Т-ры імя Массавета. Творчасці М. ўласцівы імправізацыйнасць, псіхал. заглыбленасць, вастрыня пластычнага малюнка: Ганя («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага), Буланаў («Лес» А.​Астроўскага, абодва 1984), Адуванчык («Радавыя» А.​Дударава, 1985), Сярожа («Спартыўныя сцэны 1981 года» Э.​Радзінскага, 1986), Рабесп’ер («Другі год свабоды» А.​Бураўскага, 1988), Калігула (аднайм. п’еса А.​Камю, 1990), Сяргей Ясенін («Калі яна танцавала» М.​Шэрмана, паст. ў Лондане 1991; прэмія Брытанскай акадэміі тэатр. мастацтваў імя Л.​Аліўе, 1992), Іхараў («Гульцы» М.​Гогаля, паст. ў Лондане, 1992), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, 1999) і інш. З 1982 здымаецца ў кіно: «Палёты ў сне і наяве» (1983), «Стомленыя сонцам» (1994), «Каўказскі палонны» (1996), «Сібірскі цырульнік», «Усход—Захад» (абодва 1999) і інш. Выступае і як рэжысёр. Дзярж. прэміі Расіі 1996, 1998.

т. 10, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАНО́СНАЕ ЗНАЧЭ́ННЕ СЛО́ВА,

вытворнае або другаснае значэнне, якое слова набывае ў працэсе яго моўнага ўжывання. У адрозненне ад прамога значэння П.з.с. заўсёды матываванае. Перанос значэнняў адбываецца на аснове пэўных кантэкстуальных ці асацыятыўных сувязей, якія ўзнікаюць паміж асобнымі прадметамі ці з’явамі рэчаіснасці («крыло птушкі» — «крыло самалёта», «акно хаты» — «акно ў прыроду», «лясная дарога» — «дарога да бацькоў»). Гэтыя сувязі могуць абумоўлівацца падабенствам прадметаў паводле іх вонкавай формы, колеру, месцазнаходжання ці размяшчэння ў прасторы, характару руху, функцыі ці прызначэння («нос лодкі», «свінцовыя хмары», «падэшва гары», «рукаў ракі», «галава калоны», «гняздо слоў», «дворнікі аўтамабіля»); тоеснасці прадметаў па якіх-н. знешніх ці ўнутр. праяўленнях, дзеяннях, адносінах ці адчуваннях («лагодны ветрык», «цёплае пачуццё», «кіслая ўсмешка», «шэпча лес», «дыхае зямля», «спіць рака», «дрэмле поле»); суаднесенасці прадметаў ці асоб па месцы і родзе заняткаў, па якіх-н. найб. характэрных для іх адметнасцях («уважлівая аўдыторыя», «здольны клас»). П.з.с. звязаны з асн. значэннем адносінамі метафарычнай ці метанімічнай залежнасці, суаднесенасцю назваў цэлага і яго частак (гл. Метафара, Метанімія, Сінекдаха).

А.​І.​Наркевіч.

т. 12, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́РКІНЕ ((Purkyně) Карал) (11.3.1834, г. Вроцлаў, Польшча — 5.4.1868),

чэшскі жывапісец і маст. крытык, прадстаўнік рэалізму. Сын Я.Э.Пуркіне. Вучыўся ў Вроцлаве ў Г.​Кёніга, Пражскай АМ (з 1851), Мюнхене (1854—55), майстэрні Т.​Куцюра ў Парыжы (1856). Зазнаў уплывы Г.​Курбэ і А.​Мантычэлі. Працаваў у галіне партрэта, нацюрморта, быт. жанра. Творы адметныя псіхал. пераканаўчасцю вобразаў, імкненнем да ўвасаблення матэрыяльнасці прадметнага свету абагульненай, пастознай манерай пісьма: «Нацюрморт са збанам» (1851), «Аўтапартрэт з палітрай і пэндзлем» (1856), «Булонскі лес», «У даліне» (абодва 1857), партрэты сям’і Ворлічака (1859—60) і каваля Іеха («Каваль-палітык», 1860), «Фазаны» (1861), «Партрэт дзяцей мастака» (1867—68) і інш. Аўтар ілюстрацый да кніг «Дон-Кіхот» М.​Сервантэса (1868, з К.​Манэсам) і «Вільгельм Мейстэр» І.​В.​Гётэ (1868). У 1860-я г. пісаў крытычныя артыкулы, скіраваныя супраць акадэмізму.

Літ.:

Эренбург И. Карел Пуркине: [Альбом]. М., 1960;

Прокофьева Н.А. Творчество К.​Пуркине и чешская живопись середины XIX в. М., 1980.

т. 13, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

страявы́ 1, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да строю (у 1 знач.), звязаны з дзеяннямі войска ў страі. — Чаго ж вы ўрэшце хочаце? — недаўменна перапытваў .. [Соміка] Камар, якому часова даручана была страявая падрыхтоўка ў гэтым зборным лагеры. Лынькоў. / у знач. наз. страява́я, ‑ой, ж. [Гогаберыдзе] прайшоў па стр[аі], раўняючы рады ў шнурок, некалькі разоў паўтарыў «смірна», «адставіць», не забыўся заўважыць пры гэтым, што трэба будзе заняцца страявой. Мележ. // Характэрны для строю, такі, які бывае ў страі. На стадыёне ваеннага гарадка чулася бадзёрая страявая песня. Алешка. / у знач. наз. страява́я, ‑ой, ж. Бывала, байцы засумуюць, А я ад душы зацягну Вясёлую — эх! — страявую — І роту, як лес, скалыхну. Прыходзька.

2. Прызначаны для непасрэднага вядзення баявых дзеянняў (пра часці войска). Яны часта на конях або на матацыкле з каляскай, які выдатна вадзіў палітрук, выязджалі ў страявыя часці дывізіі, і Міхась на практыцы вучыўся авалодваць справай, якая яго чакала. Машара. // Які служыць у такіх часцях, абслугоўвае такія часці. [Саўчанку] суцяшала толькі думка, што ён усё ж не страявы камандзір, а гаспадарчы. Лупсякоў.

•••

Страявы крок гл. крок (у 2 знач.).

страявы́ 2, ‑ая, ‑ое.

1. Высокі і роўны, прыгодны для будаўніцтва (пра дрэвы). Страявы лес.

2. Які ідзе на пабудовы (пра будаўнічы матэрыял). Страявы матэрыял.

•••

Страявы лес гл. лес.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закаці́цца сов., в разн. знач. закати́ться; (оказаться внутри чего-л. — ещё) вкати́ться; (удалиться, исчезнуть куда-л. — ещё) укати́ться;

мяч ~ці́ўся ў варо́ты — мяч закати́лся (вкати́лся) в воро́та;

шар ~ці́ўся за ры́су — шар закати́лся (укати́лся) за черту́;

клубо́к не́куды ~ці́ўся — клубо́к куда́-то закати́лся (укати́лся);

со́нца ~ці́лася за лес — со́лнце закати́лось за лес;

яго́ сла́ва ~ці́лася — его́ сла́ва закати́лась

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пабе́гчы сов.

1. в разн. знач. побежа́ть;

хлапчукі́ ~глі па ву́ліцы — мальчи́шки побежа́ли по у́лице;

~глі ручаі́ — побежа́ли ручьи́;

па вадзе́ ~глі кругі́ — по воде́ побежа́ли круги́;

2. (па каго, што) побежа́ть (за кем, чем);

п. па кні́гу — побежа́ть за кни́гой;

3. (удалиться) убежа́ть;

п. ў лес — убежа́ть в лес;

4. (вскипеть, перелиться через край) уйти́, убежа́ть

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Ра́мень ’вялікі балотны лес’ (Яшк.). Параўн. з рус. дыял. ра́мень ’суседні з ворнай зямлёй лес’, ’лес, які акаймляе поле’, ра́менье ’густы лес, што прымыкае да палеткаў’, ра́менка/обра́менье ’край, акраіна поля, абрамленне’, ’клін, паласа аднароднага лесу’, рям ’ельнік вакол балота’, рама ’акраінная вобласць’, ст.-рус. рама ’мяжа’, ’поле, што прымыкае да лесу’, рамениелес па краі ворнай зямлі, ускраек лесу’. Відаць, не звязана з рамя́ный ’вялізны, моцны, багаты’, як падае Фасмер (3, 440 з ранейшай літ-рай). Аткупшчыкоў (Из истории₂, 193–194) звязвае рус. дыял. ра́менье з *orati ’араць’, вызначаючы архаічную семантыку *orati як ’раздзяляць’. Адсюль першаснае значэнне не было звязана з лесам, і зыходнай базай з’яўляецца і.-е. *orə‑ ’араць, *er‑ ’зямля’, што ўзыходзіць да і.-е. *er‑/*or‑/*ar‑ з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць’ з набыццём значэння ’пракопваць разоры’, параўн. літ. arti ’араць’, ardýti ’раздзяляць’ (Куркіна, Этимология–1997–1999, 82; там жа, 84–85, пра магчымую сувязь з раме́нь/рэ́мень, гл.). Паводле Аткупшчыкова (Из истории₂, 194) форма чляніцца на ра‑мень і стаіць у адным шэрагу з ра‑ло, ра‑тай (гл.), структурна падобная да рус. зна‑мень, ка‑мень і пла‑мень. Адсюль рамень < *ar‑mōn з семантыкай ’адараны ад лесу’ альбо ’узараны кавалак зямлі, пазбаўлены лесу’. Сной (гл. Бязлай, 3, 149) звязвае з славен. ramica ’мыта з тавару, пасланага праз мяжу’ і рэканструюе прасл. *ormy, *orma ’мяжа’ (= поле або лес) < і.-е. *orH‑men‑, *órH‑mā, да якіх узыходзіць прасл. *oriti (гл. разарыць). Беларускі матэрыял узяты з “другіх рук” (гл. Яшкін, Слоўнік, 573) і на фоне пераважна паўночнарускага ўжывання слова падаецца маланадзейным.

Раме́нь ’паласа вырабленай скуры’, ’скураны пояс, папруга’, рэ́мень ’тс’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ, Ян.), ра́мень ’тс’ (ПСл), раму́шак ’папружка’ (свісл., Сл. рэг. лекс.), рэмушо́к ’тс’ (ТС), рэме́нь ’тс’ (ТС), рамі́нык ’тс’ (Сл. Брэс.), раме́нны, рамя́ны ’зроблены з рэменя, скураны’ (ТСБМ, Бяльк.; астрав., Сл. рэг. лекс.), параўн. укр. ремі́нь, ре́мінь, ст.-рус. ремык, рус. реме́нь ’тс’, польск. rzemień/rzemyk ’тс’, чэш. řernen ’рамень’, славац. remeň, в.-луж., н.-луж. rjemjeń, серб. ре̏мен, харв. rȅmēn, славен. jérmen, rȇmen, балг. ре́мък, ре́мен ’тс’, ст.-слав. ремень. Прасл. *remy, Р. скл. *remene. Далейшае паходжанне цьмянае. Мяркуецца, што першаснае значэнне ’папруга да ярма’ узыходзіць да і.-е. *or(ə)men‑ (гл. ярмо, яром). Малаверагодна запазычанне з ням. Riemen ’рэмень’ (Брукнер, 475). Шустар-Шэўц (2, 1226) лічыць іх роднаснымі. Лявіцкі (2, 89) вызначае германскую лексічную базу *rium‑ з семантыкай ’звязваць’ < і.-е. reum ’тс’, ст.-в.-ням. riomo ’скураная павязка, пояс, рэмень’. Гл. таксама Фасмер, 3, 468; Махэк₂, 530; Сной₂, 240; Глухак, 524.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бор 1, ‑у, М у бары; мн. бары, ‑оў; м.

Стары густы сасновы лес, які расце на высокім месцы. Векавы бор. Цёмны бор. □ Верасы пад лісцем спалі, Бор зялёны гнуўся, Недзе пелі ў цёмнай далі Журавы ды гусі. Купала. Бягу думкай у край далёкі, У лес цёмны, у бор высокі. Цётка.

•••

Карабельны бор — высокі, прыгодны для суднабудавання, сасновы бор.

бор 2, ‑у, м.

Хімічны элемент, які ўваходзіць у састаў многіх мінералаў. Бор і яго спалучэнні прымяняюцца ў ядзернай тэхніцы, а таксама ў медыцыне і сельскай гаспадарцы.

[Ад лац. borax.]

бор 3, ‑а, м.

Стальны свердзел, які ўжываецца ў зубалячэбнай справе.

[Ад ням. Bohrer — свердзел.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́ладка,

1. Прысл. да салодкі.

2. безас. у знач. вык. Пра адчуванне салодкасці, салодкага смаку. У роце соладка.

3. безас. у знач. вык. Разм. Пра стан здавальнення, шчасця, дастатку. Хоць не соладка і ў лесе было, але ж лес, брат, ёсць лес. Кожнае дрэва здавалася сцяной, за якой можна ўхавацца. Чыгрынаў.

4. безас. у знач. вык., каму-чаму і без дап. Пра радасныя, прыемныя адчуванні. Сэрцу соладка. На душы соладка, лёгка. □ Неба ўгары кружылася; зямля, нібы вялізная касавокая талерка, усё хінулася кудысь і вагалася, гатовая вось-вось абрынуцца ў невядомую прорву, і ад таго было соладка, боязна і хмельна. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)