САМАСВЯДО́МАСЦЬ,

усведамленне чалавекам сваіх дзеянняў, пачуццяў, думак, становішча ў грамадстве; цэласная ацэнка самога сябе як сацыяльнай істоты. Служыць індывіду асновай для самарэгулявання, самакантролю за сваёй дзейнасцю. Па накіраванасці псіхікі індывіда С. арыентавана на ўнутр. свет, процілеглая ўсведамленню знешняга свету, аднак уключае не толькі ацэнку свайго «Я», але і асэнсаванне адносін свайго «Я» да знешняга свету — прыроды і грамадства. Структура С. ўключае: самапазнанне — пазнанне «Я», яго сутнасці і спецыфікі, здольнасцей і магчымасцей, грамадскіх вынікаў сваіх паводзін і ўчынкаў; самаацэнку — ацэнку асобай самой сябе, сваіх магчымасцей, якасцей і месца сярод інш. людзей; ідэнтыфікацыю — працэс самаатаясамлення індывіда з інш. чалавекам, групай, пэўным узорам і інш. С. не з’яўляецца прыроджанай уласцівасцю чалавека: фарміруецца паступова ў працэсе сацыялізацыі асобы. У працэсе развіцця чалавек спачатку ўсведамляе знешні свет, С. дасягае на больш высокім узроўні развіцця. С. — грамадска абумоўленая з’ява: фарміруецца з дапамогай ацэначных адносін, якія складваюцца ў працэсе зносін людзей, сістэмы патрабаванняў, якія прад’яўляюцца грамадствам да асобнага чалавека. С. уласціва не толькі індывіду, але і грамадству, сац. групе, нацыі, якія дасягнулі ўзроўню асэнсавання свайго становішча ў сістэме грамадскіх адносін, агульных ідэалаў, мэтаў і шляхоў іх дасягнення. Гл. таксама Свядомасць.

Літ.:

Спиркин А.Г. Сознание и самосознание. М., 1972;

Гарнцев М.А. Проблема самосознания в западноевропейской философии (от Аристотеля до Декарта). М., 1987;

Франкл В. Человек в поисках смысла: Пер. с англ. М., 1990;

Фромм Э. Душа человека: Пер. с нем. М., 1992;

Мамардашвили М. Необходимость себя: Введение в философию, докл., статьи, филос. заметки. М., 1996;

Самосознание культуры и искусства XX в.: Западная Европа и США. М.; СПб., 2000.

Т.​І.​Адула.

т. 14, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́МІТ ТЫСЯЧАГО́ДДЗЯЎ,

сустрэча лідэраў краін (кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў), якія з’яўляюцца членамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Адбыўся 6—8.9.2000 у г. Нью-Йорк (Рэспубліку Беларусь прадстаўляў Прэзідэнт А.​Р.​Лукашэнка). Праводзіўся з мэтай узмацнення ролі ААН у міжнар. палітыцы і ў сувязі з пачаткам новага тысячагоддзя. З дакладам на С.т. выступіў Генеральны сакратар ААН К.​Анан (кіраўнікі краін і ўрадаў выступалі з 5-хвіліннымі паведамленнямі-дакладамі). На С.т. адзначалася, што ўжо 55 гадоў свет жыве без войнаў паміж вядучымі дзяржавамі, хоць войны, пераважна ўнутры краін, працягваюцца (у 1990-х г. у выніку войнаў і ўзбр. канфліктаў загінула больш за 5 млн. чал.), узмацняецца мілітарызацыя шэрагу дзяржаў і розных слаёў насельніцтва (у арсеналах ядз. дзяржаў знаходзіцца 35 тыс. ядз. боепрыпасаў, а на руках людзей — 500 млн. адзінак стралк. зброі). ААН робіць энергічныя захады для ўмацавання міру (у 1990-я г. падпісана ў 3 разы больш мірных пагадненняў, чым за 3 папярэднія дзесяцігоддзі, вырасла колькасць аперацый ААН у падтрымку міру, міжнар. санкцый, у т. л. фактаў эмбарга на пастаўку зброі ў шэраг дзяржаў). Разам з умацаваннем міру паміж народамі гал. задачамі ААН з’яўляюцца: барацьба з галечай, неадукаванасцю і хваробамі, процідзеянне насіллю і тэрору, барацьба з дэградацыяй і разбурэннем асяроддзя існавання чалавека і інш. У ходзе С.т. адбылося пасяджэнне Савета Бяспекі ААН на вышэйшым узроўні, у якім удзельнічалі У.​Пуцін (Расія), Б.​Клінтан (ЗША), Т.​Блэр (Вялікабрытанія), Ж.​Шырак (Францыя), Цзян Цзэмінь (Кітай). Па выніках работы С.т. прынята Заключная дэкларацыя.

Літ.:

Саммит тысячелетия в ООН // Междунар. жизнь. 2000. № 10.

Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 14, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКАЯ КАНСЕРВАТО́РЫЯ імя М.​А.​Рымскага-Корсакава,

першая вышэйшая муз. навуч. ўстанова Расіі. Засн. ў 1862 у Пецярбургу Рас. муз. т-вам па ініцыятыве А.​Рубінштэйна. З 1918 дзярж. навуч. ўстанова, з 1944 імя Рымскага-Корсакава. У 1923 пры ёй адкрыта Оперная студыя, у 1925 — аддз. па падрыхтоўцы навук. работнікаў, педагогаў для спец. навуч. устаноў, дырыжорскае аддз., оперна-рэжысёрскі клас, аспірантура, у 1934 — Муз. тэхнікум (цяпер — самаст. навуч. ўстанова). У ёй выкладалі Л.​Аўэр, А.​Вержбіловіч, К.​Давыдаў, Г.​Есіпава, Ф.​Лешаціцкі, Г.​Нісен-Саламан, Рымскі-Корсакаў, К.​Эверардзі і інш. Сярод выхаванцаў: А.​Абразцова, М.​Анцаў, А.​Арэнскі, Э.​Бай, М.​Дубасаў, М.​Іпалітаў-Іванаў, А.​Лядаў, М.​Малько, А.​Мелік-Пашаеў, Я.​Мравінскі, Н.​Муранская, М.​Мяскоўскі, С.​Пракоф’еў, К.​Пушылаў, М.​Рубінштэйн, В.​Салаўёў-Сядой, У.​Сафраніцкі, Г.​Свірыдаў, П.​Чайкоўскі, Ю.​Шапорын, Дз.​Шастаковіч, Е.​Шуман і інш. У кансерваторыі атрымалі адукацыю бел. кампазітары В.​Капыцько, У.​Палуэктаў, удасканальвалі майстэрства кампазітары І.​Лучанок, Я.​Паплаўскі, Р.​Сурус, Л.​Шлег, піяністы М.​Бергер, Р.​Шаршэўскі; скрыпач А.​Бяссмертны і інш. Мае Вял. залу для оперных спектакляў і сімф. канцэртаў, Малую залу (з арганам) для правядзення сольных і камерных канцэртаў. У 2000/01 навуч. г. ф-ты: фартэпіянны, аркестравы, вак.-рэжысёрскі, дырыжорскі, нар. інструментаў, кампазітарскі, гіст.-тэарэтычны. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае.

Літ.:

Кремлев Ю. Ленинградская государственная консерватория, 1862—1937. М., 1938;

100 лет Ленинградской консерватории, 1862—1962: Ист. очерк. Л., 1962;

Масленікава В.П. Музычная адукацыя ў Беларусі. Мн., 1980.

В.​П.​Пракапцова.

т. 14, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНСКРЫ́Т (ад санскр. апрацаваны),

літаратурна апрацаваная мова арыйскай цывілізацыі ў Індыі (у процілегласць пракрыту — мове неадукаваных мас); адна з асн. стараж.-індыйскіх моў. Вызначаецца строга нармалізаванай граматыкай.

У фанетыцы С. 3 чыстыя галосныя (а, е, о), 2 глайды (і, u), плаўныя складовыя (r, l), багатая ўпарадкаваная сістэма зычных (з проціпастаўленнем звонкасці-глухасці, прыдыхальнасці-непрыдыхальнасці), свабодны націск, залежныя ад націску тоны; у марфалогіі — сямісклонавая сістэма імя, клічная форма, 3 роды і лікі, багатая сістэма катэгорый і форм дзеяслова; у лексіцы — вял. колькасць складаных слоў, часам эквівалентных сінтагме ці цэламу сказу. С. падзяляецца на ведыйскі (15—5 ст. да н.э.), эпічны (5 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.) і класічны, або С. у вузкім сэнсе (2—16 ст. н.э.).

Санскрытамоўная культура мае найбагацейшую л-ру. Ведыйскія тэксты (гл. Веды) — творы рэлігійныя (гл. Ведычная рэлігія), маст., навук., філас., юрыдычныя, якія ў храналагічным парадку распадаюцца на 4 цыклы: Самгіта — збор гімнаў (Рыгведа і інш.), Брахманы — каментарый да Веды і інш., Упанішады — рэлігійныя і філас. аповесці, Сутры — звод розных практычных правіл. На эпічным С. створаны сусветнавядомыя эпасы «Махабхарата» і «Рамаяна». Класічны С. прадстаўлены ў першую чаргу тэкстамі інд. граматыстаў. Нормы класічнага С. выкладзены ў граматыцы Паніні (5—4 ст. да н.э.). На пісьме выкарыстоўваліся пераважна разнавіднасці шрыфту дэванагары. У Індыі С. выкарыстоўваецца як мова гуманітарных навук і культу. З адкрыццём і пачаткам вывучэння С. ў Еўропе звязана зараджэнне параўнальна-гістарычнага мовазнаўства.

Літ.:

Иванов В.В., Топоров В.Н. Санскрит. М., 1960;

Барроу Т. Санскрит: Пер. англ. М., 1976;

Кочергина В.А. Санскритско-русский словарь. 2 изд. М., 1987.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 14, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТУ́РН,

планета Сонечнай сістэмы, шостая па парадку ад Сонца і другая па памерах і масе. Астр. знак . Адносіцца да класа планет-гігантаў.

Сярэдняя адлегласць ад Сонца 1.43 млрд. км (эксцэнтрысітэт арбіты 0,056). Перыяд абарачэння вакол Сонца 29,46 зямнога года. Экватарыяльны дыяметр 120 536 км; з прычыны хуткага вярчэння вакол восі (перыяд каля 10,53 гадз) С. значна сплюснуты — палярны радыус меншы за экватарыяльны прыблізна на 6500 км. Маса 5,68∙10​26кг. Сярэдняя шчыльнасць — самая малая з усіх планет, 700 кг/м³ (прыблізна ўдвая менш за шчыльнасць Сонца). З Зямлі С. выглядае як жаўтаватая зорка, бляск якой мяняецца ад 0-й да 1-й візуальнай зорнай велічыні. С. з’яўляецца газавадкім целам у стане гідрастатычнай раўнавагі і не мае цвёрдай паверхні. Вонкавая газавая абалонка вадародна-геліевая, за ёй знаходзіцца абалонка ў асноўным з вадкага вадароду, потым — з металічнага вадароду. С. мае ўнутр. крыніцы энергіі і выпрамяняе ў 2,5 разу больш энергіі, чым атрымлівае ад Сонца; т-ра ў нетрах 12000 К. На С. назіраюцца воблакі, т-ра іх верхняй часткі каля -175 °C. Вось магн. поля амаль супадае з воссю вярчэння планеты. Напружанасць магн. поля на экватары роўная 0,7 зямной, унутр. магн. поле значна большае за зямное з-за вял. памераў. У сістэму С. ўваходзяць кольцы Сатурна і 18 спадарожнікаў (гл. Спадарожнікі планет); выяўлены радыяцыйныя паясы. Большасць звестак пра С. атрымана пры дапамозе аўтам. міжпланетных станцый «Піянер» і «Вояджэр».

Літ.:

Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;

Система Сатурна: Пер. с англ. М., 1990.

А.​А.​Шымбалёў.

Планета Сатурн.

т. 14, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ХАРАЎ (Сяргей Пятровіч) (29.9.1880 г. Полацк Віцебскай вобл. — 22.4.1954),

бел. фалькларыст і этнограф. Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю (1895), Юр’еўскі ун-т (г. Тарту, 1911) У 1911—13 выкладаў у гімназіях і Настаўніцкім ін-це ў Віцебску, адначасова сакратар Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. З 1913 інспектар нар. школ у Юр’еўскім пав., з 1917 дырэктар-арганізатар Люцынскай (цяпер г. Лудза, Латвія) рус. гар. гімназіі. У 1919 заг. дашкольнага пададдзела Люцынскага павятовага аддзела нар. асветы, узначальваў Бел. аддзел пры Мін-ве асветы Латвіі (1921—25). У 1925—32 дырэктар Дзвінскай бел. гімназіі. У 1945 арыштаваны, высланы ў Казахстан. Збіраць і публікаваць бел. фальклор пачаў у 1906. Выступаў у друку з навук.-папулярнымі нарысамі, прысвечанымі стараж. Полаччыне, князю Усяславу Брачыславічу, князёўне Ефрасінні Полацкай, а таксама бел. фалькларыстам М.​Нікіфароўскаму, Е.​Раманаву, П.​Шэйну, гісторыку А.​Сапунову. Выдаў некалькі календароў-кніжак. Апубл. арт. пра каменныя крыжы на Беларусі, стараж. нар. муз. інструменты, кнігадрукаванне. Падрыхтаваў 4 выпускі «Народнай творчасці латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў» (вып. 1, 1940; 414 песень і нотных запісаў). У вып. 2—4 (рукапіс) сабраны казкі, легенды, паданні, прыпеўкі, прыказкі, дзіцячы фальклор і інш. Рукапісы фалькл.-этнагр. матэрыялаў, пед., гіст.этнагр. і літ.-публіцыст. спадчына С. зберагаюцца ў архівах навук. б-к Нац. АН Беларусі, Латвіі і Літвы.

Тв.:

Народное образование в Юрьевском уезде. Юрьев, 1917;

Гістарычны нарыс пяцігоддзя Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі за 1922—1927 гг. Дзвінск, 1927;

Город Лудза в прошлом и настоящем. Рига, 1935;

Полацкі князь Усяслаў — нацыянальны беларускі асілак. Вільня, 1939;

Православные церкви в Латгалии. Рига, 1939.

А.​С.​Ліс.

С.П.Сахараў.

т. 14, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛО́ГІЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ,

сацыялагічная тэорыя, якая вывучае развіццё эканомікі як сац. працэс. Разглядае эканам. працэс як вынік дзейнасці сац. суб’ектаў у галінах вытв-сці, размеркавання, абмену і спажывання матэрыяльных даброт і паслуг. Даследуе ўзаемадзеянне 2 асн. сфер грамадскага жыцця — эканам. і сацыяльнай. Аб’ектам С.э. з’яўляюцца сац. механізмы, якія параджаюць і рэгулююць узаемасувязі паміж сац. і эканам. працэсамі. Катэгарыяльны апарат С.э. складаюць: найб. агульныя катэгорыі, якія адлюстроўваюць асн. характарыстыкі грамадскага ладу (эканам. сфера і эканам. адносіны); катэгорыі сац. механізма развіцця эканомікі і рэгулявання эканам. адносін; катэгорыі, якія канкрэтызуюць змест сац. механізмаў (эканам. свядомасць, эканам. мысленне, сац.-эканам. стэрэатыпы, эканам. інтарэсы, эканам. культура і інш.) і фарміруюць пэўны тып эканам. паводзін сац. суб’ектаў. С.э. грунтуецца на сац.-эканам. законах падзелу працы, перамены працы, канкурэнцыі і інш., якія вызначаюць развіццё сац. з’яў і працэсаў у сферах працы і эканам. жыцця грамадства. Зах. С.э. выходзіць па-за межы адзінага навук. кірунку і ахоплівае найб. актуальныя сац.-эканам. праблемы, вядома пад назвай «сацыялогія эканам. жыцця» (Н.​Смелзер, Р.​Сведберг, М.​Гранавецер). На Беларусі С.э. сфарміравалася ў пач. 1990-х г. у сувязі з узнікненнем рыначнай сістэмы гаспадарання і неабходнасцю вывучэння сац. механізмаў рэгулявання попыту і прапаноў рабочай сілы на рынку працы і сац. вынікаў эканам. рэформ.

Літ.:

Заславская Т.И., Рывкин а Р.В. Социология экономической жизни: Очерки теории. Новосибирск, 1991;

Смелзер Н. Социология: Пер. с англ. М., 1994;

Экономический образ мышления: Реальность и перспективы. Мн., 1994;

Соколова Г.Н. Экономическая социология. 2 изд. М.;

Мн., 2000;

Социальные механизмы регулирования рынка рабочей силы. Мн., 1998;

Рынок труда и механизмы его регулирования. Мн., 2001.

Г.​М.​Сакалова.

т. 14, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТАПО́ЛК ЯРАПО́ЛЧЫЧ (у хрышчэнні Пётр, мянушка Акаянны; каля 980—1019),

князь тураўскі і вял. князь кіеўскі. Прыёмны сын вял. кн. Уладзіміра Святаславіча. Нарадзіўся ад шлюбу вял. кн. Яраполка Святаславіча з «грэкіняй», якую пасля забойства мужа яшчэ цяжарнай узяў за жонку Уладзімір (СЛ. называюць таксама Святаполк Уладзіміравіч). У 988 С.Я. атрымаў ад айчыма тураўскае княжанне. У пач. 11 ст. рыхтаваў змову супраць Уладзіміра, аднак яна была раскрыта. С.Я. разам з жонкай, дачкой польскага князя (пазней караля) Баляслава I Храбрага і яе духоўнікам, калобжагскім біскупам Рэйнбернам, апынуўся ў кіеўскай турме. Пагроза вайны з Баляславам прымусіла Уладзіміра выпусціць зняволеных, але ён не адпусціў іх у Тураў. Спачатку С.Я. жыў у Кіеве, потым у Вышгарадзе. Пасля смерці Уладзіміра (1015) С.Я. заняў кіеўскі трон. Паводле «Аповесці мінулых гадоў» ён рукамі наёмных забойцаў пазбавіўся сваіх канкурэнтаў на ўладу, сыноў Уладзіміра — Барыса, Глеба і Святаслава, за што атрымаў мянушку Акаянны. У адказ наўгародскі кн. Яраслаў Мудры выступіў з войскам у паход на Кіеў. У бітве каля Любеча (1015 або 1016) С.Я. пацярпеў паражэнне і ўцёк да цесця ў Польшчу. Ісландская «Сага аб Эймундзе» адказнасць за забойствы ўскладае на Яраслава Мудрага. У 1018 войскі С.Я. і Баляслава Храбрага ў бітве каля Бярэсця разбілі дружыну Яраслава. С.Я. зноў заняў кіеўскі трон, але ненадоўга. Наўгародскае войска Яраслава падышло да Кіева і прымусіла С.Я. ўцячы. У 1019 выгнанец вадзіў на Кіеў войска печанегаў. Вырашальная бітва адбылася на р. Альта. С.Я. у другі раз адправіўся ў Польшчу, але па дарозе памёр.

Літ.:

Филист Г.М. История «преступлений» Святополка Окаянного. Мн., 1990.

А.​В.​Іоў.

т. 14, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЛЯХ-КАЧА́НСКІ (Вячаслаў Антонавіч) (24.12.1885, г.Лагойск Мінскай вобл. — 8.8.1976),

бел. і рас. спявак, хар. і тэатр. дзеяч, педагог. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1905) і Пецярбургскую кансерваторыю (1915). У 1905—10 працаваў настаўнікам на Віленшчыне і інш. З 1915 у трупе Марыінскага імператарскага т-ра, адначасова ў 1916—18 у Александрынскім драм. т-ры. У 1923—25 выкладаў у Муз. драм. ін-це ў Петраградзе. За 1915—23 выканаў больш за 20 вядучых партый, некат. разам з Ф.​Шаляпіным. З 1924 выкладаў у оперным і хар. класах Мінскага муз. тэхнікума і кіраваў муз. падсекцыяй Інбелкульта, арганізаваў пры ёй бел. хар. студыйны калектыў (у 1927 паставіў першую на бел. мове оперу «Русалка» А.​Даргамыжскага). З 1927 дырэктар БДТ-1, з 1930 заг. Бел. драм. курсаў, дырэктар Бел. тэатр. тэхнікума і Бел. тэхнікума сцэн. мастацтва. З 1933 на Украіне і ў Расіі. З 1943 узначальваў Мінскі гар. т-р, кіраваў аддзелам культуры і мастацтва Бел. нар. самапомачы і аддзелам мастацтва ў Бел. цэнтр. радзе. З 1944 у Германіі, з 1950 у ЗША, дзе займаўся арганізацыяй хароў і тэатр. груп, ладзіў канцэрты і спектаклі. Аўтар зб. песень «Спеўнік беларускага жаўнера» (1975).

Тв.:

Уласны жыцьцяпіс // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Нью-Йорк. 1999.

Літ.:

Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі... Мн., 1990;

Юрэвіч Л. Беларускі тэатр і драматургія на эміграцыі // Тэатр. творчасць. 1997. № 6;

1998, № 1;

Кекелева Т. Спявак Селях-Качанскі // Спадчына. 1999. № 2;

Селях С. Вядомы і забыты: Старонкі творчай біягр. Вячаслава Селяха // Мастацтва. 2001. № 5—6.

Т.​В.​Кекелева.

т. 14, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЯШЧУ́К (Мікалай Міхайлавіч) (4.8.1947, в. Велікарыта Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. — 25.9.1996),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Працаваў як жывапісец, графік, майстар экслібрыса. У творчасці імкнуўся паказаць непарыўную сувязь вытокаў нац. культуры і сучаснага мастацтва, спалучаў сюррэалістычную манеру выканання з вобразамі бел. нар. фальклору і этнаграфіі. Яго кніжная графіка адметная насычанасцю дэкар. дэталямі, фантаст. выявамі, арх. помнікамі, прадметамі побыту і адзення, гульнёй фактур і святлаценяў. Адмаўленне ад апавядальнасці ўласціва афармленню кніг «Бацькаў дар» (1984), «Прагны багацей», «Індыкала-Кудыкала» Р.​Барадуліна (абедзве 1986, залаты медаль біенале кніжнай іл. ў Браціславе 1989), «Казкі беларускіх пісьменнікаў» (1988), «Сымон-музыка» (1988—90) і інш. Графічныя прыёмы, пэўныя сюжэты часта пераносіў у станковы жывапіс, якому ўласцівы алегарычнасць, метафарычнасць маст. мовы, часам філас. асэнсаванне рэчаіснасці. Вял. ўвагу ў творах аддаваў спалучэнню фактуры фону, абстрактных элементаў з колеравымі і фігуратыўнымі, што паступова ўзмацнілася ў 1990-я г.: «Наведванне сядзібы Агінскага ў Залессі» (1978), «Памяці Максіма Багдановіча» (1981), «Матылькі тут не жывуць» (1982), «Бацька памёр» (1982—84), «Канец сезона туманаў», «Позняя восень» (1984), серыя «Казачны калейдаскоп» (1984—85), «Свята IV», «Хвіліна маўчання» (абодва 1989), «Гучанне музыкі нябёсаў» (1990), «Прагулка», «Калі цвіце язмін» (абодва 1991), «Метамарфозы» (1992), «Злашчасны вечар», «Люблю цябе сустракаць» (абодва 1994), «Спякотны вечар з вясёлкай на крэсле» (1995), «Вяртанне на Радзіму. Шоп-тур» (1996) і інш. Працаваў у станковай графіцы. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Літ.:

Баразна М.Р. Беларуская кніжная графіка 1960—1990-х гг. Мн., 2001;

Каваленка В. Палёт над прасторай і часам // Мастацтва. 1997. № 8.

М.​Р.​Баразна.

М.Селяшчук. Злашчасны вечар. 1994.

т. 14, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)