ПА́НЦЫРНЫЯ ЖГУЦІКАНО́СЦЫ, перыдынеі (Peridinea, або Dinoflagellata, або Dinophyceae),
атрад жгуцікавых кл. раслінных жгуціканосцаў тыпу прасцейшых. Вядомы з канца палеазою (каля 240 млн.г. назад). 4 падатр., 50 сям., каля 1000 відаў. Пашыраны ва ўсіх вадаёмах. Уваходзяць у склад планктону. Адны з найб. важных прадуцэнтаў арган. рэчываў у біяцэнозах. Могуць выклікаць «цвіценне» вады, афарбоўку пяску на беразе. На Беларусінайб. трапляюцца перыдыніум сталярны (Peridinium tabulatum), цэрацыум п’яўкападобны (Ceratium hirudinella) і інш.
Даўж. ад 5 мкм да 2 мм. Цела яйцападобнае, з падоўжнымі адросткамі або без іх, укрыта панцырам з клятчаткавых пласцінак, афарбаванае (у фотасінтэзуючых) і бясколернае. Маюць 2 жгуцікі; адзін ідзе назад, другі (папярочны) размешчаны ў жолабе і абкружае цела па экватары. У марскіх П.ж. ёсць вочкі і жыгучая капсула. Большасць аўтатрофы, некат. гетэратрофы. Размнажэнне пераважна бясполае — дзяленнем папалам, радзей палавое — капуляцыяй. Гл. таксама Жгуцікавыя, Начасветкі.
А.М.Петрыкаў.
Да арт.Панцырныя жгуціканосцы. Цэрацыум п’яўкападобны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЛА́ЎСКАЯ (Наталля Мікалаеўна) (н. 19.1.1931, г. Саратаў, Расія),
бел. графік. Жонка Г.Г.Паплаўскага. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1964). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі. Творы вызначаюцца казачна-паэт. інтэрпрэтацыяй сюжэтаў, зваротам да фалькл. матываў, тэматыкі нар. жыцця. Аўтар цыклаў «Палессе» (1967), «Прырода і дзеці» (1968), «Музей прыроды» (1972—91), «Помнікі гісторыі і архітэктуры» (1977—89), «Браслаўскія матывы» (1975, 1977—78, 1981—84), «Браслаўшчына», «Літва» (абодва 1981—82), «Гарадок у снезе», «Браслаўская восень», «Прагулка ў Зарасаі» (усе 1984), літаграфій «Чарнічка» (1969), «Сям’я» (1970), «Дзядок», «Залатая яблынька», «Пастушок» (усе 1971) і інш. Аформіла выданні бел.нар. казак «Музыка-чарадзей», «Лёгкі хлеб» і інш. (усе 1969), «Ладачкі-ладкі» В.Віткі (1977, у сааўт.), «Дрэва кахання» (1980, з Паплаўскім), творы Р.Кіплінга, Ш.Перо і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970. Іл.гл. таксама да арт.Літаграфія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАМФІСТАМАТА́ТЫ (Paramphistomatata),
падатрад плоскіх паразітычных чарвей кл. смактуноў. 4 надсям., 10 сям., больш за 70 родаў, каля 170 відаў. Найб. пашыраны ў Еўразіі, Аўстраліі, Афрыцы. Узбуджальнікі хвароб жывёл і чалавека — парамфістаматадозаў. На Беларусінайб. трапляюцца ліёрхіс скоцыя (Liorchis scotiae), парамфістамы: звычайны (Paramphistomum specium) і іхікавеі (P. ichikawai).
Даўж. да 2 см. Цела конусападобнае, ружовае, на пярэднім канцы глотка, на заднім — прысоска. Гермафрадыты. Развіццё з удзелам прамежкавых гаспадароў — прэснаводных малюскаў сям. катушак. У знешнім асяроддзі з яец паразіта вылупліваюцца мірацыдыі, трапляюць у цела малюска, дзе фарміруюцца ў цэркарыі, якія праз 1,5—3 месяцы пакідаюць прамежкавага гаспадара, прымацоўваюцца да раслін і ператвараюцца ў адалескарыі. Маладыя гельмінты з вадой ці кормам пранікаюць у стрававальны тракт дэфінітыўнага гаспадара (дзікія і свойскія жывёлы) і мігрыруюць у органы страўнікава-кішачнага тракту, дзе праз 3—4 месяцы дасягаюць палавой спеласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРХУ́ТА (Яраслаў Сільвестравіч) (8.3. 1930, в. Мілейкі Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 20.3.1996),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1949—52), скончыў Мінскую Вышэйшую парт. школу (1973). Працаваў у раённых, рэсп. газетах, на Бел. тэлебачанні, у час. «Вожык», «Родная прырода». Друкаваўся з 1946. Пісаў вершы і прозу. Асн. тэмы твораў — чалавек і прырода, прыгажосць роднай зямлі, каханне. Адметнасць прозы — лірызм, паэтычнасць (зб. «Ты пайшла ў сонца», 1973). Краязнаўчая тэматыка, эцюды пра родны край, яго славутых людзей у кн. «Жаваранак над полем» (1985), «Зямля бацькоў нашых» (Дзярж. прэмія Беларусі імя К.Каліноўскага 1992), «Пад высокім сонцам» (абедзве 1988), «Дарогамі надзеі і трывог» (1989), «Крыніца ёсць у родным краі...» (1992). Дасціпнасцю і займальнасцю адметныя кн. для дзяцей «Казка зялёнай дубровы» (1960), «Там, дзе жыве Юлька» (1978), «Перапёлачка» (1979). Гумарыстычныя і сатыр. апавяданні, гумарэскі, фельетоны ў кн. «Мудрая цялушка» (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРША́ РАСЛІ́Н,
хвароба, якая выклікаецца грыбамі ці актынаміцэтамі з родаў стрэптаміцэс, спонгаспора, гельмінтаспорыум, вентурыя і інш. Пашырана ўсюды, значна зніжае ўраджай у вільготныя і цёплыя гады. На Беларусінайб. шкодзіць бульбе, яблыні, грушы. З інш.с.-г. культур на паршу хварэюць бурак, цытрусавыя, вішня. Пашкоджвае паверхневыя тканкі: утвараюцца плямы, каросты, язвы на пладах, лісці, парастках. Інфекцыя перадаецца з насенным матэрыялам, праз глебу (з расл. рэшткамі). Меры барацьбы: чаргаванне культур, прарошчванне клубняў на святле, вытрымліванне рэжыму захоўвання клубняў, знішчэнне апалага лісця, апырскванне раслін фунгіцыдамі і інш. Устойлівыя да паршы сарты бульбы — Тэмп, Лошыцкая, Агеньчык; яблыні — Беларускі сінап, Каштэля, Мінскі; грушы — Дзюшэс летні, Бэра лошыцкая, Беларуская позняя.
Літ.:
Дорожкин Н.А., Бельская С.И. Болезни картофеля. Мн., 1979;
Амбросов А.Л., Болотникова В.В., Мерцалова О.С. Как защитить сад от вредителей и болезней. 2 изд. Мн., 1985.
С.І.Бельская.
Парша раслін: 1 — яблыні; 2 — звычайная парша бульбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСІ́ЎНАЕ ВЫ́БАРЧАЕ ПРА́ВА,
права асобы выбірацца ў выбарныя дзярж. органы і органы мясц. самакіравання; права быць зарэгістраваным у якасці кандыдата, праводзіць перадвыбарчую прапаганду і агітацыю, карыстацца ўсімі інш. правамі. У многіх дзяржавах валоданне П.в.п. абумоўлена рознымі павышанымі (у параўнанні з актыўным выбарчым правам) выбарчымі цэнзамі: узроставым, аселасці, адукац., службовым. Маёмасныя цэнзы для ажыццяўлення П.в.п. (пры выбарах у агульнанац. прадстаўнічыя органы) устаноўлены ў Канадзе, Аргенціне, Бельгіі, Коста-Рыцы і інш. Найчасцей абмежаванні датычаць павышанага ўзроставага цэнзу. На выбарах у верхнія палаты парламентаў гэты цэнз асабліва высокі, напр., у ЗША, Японіі, Індыі П.в.п. валодаюць грамадзяне, якія дасягнулі 30 гадоў (у ніжнюю — 25 гадоў), у Італіі адпаведна 40 і 25 гадоў. На Беларусі членам Савета Рэспублікі можа быць грамадзянін, які дасягнуў 30 гадоў і пражываў на тэр. адпаведнай вобласці, г. Мінска не менш як 5 гадоў, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў (ніжняя палата) можа быць грамадзянін, які дасягнуў 21 года.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛІНАВО́ЧКІ, вочніцы,
сатурніды (Attacidae, або Saturniidae),
сямейства начных матылёў. Больш за 1200 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках Усх. паўшар’я. Жывуць на раслінах. На Беларусі 2 віды: паўлінава вока малое начное (Eudia pavonia, або Saturnia carpyni, — занесена ў Чырв. кнігу) і паўлінава вока рыжае начное (Aglia tau).
Размах крылаў да 25 см. Тулава тоўстае, укрытае пушыстымі валаскамі. На кожным крыле пасярэдзіне па адной яркай вочкавай пляме — т.зв. «паўлінавыя вочкі» (адсюль назва). Вусікі ў самцоў грабеньчатыя (звязана з моцным развіццём нюху — выяўляюць знаходжанне самак за некалькі кіламетраў), у самак кароткапілаватыя. Хабаток недаразвіты (матылі не кормяцца, жывуць да 2 тыдняў). Вусені масіўныя, пераважна зялёныя, са шматлікімі вырастамі і бародаўкамі, акукліваюцца ў шаўкавістых коканах Некат. П. разводзяць для атрымання шаўкавіны (айлантавы і дубовы шаўкапрады і інш.).
С.Л.Максімава.
Да арт.Паўлінавочкі: 1 — паўлінава вока рыжае начное; 2 — паўлінава вока малое начное (а — самец; б — самка; в — вусень; г — кукалка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШКЕ́ВІЧ ((Paszkiewicz) Генрык) (10.3. 1897, г. Лодзь, Польшча — 8.12.1979),
польскі гісторык. Чл.-кар. Польскай АН у Кракаве (1945), д-р габілітаваны (1927), праф. надзвычайны (1939). Вучыўся ў Варшаўскім ун-це, з 1928 выкладаў у ім, адначасова ў 1934—39 выкладчык, пасля заг. кафедры сярэдневяковай гісторыі Вольнага польскага ун-та ў Варшаве. Удзельнік Польскай кампаніі 1939, да 1945 вязень канцлагера Мурнаў. З 1948 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі. У 1948—69 узначальваў кафедру сярэдневяковай гісторыі Польскага ун-та ў замежжы. Працы па гісторыі ВКЛ, палітыцы Польшчы ў адносінах да Літвы, Беларусі, Украіны і Расіі перыяду феадалізму: «Руская палітыка Казіміра Вялікага» (1925), «Ягелоны і Масква. Т. 1. Літва і Масква ў XIII і XIV ст.» (1933), «Утварэнне рускай нацыі» (1963) і інш. Склаў на лац. мове і выдаў «Рэгесты крыніц да гісторыі Літвы са старажытных часоў да уніі з Польшчай. Т. 1. Да 1315 г.» (1930).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАСНАПО́ЛАСЦЕВЫЯ ЧЭ́РВІ, нематгельмінты, нематэльмінты (Nemathelminthes, або Aschelminthes),
тып ніжэйшых чарвей (скаляцыд). 6 (7) кл.: валасні, гастратрыхі, калаўроткі, кінарынхі, круглыя чэрві, скрэбні і, магчыма, прыапуліды. Апісана больш за 20 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Свабоднажывучыя і паразіты (раслін, жывёл, чалавека). Свабоднажывучыя насяляюць моры, прэсныя вадаёмы, глебу. Узбуджальнікі нематодных хвароб раслін, нематадозаў. На Беларусі адзначаюцца валасні, гастратрыхі, калаўроткі, круглыя чэрві.
Даўж. ад 0,04 мм да 8 м. Цела цыліндрычнае, нячленістае, верацёна- або ніткападобнае, укрытае шчыльнай кутыкулай. Паміж скурнамускульным мяшком і кішэчнікам шырокая першасная поласць цела (адсюль назва). Кішэчнік з 3 аддзелаў: пярэдняй, сярэдняй і задняй кішкі з анальнай адтулінай. Выдзяляльная сістэма — відазмененыя скурныя залозы або протанефрыдыі. Нерв. сістэма складаецца з каляглотачнага нерв. кальца і аднаго ці некалькіх падоўжаных нерв. ствалоў ці мазгавога нерв. вузла з адыходзячымі ад яго нервамі. Органы пачуццяў (вочкі, нюхальныя ямкі, органы дотыку) слабаразвітыя. Дыхальнай і крывяноснай сістэм няма. Большасць раздзельнаполыя, ёсць гермафрадыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЦЯРБУ́РГСКІ ГУРТО́К МО́ЛАДЗІ ПО́ЛЬСКА-ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКАЙ І МАЛАРУ́СКАЙ (Kolo młodzieży polskiej),
маладзёжная арг-цыя выхадцаў з Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны ў С.-Пецярбургу ў 1889—93. Аб’ядноўвала пераважна студэнтаў тэхнал. ін-та; усяго каля 25 чал., з якіх выбіраліся старшыня і касір. Старшынямі ў розны час былі К.Дабкевіч, І.Вілейшыс, М.Дамашэвіч, з крас. 1893 бел. паэт-дэмакрат А.Гурыновіч. У сваёй працы гурток эвалюцыяніраваў ад легальнай асветніцкай дзейнасці сярод рабочых да паліт. дзейнасці (прапаганда ў рабочых гуртках рэв. ідэй, кантакты з с.-д. арг-цыямі, спробы наладзіць сувязь з групай «Вызваленне працы», захады па набыцці рэв. л-ры і інш.). Спыніў існаванне пасля арышту, пачынаючы з чэрв. 1893, актыву. 3 чал. адміністрацыйна прыгавораны (без суда) да турэмнага зняволення; Гурыновіч у час папярэдняга зняволення цяжка захварэў і быў адпраўлены пад нагляд паліцыі ў фальварак бацькоў (Віленская губ.), дзе неўзабаве памёр.