любата́, ‑ы, ДМ ‑баце, ж.

1. Тое, што люба, што выклікае захапленне прывабнасцю, прыгажосцю. Тут [у клеці] нейкая асаблівая сцішанасць, нейкая адменная любата. Сабаленка.

2. у знач. вык. Пра захапленне, зачараванне кім‑, чым‑н., задавальненне ад каго‑, чаго‑н. [Дзед Мацей:] — Бач, якое падвор’е, проста любата. Ляўданскі. Ехаць па лесе — адна любата. Гамолка. [Доўнар:] — Хлопцы — любата, адзін у адзін. Дуброўскі. // безас. у знач. вык., з інф. Прыемна. Любата глядзець, як пад напорам.. моцных рук вянок за вянком узнімаюцца ўгору новыя хаты. Васілевіч. А касілка косіць-рэжа, Ажно глянуць любата. Ставер. // у знач. выкл. Ужываецца пры выказванні прыемнага ўражання. [Собіч:] — Любата! Проста любата, Марына Барысаўна! Цяпер у нас зусім другая карціна. Скрыган. [Андрэй Сцяпанавіч:] — Паглядзіце, якое ворыва! Любата! Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

затапта́ць, ‑тапчу, ‑топчаш, ‑топча; зак., каго-што.

1. Ездзячы, ходзячы, прымяць падэшвамі, капытамі; патаптаць. Затаптаць снег. Затаптаць траву. // Топчучы, зацерці, зраўняць, зрабіць непрыкметным. Затаптаць след. Затаптаць лінію на пяску. // Задушыць, раздушыць, стаўшы нагамі, капытамі. — Петро! Бяры на плечы адну дзяўчынку, а я другую, а то затопчуць. Маўр.

2. Топчучы, наступіўшы, патушыць агонь на чым‑н. Затаптаць папяросу. □ Домна схапіла з прыпечку лучыну і затаптала агонь. Лобан.

3. Топчучы, уціснуць, умяць у пясок, зямлю і інш. — Выхапіў асілак Дубавік свой востры меч і адсек цмоку ўсе тры галавы. Дзве галавы ў дрыгву затаптаў, а трэцюю на меч уссадзіў. Якімовіч.

4. Разм. Забрудзіць слядамі. Затаптаць падлогу.

•••

Затаптаць у гразь каго-што — зняславіць, ачарніць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мах ​1, ‑у, м.

Адзін хуткі рух у паветры чым‑н., узмах. Явіч рушыў ужо ў дарогу, як чалавек прывітальным махам рукі спыніў яго. Чорны. // У спорце — адзін рух нагой, рукой або корпусам уперад, назад або ўбок.

•••

Адным махам; за адным махам — адразу, за адзін прыём, адначасова. [Калюгін:] — Вядома, да новай спецыялізацыі адным махам не пяройдзеш. Дуброўскі. [Андрэй:] — А то някепска было б за адным махам знесці і мой домік. Шахавец.

Даць маху гл. даць.

З усяго маху — размахнуўшыся, з усяе сілы.

мах ​2, выкл.

Разм. Ужываецца для абазначэння хуткага руху (ад дзеясл. махнуць — махаць). Тут .. [варона] крыламі — мах, мах! І, як бачыш, каля лісіцы апынулася. Казка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кары́сць, ‑і, ж.

Добры рэзультат, спрыяльныя вынікі для каго‑, чаго‑н. Усе пагаджаліся на думцы, што Шаройку трэба змяніць, і чым хутчэй — тым больш карысці будзе для калгаса. Шамякін. Фабрыкант Альбіні, які далучыўся да нас, сваім прыкладам, зрабіў значную карысць усёй справе. Маўр. // Матэрыяльная выгада для каго‑, чаго‑н.; прыбытак. Мець карысць з уласнай працы.

•••

Гаварыць на карысць каго-чаго гл. гаварыць.

На карысць каго-чаго — а) са станоўчымі вынікамі для каго‑, чаго‑н. Сялянка падала на кулака скаргу, і гэтая справа вырашылася на карысць сялянкі. Сіпакоў; б) дзеля чыёй‑н. выгады, карысці. У жыцці камсамольца Віктара адбылася значная змена, якая ў сутнасці рэчы пайшла яму на карысць. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

е́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Жаласна стагнаць, крычаць ад болю. [Старая] ці то зламала, ці то вывіхнула нагу ў калене — не разабраць, але стогне і енчыць так, што сэрца разрываецца. Васілевіч. Енчылі непрыбраныя раненыя. Мележ. // Гаварыць з енкам, скардзячыся. — Братачка, паміраць збіраемся, — дрыжачым голасам енчыла жонка старога Хвядоса Пастарунка. Кавалёў. // Абзывацца крыкам, гукамі, падобнымі да енкаў. Журчала рака, і над ёй чалавечым голасам енчыла кнігаўка. Пташнікаў. Заблытаўшыся ў снезе, вецер енчыць. Сумётамі дарогу замяло. Макаль.

2. перан. Разм. Назойліва, надакучліва прасіць аб чым‑н.; ныць. Рыпелі вазы, папіскваў гармонік, жаласліва енчыў жабрак, выстаўляючы перад сабой аголеныя абрубкі рук. Мікуліч. Многія [мяцежнікі] падалі на калені, енчылі і прасілі літасці. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак.

1. каго-што чым. Палажыць што‑н. цяжкае паверх чаго‑н. Навярнуць камень на дошкі. Навярнуць ламачча бервяном.

2. чаго. Налажыць, накідаць многа чаго‑н.; наваліць. Навярнуць гару камення. □ Здорава фрыцы партызан баяліся — зямлі болей як у два метры навярнулі [да сцяны хаты]. Савіцкі.

3. пераважна безас. чаго. Намесці, нагнаць у вялікай колькасці. За ноч навярнула гурбы снегу.

4. што. Нахіліць, схіліць у які‑н. бок. Навярнуць слупы.

5. перан.; каго на што. Разм. Прыахвоціць да чаго‑н. Навярнуць на рыбалоўства.

6. чаго і без дап. Разм. Нагаварыць на каго‑н. няпраўды; наплесці. [Матка:] — Навярнуў [нехта] такога, што страх слухаць! На хлопца, які век птушаняці не зачапіў! Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

налама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; пр. наламаў, ‑мала; заг. наламі; зак.

1. чаго. Зламаць нейкую колькасць чаго‑н. Наламаць букет бэзу. Наламаць галля. □ Нупрэй жыва наклаў агню, наламаў бярэмя яловых лапак, палажыў іх каля агню, заслаў воўчаю шкураю. Колас. // Паламаць, сапсаваць вялікую колькасць чаго‑н. Наламаць цацак.

2. што. Зламаць не да канца, надламаць. Наламаць галіну.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан.; каго. Разм. Схіліць да чаго‑н., угаварыць заняцца чым‑н. У Лаўрэна былі тры сыны. Ён таксама хацеў іх наламаць на краўцоўства, але яны ні блізка. Сабаленка.

•••

Наламаць дроў — нарабіць памылак пры выкананні чаго‑н.

Наламаць руку — тое, што і набіць руку (гл. набіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нале́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; пр. налёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; заг. наляж; зак.

1. Наваліцца на што‑н., націснуць сваім цяжарам. Палегчы на стол. □ Вартаўнік усім целам налёг на рэйку шлагбаума. Шынклер. Чалавек з дзесятак салдат наляглі на дзверы. Лынькоў.

2. З сілай пачаць дзейнічаць якой‑н. прыладай. Надзя зноў села на карму, а я з усіх сіл налёг на вёслы. Аднак пасоўваліся мы досыць марудна. Кірэенка. Зіна налегла на палкі, вырвалася [на лыжах] наперад. Шыцік.

3. перан. Разм. Пачаць энергічна рабіць што‑н., займацца чым‑н. Налегчы на кнігі. Налегчы на замежную мову. □ [Халуста] спачатку налёг на мяса, потым падсунуў да сябе міску з капустай і вычарпаў яе да дна. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

намачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак.

1. каго-што. Зрабіць мокрым, сырым; прамачыць. Намачыў снапы дождж. Намачыць валёнкі. Намачыць гліну. □ Таццяна намачыла аб расу руку і працерла вочы. Шамякін. // Змачыць, даць прамачыцца чым‑н. [Зося] намачыла ручнік і выцерла.. [хлапчуку] твар. Чорны. // Пакінуць што‑н. на нейкі час у вадкасці. [Кацярына:] — Выпала, калі трапіць пад год, дык такі лянок вырасце, што як намочым у сажалцы, мяккім робіцца, як шоўк, а моцны — адной пасмы не парвеш. Кулакоўскі. [Тата:] — Не забудзься ж, Аленка, намачыць лыка пасля абеду. Пальчэўскі.

2. што і чаго. Шляхам мачэння прыгатаваць у нейкай колькасці. Намачыць яблыкаў.

3. без дап. Разліваючы што‑н., зрабіць мокрай паверхню чаго‑н. Намачыць на падлозе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напо́мніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.

1. аб кім-чым, пра каго-што і без дап. Прымусіць успомніць, прывесці на памяць, звярнуць увагу на каго‑, што‑н. Напомніць аб сваім існаванні. Напомніць пра свае заслугі. □ [Сцёпка] напомніў тут словы Леніна аб тым, што і кухарка павінна ўмець кіраваць дзяржавай. Колас. [Шугаеў:] Я хачу табе напомніць, што галоўнага інжынера назначае і знімае міністр. Крапіва.

2. каго-што. Здацца падобным на каго‑, што‑н., выклікаць успамін пра каго‑, што‑н.; нагадаць. Прахожы напомніў сябра. Возера напомніла мора. □ Твар чалавека напомніў штосьці даўно знаёмае, крануў балючую струнку не то з дзяцінства, не то з юнацтва, і я пачаў пільна сачыць за гэтым чалавекам. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)