экстэрарэцэ́птары

(ад лац. exter = знешні + рэцэптары)

рэцэптары, якія ўспрымаюць раздражненні знешняга асяроддзя; размешчаны на паверхні цела, уключаючы і слізістую абалонку носа, поласці рота і паверхні языка (параўн. інтэрарэцэптары).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ЖЫГІМО́НТА І БАРБА́РУ РАДЗІВІ́Л»,

гісторыка-літаратурны твор, складзены ў сярэдзіне 16 ст., напэўна, у Вільні і змешчаны ў канцы «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» пад 1545—48 (Пазнанскі спіс). У аповесці апісана гісторыя кахання і шлюбу вял. князя ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста і прыгажуні Барбары Радзівіл, якія, ідучы насустрач сваім пачуццям, патаемна павянчаліся ў Вільні. Невядомы аўтар з сатырычным адценнем намаляваў усеагульнае грамадскае асуджэнне ў ВКЛ і Польшчы шлюбу караля з жанчынай-удавою некаралеўскага роду. Аднак каханне перамагло, Жыгімонт Аўгуст не адмовіўся ад Барбары і застаўся верны сваёй абранніцы.

т. 1, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРАЦО́ЎКА ГЛЕ́БЫ,

прыёмы мех. ўздзеяння на глебу, якія павышаюць яе ўрадлівасць і ствараюць лепшыя ўмовы для росту і развіцця раслін. Сукупнасць паслядоўных прыёмаў уздзеяння складаюць сістэму апрацоўкі глебы. Адрозніваюць сістэмы асн. і перадпасяўной апрацоўкі, а таксама зямель, схільных да эрозіі. Ва ўмовах Беларусі найб. выкарыстоўваюцца дыскаванне, ворыва, культывацыя, баранаванне, выраўноўванне, прыкочванне, міжрадковая апрацоўка. Пры апрацоўцы глебы ствараецца рыхлы дробнакамякаваты ворны слой, паляпшаюцца водны, паветраны і цеплавы рэжымы глебы, знішчаюцца пустазелле, шкоднікі, узбуджальнікі хвароб раслін, загортваюцца ў глебу ўгнаенні, дзярніна, іржышча і інш. раслінныя рэшткі, ствараюцца найлепшыя ўмовы для сяўбы і прарастання насення. Гл. таксама Агратэхніка.

т. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКЕ́СТР НАРО́ДНЫХ ІНСТРУМЕ́НТАЎ,

тып аркестра, нацыянальна спецыфічны паводле складу муз. інструментаў, характару гучання і спалучэння традыцый нар. інструменталізму і сімф. культуры. Першы аркестр народных інструментаў створаны ў 1896 В.​Андрэевым (Велікарускі аркестр). У 1930-я г. на яго ўзор арганізаваны аркестры ў Арменіі, Казахстане, Узбекістане і інш. У 1930 пачаў сваю дзейнасць Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.​І.​Жыновіча. Прафесіяналізацыя аркестра народных інструментаў абумовіла ўдасканаленне і ўтварэнне сем’яў тых інструментаў, якія склалі аснову іх пэўных нац. разнавіднасцяў (напр., бел. цымбалаў), пабудову аркестраў на ўзор сімфанічнага (падзел інструментаў на групы).

І.​Дз.​Назіна.

т. 1, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЯ БІ́ТВА 1564,

адбылася пад Оршай у канцы студз. ці пач. лют. паміж авангардам войска Маск. дзяржавы на чале з ваяводам П.​Сярэбраным і атрадам войска ВКЛ на чале з Ф.​Кмітам-Чарнабыльскім і Ю.​Осцікавічам у ходзе Інфлянцкай вайны 1558—82. Групоўка рус. войска (паводле М.​Стрыйкоўскага, 50 тыс. чал.) паспешна адступіла: яе камандаванне палічыла, што ў бой уступілі асн. сілы ВКЛ, якія нанеслі паражэнне другой групоўцы рус. войск у Ульскай бітве 1564. У выніку гэтай бітвы і бітвы на Уле на 1-м этапе вайны была адноўлена ваен. раўнавага паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай.

т. 1, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАЦЫЯ́ЦЫЯ МАСТАКО́Ў РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЙ РАСІ́І (АМРР),

творчае аб’яднанне сав. мастакоў у 1922—32 (з 1928 наз. Асацыяцыя мастакоў рэвалюцыі). Мастакі асацыяцыі (І.​Бродскі, А.​Герасімаў, М.​Грэкаў, Б.​Іагансон, Г.​Ражскі і інш.) выступілі за стварэнне тэматычных карцін, якія б праўдзіва адлюстроўвалі рэчаіснасць на аснове традыцый рус. Рэаліст. жывапісу. Падобныя арг-цыі мастакоў існавалі і ў інш. рэспубліках, у т. л. на Беларусі — аб’яднанне моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі ў Віцебску (арганізатары

А.​Арлоў, П.​Гаўрыленка, А.​Глебаў і інш).

Літ.:

Золотой век художественных объединений в России и СССР: (1820—1932): Справ. Спб., 1992.

т. 2, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́БЫ БЕЛАРУ́СКІ ЗБОР,

спецыяльныя курсы для падрыхтоўкі арганізатараў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Дзейнічалі ў крас.—ліст. 1942 каля г. Мурам Уладзімірскай вобласці. Створаны паводле рашэння ЦК КП(б)Б. З 1-га выпуску ў чэрв. 1942 сфарміраваны 12 партыз. атрадаў, якія ў пач. ліп. праз Віцебскія «вароты» перапраўлены на тэр. акупіраванай Беларусі. За час існавання Асобага беларускага збору падрыхтавана 2865 чал. З іх сфарміраваны і накіраваны ў тыл ворага 15 атрадаў і 100 арганізатарскіх груп, 60 інструктараў мінна-падрыўной справы і 2318 падрыўнікоў. Многія атрады выраслі ў партыз. брыгады, групы — у атрады.

т. 2, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАЎНЫ́Я ДУ́ГІ,

дугападобныя горныя збудаванні, якія аддзяляюць катлавіны ўскраінных мораў ад глыбакаводных жалабоў. Асновай астраўным дугам служаць падводныя хрыбты (шыр. 40—400 км, даўж. да 1000 км і больш), пераважна вулканічныя, са шматлікімі вяршынямі, што выступаюць над узр. м. ў выглядзе град або «гірлянды» а-воў (напр., Алеуцкія, Курыльскія, Японскія а-вы). Звычайна арыентаваны паралельна глыбакаводным жалабам. Для астраўных дуг уласцівы рэзка дыферэнцыраваныя гравітацыйныя і магнітныя палі, павышаныя значэнні цеплавога патоку, інтэнсіўны вулканізм і сейсмічнасць. Паміж астраўнымі дугамі і глыбакаводным жолабам размешчана зона канцэнтрацыі землетрасенняў — зона Беньёфа — Заварыцкага, якая сыходзіць пад астраўныя дугі.

т. 2, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТУ́ЖАЎ (сапр. Пажараў) Аляксандр Аляксеевіч

(28.4.1874, Варонеж — 1.3.1953),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1937). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1895. З 1898 у Малым т-ры. Прадстаўнік героіка-рамант. школы, трагік. У 1910, страціўшы слых, распрацаваў сістэму прыёмаў, якія далі магчымасць выступаць на сцэне. У мастацтве Астужава гуманістычны пафас і тэмперамент спалучаліся са шчырасцю і ўзнёсласцю выканання. Вяршыня творчасці — вобразы Атэла і Урыэля Акосты (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра і К.​Гуцкава). Сярод інш. роляў: Рамэо («Рамэо і Джульета» Шэкспіра), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Освальд («Здані» Г.​Ібсена). Дзярж. прэмія СССР 1943.

А.А.Астужаў.

т. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМА́Т (ад грэч. automatos самадзеючы),

1) у тэхніцы — прыстасаванне (або сукупнасць прыстасаванняў), якое без непасрэднага ўдзелу чалавека выконвае ў адпаведнасці з закладзенай праграмай усе аперацыі ў працэсах атрымання, перапрацоўкі і перадачы энергіі, матэрыялаў або інфармацыі. Напрыклад, аўтамат для продажу чаго-н., станок-аўтамат, выліч. машына, аўтам. прыстасаванне для касм. даследаванняў, завод-аўтамат і інш. Аўтамат павышае прадукцыйнасць працы; выкарыстоўваецца таксама для работы ва ўмовах, небяспечных для чалавека.

2) У матэматыцы — адно з асн. паняццяў кібернетыкі, матэм. мадэль рэальна існуючых або прынцыпова магчымых прыстасаванняў, якія перарабляюць у дыскрэтныя (перапынныя) адрэзкі часу дыскрэтную інфармацыю (гл. Аўтаматаў тэорыя).

т. 2, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)