БЕСКАНЕ́ЧНА МАЛА́Я ў матэматыцы,
пераменная велічыня, што ў зададзеным працэсе становіцца і застаецца па абсалютнай велічыні меншай за любы папярэдне зададзены лік (мяжой з’яўляецца 0); адваротная да бесканечна вялікай. Калі x — бесканечна малая, то скарочана запісваюць lim x = 0 або x → 0. У матэм. аналізе важныя адносіны бесканечна малых адна да адной і іх сума пры неабмежаванай колькасці складаемых. Гл. таксама Дыферэнцыяльнае злічэнне, Інтэгральнае злічэнне.
т. 3, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНАЯ РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ пры Дзяржаўным патэнтным ведамстве Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1977 у Мінску на базе навук.-тэхн. б-кі Ін-та навук.-тэхн. інфармацыі. Найб. поўны на Беларусі фонд навук.-тэхн. л-ры і дакументацыі па ўсіх галінах прам-сці — больш за 20 млн. адзінак. Рэсп. цэнтр міжбібліятэчнага абанемента па тэхн. л-ры, метадычны цэнтр навук.-тэхн. б-к Беларусі. Мае 5 абл. філіялаў.
т. 3, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ШМА (Міхаіл Іванавіч) (н. 19.7.1951, в. Дзяляцічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. фармаколаг. Д-р мед. н. (1991). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1974). З 1977 у Ін-це біяхіміі АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні ролі эндагенных рэчываў (некаторых вітамінаў, амінакіслот і фосфаліпідаў) у рэгуляцыі актыўнасці ферментных сістэм мікрасамальнага акіслення і працэсаў перакіснага акіслення ліпідаў у жывёл і чалавека ў норме і пры інтаксікацыях.
т. 3, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАЛО́ВІЧ (Іван Ільіч) (н. 15.6.1922, в. Малыя Жаберычы Крупскага р-на Мінскай вобл.),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1943. Удзельнік Курскай бітвы 1943, вызвалення Беларусі, баёў ва Усх. Прусіі. Вызначыўся: у чэрв. 1944 у час прарыву варожай абароны на ПнЗ ад Рагачова; у пач. 1945 у 3-дзённых баях каля г. Гумбінен; у сак. 1945 пры ліквідацыі ўсх.-прускай групоўкі праціўніка.
т. 1, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬФРЭ́Д ВЯЛІ́КІ (Alfred the Great; каля 849 — 26.10.899),
кароль Уэсекса [871—899]. Аб’яднаў пад сваёй уладай суседнія англасаксонскія каралеўствы. Стварыў флот, пабудаваў крэпасці. У выніку ўпартай барацьбы з датчанамі каля 886 авалодаў паўд.-зах. ч. Англіі. Спрыяў развіццю адукацыі, навукі і л-ры. Аўтар геагр. апісанняў Паўн. Еўропы і перакладаў на стараж.-англ. мову твораў лац. аўтараў. Пры ім складзены 1-ы агульнаангл. збор законаў і частка «Англасаксонскай хронікі».
т. 1, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЛІТУ́ДНЫ ДЫСКРЫМІНА́ТАР,
прыстасаванне для вылучэння (селекцыі) эл. сігналаў, амплітуда якіх перавышае вызначанае (парогавае) значэнне. Схема амплітуднага дыскрымінатара будуецца на электронных прыладах, якія маюць рэзка нелінейную амплітудную характарыстыку (напр., дыёды). Спускавыя схемы амплітуднага дыскрымінатара дазваляюць атрымліваць на выхадзе імпульсы, форма і амплітуда якіх не залежаць ад формы першаснага сігналу. Выкарыстоўваецца ў імпульсных сістэмах тэлекіравання і тэлевымярэння пры вылучэнні карыснага сігналу з шумоў; уваходзіць у склад амплітуднага аналізатара.
т. 1, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛЯПІ́ХАВЫ АЛЕ́Й,
алей з пладоў абляпіхі. Вадкасць ад светла-жоўтага да аранжава-карычневага колеру, t застывання -20 °C, шчыльн. 0,92∙103 кг/м³, нерастваральны ў вадзе, растваральны ў арган. растваральніках. Мае ў сабе 11—12% насычаных тлустых кіслот (C16, C18), 23—42% алеінавай, 32—36% лінолевай, 14—27% ліналенавай кіслот, багаты карацінамі, караціноідамі, вітамінам Е.Антысептык, выкарыстоўваюць пры апёках, пашкоджаннях скуры, язвавых і інш. захворваннях.
т. 1, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВА́НС (франц. avance),
грашовая сума або маёмасная каштоўнасць, якая выдаецца папярэдне ў лік будучых плацяжоў за прадукцыю, работу ці паслугі. Аванс атрымліваюць работнікі як частку заработнай платы, на камандзіровачныя ці гасп. затраты. Аванс могуць атрымліваць прадпрыемствы, установы, прадпрымальнікі пры заключэнні дагавораў і камерцыйных здзелак (у гэтым выпадку аванс можа пераводзіцца і па безнаяўным разліку). У выпадку невыканання дагавора, паводле якога выдадзены аванс, ён павінен быць вернуты.
т. 1, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАРЫ́ЙНЫ ВЫ́КІД у экалогіі, ненаўмысны выкід забруджвальных рэчываў у прыроднае асяроддзе пры аварыях на прамысл. прадпрыемствах, ачышчальных збудаваннях і інш. тэхн. сістэмах. Па характары блізкі да залпавага выкіду. Можа ствараць небяспечныя рэгіянальныя экалагічныя сітуацыі (катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, аварыі трубаправодаў, буйных нафтаналіўных танкераў), часцей выклікае лакальнае забруджванне. Вынікам аварыйнага выкіду з Чарнобыльскай АЭС было суцэльнае і плямістае забруджванне земляў Беларусі, Украіны і далёкіх тэрыторый.
т. 1, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РДАХ ((Bardach) Юльюш) (н. 3.11.1914, г. Адэса),
польскі гісторык права. Чл. Польскай АН (1989). Скончыў Віленскі ун-т (1939). У 1950—85 ў Варшаўскім ун-це (з 1960 праф.), адначасова ў 1961—69 дырэктар Ін-та гісторыі права пры гэтым ун-це. Даследуе грамадска-паліт. лад і права Польшчы і ВКЛ 14—18 ст., звычаёвае права Беларусі і Літвы, Статуты ВКЛ, праблемы гістарыяграфіі, метадалогіі гісторыі і інш.
т. 2, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)