Абало́нка1, параўн. укр. болона ’тонкая плеўка’, польск. błona, чэш. blona, славац. blana ’тс’, якія, магчыма, генетычна суадносяцца з лац. follis ’пузыр’, folliculus ’плеўка’ < і.-е. *bholnis (гл. Покарны, 120), хаця лінгвагеаграфія гэтых слоў супярэчыць непасрэднаму супастаўленню з лацінскімі формамі. Яшчэ менш верагодна з фармальнага і семантычнага боку супастаўленне са ст.-грэч. φόλίς ’луска паўзуноў’ (гл. Фасмер, 1, 189). Цікавая здагадка аб генетычнай суаднесенасці з прасл. *pelna, *pelena (рус. пелена і інш. славянскія паралелі) (гл. Махэк₂, 55 і 458). Пры бездакорнасці семантычнага боку даводзіцца ў гэтым выпадку дапусціць змяшэнне p/b. Лінгвагеаграфія, магчыма, сведчыць у карысць такога збліжэння. Мяркуемыя прасл. bolna і pelna знаходзяцца арэальна ў дадатковым размеркаванні (bolna — захад і цэнтр, pelna — усход і поўдзень). Гл. Мартынаў, SlW, 62–63. Параўн. абалонь.

Абало́нка2 ’шыба ў акне’ (Шат., Касп., Сцяшк., Янк. I, Маш.), оболонечка ’фортачка’ (Булг., Доўн.-Зап.), ст.-бел. оболонкі ’плеўкі жывёл, якія ўжываліся як шыбы ў вокнах’ з 1494 г. (Нас. гіст., 249), польск. błona, чэш. blána, славац. blana ’тс’. Гл. абалонка1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апляву́ха (БРС), апляву́х (Федар., 6, 64), апляву́шына (Клышка, Пол., 1969, 2, 251), пляву́ха (Бяльк.). Рус. оплеу́ха (у слоўніках з 1731 г.), оплеу́шина, оплеу́шить. Першаснае значэнне, магчыма, не ’ўдар’, а дзеянне ці вынік аплявання — выраза знявагі да чалавека; утворана, як зацірацьзаціруха, ад апляваць. Параўн. у рус. слоўніку першай палавіны XVIII ст.: оплевати «слинами заплевати, чином уничтожити, презрити» (Рукоп. лексикон, 242). Таму ‑в‑ не ўстаўное, як лічыў Карскі, прымаючы этымалогію Міклашыча, 71, аб паходжанні слова ад вуха. Сабалеўскі (Лекции, 142) больш дакладна ўказвае на выпадзенне ‑в‑ у рускай літаратурнай мове. Тлумачэнне слова ад апляваць праз звычай пляваць на руку перад тым як ударыць, якое прымае Фасмер, 3, 145, спасылаючыся на Брандта РФВ, 25, 33 наст., непатрэбна. Праабражэнскі (1, 653) зводзіць слова да пляваць і бляваць (даючы дыял. облеуха) без удакладнення семантычнага ходу ўтварэння слова, указваючы, што сувязь з вуха — другасная. Формы тыпу поўха, поўшына (Бяльк.) указваюць на магчымасць народнаэтымалагічнай сувязі са словам вуха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жале́за1 Рус. желе́зо, укр. залі́зо, польск. żelazo, чэш., славац., в.-луж. železo, н.-луж. zelezo, палаб. zilʼozü, балг. желязо, макед. железо, серб.-харв. жѐлезо, славен. želę́zo ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус. желѣзо ’тс’. Літ. geležìs, лат. dzèlz(i)s ’тс’, ст.-грэч. χαλκός ’медзь’. Покарны (1, 435) дае праформу *ghel(ē̆)ĝh‑. Паводле Трубачова (ВСЯ, 2, 1957, 31–34), які адкідвае думку некаторых папярэднікаў (Мейе, Общеслав., 408) пра запазычаны характар слова, яно звязваецца са словамі, што абазначалі камяні, косці (перанос па падобнасці і функцыі): польск. głaz, рус. глаз ’каменьчык’ > ’вока’, ст.-слав. желы, бел. жаўлак (гл.), грэч. χέλῦς ’чарапаха’, галава (гл.). Тады выдзяляецца і.-е. корань *ghel‑ ’камень’. Улічваючы польск. żeliwo ’чыгун’, ‑z‑о (< *‑gʼh‑) мае суфіксальны характар (Шанскі, 1, Ж, 281). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 42–43; Траўтман, 83; БЕР, 535 (дзе этымалогія Трубачова кваліфікуецца як няпэўная).

Жале́за2 ’жалезная рэч’ (у тым ліку ’свяцільня’) (Сл. паўн.-зах.). Пераноснае, паводле матэрыялу, ад жале́за1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жа́лець ’тлець’ (Янк. I; брагін., З нар. сл., 156; жыт., Мат. Гом.), ужале́ць, ужале́цца, ужа́ліцца ’упрэць, добра зварыцца’ (Юрч., Бяльк., Жд. 1; беш., Нар. сл., 97; полац., Вусн. інф. А. Я. Баханькова). Рус. сімб. жа́леть ’награвацца, брадзіць’, укр. бук. жа́літи ’псавацца (пра харчовыя прадукты)’. Параўн. жаліць ’пячы (пра крапіву)’. Памор. żaləc ’гарэць, тлець’, н.-луж. žalny ’палымнеючы, гарачы’. Выгонная (Бел.-польск. ізал., 22–27) упершыню звярнула ўвагу на гэтыя суадносіны, указвае на сувязь жалець ’тлець’ са ст.-польск. żal ’гарэнне’ і словамі тыпу жальня (гл.), жальнік ’могілкі’. Жаль (гл.) і пад. адносяцца да і.-е. *g​el‑ ’калоць’, ’боль, мука, смерць’; значэнне ’гарэць’ у яго і.-е. паралелях амаль не прадстаўлена (толькі лат. dzel̃t). Таму жа́лець ’тлець’, відаць, суадносіцца з жар (гл.); і.-е. коранем *g​her‑ (Покарны, 1, 495) і *g​hel‑. Супрун, Зб. Геаргіеву, 268–272; Куркіна, Этимология, 1981, 164; Бернштэйн, Чередования, 12; Пятлёва, Этимология, 1973, 44–47. Гл. жу́ляць, жу́раць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жарабя́, жарэ́бны, жарабо́к, жарабе́ц, жарэ́бчык, жаро́бка і інш. Рус. жеребенок, укр. жеребʼя, польск. źrebię, в.-луж. žrěbjo, н.-луж. žrebje, палаб. zribą, zribă, чэш. hřibě, славац. žriebä, балг. ждребя, жребя, макед. ждребе, жребе, серб.-харв. ждре̑бе, славен. žrebè. Ст.-слав. жрѣбѧ, ст.-рус. жеребя ’тс’. Прасл. *žerbę ўтворана з суфіксам *‑ent‑ > *‑ę‑ ад асновы *žerb‑, і.-е. *gerbh‑/*g​uerbh‑/*g​reb‑ ’(Трубачоў, Происх., 53). Апошняе са значэннем ’плод, маладая жывёла, дзіця’ (Покарны, 1, 485) суадносіцца з грэч. βρέφος ’тс’; з слав. параўноўваюць таксама ст.-інд. gárbha ’чэрава, плод’, авест. garəva‑ ’тс’ (Трубачоў, Происх., 53; Фасмер, 2, 48). Скок (3, 673) далучае і супастаўленне з ням. Kalb ’цяля’; Махэк₂ (188) параўноўвае з герм. *xvelpa‑z (ням. Welf) ’шчаня’, хец. huelpi ’маладая жывёла’. Бенвяніст (Индоевр., 182) адзначаў, што падзел асноў I *g​er‑bh‑ і II *g​r‑ebh‑ адбыўся яшчэ ў і.-е., што і адлюстравалася ў санскр. і грэч. формах. Слав., натуральна, належыць да першай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Забабо́ны ’прымхі’. Рус. дыял. смал., бранск., прыбалт., паўн.-дзвін., урал. забабо́ны, укр. забобо́ни, польск. zabobon, славац. zabobonky (Калал) ’тс’. Ст.-рус. забабоны (XVII ст.) ’тс’. Параўн. укр. бобони ’забабоны’ (Жэлях.), славац. bobony ’тс’ (Калал), серб.-харв. забоњити, бобоњити ’гучаць, балбатаць’, забоњити ’пачаць балбатаць, гучаць’, ст.-чэш. bobonek, pobonek ’забабоннае дзеянне’. Паводле Бернекера (1, 36–37), Фасмера (2, 70), гукапераймальнага характару (параўн. балбатаць, ням. bebeln, ст.-грэч. βαβάξω ’балбатаць’). Гэта прынялі Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 4, 136), указваючы на паралель балабоніць. Махэк₂ (58–59) высоўвае думку аб сувязі са ст.-чэш. boniti, дзе *bon‑ з ‑mon (параўн. корань *men, *mьn у памяць, помню) і прэфіксам po‑, што пераўтварыўся ў bo‑. Коген (УЗ БГУ, 1, 191, 192) указвае на падваенне кораня ба/бо, што адзначаецца ў слове байка1 (гл.). Магчыма, што паміж гукаперайманнем і ўтварэннем слова bobniti сапраўды трэба адзначыць пераходны этап, калі *bo, *bol мела значэнне ’гаварыць’, таму магчыма аб’яднанне названых думак. Сцвярджэнне Брукнера (643) пра польск. паходжанне ўсх.-слав. форм непераканаўчае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зало́жнік1 ’асоба, затрыманая ў якасці гарантыі (залогу)’. Рус., укр. зало́жник, балг. зало̀жник, макед. заложник ’тс’. Утворана ад прым. заложны (які ад залогъ — слова, вядомага яшчэ ў ст.-слав.) са знач. ’такі, што пакінуты ў залог’ з дапамогай суфікса ‑ік (гл. пра словаўтваральную мадэль Сцяцко, Афікс. наз., 104–105). Час утварэння — ст.-рус. ці нават познепрасл., паколькі адпаведныя словы вядомы паўд.-слав. мовам. БЕР, 1, 595. Паводле Шанскага (2, З, 44), рус. слова ўтворана ад дзеяслова заложить ’аддаць у залог’ з дапамогай суфікса ‑ник, аднак гэта азначала б позняе ўтварэнне слова.

Зало́жнік2 ’паліца для пасуды’ (Жд. 1; круп., Нар. сл.), ’паліца з дзіркамі для лыжак’ (пін., Нар. лекс., 108), залэжнік, залажэ́тнік ’паліца для посуду’ (Сцяшк.). Рус. смал. заложник ’тс’. Назоўнікі з конфіксам за‑ + ‑нік абазначаюць прадметы, размешчаныя за тым, што названа ў аснове (Сцяц., Афікс. наз., 238). Таму, магчыма, слова ўтворана ад ло́жак, а паліца змяшчалася за ложкам (?). Трэба адзначыць, што слова распаўсюджана шырэй, чым словатворчая мадэль, паводле Сцяцко (гом., маг.). Гл. жаложнік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зубе́ль, зубля́, зу́блэнь, зубы́ло ’яловае галлё ці рыззё на палцы для падкурвання пчол’ (Анох.), зубе́ль, зу́бяль ’дымар для падкурвання пчол’ (чачэр., Жыв. сл.; рагач., З нар. сл.). Славен. zúbelj ’полымя’, zúblja ’факел’, серб.-харв. зу̏бља ’тс’. Міклашыч (404) звязваў з літ. žiburỹs ’святло, полымя’ (якое звязана з žibė́ti ’блішчаць, прамянець’, на што ўказаў Безлай (IX seminar slovenskega jezika…, 1973, 12). Фрэнкель (1304), аднак, іх не спалучае, а этымалогію літ. слова лічыць няяснай). Скок (3, 664) параўноўвае са ст.-ісл. kafli ’палена’, ням. Kabel ’падрыхтаванае дрэва’ і ўзводзіць да і.-е. *gʼebh‑ ’кавалак дрэва’ (Покарны, 1, 353, без слав. прыкладаў). Але слав. і балт. вакалізм у гэтым выпадку не тлумачыцца; спасылка на варыянт *gʼombh‑, апрача гіпатэтычнасці такой сувязі, не тлумачыць славен. ‑u‑ (замест чаканага ‑o‑). Безлай рэканструюе для балт. *gʼōibh‑ (зыходзячы з формы, дадзенай Міклашычам, žiuburỹs), а для слав. *gʼoubh‑; такой формы Покарны не дае. І.‑е. праформа патрабуе далейшага вывучэння. Супрун, Полесье и этногенез славян, 1983, 61.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажушы́на ’назва вопраткі, паўкажушок’ (Радч.). Укр. кожушина ’больш лёгкі кажух’, рус. зах.-бран. (па тэрыторыі агульнае з бел.) кожушина ’паўкажушок з аўчыны, кажух’, серб.-харв. (павеліч. kòžušina) засведчана ў помніках XVIII ст. балг. кожушина ’вялікі кажух’; гэта ж форма са значэннем ’шалупінне цыбулі’ ў загадках: серб.-харв. «U našega dedušine trideset i dve kozušine, pʼopet mu se rebra vide»; балг. радом. «Стар деда с девет кожушини». Паўд.-слав. паралелі дэманструюць некалькі іншую семантыку, аднак галоўнай перашкодай для канстатацыі архаічнасці прыведзенага слова з’яўляецца прадуктыўнасць суфікса, яго рэгулярны характар, і калі для ўсх.-слав., як і для паўдн.-слав. лексем, сепаратныя сувязі відавочныя, то меркаваць аб роднаснасці паўн. і паўдн. слоў у гэтым выпадку вельмі цяжка. Што датычыцца семантыкі, параўн. яшчэ рус. дом і домина, бел. хата і хаціна; вялікі фактычны матэрыял (і некаторая літаратура) прыведзены ў артыкуле М. Н. Крыўко «Слова з суфіксам ‑ін‑а (‑ын‑а) і яго вытворнымі ў гаворцы вёскі Манякова Міёрскага раёна» (Нар. словатв.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казлабаро́д ’расліна Tragopogon’, звычайна T. pratensis (ТСБМ). Калька рус. козлобородник ’тс’, якое з лац. Tragopogon < грэч. τράγος πώγων ’казліная барада’. Аналагічныя калькі і ў іншых мовах: польск. kozia broda, чэш. kozibrada, серб.-харв. ко̏зја бра́да, ёсць і ў іншых слав. мовах; ням. Wiesen‑Bocksbart, літ. ožkabar̃zdis і інш. Дзіўна, што добра вядомая расліна са шматлікімі ў розных мовах народнымі назвамі тым не менш называецца калькаваным тэрмінам. Махэк (Jména rostl., 235) звяртае на звычайнасць kozi ў назвах раслін і, што гэта магчыма, сведчыць аб незалежным ад навуковага паходжанні слав. тэрмінаў. Меркаваць аб гэтым цяжка; не выключана нават, што некаторыя з слав. лексем (казялок і пад.) для Tragopogon утвораны пад уплывам калькі. Магчыма таксама, што падобныя назвы існавалі спрадвеку, а навуковая толькі «сканцэнтравала» фонд дэрыватаў ад kaza і kozьlь. Не выключана, што працэс намінацыі праходзіў больш складана і сваю ролю адыгралі форма лісця, пладоў, колер кветак, наяўнасць млечнага соку, уплыў назваў іншых раслін у межах народнай класіфікацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)