індывідуальная агнястрэльная зброя з вінтавой нарэзкай у канале ствала. Нарэзка надае кулі вярчальны рух, які забяспечвае яе ўстойлівы палёт, большую далёкасць і трапнасць стральбы. Калібр вінтоўкі ад 5,6 да 7,62 мм.
Першыя вінтоўкі з’явіліся ў 16 ст. У Расіі наз. пішчалямі, штуцэрамі, з 1856 — вінтоўкамі. У 1868 прынята на ўзбраенне вінтоўка пад метал. патрон — бярданка, у 1891 — трохлінейная (г. зн. калібру 7,62 мм) магазінная (на 5 патронаў) вінтоўка С.І.Мосіна (з нязначнымі мадэрнізацыямі была на ўзбраенні больш за 60 гадоў). Яе скарастрэльнасць 10—12 стрэлаў за мінуту, прыцэльная далёкасць да 2 км. У 1907 на яе аснове створаны карабін. Пасля 2-й сусв. вайны выкарыстоўваюцца пераважна аўтам. вінтоўкі (з ёмістасцю магазіна да 50 патронаў, скарастрэльнасцю да 200 стрэлаў за мінуту, прыцэльнай далёкасцю да 500 м), карабіны (у т. л. самазарадныя), снайперскія вінтоўкі (з аптычнымі і начнымі прыцэламі). Сучасныя вінтоўкі звычайна маюць штык і прыстасаванні для стральбы (да 500 м) вінтовачнымі гранатамі. Пашыраны таксама спарт. вінтоўкі.
Аўтаматычныя вінтоўкі: 1 — M16A1 (ЗША); 2 — FA MAS (Францыя); 3 — FN (Бельгія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́БЛАСЦЬ,
буйная адзінка адм.-тэр. ці нац.-тэр. падзелу. 1) У дарэв. Расіі вобласць (найчасцей на ўскраіне Расіі) адпавядала губерні. У 1917 у Рас. імперыі была 21 вобласць: 18 абласцей у Сібіры, Сярэдняй Азіі, на Каўказе і 3 асобныя вобласці (Войска Данскога, Уральская і Тургайская). У СССРасн.адм.-тэр. адзінка. У 1987 былі 123 вобласці, у т. л. 8 аўтаномных. Пасля распаду СССР абласны падзел захаваўся ў Казахстане, Кыргызстане, Рас. Федэрацыі, Узбекістане, на Украіне.
2) Адм.-тэр. адзінка ў Рэспубліцы Беларусь. Орган дзярж. улады — абл. Савет дэпутатаў, выканаўчы і распарадчы орган — абл. выканаўчы к-т.
Абласны адм.-тэр. падзел уведзены ў 1938 (Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская і Палеская). Пасля ўключэння ў БССРЗах. Беларусі (1939) створаны Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская (з 1944 Маладзечанская) і Пінская вобласці. У 1944 б.ч. Беластоцкай вобласці перададзена Польшчы, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У сувязі з узбуйненнем абласцей у 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая, а ў 1960 і Маладзечанская. На 1.1.1997 у Рэспубліцы Беларусь 6 абласцей: Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская і Мінская (гл. адпаведныя артыкулы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКІ МУСЕ́ЯН (ад грэч. museion храм або свяцілішча музаў),
адзін з галоўных навук. і культ. цэнтраў ант. свету. Засн. ў г. Александрыя ў 3 ст. да н.э. Пталамеем Сотэрам I па ініцыятыве Дэметрыя Фалерскага. Створаны на ўзор афінскіх філас. школ, у прыватнасці лікея. Узначальваў Александрыйскі мусеян жрэц вышэйшага рангу, які ў эліністычны перыяд прызначаўся царом, пазней — рымскім імператарам. Вучоныя, што працавалі ў Александрыйскім мусеяне, знаходзіліся на поўным утрыманні александрыйскіх правіцеляў. Росквіт Александрыйскага мусеяна прыпадае на 3—2 ст. да н.э.Вял. поспехі дасягнуты ў матэматыцы і фізіцы (Эўклід, Апалоній Пергскі, Архімед), астраноміі (Эратасфен, Гіпарх), медыцыне (Герафіл, Эрасістрат), механіцы (Ктэсібій, Філон), а таксама ў філалогіі. Пазней з Александрыйскім мусеянам звязана дзейнасць Пталамея Клаўдзія і Галена. Пры Александрыйскім мусеяне знаходзілася Александрыйская бібліятэка. У рымскі перыяд Александрыйскі мусеян паступова страчвала сваё значэнне. У 272—273 войскі імператара Аўрэліяна пры ўзяцці Александрыі спалілі Александрыйскі мусеян.
Літ.:
Рожанский И.Д. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988. С. 125—131;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГО́ЎСКІЯ КУ́ФРЫ,
вырабы бел.нар. майстроў з вёсак Агова, Опаль, Іванаўскага, Крамно, Заверша, Хомск Драгічынскага р-наў Брэсцкай вобл. Промысел узнік у пач. 20 ст., найб. росквіту дасягнуў у 1950-я г. Паводле канструкцыі агоўскія куфры традыцыйныя: прамавугольная скрыня памерам 60 × 110 × 80 см з пукатым векам, на 4 метал. ці драўляных колцах, з 2 ручкамі на баках.
У пач. 20 ст. іх фарбавалі ў адзін колер, акоўвалі палосамі бляхі. У 1920—30-я г. размалёўвалі ў розныя колеры. Палосамі фляндроўкі, што замяніла старадаўнюю акоўку, плоскасць куфра падзялялася на некалькі прамавугольнікаў, якія запаўняліся расліннымі, геам. і зааморфнымі кампазіцыямі. Характар дэкору аналагічны інш. відам мясц. размалёўкі (гл.Агоўская размалёўка) ці аздабленню адзення, ручнікоў, дываноў. Традыцыйна існавала раздзяленне вытв. працэсаў: мужчыны выконвалі сталярныя і кавальскія работы, жанчыны — размалёўку. Промысел заняпаў у пач. 1960-х г., у 1970-я г. адроджаны (у 1978 у в. Агова створаны філіял Брэсцкай ф-кі сувеніраў).
Я.М.Сахута.
Да арт.Агоўскія куфры. Куфар. Размалёўка Т. Доўгер. 1950-я г. Вёска Агова Іванаўскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ГРА,
горад у Паўн. Індыі, у штаце Утар-Прадэш, порт на р. Джамна. 899 тыс.ж. (з прыгарадамі; 1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр с.-г. Раёна. Гарбарна-абутковая, тэкст. (баваўняная), харч., папяровая, шкларобная, эл.-тэхн. прам-сць. Саматужныя промыслы (ручное ткацтва, разьба па камені).
У Агры створаны выдатныя ўзоры магольскай архітэктуры Індыі: крэпасць Агра-форт (1564—70; чырв. пясчанік) з палацам Джахангіры-Махал (1570), «Жамчужнай мячэццю» (1646—53; белы мармур), заламі Дывані-Ам (пачаты ў 1627) і Дывані-Кхас (1637); маўзалей Тадж-Махал; Саборная мячэць (1648); грабніца Ітымад-уд-Даула (1622—28; белы мармур з інкрустацыяй). За 9 км ад Агры ў Сікандры маўзалей Акбара (1612—13); за 37 км унікальны помнік інд. горадабудаўніцтва Фатыхпур-Сікры (рэзідэнцыя Акбара, 1569—84). Агра — цэнтр нар. разьбы і інкрустацыі па мармуры. Сучасная частка Агры забудавана ў канцы 19 — пач. 20 ст. У Агры ун-т (1927), Тадж-музеум з археал. калекцыямі, спец.б-ка прац Гандзі.
Літ.:
Math K. Agra and its monumental glory. Bombay, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ ПЕ́РШЫў Вялікую Айчынную вайну.
Створаны 17.2.1944 у выніку перайменавання Беларускага фронту, дзейнічаў на Бабруйскім і Брэсцка-Люблінскім напрамках. Камандуючыя Маршалы Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі, з
ліст. 1944 Г.К.Жукаў; чл.ваен. савета: ген.-лейт. К.Ф.Цялегін, у маі—ліст. 1944 ген.-палк. М.А.Булганін, нач. штаба ген.-палк. М.С.Малінін. У розны час уваходзілі арміі: 3, 10, 28, 33, 47, 48, 50, 61, 65, 70, 3-я і 5-я ўдарныя, 6-я і 16-я паветр., 8-я гвардз., 1-я і 2-я гвардз.танк., 1-я і 2-я Войска Польскага, Дняпроўская ваенная флатылія. Франтавая газ. «Красная Армия». Войскі фронту сваімі сіламі і разам з інш. франтамі ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 правялі Рагачоўска-Жлобінскую, Бабруйскую, Мінскую, Люблін-Брэсцкую, у 1945 — Вісла-Одэрскую, Варшаўска-Пазнанскую, Усх.-Памеранскую, Берлінскую аперацыі (гл. адпаведныя арт.). 10.6.1945 фронт расфарміраваны, яго палявое ўпраўленне рэарганізавана ў Палявое ўпраўленне Групы сав. войскаў у Германіі.
М.І.Камінскі.
Мемарыяльны комплекс у гонар воінаў Беларускага фронту першага і партызанаў у в. Сычкава Бабруйскага раёна Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАСТО́ЦКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТРімя А.Венгеркі.
Створаны ў 1945 у Беластоку. Захоўвае традыцыі польск. т-рапач. 18 ст. З 1987 дырэктар, маст. кіраўнік і гал. рэжысёр А.Якімец. У рэпертуары п’есы Ф.Шылера, У.Шэкспіра, Мальера, К.Гальдоні, Ю.Тувіма, В.Багуслаўскага, А.Міцкевіча, С.Выспянскага, С.Мрожака, Б.Шэфера, Т.Ружэвіча, В.Гамбровіча. Тэатр гастраліруе і за мяжой. У 1991 і 1992 браў удзел у Міжнар. фестывалі «Балтыйская тэатральная вясна» ў Гродне, у ліст. 1992 у «Фестывалі сяброў» у Мінску, дзе паказаны спектаклі «Тэрмінатар» П.Хандке, «Эмігранты» С.Мрожака (гал. ролі ў абодвух выканаў акцёр Нац.т-ра імя Я.Купалы У.Кін-Камінскі), «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» С.Пясецкага, «З нагоды мокрага снегу» паводле «Запісак з падполля» Ф.Дастаеўскага (рэж.—маст. кіраўнік т-ра імя Я.Купалы В.Раеўскі, сцэнаграфія нар. мастака Беларусі Б.Герлавана). У 1993 Раеўскі паставіў у т-ры спектакль «Рэвізор» М.Гогаля, дзе разам з польскімі ігралі акцёры т-ра імя Я.Купалы Ю.Авяр’янаў і Кін-Камінскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РКЛІ ((Berkeley) Джордж) (12.3.1685, г. Кілкені, Ірландыя — 14.1.1753),
англійскі тэолаг і філосаф. Атрымаў адукацыю ў Дублінскім ун-це. З 1734 епіскап англіканскай царквы ў Клойне (Ірландыя). Паводле яго вучэння, усе прадметы аб’ектыўнай рэальнасці існуюць толькі таму, што ўспрымаюцца суб’ектам; наогул няма нічога, што рэальна існуе, акрамя субстанцыі духу, душы і «майго Я». Выступаў з крытыкай атэізму, уяўлення аб матэрыі як прадметнай аснове (субстанцыі) целаў і іх якасцяў, а таксама вучэння Дж.Лока і Ньютана аб матэрыі і прасторы. Лічыў немагчымым утварыць агульныя ідэі прасторы і матэрыі, абстрагаваўшыся ад уласцівасцяў асобных рэчаў, паколькі ў чалавека няма пачуццёвага ўспрымання матэрыі. Зыходзячы з канцэпцыі суб’ектыўнага ідэалізму сцвярджаў, што нават калі б усе суб’екты ўспрымання зніклі, рэч працягвала б існаваць як сума «ідэй» у розуме Бога — суб’екта, які не можа знікнуць, і таму не можа знікнуць і створаны ім свет зорак, планет і Зямля з усім, што існуе на ёй. Асн. працы: «Спроба новай тэорыі погляду» (1709), «Трактат пра пачаткі чалавечых ведаў» (1710), «Тры размовы паміж Гіласам і Філонусам» (1713), «Алсіфрон, ці Дробны філосаф» (т. 1—2, 1732) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЁНІКА (ад грэч. biōn элемент жыцця, літар. які жыве),
кірунак у кібернетыцы, засяроджаны на вывучэнні асаблівасцяў будовы і жыццядзейнасці арганізмаў з мэтай стварэння больш дасканалых тэхн. сістэм або ўстройстваў. Першай спробай мадэлявання жывога (крыла птушкі) лічаць працы Леанарда да Вінчы (1452—1519). Як самаст. навука вылучылася з кібернетыкі ў 1960 на першым сімпозіуме па біёніцы ў Дайтане (ЗША). Існуюць 3 кірункі біёнікі: біялагічны — вывучэнне з’яў і працэсаў, якія адбываюцца ў жывых арганізмах з мэтай наступнага выкарыстання іх у тэхн. аспектах; тэхнічны — пабудова новых і ўдасканаленне старых тэхн. сістэм на аснове біял. ведаў; тэарэтычны — высвятленне магчымасці стварэння тэхн. ўстройства шляхам папярэдняга выпрабавання яго мадэлі. На Беларусі распрацоўваюцца біятэхн. сістэмы, сукупнасці біял. і тэхн. элементаў, звязаных паміж сабой у адзіным контуры кіравання. Створаны комплекс маніторных дыягнастычных і біятэрапеўтычных сістэм, якія выкарыстоўваюцца ў кардыялогіі (Г.І.Сідарэнка). Прапанавана эксперым. мадэляванне кіруючых сістэм (эмбрыябіёніка), што рэалізуецца ў выглядзе аперацыі органапексіі (Д.М.Голуб).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́РЖА ПРА́ЦЫ,
установа, пасрэдніцкае звяно паміж працадаўцамі і наёмнай рабочай сілай. На сучасным этапе біржа працы — як правіла, дзярж. структура, з дапамогай якой дзяржава аказвае ўплыў на рынак працы, рэгулюе праблемы працаўладкавання беспрацоўных і тых, хто жадае змяніць прафесію. Біржы працы рэгіструюць свабодную рабочую сілу, вывучаюць попыт на яе ў розных рэгіёнах краіны і свету, даюць інфармацыю аб тым, якія прафесіі і дзе патрэбны, ажыццяўляюць навучанне работнікаў новым прафесіям і прафес. арыентацыю моладзі, а ў некат. краінах выдаюць дапамогу па беспрацоўі.
Узніклі біржы працы ў 1-й пал. 19 ст. ў Германіі і Вялікабрытаніі, затым у Францыі і інш. краінах. На пач. 20 ст. ў Вялікабрытаніі створана агульнанац. Біржа працы. У Расіі з’явіліся на пач. 20 ст. пры гар. управах буйных прамысл. цэнтраў; дзейнічалі і платныя прыватныя пасрэдніцкія канторы. У 1918 дэкрэтам «Аб біржах працы» прыватныя бюро і канторы па найме рабочай сілы ліквідаваны і створаны бясплатныя біржы працы (спынілі сваё існаванне ў сувязі з ліквідацыяй беспрацоўя ў 1930-я г.). На Беларусі на сучасным этапе праблемы працаўладкавання вырашаюць дзярж.цэнтры занятасці.