ПЛАФО́Н (ад франц. plafond столь) у мастацтве, столь, упрыгожаная жывапісам ці лепкай; твор манум.-дэкар. мастацтва, які аздабляе перакрыцце (плоскае, скляпеністае ці купальнае) памяшкання. Выконваецца непасрэдна па тынку (фрэска або размалёўка алейнымі, клеявымі і інш. фарбамі), на прымацаваным да столі палатне, мазаікай і інш. спосабамі. Вядомы ў Стараж. Егіпце, ант. свеце. На Беларусі сюжэтныя і арнаментальныя П. пашыраны ў 17 — пач. 19 ст. у дэкар. аздабленні культавых і парадных палацавых памяшканняў (Нясвіжскі касцёл езуітаў). Для тагачасных плафонных кампазіцый характэрна выкарыстанне эфекту ілюзорнага прарыву ў адкрытую ці прадоўжаную далей арх. прастору, выявы фігур і арх. дэталей у моцных ракурсах. У 1950-я г. выкарыстоўваліся ў манум. грамадскіх збудаваннях (П. ў фае т-ра юнага гледача ў Мінску, маст. І.Ахрэмчык, І.Давідовіч).
Т.В.Габрусь.
Плафон «Геба і Арфей» у Кітайскім палацы ў г. Ламаносаў Ленінградскай вобл.Плафон цэнтральнага нефа ў Нясвіжскім касцёле езуітаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯНЁВАПЁРЫЯ (Actinopterygii, Teleostomi),
падклас касцявых рыб. Аб’ядноўвае каля 97% відаў сучасных рыб. Вядомы з верхняга сілуру — сярэдняга дэвону (каля 410—380 млн.г. назад). 5 надатр.: палеанісцыды (Palaeonisci), мнагапёры (Brachiopterygii, або Polypteri), храстковыя ганоіды (Chondrostei), касцявыя ганоіды (Holostei) і касцістыя рыбы. Паводле розных класіфікацый, 33—60 атр. (10—16 вымерлых), каля 430 сям., больш за 20 тыс. відаў. Жывуць у марскіх і прэсных водах. Рыбы Беларусі належаць да П.
Шкілет касцявы, хорда захавалася толькі ў асетрападобных. Верхнясківічны апарат рухома сучленены з чэрапам (гіястылія або амфістылія). Луска ганоідная, цыклоідная або ктэноідная, рэдка скура голая або з касцявымі пласцінкамі Спінны плаўнік звычайна I (другасна могуць быць 2—3). Хвост гетэрацэркальны ў стараж. і гомацэркальны ў больш маладых груп. Плавальны пузыр звычайна ёсць. Спіральны клапан кішэчніка і артэрыяльны конус сэрца характэрны толькі для ганоідных і ніжэйшых касцістых рыб. Многія П. — аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ФІЛЬ РАЎНАВА́ГІ РАКІ́,
падоўжны профіль рэчышча, выпрацаваны ракой пры працяглым тэктанічным спакоі, нязменным клімаце, стабільным становішчы базіса эрозіі і дапушчэнні, што рэкі толькі перамяшчаюць матэрыял, які паступае са схілаў, без эрозіі і акумуляцыі. Мае выгляд плаўнай увагнутай крывой: больш стромкай у верхнім цячэнні і спадзістай у ніжнім. У прыродзе падоўжны профіль рэчышча не ўяўляе сабой ідэальна плаўную крывую, ён зведвае бесперапынную перабудову ў выніку ваганняў клімату, змянення базіса эрозіі, тэктанічных рухаў і інш. Паняцце «П.р.р.» ўмоўнае, мае тэарэт. значэнне як гранічная форма профілю, да выпрацоўкі якой імкнецца рака. З рэк Беларусі бліжэй да раўнавагі падоўжны профіль рэчышчаў Прыпяці, Дняпра, верхняга цячэння Нёмана, Бярэзіны і большасці іх прытокаў. Падоўжныя профілі рэк Бел. Паазер’я не выпрацаваныя, на асобных участках захоўваюць выгляд ламанай лініі.
Да арт.Профіль раўнавагі ракі: 1 — нявыпрацаваныя профілі рэк Беларускага Паазер’я; 2 — выпрацаваныя профілі рэк Перадпалесся і Беларускага Палесся, блізкія да профілю раўнавагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВАТЫЗА́ЦЫЯ (ад лац. privatus прыватны),
набыццё фізічнымі і юрыдычнымі асобамі права ўласнасці на аб’екты, якія належаць дзяржаве. На Беларусі ажыццяўляецца шляхам бязвыплатнай перадачы і продажу. У выніку П. дзяржава поўнасцю або часткова страчвае права валодання, карыстання і распараджэння гэтай уласнасцю, а дзярж. органы — непасрэднага кіравання ёю. Аб’ектамі П. з’яўляюцца: жыллё, прадпрыемствы і іх падраздзяленні, абсталяванне, будынкі і збудаванні, патэнты, паі, акцыі, ліцэнзіі, інш. матэрыяльныя і нематэрыяльныя актывы, долі дзяржавы і адм.-тэр. утварэнняў у капітале акц. т-ваў і інш. аб’яднанняў і прадпрыемстваў. Суб’ектамі П. могуць быць: грамадзяне краіны, юрыд. асобы, прац. калектывы, замежныя інвестары і асобы без грамадзянства. П. рэгулюецца Законам «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» ад 19.1.1993 і інш. заканадаўствам. Прававыя асновы П. накіраваны на стварэнне ўмоў для развіцця эфектыўнай сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, забеспячэння рэальнай разнастайнасці форм уласнасці і ажыццяўлення дзярж. антыманапольнай палітыкі. Гл. таксама Дэнацыяналізацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСТАЗЕ́ЛЛЕ, пустазельныя расліны,
расліны, рост якіх на пэўных участках непажаданы. Пагаршае ўмовы росту і развіцця культ. раслін, зніжае іх ураджай, перашкаджае рабоце с.-г. машын, спрыяе пашырэнню шкоднікаў. Паводле месца росту П. падзяляецца на раллёвае (сегетальнае), смеццевае (рудэральнае) і П. прыродных угоддзяў.
Для П. характэрны высокая пладавітасць (напр., 1 расліна палыну звычайнага дае да 10,5 млн. насення), непатрабавальнасць да глебава-клімат. умоў. Многія пустазельныя расліны (васілёк сіні, куколь) па-за межамі аграбіяцэнозаў не трапляюцца. На палях, моцна засмечаных П. недабор зерня з 1 га дасягае 0,2—0,3 т, бульбы 2—5 т, агародніны 1,5—4 т, таксама ў прадукцыі памяншаецца колькасць бялкоў, цукру, крухмалу.
На Беларусі каля 300 відаў П., найб. пашыраныя з аднагадовага П. — лебяда белая, свінакроп палявы, брыца звычайная, пупок палявы, рэдзька дзікая, зоркаўка сярэдняя; са шматгадовага П. — пырнік паўзучы, шчаўе конскае, асот палявы, бярозка палявая, хвошч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ЎСКІЯ ПЕ́СНІ, пятроўкі,
песні летняга цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі. Вядомы беларусам і інш. славян. народам. Спявалі іх у час стараж. земляробчага свята Пятра (праз 5 дзён пасля Купалля). Сюжэтам яны блізкія да купальскіх песень і часам іх цяжка адрозніць. Аднак у П.п. мала абрадавых элементаў, дамінуюць сямейна-бытавыя, сямейныя матывы. На Беларусі ў некат. мясцовасцях пятроўкамі называюць усе купальскія песні, а таксама жніўныя песні (Столінскі, Жабінкаўскі р-ны). Ва ўсх. раёнах Магілёўшчыны да П.п. адносілі і траецкія песні. Таму жанравыя характарыстыкі П.п. даволі ўмоўныя. Найб. цікавыя П.п. з арыгінальнымі «пятроўскімі» напевамі. Вядомы ў Брэсцкім, Бешанковіцкім, Крупскім, Магілёўскім, Слаўгарадскім, Чавускім, Быхаўскім і інш. раёнах. Яны ўключаюць песні з больш ці менш выразнай секундавай пераменнасцю ніжняга апорнага тону і характэрнай заключнай 6-складовай фігурай мелодыка-тэкставага рытму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧО́НАЧНЫЯ ІМХІ́.
пячоначнікі (Marchantiopsida або Hepaticopsida), клас мохападобных. 2 падкл.: маршанцыевыя імхі і юнгерманіевыя імхі. Каля 60 сям., каля 300 родаў, больш за 6 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 85 відаў з 43 родаў, 26 сямействаў. Найб. вядомыя маршанцыя, рычыя, блазія, пелія, прэйсія, рыкардыя, рычыякарпус. Растуць пераважна ў вільготных і забалочаных лясах (асабліва ельніках), на кары дрэў, глебе, гнілой драўніне, камянях, на паверхні або ў тоўшчы вады, на агародах і палетках.
Слаявінныя або лістасцябловыя расліны памерам ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў. Рызоіды аднаклетачныя, ніткападобныя. Гаметафіт мае слаявінную або лістасцябловую форму разнастайнай будовы. Антэрыдыі акруглыя або прадаўгаватыя, на ножцы. Архегоніі размешчаны на асобных бакавых ці брушных галінках. П.м. — першасныя глеба- і торфаўтваральнікі, ахоўваюць глебу ад эрозіі; часам — пустазелле.
Літ.:
Жизнь растений. Т. 4. М., 1978;
Водоросли, лишайники и мохообразные СССР. М., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Магдалена Іванаўна) (дзявочае Завіша, у 1-м шлюбе Красінская; 8.7.1861, Варшава — 6.1.1945),
дзеяч бел.культ. руху, мецэнатка. Дачка Яна (Івана) Казіміра Завішы. Пасля смерці бацькі спадчынніца яго маёнткаў на Беларусі і ў Вял. Польшчы. Была выхавана ў духу бел. культуры, сімпатызавала хрысціянскім дэмакратам. Фінансавала выд-ва«Загляне сонца і ў наша аконца», «Беларускае выдавецкае таварыства, газ.«Беларус», т-вы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы і інш. Адкрыла бел. школы ў сваіх уладаннях у Кухцічах, Уздзе, Каменцы. Яе маёнтак у Кухцічах (цяпер пас. Першамайск у Уздзенскім р-не) наведалі І. і А.Луцкевічы, Р.Скірмунт, А.Уласаў і інш. дзеячы бел. нац.-культ. руху. Аказвала матэрыяльную падтрымку ў выданні першых кніг М.Багдановіча, К.Буйло і інш.; у знак удзячнасці І.Луцкевіч змясціў герб Завішаў «Лебедзь» на тытульным лісце зб. вершаў Багдановіча «Вянок». Пасля 1917 у эміграцыі ў Польшчы, Літве, Германіі, з 1932 у Швейцарыі.
бел. актрыса. Нар.арт.Беларусі (1953). Скончыла Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). З 1926 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Напачатку выконвала эпізадычныя ролі. Складаныя характарныя і драм. ролі выканала ў класічнай і сучаснай драматургіі: Агудалава, Гурмыжская, Барабошава («Беспасажніца», «Лес», «Праўда добра, а шчасце лепш» А.Астроўскага), Глафіра, Таццяна Лугавая, Алена («Ягор Булычоў і іншыя», «Ворагі», «Мяшчане» М.Горкага), Гертруда («Гамлет» У.Шэкспіра), Панова («Любоў Яравая» К.Транёва). Ролі ў бел. драматургіі: Юзэфа Тамашэўская («Ірынка» К.Чорнага), Наталля Мікалаеўна («Проба агнём» К.Крапівы), Клаўдзія Сухадол («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна). Стварыла камед., сатырычна вострыя вобразы: Дульская («Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай), Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.Гогаля) і інш. Мастацтва Р. вызначалася высокім майстэрствам, вял.сцэн. культурай.
Літ.:
Сяргейчык Ц. Алена Радзялоўская // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.
У.М.Стэльмах.
А.П.Радзялоўская.А.Радзялоўская ў ролі Гурмыжскай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫЯ АДХО́ДЫ,
вырабы, матэрыялы, рэчывы і біял. аб’екты, не прыдатныя да далейшага выкарыстання, у якіх утрыманне радыенуклідаў перавышае вызначаныя нормы. Паводле агрэгатнага стану Р.а. падзяляюцца на вадкія, цвёрдыя, газападобныя; паводле ўзроўню актыўнасці — на групы нізкага, сярэдняга і высокага ўзроўняў; паводле хім. якасцей — на гаручыя і негаручыя.
Утвараюцца ў працэсе работы і рамонту энергет.ядз. рэактараў на АЭС, суднах і інш.; пры выкарыстанні радыеізатопных крыніц і прэпаратаў у тэхніцы, навуцы, медыцыне, у працэсе апрацоўкі руд, горных парод і інш. Метады перапрацоўкі і захавання Р.а. залежаць ад іх фіз. і хім. якасцей. Для вадкіх Р.а. выкарыстоўваюць метады канцэнтравання і захавання ў стальных ёмістасцях, для цвёрдых — захаванне ў спец. бетонных сховішчах. Біял. Р.а. (трупы эксперым. жывёл і інш.) спальваюць тэрмічным або хім. спосабам ў спец. могільніках.
На Беларусі асобны тып Р.а. — прадукты дэзактывацыі аб’ектаў і тэр. пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986).