дзеяч усх.-слав. культуры, лексікограф, друкар, гравёр, пісьменнік. Звесткі пра нацыянальнасць, месца вучобы і адукацыю не выяўлены. З прадмоў і пасляслоўяў, надрукаваных Бярындай у кнігах, відаць, што ён валодаў бел., стараслав., укр., грэч., лац., яўр. і інш. мовамі. Некаторы час займаўся выдавецкай справай у Львове, потым архітыпограф слав. друкарні пры Кіева-Пячэрскай лаўры. Аўтар сілабічных вершаў. Найб. ранні твор — «Да нараджэння Хрыстова» (1616). У Кіеве выдаў «Анфалагіён» (1619), «Гутаркі Іаана Златавуста на 14 пасланняў ап. Паўла» (1623) і інш.Асн. твор — бел.-ўкр. і царкоўнаслав. «Лексіконъ славенороскій и именъ тлъкованіе» (1627, 2-е выд. 1653, Куцейна, пад рэд. І.Турцэвіча) — самы вялікі (каля 7000 слоў) на Беларусі слоўнік 17 ст. Асновай для «Лексікона...» паслужыў першы бел. друкаваны слоўнік Л.Зізанія «Лексіс» (1596). «Лексіконъ...» перавыдадзены з выдання 1627 факсімільным спосабам (Кіеў, 1961).
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Т. 1. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГО́ННЫ ПАРК,
колькасць вагонаў на пэўнай чыгунцы ці яе падраздзяленні — аддзяленні, станцыі і інш. Паводле прызначэння бывае пасажырскі і грузавы і па сферы выкарыстання — агульнага і спец. прызначэння; паводле тэхн. характарыстык класіфікуюць: па тыпе вагонаў (крыты, паўвагон, платформа і інш.), па колькасці восяў у вагоне, па габарыце і шырыні каляіны (шырока- ці вузкакалейныя), па грузападымальнасці і інш. Адрозніваюць інвентарны (уключае вагоны, прыпісаныя да пэўнай чыгункі) і наяўны вагонны парк (усе вагоны ў межах пэўнай чыгункі незалежна ад месца іх прыпіскі). Наяўны вагонны парк падзяляюць на рабочы (для камерцыйных перавозак) і нерабочы (для гасп. перавозак, перасоўных майстэрняў, вагоны, што знаходзяцца ў рамонце). Асобна вылучаюць рэзервовы вагонны парк, які ўключаецца ў работу ў перыяды масавых перавозак збожжа і агародніны, перакідкі с.-г. тэхнікі і інш. Інвентарны вагоннага парка Беларускай чыгункі на пач. 1996 уключаў больш за 2 тыс. пасажырскіх і каля 36 тыс. грузавых вагонаў. Свае вагонныя паркі маюць метрапалітэны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАСПА́Д,
падзенне вады ў рацэ з аднаго або некалькіх уступаў. Характэрны адрыў воднага патоку ад рэчышча. Уступы ўзнікаюць у месцах, дзе рака перасякае сучляненне ўстойлівых і падатлівых да размыву горных парод. Сіла падаючай вады павольна разбурае ўступ, асабліва каля падэшвы, ён абрушваецца, і вадаспад пастаянна адступае ўверх па цячэнні. Найб. вядомы Ніягарскі вадаспад у Паўн. Амерыцы штогод адступае на 0,7—0,9 м. Пры значным разбурэнні ўступу на месцы вадаспадаў могуць утварыцца парогі. Вадаспады найчасцей трапляюцца на горных рэках, але бываюць і на раўнінных. Самы высокі ў свеце вадаспад Анхель на р. Чурун у Паўд. Амерыцы (1054 м), самы шырокі — Вікторыя на р. Замбезі (шыр. 1800 м, выш. 120 м), найб. каскад вадаспадаў на р. Тугела (933 м) у Афрыцы. Вадаспады перашкаджаюць суднаходству і сплаву лесу. Выкарыстоўваюцца для буд-ваГЭС (напр., вадаспад Ківач на р. Суна ў Карэліі). Штучныя вадаспады ствараюцца плацінамі і інш. гідратэхн. збудаваннямі.
Да арт. Вадаспад. Схематычны профіль Ніягарскага вадаспада.Вадаспад у гарах Паўночнага Каўказа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ВІЧ (Астафій) (Яўстафій) Багданавіч (каля 1520, Гродзеншчына — 1587),
дзяржаўны і грамадскі дзеяч ВКЛ, гуманіст, мецэнат-асветнік. З бел. шляхецкага роду Валовічаў. Скончыў Падуанскі ун-т. Падстароста берасцейскі (з 1550), пісар ВКЛ (1552—66), маршалак дворны, дзяржаўца медніцкі, староста магілёўскі, азярышчанскі, берасцейскі, кобрынскі, рэчыцкі. Падскарбі земскі (1561—66), падканцлер (1566—79), канцлер (з 1579) ВКЛ і кашталян трокскі (1569—79), віленскі (з 1579). Неаднаразова быў паслом у Маскве. Праціўнік аб’яднання ВКЛ з Каронай, адзін з лідэраў апазіцыі пры заключэнні Люблінскай уніі 1569. Актыўны ўдзельнік аграрнай, судова-адм. і інш. рэформаў 1550—60-х г., адзін з арганізатараў падрыхтоўкі Статута Вялікага княства Літоўскага 1566. Шмат зрабіў для пашырэння на Беларусі адукацыі, ведаў, кнігадрукавання. Быў апекуном бел.-літоўскага рэфармацыйнага руху. На яго сродкі заснавана Нясвіжская друкарня. Гуманістычна-хрысціянскі запавет «любові да бліжняга» ён пашыраў і на сваіх падданых — чэлядзь і сялян.
Літ.:
Саверчанка І. Астафей Валовіч: (Гіст.-біягр. нарыс). Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНА́ДЫЙ (лац. Vanadium),
V, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 23, ат. м. 50,9415. Прыродны складаецца з 2 ізатопаў: 51V (99,76%) і слаба радыеактыўнага 50V (0,24%, перыяд паўраспаду 1014 гадоў). Належыць да рассеяных элементаў, трапляецца ў выглядзе мінералаў (гл.Ванадыніт). У зямной кары знаходзіцца 0,019% па масе.
Пластычны серабрыста-шэры метал, шчыльн. 6110 кг/м³, tпл 1920 °C. Устойлівы да ўздзеяння раствораў неарган. к-т, соляў і шчолачаў. Раствараецца ў канцэнтраваных к-тах, у расплавах шчолачаў, на паветры акісляецца да ванадатаў. Пры 600—800 °C узаемадзейнічае з кіслародам, з азотам утварае нітрыд (VN, tпл 2360 °C), з вугляродам — карбід (VC, чорныя крышталі, tплкаля 2830 °C, мае высокую цвёрдасць). Крыніца здабычы — жал. руды, якія маюць злучэнні ванадыю. Атрымліваюць з пентаксіду дыванадыю V2O5 металатэрмічным аднаўленнем. Выкарыстоўваюць як легіруючы кампанент сталяў і спец. сплаваў для авіяц. і касм. тэхнікі, суднабудавання; кампанент звышправодных сплаваў. Злучэнні ванадыю таксічныя; ГДК для V2O5 0,1—0,5 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., на р. Ушача. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 22 км на ПдЗ ад Полацка, 127 км ад Віцебска, 16 км ад чыг. ст. Ветрына, на аўтадарозе Ушачы—Полацк. 575 ж., 237 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Упамінаецца ў 1552 як сяло «Вороноч» Полацкага ваяв.ВКЛ. У час Лівонскай вайны 1558—83 пабудаваны замак. З 2-й пал. 16 ст. мястэчка (потым зноў сяло). З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Лепельскага пав. Віцебскай губ. У пач. 20 ст.каля 300 ж. З 1919 у Полацкім пав., з 1923 у Акцябрскай вол. З 1924 і з 1935 цэнтр сельсавета Ветрынскага, з 1931 і з 1962 — Полацкага р-наў. У Вял.Айч. вайну ў лют. 1942 ням.-фаш. захопнікі спалілі ў Варонічах 68 двароў і 500 чал. У 1970 — 551 жыхар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛІ́ШКІ,
вёска ў Беларусі, у Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Лебяда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПнУ ад г. Шчучын, 85 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 1395 ж., 532 двары (1995).
Вядомы з 1-й пал. 15 ст. У 15—16 ст. староства ў складзе каралеўскіх сталовых уладанняў. З 1486 мястэчка, у канцы 15 — пач. 16 ст. цэнтр павета. У 1658—1832 існаваў кляштар дамініканцаў (паводле інш. звестак — базыльян). У 1706 у Васілішках некаторы час знаходзілася рэзідэнцыя караля Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Лідскага пав. У 1905 у Васілішках 1983 жыхары. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У 1940—60 у Васілішкаўскім раёне, да 1954 гар. пасёлак. У 1960—62 у Радунскім р-не. У 1970 — 909 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Васілішкаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі Васілішкаўскі валун.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЧАЯ́ГАДА, воўчнік (Daphne),
род кветкавых раслін сям. ваўчаягадавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўд.-Ўсх. Азіі, Гімалаях, Іране. На Беларусі ў цяністых вільготных хвойных і лісцевых лясах расце ваўчаягада звычайная, або воўчае лыка, воўчыя ягады (Daphne mezereum); ваўчаягада баравая (Daphne cneorum), трапляецца вельмі рэдка на Палессі ў хваёвых барах, занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны ваўчаягада лаўровая (Daphne laureola) і алтайская (Daphne altaica).
Лістападныя ці шматгадовазялёныя кусты або невял. дрэўцы. Лісце чаргаванае, зрэдку супраціўнае, простае, прадаўгавата-ланцэтнае, кароткачаранковае. Кветкі ружовыя, белыя ці жаўтаватыя, у галоўчатых суквеццях або ў кароткіх гронках, рэдка па 2—5 у пазухах лісця ці адзіночныя, двухполыя, пахучыя. Плод — сакаўная ярка-чырвоная аднанасенная касцянка. Дэкар., тэхн. (фарбавальныя, дубільныя і камедзяносныя), лек. (плады і кара — вонкавы раздражняльны, ірвотны, слабіцельны, процігельмінтны і інш. сродак), меданосныя, ядавітыя (асабліва плады і кара) і інсектыцыдныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЧА́НКА (Максім Ярмалініч) (1650-я г., Магілёў — 1708),
бел. друкар і гравёр па медзі. Адзін з заснавальнікаў Магілёўскай школы гравюры. Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі, дзе атрымаў ступень бакалаўра філасофіі і вольных мастацтваў (1672), званне магістра навук (1673). Друкарскую дзейнасць пачаў у Слуцку, дзе ў 1678 зрабіў ілюстрацыі да кн. «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко» (19 падпісных медзярытаў Вашчанкі — копіі гравюр франц. мастакоў С.Леклерка і Н.Кашэна для парыжскага выдання 1670 кнігі П.Рыко). З 1680-х г. працаваў у Магілёўскай брацкай друкарні, якой кіраваў з 1690-х г. да 1708. Выканаў каля 30 медзярытаў для кн. «Акафісты і каноны» (1693; друкаваліся таксама ў кн. «Акафісты і каноны», 1726, і «Акафісты», 1728). Адзін з першых у бел. кірылічным кнігадрукаванні выкарыстаў тэхніку разцовага медзярыту. Многія гравюры Вашчанкі створаны пад уплывам зах.-еўрап. традыцый, вылучаюцца ўмелай кампаноўкай шматфігурных сцэн, багаццем святлоценявой мадэліроўкі. Яго сын В.М.Вашчанка вядомы як майстар выдатных дрэварытаў.
А.М.Пікулік.
М.Я.Вашчанка. Ілюстрацыя да кнігі «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко». Медзярыт 1678.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЛЕС ДЭ ГЕВА́РА ((Vélez de Guevara) Луіс) (ліп. 1579, г. Эсіха, Іспанія — 10.11.1644),
іспанскі пісьменнік. У драматургіі паслядоўнік Л.Ф. дэ Вэгі Карпіо. Аўтар каля 400 п’ес (дайшлі 80), у т. л. «Служэнне каралю даражэй вузаў крыві», «Уладарыць пасля смерці», паводле паэмы Л.Камоэнса «Лузіяда»; «Сялянка з Веры»; «Тамерлан» і інш., аўтар інтэрмедый. У яго драматургіі побач з рэнесансавымі тэндэнцыямі крышталізуюцца рысы барока, якія дамінуюць у шахрайскім (пікарэскным) рамане «Кульгавы д’ябал» (1641; арыг. перапрацоўка А.Р.Лесажа, 1707). У ім Велес дэ Гевара стварыў фантасмагарычную і адначасова рэалістычную, часам натуралістычную, поўную з’едлівай іроніі карціну сац. жыцця Іспаніі, маральнага падзення чалавека.
Тв.:
Рус.пер. — Хромой бес // Плутовской роман. М., 1989.
Літ.:
Пинский Л. Испанский «Хромой Бес» // Пинский Л. Магистральный сюжет. М., 1989;
Плавскин З.И. Плутовской роман // Плавскин З.И. Испанская литература XVII — середины XIX в. М., 1978;
Синило Г.В. Плутовской роман (Кеведо, Гевара) // Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.