МАГУ́ТНАСЦІ КАЭФІЦЫЕ́НТ, косінус фі, адносіны актыўнай магутнасці пераменнага эл. току да поўнай магутнасці. У ланцугах сінусаідальнага току роўны косінусу вугла зруху фаз паміж напружаннем і токам: cosφ = R/Z , дзе R — актыўнае, Z — поўнае супраціўленне эл. ланцуга.

Актыўная магутнасць P эл. ланцуга прапарцыянальна М.к.: P = UIcosφ , дзе U — напружанне, I — ток. Для кампенсацыі зруху фаз і падтрымання значэння М.к. блізкім да 1 выкарыстоўваюць спец. прыстасаванні (сінхронныя кампенсатары, батарэі кандэнсатараў і інш.). Для прадпрыемстваў — спажыўцоў эл. энергіі дапускаецца М.к. не ніжэй за 0,9.

т. 9, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭ́РА (ад назвы астравоў Мадэйра),

моцнае віно з белых ці ружовых сартоў вінаграду, прыгатаванае зброджваннем мязгі ці сусла. Мае 18—20 аб’ёмных працэнтаў спірту, 3—7% цукру; колер ад светла-залацістага да колеру чырвонага золата. Асаблівасць атрымання — працэс мадэрызацыі: віно вытрымліваюць некалькі месяцаў пры кантакце з паветрам у бочках на сонечных пляцоўках ці ў спец. памяшканнях, якія абаграюцца (напр., М. высокай якасці вытрымліваюць б мес. пры т-ры 40—50 °C). З’яўляецца аперытывам і аказвае працяглае танізоўнае дзеянне. Найлепшыя сарты: «Масандра» (Украіна), «Ашакан», (Арменія), «Анага» (Грузія), «Лучафэрул» (Малдова).

К.​В.​Фамічэнка.

т. 9, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛЫ́КА (Іван Васілевіч) (1894, в. Гатава Мінскага р-на — 1920),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў грамадз. вайну. Скончыў нар. вучылішча. Працаваў на ліцейным заводзе, служыў мараком на Балт. флоце. У 1-ю сусв. вайну ваяваў на Зах. фронце, дзе трапіў у палон да немцаў. У час ням. акупацыі 1918 удзельнічаў у падп. баявой арг-цыі. У час польск. акупацыі са студз. 1920 узначаліў спец. падрыўны партыз. атрад на радзіме, які пусціў пад адхон 3 варожыя эшалоны на ўчастках чыг. Міханавічы—Рудзенск і Замір’е—Пагарэльцы. Загінуў у баі.

т. 10, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙКЕЛЬСАНА ДО́СЛЕД,

фізічны эксперымент, пастаўлены з мэтай выявіць уплыў руху Зямлі на скорасць распаўсюджвання святла. Праведзены ў 1881 А.А.Майкельсанам і паўтораны ў 1886—87 (разам з амер. фізікам Э.​У.​Морлі). Даказаў незалежнасць скорасці святла ад руху Зямлі. Гэты факт не знайшоў тлумачэння ў класічнай фізіцы і даў падставу лічыць скорасць святла інварыянтнай велічынёй — аднолькавай ва ўсіх інерцыяльных сістэмах адліку, што з’явілася адным з пастулатаў спец. адноснасці тэорыі. Вынікі М.д. з вялікай дакладнасцю пацверджаны амер. фізікамі ў 1964 у эксперыменце, праведзеным пры дапамозе лазерных крыніц святла.

т. 9, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ЭЛЕКТРАМО́ДУЛЬ» Працуе з 1970 у г. Маладзечна Мінскай вобл. як з-д сілавых паўправадніковых вентыляў. У 1978 уведзена ў эксплуатацыю 2-я чарга. У 1986 на базе з-да, спец. канструктарска-тэхнал. бюро нестандартызаванага абсталявання і асобага канструктарска-тэхнал. бюро гібрыдных інтэгральных схем створана ВА «Электрамодуль». У 1989 уведзена ў эксплуатацыю 3-я чарга. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Электрамодуль». Асн. прадукцыя (1999): дыёды паўправадніковыя выпрамляльныя, блокі агульнапрамысл. прызначэння, у т. л. зварачныя, блокі аўтамотатрактарныя выпрамляльныя, дыёда-транзістарныя модулі, спецтэхнал. абсталяванне, мэблевая фурнітура.

т. 9, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НТЫЯ ў біялогіі,

вонкавая складка скуры ў жывёл або частка конуса нарастання ў раслін. У беспазваночных (малюскаў, плечаногіх і вусаногіх ракападобных) М. поўнасцю або часткова ўкрывае цела. Спец. залозістыя клеткі М. ўтвараюць вонкавы шкілет (ракавіну). У водных форм М. звычайна выслана мігальным эпітэліем; ад руху яго раснічак вада працякае праз мантыйную поласць. У абалоннікаў М. наз. туніка. У пазваночных жывёл М., або плашч, — кара галаўнога мозга. У раслін М. (туніка) — ч. ўтваральнай тканкі (мерыстэмы) у конусе нарастання (апекс) сцябла раслін. З М. дыферэнцыруюцца эпідэрміс і першасная кара.

т. 10, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАІ́НА, Мараіні (Maraino, Maraini) Іначэнца, архітэктар і мастак-дэкаратар 2-й пал. 18 ст. Родам з Італіі (Лугана). Вучыўся ў Мілане ў Брэры. З 1764 працаваў пераважна ў Рэчы Паспалітай. З 1.6.1777 пры двары М.​К.​Агінскага ў г. Слонім Гродзенскай вобл., да 1780 кіраваў буд-вам спец. памяшкання для Слонімскага т-ра Агінскага («Новы дом оперы»), пісаў дэкарацыі. Верагодна, у 1786 ствараў дэкарацыі для т-ра «Ла Скала» (Італія). Гал. работы: перабудова Нац. т-ра ў Варшаве, буд-ва драўлянага амфітэатра ў г. Львоў (Украіна; 1790-я г.).

т. 10, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭ́КІ (грэч. metoikos літар. перасяленец, чужаземец),

іншаземцы, якія перасяліліся ў стараж.-грэч. полісы. Сярод М. былі і адпушчаныя на волю рабы. Мелі асабістую свабоду, але былі пазбаўлены паліт. правоў, не маглі выступаць на судзе і не валодалі нерухомасцю. Кожны М. павінен быў мець апекуна — грамадзяніна поліса (прастата), штогод плаціць дзяржаве спец. даніну — метэкіён (мужчына 12, жанчына 6 драхм), несці вайсковую службу. Займаліся пераважна гандлем, рамёствамі, ліхвярствам. Сярод іх былі вельмі багатыя гараджане. У 5—4 ст. да н.э. адыгрывалі важную ролю ў эканоміцы гарадоў.

т. 10, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАФІЛАМЕ́НТЫ (ад мікра... + позналац. filamentum ніткападобнае ўтварэнне, нітка),

скарачальныя ніткі ўнутрыклетачнага апорна-рухальнага апарату эўкарыёт — цыташкілета. Дыям. 4—7 нм. Маюць пераважна бялок актын, інш. скарачальныя бялкі (міязін, тропаміязін, актынін) і спец. бялкі (напр., вінкулін, фрагмін, філамін). Пад плазматычнай мембранай М. утвараюць суцэльнае спляценне, у цытаплазме клеткі фарміруюць пучкі з паралельна арыентаваных нітак або трохмерны гель. Забяспечваюць рухомасць нямышачных клетак (напр., нейтрафілаў, макрафагаў), удзельнічаюць у змене формы клеткі пры распластванні, прымацоўванні да субстрату, амёбападобным руху, эндамітозу, цыклозу (у раслінных клетках) і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЭ́ ((Perret) Агюст) (12.2.1874, Брусель — 4.3.1954),

французскі архітэктар.

Ганаровы прэзідэнт Міжнар. саюза архітэктараў (з 1948). Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. З 1928 выкладаў у спец. школе архітэктуры ў Парыжы (праф.). Адзін з першых пачаў будаваць цалкам жалезабетонныя дамы: жылы дом на вул. Франкліна (1903), т-р Елісейскіх палёў (1911—13), царква Нотр-Дам у Ле-Рэнсі (1922—23) — усе ў Парыжы. Пры рэканструкцыі г. Гаўр (з 1947) выкарыстоўваў індустр. метады і стандартызацыю буд-ва.

А.Перэ. Жылы дом на вул. Франкліна ў Парыжы. 1903.

т. 12, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)