МІЛАВІ́ДСКАЯ МЕМАРЫЯ́ЛЬНАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры неакласіцызму на Брэсцкай шашы, за 1,5 км ад в. Мілавіды Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1930—33 у памяць» пра Мілавідскую бітву 1863 у час паўстання 1863—64. Капліца — цэнтрычнае збудаванне: на квадратным у плане цокалі ўстаноўлены 4 калоны, якія нясуць пліту антаблемента; у завяршэнні сферычны гранёны купал з ажурным крыжам. Унутр. прастора абмежавана міжкалоннымі арачнымі прасценкамі. На цокалі і пастаменце — памятныя надпісы.

А.​М.​Кулагін.

Мілавідская мемарыяльная капліца.

т. 10, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАБІЛІ́Т (ад лац. mirabilis дзівосны),

глаўберава соль, мінерал класа сульфатаў, водны сульфат натрыю Na2[SO4]∙10H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае зямлістыя агрэгаты, налёты, скарынкі, зрэдку кароткапрызматычныя крышталі. Бясколерны, празрысты, зрэдку белы. Бляск шкляны. Крохкі. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 1,48 г/см³. Хемагеннага асадкавага паходжання, утвараецца з азёрных і марскіх расолаў пры т-ры ніжэй за 20—25 °C. Сыравіна для содавай, шкляной і лакафарбавай прам-сці; выкарыстоўваецца ў медыцыне. Радовішчы ў Расіі, Туркменістане, ЗША, Мексіцы, Аргенціне і інш.

т. 10, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РЫНА,

вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман, каля аўтадарогі Мінск—Гродна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПдЗ ад г.п. Іўе, 148 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Гаўя. 524 ж., 253 двары (1999). Цагельны з-д, сумеснае прадпрыемства «Рыалпо». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка эпохі мезаліту (8—5-е тыс. да н.э.).

т. 10, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ХНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 12 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,58 км², даўж. каля 2 км, найб. шыр. 620 м, найб. глыб. 20 м, даўж. берагавой лініі каля 8 км. Пл. вадазбору 8,28 км². Схілы катлавіны выш. 15—20 м, пад хваёвым лесам. Берагі нізкія, пясчаныя або тарфяністыя, параслі водна-балотнай расліннасцю. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно выслана сапрапелем. Злучана пратокамі з азёрамі Воласна і Уклейна.

т. 11, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ТВА, Мотва, Мутва,

рака ў Гомельскай вобл., правы прыток р. Прыпяць. Даўж. 47 км. Пл. вадазбору 430 км². Пачынаецца за 1,5 км на Пн ад в. Бярозаўка Мазырскага р-на, цячэ ў межах Мазырскага і Гомельскага Палесся. Даліна ў верхнім цячэнні трапецападобная (шыр. да 2 км), у сярэднім і ніжнім цячэнні невыразная, зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Пойма двухбаковая (шыр. ад 300 м да 1,3 км), месцамі чаргуецца па берагах. Рэчышча каналізаванае. На рацэ створана Бабруйскае вадасховішча.

т. 11, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСІ́ЛАВА,

вёска ў Цюрлёўскім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., каля аўтадарогі Маладзечна—Смаргонь. Цэнтр калгаса. За 3 км на З ад горада і чыг. ст. Маладзечна, 76 км ад Мінска. 1899 ж., 702 двары (2000). Меліярац. ўпраўленне арашальных сістэм, адкрытае акц. т-ва «Маладзечанская аграхімія». Базавая школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік сав. воінам, партызанам, землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. У вёсцы гарадзішча штрыхаванай керамікі і банцараўскай культуры (1—8 ст. н.э.).

т. 11, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГРАНІ́ЧНАЯ ЗО́НА,

вызначаная частка тэрыторыі, што прылягае да граніцы дзяржаўнай з устаноўленым на ёй спец. рэжымам. У Рэспубліцы Беларусь парадак вызначэння П.з. рэгламентуецца Саветам Міністраў. П.з. ўключае тэрыторыі гарадоў, раёнаў, пасёлкаў і інш., а таксама частку прыналежных краіне вод пагранічных рэк, азёр, астравоў і інш. аб’ектаў, якія знаходзяцца ў гэтых водах. На ўездах на тэр. П.з. размешчаны папераджальныя знакі, якія забараняюць асобам (за выключэннем тых, хто пражывае ў П.з. пастаянна) знаходзіцца ў ёй без дазволу адпаведных органаў.

т. 11, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЬГУ́,

у старажытнакітайскай міфалогіі першапродак, першы чалавек на зямлі. Паводле касмаганічных міфаў, П. нарадзіўся, калі сусвет нагадваў змесціва курынага яйка. П. вырастаў 18 тыс. гадоў, і за гэты час светлы пачатак (ян) утварыў неба, а мутны (інь) — зямлю (гл. Інь і ян). Паводле інш. міфаў, смерць П. і часткі яго цела далі пачатак канкрэтным касм. з’явам і элементам рэльефу — ветру, аблокам, грому, сонцу, зоркам, глебе, гарам, рэкам і інш., а з паразітаў, што жылі ў яго тулаве, нарадзіліся людзі.

т. 12, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЭ́ЧЧА,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Ясельда.

Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Пінск, 205 км ад Брэста. 640 ж., 277 двароў (2000). Крухмальны з-д, лясніцтва. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: царква Раства Багародзіцы (1912), Парэцкі парк. У 19 ст. ў вёсцы дзейнічалі Парэцкая суконная фабрыка і Парэцкі цукровы завод.

т. 12, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-ЯКУ́ЦКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

на Пд Рэспублікі Саха (Якуція), Расіі, у паўд. ч. Алданскага нагор’я, уздоўж Станавога хр. Вуглі выяўлены ў 1849, прамысл. асваенне з 1966. Пл. 25 тыс. км². Балансавыя запасы да глыб. 600 м — 5,7 млрд. т. Вугляносная тоўшча юрскага ўзросту мае больш за 20 пластоў (да 3 рабочых). Вуглі каменныя, маркі Ж, КЖ, К, ОС, СС. Цеплыня згарання на рабочае паліва 23—24.8 МДж/кг. Распрацоўваецца Нерунгрынскае радовішча адкрытым спосабам. Цэнтр здабычы г. Нерунгры.

т. 12, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)