сацыяльна-эканамічная з’ява, калі пэўная частка працаздольнага насельніцтва не можа знайсці работу. Бывае фрыкцыйнае (часовая добраахвотная незанятасць, звязаная з пераходам з адной работы на другую), скрытае (калі для вытв. працэсу патрэбна меншая за наяўную колькасць работнікаў), структурнае (незанятасць, абумоўленая структурнай перабудовай эканомікі), цыклічнае (незанятасць у сувязі са спадам вытв-сці, з пэўнай фазай эканам. цыкла). У любой форме беспрацоўе азначае страту часткі прац. рэсурсу грамадства, што вядзе да адмоўных сац.-эканам. вынікаў: недабору прадукцыі, недагрузкі асн. капіталу, змяншэння сямейных бюджэтаў, незадаволенасці беспрацоўных і інш.
К.Маркс лічыў беспрацоўе прадуктам і ўмовай існавання капіталізму. Тэхнічным перааснашчэннем вытв-сці і павышэннем інтэнсіўнасці працы прадпрымальнікі змяншаюць затраты на аплату рабочай сілы і ствараюць рэзервовую армію працы. Наяўнасць беспрацоўных буржуазія выкарыстоўвае для наступлення на інтарэсы працуючых, узмацняе іх эксплуатацыю для павышэння сваіх прыбыткаў. Асабліва хутка расце беспрацоўе ў перыяд эканам. крызісу, калі закрыццё прадпрыемстваў і звальненне рабочых набывае масавы характар. Паводле звестак міжнар. арганізацыі працы, у канцы 1980-х г. у развітых краінах было каля 50 млн. беспрацоўных. Узровень беспрацоўя (адносіны колькасці беспрацоўных да колькасці працаздольных) аказвае прамы ўплыў на велічыню валавога нац. прадукту (ВНП). Паводле закона А.Ойкена, 1% беспрацоўя ў краіне змяншае яе ВНП на 2,5% і наадварот. У эканоміцы ЗША гэтыя суадносіны 1:2. Таму, каб зменшыць негатыўныя вынікі беспрацоўя, улады развітых краін імкнуцца трымаць яго пад кантролем праз дзярж. рэгуляванне эканомікі (антыманапольнае заканадаўства, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, мэтавае бюджэтнае фінансаванне і інш.). Для больш эфектыўнага выкарыстання свабоднай рабочай сілы пашырана сфера дзейнасці біржаў працы, якія пераўтвораны ў дзярж. ўстановы. Тым, хто афіцыйна прызнаны беспрацоўным, аказваецца дапамога па беспрацоўі.
Як і ў інш. краінах, на Беларусі беспрацоўе з’явілася ў выніку капіталіст. рацыяналізацыі вытв-сці. Напачатку тут пераважала скрытае беспрацоўе, асабліва сярод сельскага насельніцтва: у 1890 у бел. вёсках было не занята 1127,8 тыс.чал. (38,9%), у 1900 — 2039,8 тыс.чал. (56,9%). Па 5—6 мес на працягу года не мелі работы і многія дробныя таваравытворцы. Пра скрытае беспрацоўе сведчаць адыходніцтва, перасяленне ў Сібір і на Д.Усход, эміграцыя ў Амерыку і Зах. Еўропу. У час крызісу 1901—03 беспрацоўнымі сталі амаль 19% прамысл. рабочых. За 50 гадоў да 1-й сусв. вайны ў пошуках работы бацькаўшчыну пакінула 1,4 млн. беларусаў. У 1921 у БССР афіцыйна зарэгістравана 7,8 тыс. беспрацоўных, у жн. 1924 — 25,9 тыс., у 1928 — 64,4 тыс.Гал. прычынай беспрацоўя была разбуранасць эканомікі ў час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі і агр. перанаселенасць. Сав. дзяржава аказвала беспрацоўным дапамогу. У сувязі з індустрыялізацыяй колькасць іх пачала хутка змяншацца і да канца 1931 беспрацоўе на Беларусі ліквідавана, хоць фактычна існавала скрытае. У Зах. Беларусі ў 1936 было 25 тыс. беспрацоўных. З пераходам да рыначнай эканомікі пачалося фарміраванне і рынку працы. На пач. 1994 на Беларусі зарэгістравана 66 тыс. беспрацоўных (з іх 52% атрымлівалі дапамогу), узровень беспрацоўя склаў 1,4%. Вырашэннем праблем працаўладкавання беспрацоўных займаецца Цэнтр занятасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫХ (Henri),
імя правіцеляў сярэдневяковай Германіі і «Свяшчэннай Рымскай імперыі».
Генрых I Птушкалоў (каля 875—2.7.936), герцаг Саксоніі (Генрых; з 912) і герм. кароль (у 919—936), заснавальнік Саксонскай дынастыі. Выбраны каралём пасля смерці Конрада I. Шляхам кампрамісаў ліквідаваў мяцяжы герцагаў Швабіі (919) і Баварыі (921). Стабілізаваў каралеўскую ўладу, пабудаваў мноства крэпасцей (бургаў), стварыў моцнае коннае войска. Далучыў Латарынгію (925), перамог венграў каля Рыядзе на р. Унструт (933), намагаўся абкласці данінай палабскіх славян, заснаваў марку (пагран. вобласць) у Шлезвігу (935). Яго пераемнікам стаў старэйшы сын (гл.Атон I).
Генрых II Святы (6.5.973, г. Бад-Абах, Германія — 13.7.1024), герцаг Баварыі (Генрых IV; з 995), герм. кароль (з 1002), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (у 1014—24). З Саксонскай дынастыі. У 1007 заснаваў епіскапства Бамберг. Умацаваў панаванне імперыі ў Паўн. (1004) і Паўд. (1021/22) Італіі. Праз падтрымку царквы клапаціўся пра ўмацаванне сваёй улады. У 1146 кананізаваны царквой.
Генрых III (28.10.1017—5.10.1056), герцаг Баварыі (з 1027), герм. кароль (з 1028), герцаг Швабіі, Карынтыі і кароль Бургундыі (з 1038), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (у 1046 — 56). З Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Конрада II. Самастойна правіў з 1039. У час паходу ў Італію (1046—47) скінуў рым. пап, якія сапернічалі паміж сабой; пазней неаднаразова прызначаў кандыдатаў на папскі прастол. Дамогся прызнання залежнасці ад імперыі Венгрыі і Багеміі (Чэхіі).
Генрых IV (11.11.1050, г. Гослар, Германія — 7.8.1106), кароль з 1056, імператар у 1084—1106 (каранаваны як імператар у Рыме антыпапам Кліментам III). З Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Генрыха III. Самастойна правіў з 1065. Задушыў Саксонскае паўстанне 1073—75. З 1076 на працягу больш як 20 гадоў вёў з рым. папамі (Грыгорыем VII і інш.) барацьбу за інвестытуру, адным з эпізодаў якой было т.зв. «хаджэнне ў Каносу».
Генрых V (11.8.1086 — 23.5.1125), кароль з 1106, імператар у 1111—25 (нашчадак прастола з 1098). Апошні з Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Генрыха IV. Пры жыцці бацькі зблізіўся з яго праціўнікамі — рымскім папам і часткай ням. курфюрстаў. Стаўшы правіцелем, аднавіў барацьбу з папствам за інвестытуру, якая завяршылася Вормскім канкардатам (1122).
Генрых VI (1165, г. Німвеген, цяпер г. Неймеген, Нідэрланды — 28.9.1197), германскі кароль (з 1190) і імператар (у 1191—97), кароль Сіцыліі (з 1194). З дынастыі Гогенштаўфенаў (гл.Штаўфены). Сын Фрыдрыха I Барбаросы. У 1186 ажаніўся са спадчынніцай сіцылійскага прастола Канстанцыяй. Падтрымаў франц. караля Філіпа II у яго барацьбе супраць англ. караля Рычарда I Львінае Сэрца (восенню 1192 паланіў Рычарда і пратрымаў яго ў палоне каля 2 гадоў). У 1194 захапіў Сіцылію. Апантаны ідэяй стварэння «сусв. манархіі» Гогенштаўфенаў, пачаў падрыхтоўку да вайны супраць Візантыі; у час прыгатаванняў і памёр.
Генрых VII (1274 ці 1275—24.8.1313), кароль з 1308, імператар у 1312—13 (каранаваны як імператар у Рыме). З дынастыі Люксембургаў. Сын Генрыха III Люксембургскага. Выбраны каралём большасцю курфюрстаў. У 1310 праз дынастычны шлюб дамогся перадачы чэш. прастола свайму сыну Іагану (Ян Люксембургскі). Пазней, намагаючыся зноў падпарадкаваць імперыі Італію, здзейсніў туды паход.
Да арт.Генрых (германскія правіцелі). Генрых II Святы (злева) і Генрых VI.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГДЭБУ́РГСКАЕ ПРА́ВА (майдэборскае права)
(лац. jus theutonicum magdeburgense),
феадальнае гарадское права. Склалася ў ням. горадзе Магдэбург у 12—13 ст. з розных крыніц, у т. л. з прывілеяў, выдадзеных архіепіскапам Віхманам гар. патрыцыяту (1188), Саксонскага зярцала, пастаноў суда шэфенаў Магдэбурга і інш. Мела універсальны характар, г.зн. трактавала розныя віды праваадносін: дзейнасць гар.улады, суда, яго кампетэнцыю і парадак судаводства, пытанні зямельнай уласнасці «ў межах горада», парушэнні ўладання, захопу нерухомасці, устанаўлівала пакаранні за розныя віды злачынстваў і г.д. Асобае месца займалі нормы, што рэгулявалі гандаль і рамесніцтва, дзейнасць цэхаў і купецкіх гільдый, парадак падаткаабкладання. М.п. з’явілася юрыд. замацаваннем поспехаў гараджан у барацьбе з феадаламі за самастойнасць. Яно давала гораду права на самакіраванне і ўласны суд, права зямельнай уласнасці і вызваленне ад большай часткі феад. павіннасцей. М.п. было перанята многімі гарадамі Усх. Германіі, Усх. Прусіі, Сілезіі, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы.
З 14 ст. М.п. пашыралася на гарады ВКЛ. Жыхары гарадоў, якія атрымлівалі М.п., вызваляліся ад феад. павіннасцей, ад суда і ўлады ваяводаў, старостаў і інш.дзярж. службовых асоб. У прыватнаўладальніцкіх гарадах М.п. не вызваляла гараджан ад залежнасці і ўлады феадалаў, аднак залежнасць не мела рысаў прыгонніцтва. На аснове М.п. ў горадзе ствараўся выбарны орган самакіравання — магістрат. 3 увядзеннем М.п. адмянялася дзейнасць мясц. права, але не адмаўлялася правамернасць карыстання мясц. звычаямі, калі вырашэнне справы не прадугледжвалася М.п. У судовай практыцы магістратаў Беларусі разам з М.п. выкарыстоўваліся нормы агульнадзярж. права — Статутаў ВКЛ, судовых статутаў сталіцы — Вільні і ўласнай юрыд. практыкі. У ліку першых М.п. ў ВКЛ атрымалі Вільня (1387), Брэст (1390), Гродна (1391 няпоўнае, 1496 поўнае), Слуцк (1441), Высокае (1494), Полацк (1498), Мінск (1499), Браслаў (1500), Навагрудак (1511) і інш. М.п. мелі каля 60 гарадоў і мястэчак Беларусі. Граматы на М.п. дзярж. гарадам выдавалі вял. князі ВКЛ, прыватнаўладальніцкім гарадам — уладальнікі гарадоў або па іх хадайніцтве вял. князі. На Беларусі М.п. скасавана паводле ўказаў Кацярыны II у Магілёўскай губ. ў ліст. 1775, у Мінскай — у маі 1795, у зах. Беларусі — у снеж. 1795.
Літ.:
Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в., Мн., 1975;
Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (Соц. экон. исслед. истории городов). Мн., 1975.
Гарады і мястэчкі Беларусі, якія мелі магдэбургскае права
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСІ́ЛЛЕ,
выкарыстанне сілы або пагрозы сілай якім-н. сац. суб’ектам (асобай, групай, супольнасцю, арг-цыяй, партыяй, дзяржавай і да т.п.) з мэтай прымусу людзей да пэўных паводзін, набыцця або захавання эканам. і паліт. панавання, заваёвы пэўных правоў, прывілеяў або тэрыторый. Н. як адзін з канстытуіруючых кампанентаў гіст. працэсу адыграла істотную ролю ў працэсах утварэння дзяржаў, імперый, заваёў, паўстанняў, рэвалюцый, войнаў, сцвярджэння рэлігіі, у рэалізацыі рэпрэсіўных стратэгій пануючымі дзярж. структурамі. Мэтамі Н. могуць быць: захоп, захаванне, умацаванне, змена ўлады, перамены ў ажыццяўленні палітыкі, заваёва. інш. народаў, тэрыторый і краін, эканам. ўзбагачэнне, задушэнне апазіцыі, іншадумства і да т.п. Паводле маштабаў бывае адзінкавае (асобныя адзінкавыя дзеянні), групавое ці абмежаванае (у адносінах да пэўных сац., этн., паліт., рэліг. груп), масавае (масавыя рэпрэсіі, тэрор, вайна і інш.). Асн. віды і формы Н.: агрэсія, унутрыдзярж. (грамадзянская), міждзярж., сусв. войны, рэвалюцыя, паўстанне, бунт, пераварот, путч, тэрор, забойства, збіванне, згвалтаванне, замбіраванне. Вылучаюць таксама Н. інструментальнае, якое мае канкрэтную мэту (напр., захоп улады), і сімвалічнае, якое арыентавана на засваенне створанага прапагандай пэўнага ўзору (напр., прапагандаванага ў фаш. Германіі вобраза «сапраўднага арыйца»). У сучасным свеце шырока ўжываецца ўскоснае, псіхал. Н. ў выглядзе навязвання скажонай інфармацыі, сац. міфаў, маніпуліравання свядомасцю людзей.
Існуе некалькі тэорый Н. напр., Я.Дзюрынг лічыў, што прычынай паяўлення ў грамадстве проціборствуючых класаў з’яўляецца менавіта Н. Абапіраючыся на яго тэорыю, аўстр. сацыёлаг Л.Гумпловіч, тэарэтык сацыял-дэмакратыі К.Каўцкі лічылі выкарыстанне Н. вырашальнай прычынай узнікнення класаў і дзяржавы. К.Маркс, а ўслед за ім У.І.Ленін разглядалі Н. як характар сац. прагрэсу, асабліва перабольшвалася роля рэв. Н. ў стварэнні новых, больш прагрэс., сацыяліст. форм грамадскага ладу. Буйнамаштабныя формы выкарыстання масавага Н. ў 20 ст. (2 сусв. вайны, сац. рэвалюцыі, масавы тэрор, які ажыццяўляўся таталітарнымі паліт. рэжымамі і інш.) паказалі абмежаванасць, аднабаковасць толькі сац.-класавай трактоўкі Н. і зноў прыцягнулі ўвагу да пошукаў вытокаў Н. ў асаблівасцях чалавечай прыроды, што бярэ пачатак у канцэпцыях Т.Гобса, Ф.Ніцшэ і З.Фрэйда. Аўстр. філосаф К.Лорэнц лічыў уласцівую чалавеку агрэсіўнасць, звязаную з Н., ахоўнай рэакцыяй арганізма на неспрыяльнае ўздзеянне навакольнага асяроддзя. Э.Фром, даследуючы «анатомію чалавечай дэструктыўнасці», якая выяўлялася ў розных формах Н. над сабой і інш. (садызм, мазахізм, імкненне ўладарнічаць, падпарадкоўваць), паказаў, што ўсе яе праяўленні абумоўлены сац. фактарамі «хворага грамадства», якое адчувае неабходнасць у лячэнні на аснове «гуманістычнага псіхааналізу». У гісторыі грамадска-паліт., філас. і рэліг. думкі існавала мноства канцэпцый, якія абвяргалі неабходнасць выкарыстання Н. Ідэя ненасілля зарадзілася ў стараж.-ўсх.рэліг. культах індуізму, будызму і канфуцыянства, знайшла ўвасабленне ў стараж.-грэч. традыцыі і ў раннім хрысціянстве. Прынцып цярплівасці і звязаных з ім ненасільных дзеянняў знайшоў адлюстраванне ў філас. працах Вальтэра, Ж.Ж.Русо, Дж.Лока, І.Канта. У найноўшы час прынцып ненасілля атрымаў яркае ўвасабленне ў вучэнні аб непраціўленні злу насіллем Л.М.Талстога, аб ненасільных дзеяннях у паліт. сферы М.Гандзі, у імкненні М.Л.Кінга выкарыстоўваць ненасілле ў барацьбе з расавым прыгнётам. Гэтыя прынцыпы ў сучасных умовах выкарыстоўваюцца ў міжнар. адносінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НІНЫ,
расійскія дзярж. і ваен. дзеячы. Мікіта Іванавіч П. (29.9.1718, г. Гданьск, Польшча — 11.4.1783). Служыў у коннай гвардыі. У 1747 пасланнік у Даніі, у 1748—60 — у Швецыі. У 1760—73 выхавальнік вял.кн. Паўла Пятровіча (гл.Павел I). Удзельнічаў у звяржэнні Пятра III і ўзвядзенні на прастол Кацярыны II. Старэйшы чл. (фактычна кіраўнік) Калегіі замежных спраў у 1763—81, саветнік імператрыцы па пытаннях знешняй палітыкі. Распрацоўваў і праводзіў у жыццё план «Паўн. акорда» — саюзу Расіі, Прусіі, Даніі, Швецыі, Вялікабрытаніі і Рэчы Паспалітай супраць Францыі, Аўстрыі і італьян. дзяржаў. Напачатку прыхільнік захавання цэласнасці Рэчы Паспалітай. Склаў праект стварэння дысідэнцкіх канфедэрацый: пратэстанцкай Тарунскай і пратэстанцка-правасл.Слуцкай канфедэрацыі. Пасля акупацыі Аўстрыяй ч. Польшчы (1769) удзельнічаў у падрыхтоўцы першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772), за што атрымаў ва ўласнасць сялян і землі ў Полацкай прав. Знаходзіўся ў тайнай, але пастаяннай апазіцыі да Кацярыны II і яе фаварытаў (Р.Р.Арлова і інш.). У пач. 1770-х г. узначальваў змову (брат Пётр Іванавіч П., драматург Дз.І.Фанвізін, які ў 1773 склаў праект канстытуцыйнага абмежавання манархіі, інспірыраваны П. і інш.) на карысць Паўла Пятровіча. Быў пазбаўлены ўсіх пасад і ў 1781 пад націскам царадворцаў падаў у адстаўку. Пётр Іванавіч П. (1721, с. Вязоўка Калужскай вобл. — 26.4.1789), ген.-аншэф (1762), граф (1767). Брат Мікіты Іванавіча П. На ваен. службе з 1735. Удзельнік рас.-тур. вайны 1735—39. У Сямігадовую вайну 1756—63 ген.-маёр, з 1759 ген.-паручнік; вызначыўся ў бітвах супраць прускіх войск пры Грос-Егерсдорфе (1757), Цорндорфе (1758) і Кунерсдорфе (1759), удзельнічаў ва ўзяцці Берліна (1760). З 1762 рас. ген.-губернатар Усх. Прусіі, камандуючы рас. войскамі ў Памераніі і Гольштэйне. У рас.-тур. вайну 1768—74 камандуючы 2-й арміяй, узяў штурмам крэпасць Бендэры (1770), але пры гэтым меў значныя страты і дапусціў шэраг стратэг. пралікаў, за што звольнены ў адстаўку. Разам з братам Мікітам Іванавічам П. адзін з лідэраў апазіцыі ўраду Кацярыны II. У чэрв. 1774 — жн. 1775 галоўнакамандуючы войскамі пры задушэнні сял. вайны пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. З 1775 зноў у адстаўцы. Разам з П.А.Румянцавым адзін са стваральнікаў лёгкай пяхоты (егераў) у рас. арміі. Мікіта Пятровіч П. (28.4.1770, г. Харкаў, Украіна — 13.3.1837), сын Пятра Іванавіча. З 1791 на ваен. і прыдворнай службе. У 1796 (пасля падзелу Рэчы Паспалітай) гал. камісар рас. боку па ўстанаўленні мяжы паміж Расіяй і Прусіяй. Са снеж. 1796 чл. Калегіі замежных спраў. З ліп. 1797 надзвычайны паўнамоцны міністр Расіі ў Прусіі. З 1799 віцэ-канцлер. Выступаў супраць лініі Паўла I на збліжэнне з Францыяй, першы прапанаваў вял.кн. Аляксандру Паўлавічу (гл.Аляксандр I) план адхілення Паўла I ад улады. У 1800 звольнены і сасланы ў Маскоўскую губ. Пры Аляксандру I чл. Калегіі замежных спраў, фактычны кіраўнік рас. знешняй палітыкі, у 1801 з прычыны рознагалоссяў з царом зноў звольнены. З 1804 да канца жыцця ў афіц. апале з забаронай наведваць сталіцы. Жыў у маёнтку Дугіна Смаленскай губ., дзе займаўся музыкай (напісаў оперы «Гарбуны» і «Модная крама»).
Літ.:
Гаврюшкин А.В. Граф Никита Панин: Из истории рус. дипломатии XVIII в. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т НАРО́ДНЫХ КАМІСА́РАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР, Саўнарком БССР, СНКБССР,
вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган дзярж.улады, урад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) у 1920—46. Створаны 18.12.1920 паводле дапаўненняў да Канстытуцыі Сацыяліст.Сав. Рэспублікі Беларусі 1919, прынятых Другім Усебеларускім з’ездам Саветаў у снеж. 1920. Да пастановы Шостага Усебеларускага з’езда Саветаў 1924 (надзвычайнага), прынятай 16.3.1924, абавязкі старшыні ЦВК і СНК, а таксама наркома па замежных справах выконваліся адной асобай. Членамі СНК былі нар. камісары ўсіх наркаматаў, старшыні Савета нар. гаспадаркі і Надзвычайнай камісіі. Пры СНК дзейнічалі пастаянныя камісіі: Эканам. нарада, Камісія заканад. меркаванняў, Дзярж. планавая камісія. Кампетэнцыя і склад СНКБССР мяняліся ў сувязі з утварэннем СССР і зменамі ў дзярж.-прававой пабудове, са стварэннем новых цэнтр. органаў кіравання (наркаматаў і ўпраўленняў) галінамі эканомікі і культуры. СНКБССР ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва рэспублікай праз наркаматы, выканкомы Саветаў. Ён прымаў пастановы і выдаваў распараджэнні па ўсіх пытаннях, якія не адносіліся выключна да кампетэнцыі Усебел. з’езда Саветаў, ЦВКБССР і яго Прэзідыума. СНК быў адказны перад з’ездам Саветаў і ЦВКБССР. Пастановы СНК аб дзярж. і мясц. бюджэце, падатках, адм.-тэр. падзеле рэспублікі, увядзенні мер аховы парадку ў ёй абавязкова зацвярджаліся Прэзідыумам ЦВК. Старшыня СНКБССР меў права прыпыняць распараджэнні акр. выканаўчых к-таў, нар. камісарыятаў, кіраўнікоў цэнтр. устаноў і ведамстваў, распараджэнні ўпаўнаважаных Нар. камісарыятаў СССР пры СНКБССР з наступным дакладам пра гэта СНКБССР на яго бліжэйшым пасяджэнні. Паводле Канстытуцыі Беларускай ССР 1927 у склад СНКБССР уваходзілі Старшыня СНК, яго нам., старшыня ВСНГ, 10 наркомаў, кіраўнік ЦСУ (з правам рашаючага голасу), старшыня ДПУ БССР і 4 упаўнаважаныя нар. камісарыятаў СССР (з правам рашаючага ці дарадчага голасу паводле пастановы ЦВКБССР). Кампетэнцыя і структура нар. камісарыятаў і ўзаемаадносіны паміж іх асобнымі органамі вызначаліся агульным Палажэннем аб асобных камісарыятах. Паводле пастановы IX Усебел. з’езда Саветаў «Аб змяненнях і дапаўненнях Канстытуцыі (Асноўнага закона) Беларускай ССР» (22.1.1935) СНКБССР стаў адказным не толькі перад Усебел. з’ездам Саветаў і ЦВКБССР, але і перад Прэзідыумам ЦВК. Пры СНК пакінуты 2 пастаянныя камісіі: Эканам. савет і Дзярж. планавая камісія. Паводле Канстытуцыі Беларускай ССР 1937 у склад СНКБССР уваходзілі Старшыня СНК, яго нам., старшыня Дзяржплана, 14 наркомаў (харч., лясной, лёгкай прам-сці, земляробства, збожжавых і жывёлагадоўчых саўгасаў, фінансаў, унутр. гандлю, унутр. спраў, юстыцыі, аховы здароўя, асветы, мясц. прам-сці, камунальнай гаспадаркі, сац. забеспячэння), упаўнаважаны К-та нарыхтовак СССР, нач. упраўлення па справах мастацтваў і 8 упаўнаважаных агульнасаюзных наркаматаў (абароны, замежных спраў, знешняга гандлю, шляхоў зносін, сувязі, воднага транспарту, цяжкай і абароннай прам-сці). Паводле указа Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 26.3.1946 СНКБССР пераўтвораны ў Савет Міністраў Беларускай ССР (гл.Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пра́ва1, ‑а, н.
1. Сістэма ўстаноўленых ці санкцыянаваных і забяспечаных дзяржавай агульнаабавязковых норм (правіл паводзін), якія выражаюць дзяржаўную, абумоўленую эканамічным ладам грамадства волю пануючых у грамадстве класаў (у сацыялістычнай агульнанароднай дзяржаве — волю ўсяго народа). Выбарчае права.
2. Навука аб гэтых правілах, аб правах. Факультэт права.
3. Правамоцтва, якое належыць пэўнай асобе. Права на працу. Права на адукацыю. □ Права на адпачынак ажыццяўляецца ў нашай краіне шляхам устанаўлення для рабочых і служачых штогадовых водпускаў.«Маладосць».// Афіцыйны дазвол, допуск да выканання якіх‑н. абавязкаў, для заняцця якой‑н. пасады. [Сцёпка] раптам набраўся смеласці і, трымаючы ў руках свой лісток на права здаваць экзамен, стаў у невялікую чаргу.Колас.//толькімн. (правы́, ‑оў). Дакумент, які дазваляе каму‑н. кіраваць аўтамабілем, матацыклам і пад. Атрымаць правы.
4. Магчымасць дзейнічаць якім‑н. спосабам. Закон і права ў долі роўнай Для ўсіх законаў, для ўсіх нацый Рукой жалезнай, непакорнай Напішаш, дыктатура працы.Купала.
5. Падстава, прычына. Сцвярджаць з поўным правам.
•••
Актыўнае выбарчае права — права грамадзян удзельнічаць у выбарах у прадстаўнічыя органы дзяржаўнай улады.
Дзяржаўнае права — сукупнасць юрыдычных норм, якія замацоўваюць асновы грамадскага і дзяржаўнага ладу краіны.
Прыгоннае права — права памешчыка распараджацца прыгоннымі сялянамі, якія належалі яму, іх жыццём і маёмасцю.
Рымскае права — сукупнасць прававых норм, выпрацаваных у Старажытным Рыме, якія выражалі волю пануючага класа рабаўладальнікаў і былі засвоены многімі еўрапейскімі дзяржавамі.
Рэчавае права — частка грамадзянскай права, якая вызначае нормы валодання рэчамі.
Кулачнае права — панаванне моцнага над слабым, узброенага над няўзброеным і пад., заснаванае на адным толькі насіллі і не падмацаванае маральна і юрыдычна.
Сваё права правіцьгл. правіць.
пра́ва2,
У выразе: права руля — каманда, якая падаецца для павароту руля ўправа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЗАХО́ДНЯЯ БЕЛАРУ́СЬ,
частка тэр Беларусі, якая ў выніку савецка-польскай вайны 1920 захоплена Польшчай і паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 знаходзілася ў яе складзе да вер. 1939. Паводле адм.-тэр. падзелу тэр. З.Б. была падзелена на 29 паветаў, што ўваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Агульная пл. 113 тыс.км², нас. 4,6 млн.чал. (1931). Гал.культ. і навук. цэнтрам З.Б. была Вільня. У прамысл. адносінах найб. развіты Беластоцкі прамысл. раён. Найб. гарады: Вільня, Гродна, Брэст, Беласток, Слонім, Ліда, Навагрудак, Пінск, Лунінец, Кобрын, Пружаны, Ваўкавыск, Баранавічы, Маладзечна, Вілейка. З.Б. была адносна адсталай агр. ускраінай Польшчы і выкарыстоўвалася ёй пераважна як крыніца сыравіны, таннай рабочай сілы і рынак збыту яе прам-сці. У эканоміцы назіраўся застой. Працоўныя пакутавалі і ад эксплуатацыі, і ад нац. ўціску. Разбураная войнамі прам-сць аднаўлялася марудна, новыя прадпрыемствы амаль не будаваліся, прыродныя багацці краю (асабліва лясы) выкарыстоўваліся няшчадна. У 1928 у З.Б. дзейнічала каля 2 тыс. прадпрыемстваў, але на 80% з іх працавала па 5—20 чал. У гады эканам. крызісу (1929—33) тут часова спынілі работу каля 230 прадпрыемстваў. Складаючы 24% тэрыторыі і 13% насельніцтва Польшчы, удзельная вага прам-сці З.Б. ледзь перавышала 3%. У прам-сці, на транспарце і лесараспрацоўках было занята каля 100 тыс.чал.; амаль 50 тыс. рамеснікаў. Беспрацоўе тут было хранічнае (больш за 25 тыс. беспрацоўных у 1936), рабочы дзень дасягаў 10—12 гадз., зарплата была больш нізкая, чым у карэннай Польшчы. Больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай. Сяляне пакутавалі ад малазямелля, перажыткаў прыгонніцтва (адработкі, шарваркі), цяжкіх падаткаў, высокіх цэн на прамысл. тавары і нізкіх цэн на с.-г. прадукты, запазычанасці банкам, самаўпраўства чыноўнікаў і паліцыі. У 1920-я г. на памешчыцкі маёнтак у сярэднім прыпадала каля 500 га зямлі, на сял. двор — каля 7 га; амаль 55 тыс. гаспадарак мелі надзел меншы за 1 га, каля 90 тыс. парабкаў былі зусім беззямельныя. У выніку зямельных рэформ 1920—30-х г. (парцэляцыя, ліквідацыя сервітутаў, камасацыя, пасяленне асаднікаў) зямельныя ўладанні памешчыкаў значна паменшалі, хоць зусім не ліквідаваны. Рэформы садзейнічалі ўмацаванню сял. гаспадарак, рассяленню сялян на хутары (да 1939 на хутары расселена каля 70% сял. гаспадарак). У 1930-я г. прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі значна вырасла: ураджайнасць збожжавых дасягнула ўзроўню Францыі, а па многіх культурах пераўзышла фермераў ЗША. Адсутнасць радыкальных пераўтварэнняў у агр. сектары спрыяла захаванню ў сял. сем’ях традыц. ўкладу, працоўнай маралі, нац. культуры і бел. мовы. Перанаселеная вёска не мела адтоку ў прам-сць, таму ў пошуках работы сяляне часта эмігрыравалі ў краіны Зах. Еўропы і Амерыкі. Польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі беларусаў, забаранялі бел. школы, абмяжоўвалі прыёмы з бел. школ у ВНУ, не дазвалялі карыстацца роднай мовай у дзярж. установах, не прызнавалі тэрміна «З.Б.», а называлі яе «крэсы ўсходне» («усх. ўскраіны») або Белапольшчай. З 400 бел. школ, што існавалі на тэр. З.Б. да 1921, у 1928 засталося 29 бел. і 49 польска-бел. школ, у 1934—16. Былі закрыты 2 настаўніцкія семінарыі (у Барунах і Свіслачы), 8 бел. гімназій (у Будславе, Гродне, Грудку, Клецку, Маладзечне, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах). Каля 35% насельніцтва З.Б. заставалася непісьменным (1939). Жорстка праследавалася бел. прэса, асабліва рэв. кірунку. Калі ў 1927 легальна выдаваліся 23 бел. газеты і часопісы, то ў 1930 іх стала 12; да 1939 асталіся толькі прапольскія і клерыкальныя выданні. Улады вышуквалі розныя прычыны, каб закрываць бел. выдавецтвы. бібліятэкі, клубы, хаты-чытальні. Гал. метадам кіравання ў З.Б. быў прымус, а часам і тэрор. Турмы і Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер былі перапоўнены паліт. вязнямі. Часта праводзіліся судовыя паліт. працэсы, масавыя рэпрэсіі. Бяспраўе, малазямелле, нац. прыгнёт, урадавая дыктатура абвастралі супярэчнасці, стваралі ўмовы для ўзмацнення нац.-вызв. руху, які ў розныя часы прымаў розныя формы, але ніколі не спыняўся. Эканам. выступленні рабочых часта суправаджаліся антыўрадавымі дэманстрацыямі, мітынгамі, сутычкамі з паліцыяй. Найб. вострыя формы гэты рух набыў у перыяды эканам. крызісу (1929—33) і стварэння антыфашысцкага народнага фронту (1935). Адбываліся і антыўрадавыя выступленні сялян (гл.Косаўскі расстрэл 1927, Асташынскае выступленне сялян 1932, Кобрынскае выступленне сялян 1933, нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935). Дэпутаты сейма ад З.Б. вялі парламенцкую барацьбу ў складзе Беларускага пасольскага клуба. У 1925—27 разгарнулася дзейнасць магутных нац.вызв. арг-цый Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ, больш за 2 тыс. яе гурткоў аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў), у 1927—30 — «Змаганне». Да 1930 левае крыло вызв. руху ў З.Б. было разгромлена. Легальную дзейнасць працягвалі толькі цэнтрысцкія і кансерватыўныя нац.-дэмакр. партыі і культ.-асв. арг-цыі. На працягу 1921—37 у ліку вядучых культ.-асв. арг-цый было Таварыства беларускай школы (ТБШ). Прыкметнай была дзейнасць Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (1926—37), Таварыства беларускай асветы. Радыкальны рэв. рух у З.Б. ў 1921—23 узначальвала Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), у 1923—38 — Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, у 1933 аб’ядноўвала каля 4 тыс. членаў). Спалучэннем легальных і нелегальных форм барацьбы КПЗБ часам удавалася скіроўваць нац.-вызв. рух у рэчышча класавай барацьбы. З гэтай мэтай яна выкарыстоўвала папулярныя ў народзе заклікі да самавызначэння З.Б., падтрымлівала надзённыя патрэбы працоўных, папулярызавала ў прыхарошаным выглядзе дасягненні ў БССР. Але нац. нігілізм КПЗБ у 1930-я г. абумовіў яе дэструктыўную ролю ў нац.-вызв. руху. Пад кіраўніцтвам КПЗБ дзейнічалі Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі (МОПР Зах. Беларусі), чырв. прафсаюзы, студэнцкая лявіца «Фронт». КПЗБ выдавала газ.«Чырвоны сцяг». час.«Бальшавік» і інш. Свае газеты і часопісы выдавалі БРА, БСРГ, «Змаганне», ТБШ, «Фронт», КСМЗБ, МОПР Зах. Беларусі і інш. грамадскія арг-цыі; выдаваліся прагрэсіўныя сатыр.час.«Маланка», «Асва». Сялянскія і хрысціянска-дэмакр.бел. партыі адхілялі рэв. рух як крайнюю і экстрэмісцкую форму барацьбы, найчасцей вялі памяркоўную палітыку. Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД, вядучая партыя З.Б. ў 1930-я г.), Беларускі сялянскі саюз (БСС), Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз), Беларуская санацыя і інш. партыі і арг-цыі часам дамагаліся дробных уступак у галіне бел.нац. культуры праз згоду з польскімі ўладамі. Значны ўплыў на развіццё нац.вызв. руху ў З.Б. мела творчасць бел. пісьменнікаў М.Танка (Я.І.Скурко), П.Пестрака, В.Таўлая, Л.Родзевіча, М.Васілька, А.Салагуба, М.Засіма, Н.Арсенневай, Х.Ільяшэвіча, П.Карузы, М.Краўцова, С.Крыўца, А.Стаповіча, М.Машары, У.Самойлы, публіцыстаў А.Альшэўскага, І.Канчэўскага, А.Луцкевіча, Я.Міско, А.Станкевіча, В.Харужай, навукоўцаў Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскага, І.Дварчаніна. З л-рай З.Б. звязана творчасць У.Жылкі, К.Сваяка, Г.Леўчыка, М.Гарэцкага, А́.Гаўрылюка і інш. Намаганнямі паэтаў «Беларускай газеты» ў снеж. 1933 праведзены нелегальны з’езд пісьменнікаў З.Б., прынята дэкларацыя з заклікам стварыць арг-цыю пісьменнікаў дзеля творчай работы «для народа і разам з ім». У 1934 улады забаранілі «Беларускую газету» і арыштавалі актыўных яе супрацоўнікаў. Значны ўклад у выяўл. мастацтва З.Б. зрабілі мастакі Я.Горыд, Я.Драздовіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, у муз. культуру — К.Галкоўскі, Л.Рагоўскі, М.Забэйда-Суміцкі. Плённую дзейнасць па стварэнні нар. хораў і збору бел.нар. песень праводзілі А.Грыневіч, Р.Шырма, Г.Цітовіч і інш. Большасць грамадска-паліт. і культ.-асв. арг-цый З.Б. размяшчалася ў Вільні, у т. л. выд-вы (Беларускае выдавецкае таварыства, Выдавецтва Таварыства беларускай школы, Выд-ваБел. ін-та гаспадаркі і культуры, Выд-ваБел. сялянска-работніцкага клуба, Знамяроўскага У. выдавецтва, Клецкіна Б.А. выдавецтва), Беларускае навуковае таварыства, Беларускі музей, Беларуская драматычная майстроўня, Беларускае дабрачыннае таварыства, Віленская беларуская гімназія, школы, кнігарні і інш. Тут выдадзены многія творы Гарэцкага, Дварчаніна, Родзевіча, М.Танка, Машары; выдаваліся многія газеты і часопісы, падручнікі для бел. школ, шматлікія календары, прамовы дэпутатаў у сейме. ТБШ, БСРГ і «Змаганне» праз свае клубы, гурткі і бібліятэкі-чытальні вялі шырокую культ.-асв. работу сярод насельніцтва, стваралі маст. гурткі, рыхтавалі канцэрты, якія былі своеасаблівым пратэстам супраць намераў польскіх улад задушыць роднае бел. слова і нар. культуру. Паліцыя часта арыштоўвала дзеячаў культуры і кіраўнікоў маст. самадзейнасці. Сярод найб. выдатных дзеячаў рэв.нац.-вызв. руху ў З.Б. былі кіраўнікі БСРГ, «Змагання», ТБШ, БРА і КПЗБ: Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Дварчанін, А.Луцкевіч, А.Станкевіч, А.Уласаў, П.Валошын, П.Мятла, М.Бурсевіч, Альшэўскі, М.Арэхва, Я.Бабровіч, І.Дабрыян, А.Данялюк, М.Дворнікаў, Ф.Валынец, Я.Гаўрылік, І.Грэцкі, П.Крынчык, Г.Муха-Мухноўскі, А.Лябецкая, Ф.Стацкевіч, М.Пяткевіч, Паўловіч, М.Кепель, П.Кізевіч, А.Канчэўскі, І.Лагіновіч (П.Корчык), І.Малец, С.Панкова, С.Прытыцкі, Родзевіч, І.Сяменікаў, А.Федасюк, Харужая, У.Царук і інш.
Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва З.Б. і Зах. Украіны. Жыхары З.Б. шчыра сустракалі армію як вызваліцельніцу. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (Беласток, 28—30.10.1939) прыняў Дэкларацыю пра абвяшчэнне Сав.улады і ўз’яднанне З.Б. з БССР. 12.11.1939 сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла законы пра ўз’яднанне З.Б. з БССР. Гэтым было адноўлена нац. адзінства бел. народа (гл.Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР). Паводле дамоўленасці ўрадаў СССР і Літвы ў кастр. 1939 Віленскі край з г. Вільня перададзены ў склад Літвы, а паводле сав.-польскай дамоўленасці ў вер. 1944 Беластоцкая вобл. і некалькі раёнаў Брэсцкай вобл. перададзены Польшчы. У выніку новага адм.-тэр. падзелу (4.12.1939) на тэр. З.Б. былі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая (26 раёнаў), Беластоцкая (24 раёны, з 20.9.1944 Гродзенская вобл., 15 раёнаў), Брэсцкая (18 раёнаў), Вілейская (22 раёны, з 20.9.1944 Маладзечанская вобл.), Пінская (11 раёнаў).
Літ.:
Народное (национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет. Мн., 1946;
Stankievič A. Biełaruski chryścijanski ruch. Vilnia. 1939;
Горбунов Т.С. Воссоединение белорусского народа в едином советском социалистическом государстве. М., 1948;
Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1962—72;
Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;
Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;
Полуян В.А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978;
Муха-Мухновский Г.М. Пути-дороги. Мн., 1973;
Калеснік У. Усё чалавечае: Літ. партрэты, артыкулы, нарысы. Мн., 1993;
Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ. Мн., 1983;
Рагуля В. Успаміны. Мн., 1993.
І.П.Хаўратовіч.
Да арт.Заходняя Беларусь. Першамайская дэманстрацыя працоўных Гродна. 1937.Да арт.Заходняя Беларусь. Брукаванне вуліцы ў вёсцы Зубелевічы (Ляхавіцкі раён). 1928.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГЛІ́ЙСКІЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ 17 СТАГО́ДДЗЯ,
раннія бурж. Рэвалюцыі 1640—53 і 1688—89, выкліканыя паліт., рэліг. і сац.-эканам. супярэчнасцямі англ. грамадства. Звязаны паміж сабой перыядамі пратэктарату О.Кромвеля (1653—58) і рэжыму рэстаўрацыі (1660—88), у час якога склаліся перадумовы для 2-й рэвалюцыі.
Рэвалюцыя 1640—53, якая вызначалася жорсткай паліт., узбр. і рэліг. барацьбой, пачалася са склікання каралём Карлам I Сцюартам т.зв.Доўгага парламента (1640—53) для зацвярджэння падаткаў і субсідый, неабходных для фінансавання ваен. аперацый супраць паўстання ў Шатландыі. Парламент ператварыўся ў арганізац. цэнтр новага дваранства і буржуазіі, якіх падтрымлівала б.ч. сялян, рамеснікі і рабочыя. Парламенцкая апазіцыя патрабавала спыніць злоўжыванні з боку каралеўскай улады, кіраваць краінай разам з парламентам, даць свабоду прадпрымальніцтву, правесці пурытанскую рэфармацыю царквы. Кароль, які абапіраўся гал. чынам на феад. дваранства і англіканскую царкву, 22.8.1642 аб’явіў парламенту вайну. Лепш арганізаваная каралеўская армія на працягу года авалодала б.ч. Англіі. Ва ўмовах грамадз. вайны парламент заключыў саюз з Шатландыяй і правёў ваен. рэформу. Новая армія, створаная з сялян, дробных гандляроў і рамеснікаў, 14.6.1645 у бітве пры Нейзбі нанесла рашаючае паражэнне каралеўскаму войску. Кароль апынуўся ў палоне. Ахвярамі грамадз. вайны, якая цягнулася да 1646, сталі тысячы жыхароў Англіі. Паміж паліт.-рэліг. групоўкамі прэсвітэрыян (кансерватыўнай буржуазіі), індэпендэнтаў і левелераў пачалася складаная барацьба па пытаннях дзярж ўладкавання Англіі. Калі ў канцы 1647 Карл I уцёк з-пад арышту, пачалася 2-я грамадз. вайна, у якой кароль пацярпеў канчатковае паражэнне і 30.1.1649 пакараны смерцю. 19.5.1649 Англія абвешчана рэспублікай. Аднак англ. рэспубліка не мела моцнай сац.-паліт. апоры, у грамадстве не было рэсп. традыцый. Новая ўлада з дапамогай арміі лёгка расправілася са сваімі левымі ворагамі — левелерамі і дыгерамі («сапраўдныя» левелеры, заклікалі да маёмаснай роўнасці і калектывізму, іх праграма выкладзена ў т.зв. «Дэкларацыі беднага прыгнечанага народа Англіі»), але не змагла ліквідаваць пагрозу дыктатуры. Доўгі парламент, які к гэтаму часу страціў давер народа, быў гвалтоўна разагнаны лідэрам індэпендэнтаў Кромвелем. 16.12.1653 Кромвель абвешчаны лордам-пратэктарам Англіі, Ірландыі і Шатландыі, устанавіў ваенна-паліцэйскую дыктатуру. Пратэктарат, як і рэспубліка, не меў дастаткова моцнай падтрымкі. Пасля смерці Кромвеля (3.9.1658), кароткачасовага праўлення яго сына Рычарда (вер. 1658 — май 1659), праўлення парламента т.зв. другой рэспублікі (май 1659 — май 1660) адбылася рэстаўрацыя Сцюартаў. На англ. трон запрошаны сын Карла I, абвешчаны каралём Карлам II [1660—85]. Намер яго пераемніка Якава II [1685—88] устанавіць абсалютысцка-каталіцкі рэжым выклікаў незадаволенасць амаль усяго насельніцтва Англіі і новую рэвалюцыю 1688—89 (т.зв. «слаўную рэвалюцыю»), якая прайшла хутка, у форме бяскроўнага дзярж. перавароту. У 1688 лідэры буржуазіі і дваранства запрасілі на англ. прастол штатгальтэра Галандскай рэспублікі Вільгельма Аранскага, які ў студз. 1689 абвешчаны каралём Вільгельмам III. У кастр. 1689 выдадзены «Біль аб правах». Ён юрыдычна аформіў узаемаадносіны паміж каралём і парламентам: кароль пазбаўляўся права прыпыняць выкананне законаў, збіраць падаткі і набіраць войска без згоды парламента.
Англійскія рэвалюцыі 17 ст. завяршыліся кампрамісам паміж бурж. сіламі і арыстакратыяй. У Англіі былі закладзены трывалыя асновы канстытуцыйна-манархічнай дзяржаўнасці, дэмакратыі і лібералізму; прызнаваліся правы пратэстантаў, пашыралася свабода прадпрымальніцтва, дваранскія зямельныя ўладанні сталі ўласнасцю іх трымальнікаў.
Літ.:
Барг М.А. Великая английская революция в портретах ее деятелей. М., 1991;
Английская буржуазная революция XVII века.Т. 1—2. М., 1954.
В.І.Сініца.
Да арт.Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя. Тытульны ліст «Дэкларацыі беднага прыгнечанага народа Англіі», напісанай дыгерамі ў 1649.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТА́Я АРДА́ (Улус Джучы),
феад. дзяржава на тэр. Сярэдняй Азіі і Усх. Еўропы ў 13—15 ст. Узнікла ў пач. 1240-х г. Займала тэр.Зах. Сібіры, Паўн. Харэзма, Волжскай Булгарыі, Паўн. Каўказа, Крыма, стэпаў ад Волгі да Дуная; трымала ў васальнай залежнасці рус. землі. Напачатку займала зах.ч. імперыі Чынгісхана — тэр. ўдзельнага княства (улуса) яго сына Джучы (адсюль адна з назваў З.А.). Самаст. дзяржавай стала пры Батыі, сыне Джучы. Усх.ч. улуса Джучы (Зах. Сібір) атрымала назву Блакітнай Арды. Батый у выніку паходаў 1236—40 далучыў да сваіх уладанняў Паволжа, кіпчацкія стэпы (гл.Дэшт-і-Кіпчак), Паўн. Каўказ, Крым, Харэзм, пакарыў рус. княствы. У сярэдзіне 13 ст. хан Берке [1258—66] прыняў іслам і не стаў прызнаваць вярх.улады мангольскага хана. Напачатку сталіцай З.А. быў г. Сарай-Бату (каля сучаснай Астрахані), з 1-й пал. 14 — г. Сарай-Берке (каля сучаснага Валгаграда). Пра ператварэнне З.А. ў самаст. дзяржаву сведчыць чаканка манеты з імем 5-га хана Менгу-Цімура [1267—80], Пасля яго смерці ў выніку міжусобных войнаў перамагла частка арыстакратыі мусульм. веравызнання. Яна вылучыла на ханскі пасад Узбека [1313—42], унука Менгу-Цімура. Пры Узбеку і яго сыне Джанібеку [1342—57] З.А. стала адной з вял. дзяржаў сярэдневякоўя. У выніку шматлікіх прыдворных змоў і смут З.А. фактычна распалася 1370-я г. на 2 часткі: у раёнах на З ад Волгі правіў цемнік Мамай, ва ўсх. раёнах — Урус-хан. Унутр. бязладдзе З.А. скарысталі маскоўскія князі. У Кулікоўскай бітве 1380 войскі Мамая пацярпелі паражэнне. Часовае аднаўленне адзінства З.А. адбылося пры хане Тахтамышу, які ў 1380 разбіў Мамая на р. Калка, а праз 2 гады заняў і спаліў Маскву. Але правіцель Сярэдняй Азіі Тамерлан (Цімур) у 1391 і 1395 разбіў войскі Тахтамыша, разрабаваў сталіцу. На гэтым скончылася адзінства З.А.
Апошнюю спробу аб’яднаць дзяржаву ў пач. 15 ст. зрабіў Едыгей. Складаныя працэсы феад. драблення прывялі ў 2-й пал. 15 ст. да распаду З.А. на Казанскае, Астраханскае і Крымскае ханствы, Нагайскую Арду і ўласна Вялікую Арду.
Адносіны ВКЛ з З.А. на працягу многіх стагоддзяў былі складаныя. Вясною 1238 мангола-татары пагражалі ВКЛ з У. У канцы 1246 яны ўварваліся на тэр.ВКЛ з Пд, зрабілі вял. спусташэнні. Захаваліся летапісныя звесткі пра жорсткія бітвы з татарамі дружын з Пінска, Слоніма, Навагрудка, Турава, Друцка і інш. гарадоў. Упартая працяглая барацьба і гераічная абарона сваіх зямель насельніцтвам ВКЛ аслабілі і падарвалі сілы заваёўнікаў. Князі ВКЛ не толькі абаранілі свае землі, але і наладзілі саюз з ханамі З.А. супраць агульных праціўнікаў. Вял. князі Гедзімін, Вітаўт і інш. запрашалі татар З.А. на дапамогу ў барацьбе з Тэўтонскім ордэнам. Татары ўдзельнічалі ў вайне Гедзіміна супраць крыжакоў у 1319; у 1350 ардынскія атрады прымалі ўдзел у паходзе вял. князя Кейстута ў Польшчу. У 1397 пасля сумеснага паходу на Азоў шмат татар пасялілася каля Вільні, у Ашмянскім, Брэсцкім, Лідскім, Навагрудскім паветах. У 1409 да Вітаўта прыбыў з 30-тысячным войскам сын Тахтамыша царэвіч Джэлал-ад-дзін, які прымаў удзел у Грунвальдскай бітве 1410 супраць Тэўтонскага ордэна. Сярод цюркскіх народаў ВКЛ мела славу надзейнага прыстанішча. Тут знайшлі прытулак многія звергнутыя ханы.
Літ.:
Егоров В.Л. Историческая география Золотой Орды в XIII—XIV вв. М., 1985;